абыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. Незак. да абысці.

2. перан.; каго-што і без дап. Разм. Кранаць пачуцці, турбаваць, хваляваць. Пажары, страляніна па начах у горадзе — недзе рэзалі, недзе білі, а хто каго — Лукавіцына гэта не вельмі абыходзіла. Крапіва. Пісар Дулеба хоць трохі і прыціх, але ўсё яшчэ храбрыцца. І не пісарства дорага яму — пляваць ён хоча на яго і плюе, — яму абыходзіць самы прынцып: ну, што будзе, калі гэтыя сацыялісты возьмуць верх? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імкну́ць, ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Тое, што і імкнуцца (у 1 знач.). Жоўтыя хвалі з белым накіпам бурліва імкнуць і імкнуць у далячынь. Пестрак. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю. Багдановіч. Імкнуць палкі, ідуць байцы Чырвонай слаўнай раці. Колас.

2. Распасцірацца, цягнуцца ў якім‑н. напрамку. Ад плошчы, праз мост, угару імкнуў праспект. Карпаў.

3. што. Накіроўваць рух, цягнуць куды‑н. Галіны распасцёрты, дрэва Свой стан імкне ў блакіт пусты... Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замары́ць 1, ‑мару, ‑морыш, ‑морыць; зак., каго-што.

1. Замучыць, давесці да смерці дрэнным абыходжаннем, голадам. Мы гатовы былі замарыць дарэшты Арла, а цялушку песцілі як маглі. Якімовіч. // Стаміць, знясіліць. Замарыць каня хуткай яздой. □ — Ух ты, ну і чалавек, аж замарыў усіх, — сказаў дзядзька Міхась. Быкаў.

2. перан. Падавіць, прытуліць (пачуцці, адчуванні). Замарыць голад.

•••

Замарыць чарвяка (чарвячка) — злёгку перакусіць, прагнаць голад.

замары́ць 2, ‑мару, ‑морыш, ‑морыць; зак., што.

Спец. Афарбаваць марылкай. Замарыць дошкі пад арэх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зме́рзнуць і змёрзнуць, ну, ‑неш, ‑не; пр. змёрз, змерзла і змёрзла; зак.

1. Моцна азябнуць, акалець. Рукі змёрзлі. □ Задрамалі [Мірон і Віктар], але хутка так змерзлі, што пачалі зубамі ляскаць. Маўр. // Загінуць ад моцнага холаду, марозу; замерзнуць. І грознымі хвалямі кажа Бяроза: «Чужынцам я заўжды прыносіла жах, Нямала глынула я трупаў варожых, Нямала іх змерзла на беразе ў лозах, А колькі касцей на старых курганах». Броўка.

2. Сапсавацца, пашкодзіцца ад марозу, холаду. Бульба ў капцы змерзла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малакасо́с, ‑а, м.

Пагард. Пра вельмі маладога чалавека, які не ведае жыцця, не можа яшчэ стала разважаць. — Давай, давай!.. Малакасос!.. Не згубіся. Цягнецца, што цяля. У твае гады я з прыскокам... — Гэта крычыць на яго, Юрку, Акцызнік. Пташнікаў. Ну і людзі! Рабі ім дабро, старайся, а яны табе... Хоць якія там людзі. Лёшка — шчанюк, малакасос. Асіпенка. Прызнацца, не вельмі прыемна, калі вось такі рыжаваты малакасос, як дарослы, совае нос не ў сваю справу. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ёкнуць, ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да ёкаць (у 1 знач.).

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуцца, неспадзявана замерці ад чаго‑н. (пра сэрца). Ля дзвярэй адразу спаткаў барадаты швейцар з залатымі лампасамі і паглядзеў з такой ганарыстай важнасцю, што ў мяне ёкнула сэрца. Карпюк. Тады сэрца .. [Тамары] ёкнула, на нейкі момант спынілася, а потым закалацілася часта-часта. Васілёнак. / у безас. ужыв. Хлопцы пайшлі, а ў Макара ёкнула ў грудзях. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мядзве́дзь, ‑я, м.

1. Вялікая драпежная млекакормячая жывёліна з густой поўсцю і тоўстымі нагамі. Буры мядзведзь. Белы мядзведзь. Пячорны мядзведзь.

2. перан. Пра няўклюднага, непаваротлівага дужага чалавека. «Ну і мядзведзь, — думаў Сярмяжка, пазіраючы, як павольна клыпае.. [Яцкевіч]. — Нічога, мы цябе прыручым». Дадзіёмаў.

•••

Дзяліць шкуру незабітага мядзведзя гл. дзяліць.

Мядзведзь на вуха наступіў — аб адсутнасці музыкальнага слыху, здольнасцей да музыкі.

Мядзведзь у лесе здох — тое, што і воўк у лесе (за гарою) здох (гл. воўк).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наспе́ць, ‑ее; зак.

1. Стаць, зрабіцца спелым, паспець. Прыйшло лета залатое, Поўны колас наш паспеў. Русак. // Напоўніцца гноем (пра нарыў).

2. перан. Развіўшыся, стаць надзённым, патрэбным. Неабходнасць у шырокай прапагандзе ідэй аховы прыроды паспела. «Звязда». // З’явіцца, узнікнуць. [Дзед:] — Ну, расказвай! кажы смела, Мой музыка малады: Што ў цябе там зноў паспела? Можа песня для дуды? Колас.

3. перан. Надысці, настаць. Наспела рэвалюцыйная сітуацыя. □ [Мельнікаў:] — Хацеў .. [Лугавец] і сам з намі прыехаць, ды раптам паспелі неадкладныя справы. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паво́дзіцца, ‑водзіцца; безас. незак.

Разм.

1. Жыцца; складвацца (пра ўмовы жыцця, працы і пад.). Букрэй разгаварыўся з Панасам, распытваў яго, як паводзілася ў палякаў, што ён чуў там і бачыў. Колас. [Нахлябіч] хацеў ужо ісці далей, але Пніцкі перапыніў яго: — Ну, як вам паводзіцца? Чорны.

2. Быць прынятым. Так у нас паводзіцца. Паводзіцца здаўна.

3. Разм. Тое, што і паводзіць сябе (гл. паводзіць). Гэта сапраўды было ўсё. Цяпер .. [Алесь] не мог паводзіцца, як раней. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падно́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; ж.

1. Прыступка для ўваходу ў вагон, аўтамашыну і пад. Стоячы на падножцы вагона, брыгадзір пазірае ўздоўж саставу. Васілёнак. Маладыя, загарэлыя шафёры закурылі цыгаркі.. Узабраўшыся на падножку, зазірнулі ў кузаў, потым схаваліся ў кабінах. Асіпенка.

2. Удар нагой па назе або падстаноўка нагі пад нагу таго, хто ідзе ці бяжыць, каб паваліць яго. [Дзімка:] — Давай падужаемся.. — Ну што ж, давай, — кажа Вася і падступае бліжэй. — Накрыжкі? — Накрыжкі. Толькі без падножкі. Рунец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)