БО́СНІЯ І ГЕРЦАГАВІ́НА (Bosna і Hercegovina),

дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве. Мяжуе з Харватыяй і Югаславіяй (Сербіяй і Чарнагорыяй). Уключае 2 гіст. вобласці: Боснію (пл. 42 тыс. км²) у даліне р. Сава і яе правых прытокаў і Герцагавіну (пл. 9,1 тыс. км²) у бас. р. Нератва і ў вярхоўях р. Дрына. Агульная пл. 51,1 тыс. км². Нас. 3,8 млн. чал. (1993). Афіцыйная мова сербскахарвацкая. Сталіца — г. Сараева. У адм.-паліт. і этнічна-рэлігійных адносінах падзяляецца на сербскую (праваслаўна-хрысціянскую) і мусульмана-харвацкую часткі. Нац. свята — Дзень рэферэндуму (1 сак.).

Прырода. Большую частку Босніі і Герцагавіны займаюць Баснійскія Рудныя горы (г. Враніца, 2107 м), складзеныя пераважна з сланцаў, і Дзінарскае нагор’е (выш. каля 1000—1600 м) — з вапнякоў; характэрны карст. На Пн нізіна на р. Сава. Радовішчы жал. руды, храмітаў, марганцу, медзі, бурага вугалю, баксітаў. Клімат у даліне р. Сава ўмерана кантынентальны (600—800 мм ападкаў за год), у гарах халаднаваты і вільготны (1500—2000 мм ападкаў за год). Каля 40% плошчы пад лесам, пераважна лісцевым (дуб, бук), часткова хвойным (елка, хвоя).

Насельніцтва. У Босніі і Герцагавіне жывуць тры народы, якія маюць агульную мову, але адрозніваюцца рэліг.-культ. асаблівасцямі: баснійцы-мусульмане (саманазва муслімане, 43,7% усяго насельніцтва), сербы — пераважна праваслаўныя (31,4%), харваты — католікі (17,3%); 5,5% насельніцтва лічыць сябе югаславамі. Жывуць таксама чарнагорцы, албанцы і інш. У гарадах жыве больш за палавіну насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж.): Сараева — 383 (у 1993), Тузла — 230, Біхач — 200 (у 1995), Зеніца — 146, Баня-Лука — 142, Мостар — 126 (у 1991).

Гісторыя. У старажытнасці тэр. сучаснай Босніі і Герцагавіны насялялі ілірыйцы (прыкладна з 1200 да н.э.), якіх у пачатку н.э. заваёўвалі рымляне (з 9 н.э. ў складзе прав. Далмацыя, з 395 — Зах. Рымскай імперыі) і остготы. З 536 у складзе Візантыі. Да 6 ст. заселена славянамі. У 12—13 ст. тут узнікла баснійская царква (гл. Багамілы). У 1377—91 існавала моцнае баснійскае каралеўства на чале з Твртко I. З 15 ст. пад уладай Асманскай імперыі, часткова ісламізавана. Нац.-вызв. паўстанні ў 19 ст. (у т. л. Герцагавінска-баснійскае паўстанне 1875—78) пацярпелі няўдачу. Пасля паражэння Турцыі ў вайне 1877—78 з Расіяй Боснія і Герцагавіна адміністрацыйна падпарадкавана Аўстра-Венгрыі, у 1908 анексіравана яе войскамі (гл. Баснійскі крызіс 1908—09). Сараеўскае забойства наследніка аўстра-венг. трона, якое 28.6.1914 здзейсніў Г.Прынцып, паслужыла зачэпкай да развязвання 1-й сусв. вайны. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі краіна 1.12.1918 увайшла ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням.-фаш. войскамі (крас. 1941), уключана ў т.зв. Незалежную дзяржаву Харватыя. У ходзе Народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 вызвалена. З ліст. 1945 нар. рэспубліка ў складзе Федэратыўнай Народнай Рэспублікі Югаславіі, з 1963 адна з рэспублік Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (СФРЮ).

У ліст. 1990 у Босніі і Герцагавіне ўпершыню праведзены шматпарт. выбары, у выніку якіх да ўлады прыйшлі партыі ад асноўных нац.-рэліг. груп насельніцтва — Мусульм. партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Паміж імі разгарнулася паліт. барацьба вакол пытання пра будучы нац.-тэр. лад краіны. Пасля распаду СФРЮ у кастр. 1991 абвешчана незалежнасць Босніі і Герцагавіны (ухвалена ў сак. 1992 на рэсп. рэферэндуме, які байкатавалі баснійскія сербы). 6.4.1992 рэспубліку прызналі Еўрапейская супольнасць і ЗША. Пасля абвяшчэння 7.4.1992 на землях баснійскіх сербаў Рэспублікі Сербскай пачаўся этн. канфлікт, які перарос у грамадз. вайну (гл. Баснійскі крызіс 1990-х г.). 4.5.1992 з Босніі і Герцагавіны выведзены войскі Югасл. нар. арміі, 22 мая рэспубліка прынята ў ААН, з ліп. 1992 — удзельнік Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. 25.2.1994 заключана перамір’е паміж харватамі і мусульманамі, 17.3.1994 створана Баснійская мусульмана-харвацкая федэрацыя. Амаль за 4 гады вайны забіты і паранены больш за 200 тыс. чал., каля 3 млн. сталі бежанцамі. 14.12.1995 у Парыжы падпісана пагадненне аб міры ў Босніі і Герцагавіне, у аснове якога пагадненне, парафіраванае 21.11.1995 пасля перагавораў паміж сербскай, харвацкай і баснійскай дэлегацыямі ў г. Дэйтан (ЗША). Дакумент прадугледжвае захаванне Босніі і Герцагавіны ў яе сучасных межах як адзінай суверэннай дзяржавы з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (ХМФ; 51% тэр.) і Сербскай Рэспублікі Босніі (39% тэр.), з калект. прэзідэнцтвам (харват і мусульманін-басніец ад ХМФ і баснійскі серб, якія кіруюць папераменна) і заканад. органам (палата дэпутатаў). Канстытуцыя Босніі і Герцагавіны прадугледжвае стварэнне плюралістычнага грамадства.

Гаспадарка. Да 1991 Боснія і Герцагавіна была даволі развітой часткай б. Югаславіі. Здабываліся жал. руда (руднікі Вараш і Любія), баксіты, буры вугаль, соль. ГЭС на горных рэках. Прадпрыемствы чорнай металургіі (Зеніца, Іліяш, Вараш), коксавыя з-ды (Зеніца, Лукавац), лясная і дрэваапр., машынабуд., харч., лёгкая прам-сць, вытв-сць соды, азотных угнаенняў, цэлюлозы. Буйныя прамысл. вузлы Сараева, Зеніца, Тузла. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўвалася палавіна тэрыторыі, у т. л. 50% пад ворыва, агароды, сады і вінаграднікі, 50% — лугі і горную пашу. Гадоўля буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней. Земляробства пераважна на Пн і ў далінах рэк. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, бульбу, з тэхн. культур — каноплі, цукр. буракі, сланечнік, тытунь (асабліва ў Герцагавіне). Садоўніцтва (сліва, яблыня, груша, грэцкі арэх); у Герцагавіне вінаградарства. Краіна горнага турызму. Транспарт пераважна чыгуначны і аўтамабільны. Экспарт складаўся з прадуктаў горнай прам-сці, садавіны, тытуню, імпарт — пераважна з прамысл. абсталявання і нафтапрадуктаў. Грашовая адзінка — дынар Босніі і Герцагавіны.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Босніі і Герцагавіны выяўлены кераміка, статуэткі жанчын і жывёл эпохі неаліту, помнікі мастацтва ілірыйцаў і кельтаў, рэшткі стараж.-рым. гарадоў, ювелірныя вырабы стараж. славян. На сярэдневяковае мастацтва Босніі і Герцагавіны паўплывалі Візантыя, Сербія, Далмацыя, Цэнтр. Еўропа, а з сярэдзіны 15 ст. і Турцыя. У раннехрысціянскі перыяд у царк. дойлідстве тут пашыраны базілікі (у Зеніцы, Брэзе і інш.); у сярэднявеччы — крыжова-купальныя, а таксама 1-нефавыя раманскія і гатычныя храмы. У перыяд тур. панавання будаваліся мячэці (Хусрэў-бега, 1531, арх. Сінан; Алі-Пашы, 1571, у Сараеве), караван-сараі, лазні, масты (Вішаград, 1571). У час аўстр. акупацыі (1878—1918) у гарадах узводзіліся збудаванні ў духу еўрап. эклектызму, у «маўрытанскім» (ратуша ў Сараеве) і неакласіцыстычным (тэатр у Сараеве) стылях. Традыцыі функцыяналізму 1-й пал. 20 ст. саступілі ў 1960-я г. месца пластычнай выразнасці пабудоў, схіленню да бруталізму, выкарыстанню мясцовых дэкар. матэрыялаў (спарт. цэнтр «Скендэрыя» ў Сараеве). У 1980-я г. ў архітэктуры павялічылася цікавасць да нац. маст. традыцый (універмаг «Развітак» у Мостары).

У сярэдневяковым выяўл. мастацтве пашыраны каменныя надмагіллі (т.зв. стэчакі) з плоскарэльефнымі арнаментальнымі і фігурнымі выявамі, дзе арганічна пераплецены нар., раманскія і гатычныя матывы. Зберагліся рэдкія помнікі сярэдневяковага манумент. жывапісу (фрэскі царквы ў Добруне, 2-я пал. 14 ст.), блізкія да сценапісаў Сербіі, яны сведчаць і пра блізкасць да культуры Італіі. У мастацтве мініяцюры 12—14 ст. адчуваюцца сербскія і візант. уплывы. Цікавыя багамільскія рукапісы з наіўна-фалькл. мініяцюрамі («Капітарава евангелле», 14 ст., і інш.). Іканапіс рэгіёна да сярэдзіны 19 ст. прытрымліваўся візант. канонаў. Высокай дасканаласці ў сярэднявеччы дасягнулі апрацоўка металу і маст. ткацтва (кілімы з геам. і расліннымі арнаментамі). У канцы 19 — пач. 20 ст. жывапісцы, якія навучаліся за мяжой, асвойвалі метады сучаснага еўрап. жывапісу. Большасць мастакоў працавала ў Сербіі (І.​Біеліч, Н.​Гваздзенавіч, скульптар С.​Стаянавіч). Паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі склалася група мясц. жывапісцаў, у творчасці якіх зварот да нар. жыцця і роднай прыроды спалучаўся з пошукамі нац. своеасаблівасці, выкарыстаннем прыёмаў пленэрнага жывапісу, а таксама постімпрэсіянізму (Ш.​Бацарыч, В.​Дзімітрыевіч, І.​Шарамет). З канца 1950-х г. пераважалі экспрэсіянізм, абстрактнае мастацтва (Дзімітрыевіч) і інш. кірункі мадэрнізму. З 1970-х г. пашыраецца «фігуратыўнае» мастацтва (Муезіновіч).

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя да 1918), М.​С.​Даўгяла (гісторыя з 1918).

Герб і сцяг Босніі і Герцагавіны.
Да арт. Боснія і Герцагавіна. І.​Біеліч. Баснійскі пейзаж. 1935.
Да арт. Боснія і Герцагавіна. Ускраіна г. Сараева. На пярэднім плане мячэць Газі-Хусрэф-Бега.
Да арт. Боснія і Герцагавіна. Традыцыйны жаночы касцюм. 2-я пал. 19 ст.

т. 3, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),

тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д. Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.

Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.​Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.​Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.​Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.​М.​Гакеля, Дз.​П.​Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.​С.​Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.​М.​Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.​Яфімава, М.​Папова, Р.​Аляхновіча, Б.​Расінскага, С.​Утачкіна, А.​Васільева, Л.​Андрэадзі, Л.​Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс. м. Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл. Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.​Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.​П.​Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.​Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.​А.​Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.

У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.​А.​Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.​М.​Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс. км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.

Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс. км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар. арг-цыя грамадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.

На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт. Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж. авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш. Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.

Літ.:

Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;

Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;

Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.

Да арт. Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.​Ф.​Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».
Да арт. Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).
Да арт. Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13 — Ту-154 Іл-76; 14 — Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.
Да арт. Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).

т. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎРЫТА́НІЯ, Ісламская Рэспубліка Маўрытанія (Аль-Джумхурыя аль-Ісламія аль-Мурытанія),

дзяржава на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Зах. Сахарай і Алжырам, на У з Малі, на Пд з Малі і Сенегалам. На З абмываецца Атлантычным ак. Пл. 1030,7 тыс. км². Нас. 2,5 млн. чал. (1998). Дзярж. мова — арабская; выкарыстоўваюцца таксама французская і мясц. мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Нуакшот. Падзяляецца на 12 абласцей і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент: ніжняя палата — Нац. сход (выбіраецца прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў), верхняя палата — Сенат (выбіраецца непрамым галасаваннем кіраўнікамі мясц. органаў на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.

Прырода. У рэльефе пераважаюць раўніны і плато. Пустыня Сахара на Пн займае ​2/3 краіны. Амаль усюды масівы дзюн і барханаў. Трапляюцца рэдкія аазісы. У цэнтр. ч. вапнякова-пясчаністае плато Адрар (выш. да 732 м). Найб. выш. на ПнЗ — 915 м. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць вял. запасы жал. руды. Ёсць медныя, уранавыя, нікелевыя, алавяныя і тытанавыя руды, фасфарыты, каменная соль і інш. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі. Сярэднія т-ры студз. 16—20 °C, ліп. 30—32 °C. Ападкаў ад 25—50 мм за год на Пн да 200—300 мм на крайнім Пд. Адзначаюцца засушлівыя гады і шматгадовыя перыяды, калі ападкаў амаль не выпадае. Рэк з пастаянным сцёкам, за выключэннем р. Сенегал, няма. Рэчышчы часовых водных патокаў запаўняюцца на кароткі тэрмін пасля дажджоў. Расліннае покрыва вельмі разрэджанае, пераважае эфемерная травяністая расліннасць. На крайнім Пд паўпустыні з ксерафітнымі хмызнякамі і акацыямі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — шакалы, ліс фенек, змеі і яшчаркі. Нац. парк Бан-д’Арген уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Арабы і берберы (агульная назва маўры) складаюць каля 65% насельніцтва, жывуць у асн. на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Негроідныя народы (тукулер, фульбе, сараколе і інш.) жывуць на Пд, пераважна ў даліне р. Сенегал. Існуе падзел на плямёны. Усе вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост больш за 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 2,5 чал. на 1 км². 80% насельніцтва жыве ў паўд. ч. краіны, у т. л. каля 20% у даліне р. Сенегал, дзе шчыльн. дасягае 15—20 чал. на 1 км². Больш за 25% насельніцтва качэўнікі. У гарадах жыве 51%. У г. Нуакшот 735 тыс. ж., у г. Нуадыбу каля 50 тыс. ж. (1995); астатнія гарады па 10—20 тыс. ж. У сельскай гаспадарцы занята каля 70% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 14%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Са стараж. часоў на тэр. М. пражывалі негроідныя плямёны. У 1-м тыс. н.э. іх падпарадкавалі сабе берберы-санханджа. На тэр. паўночнай М. ўзніклі дзярж. ўтварэнні, якія доўгі час кантралявалі гандл. шляхі паміж Паўн. Афрыкай і каралеўствам Гана. Паўд. М. ў 8 — сярэдзіне 11 ст. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Тэкрур і інш. У 11—12 ст. М. заваявана Альмаравідамі. У 13—14 ст. паўд. М. ўваходзіла ў склад дзяржавы Малі. У 14—15 ст. М. заваявана арабамі, нашчадкі якіх сталі вышэйшым саслоўем маўрытанскага грамадства, а араб. мова паступова выцесніла берберскія дыялекты. З 15 ст. М. наведвалі еўрапейцы. У 2-й пал. 19 ст. каланізацыю тэр. М. пачала Францыя, якая абвясціла ў 1903 М. сваім пратэктаратам (з 1922 — калонія). З 1946 «заморская тэрыторыя», з 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.

28.11.1960 абвешчана незалежная Ісламская Рэспубліка М. Дзяржаву і ўрад М. ўзначаліў прэзідэнт М. ульд Дада (з 1961), які перавыбіраўся ў 1966, 1971 і 1976. Паводле канстытуцыі 1965 адзінай легальнай партыяй засталася створаная ў 1961 Партыя маўрытанскага народа. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. М. пацярпела ад моцнай засухі. У 1976 М. і Марока падзялілі паміж сабой Зах. Сахару, якая знаходзілася пад уладай Іспаніі. Вайна з зах.-сахарскімі паўстанцамі з фронту ПОЛІСАРЫО прычыніла вял. страты маўрытанскай эканоміцы. У ліп. 1978 ульд Дада скінуты ваеннымі, і ўлада перайшла да Ваен. к-та нац. адраджэння (з крас. 1979 — Ваен. к-т нац. выратавання, ВКНВ) на чале з М. ульд Салехам. У жн. 1979 М. вывела свае войскі з Зах. Сахары. Пасля шэрагу ваен. пераваротаў у снеж. 1984 да ўлады прыйшоў палк. М. ульд Сід Ахмед Тая. У 1989 абвастрыліся адносіны паміж М. і Сенегалам, што прывяло да прымусовай высылкі дзесяткаў тыс. чал. з адной краіны ў другую. У 1991 пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця: прынята новая канстытуцыя, уведзена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў студз. 1992, прэзідэнтам выбраны ульд Сід Ахмед Тая, яго Рэсп. с.-д. партыя атрымала большасць месцаў у парламенце. У крас. 1992 ВКНВ распушчаны. М. — член ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. дзяржаў (з 1973). Дзейнічаюць Рэсп. с.-д. партыя, Рух за рэформу і Саюз за дэмакратыю і прагрэс.

Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. — 520 долараў. Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 30% даходаў, прам-сць — 19,2%, абслуговыя галіны — каля 50%. Аграрны сектар характарызуецца крайняй адсталасцю і залежнасцю ад прыродна-кліматычных умоў. Апрацоўваецца каля 1 млн. га, з іх 95% у даліне р. Сенегал. Збор збожжавых (сорга, проса, рыс, кукуруза) у 1997 склаў каля 150 тыс. т (30% патрэб краіны). Вырошчваюць таксама батат, арахіс, бабовыя культуры, агародніну, у аазісах — фінікавую пальму (800 тыс. дрэў). Нізкапрадукцыйная жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пад пашай каля 25 млн. га, пераважна на Пд. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1,3, вярблюдаў — больш за 1, авечак і коз — 8,5. Штогод з некат. відаў акацый збіраюць 5—6 тыс. т гуміарабіку — каля 10% сусв. вытв-сці. Развіта марское рыбалоўства (550 тыс. т, пераважна сардзіны і тунца, 1997). З морапрадуктаў найб. значэнне маюць лангусты і крэветкі. Гал. рыбалоўны порт Нуадыбу. Сярод галін прам-сці вылучаецца горназдабыўная. Штогод здабываецца больш за 10 млн. т жал. руды. Асн. радовішча Іджыль на Пн краіны. Амаль уся руда экспартуецца праз рудаэкспартны порт Кансада (каля Нуадыбу), куды яна паступае па спецыяльна пабудаванай чыгунцы (даўж. 670 км). Вядзецца здабыча меднай руды (каля Акжужта), золата (каля 1,3 т штогод), гіпсу. Са стараж. часоў традыцыйная здабыча каменнай солі ў Сахары. Асн. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці ў гарадах Нуакшот (суднаверф, цукрова-рафінадны з-д, ф-ка па абагачэнні меднай руды, з-д па апрасненні марской вады, ЦЭС, асобныя прадпрыемствы харч., дрэваапр., металаапр. прам-сці), Нуадыбу (нафтаперапр., сталеплавільны, цэментны з-ды, прадпрыемствы суднарамонту і рыбаперапрацоўкі, ЦЭС), Каэды (мясакамбінат і з-д па апрацоўцы скур). Энергетыка заснавана на імпартнай нафце. Гадавая выпрацоўка электраэнергіі каля 150 млн. кВт∙гадз. Развіты саматужныя промыслы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку, адзення, упрыгожанняў, апрацоўка скуры, дыванаткацтва. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1800 км. Гал. марскія парты — Нуакшот (пераважна імпарт) і Нуадыбу разам з Кансада (экспарт жал. руды). Там жа міжнар. аэрапорты. Суднаходства па р. Сенегал. У 1995 экспарт склаў 483 млн. дол., імпарт — 365 млн. долараў. Вывозяцца жал. руда (каля 30% кошту), рыба, жывёла і скуры, золата, гіпс. Увозяцца разнастайныя прамысл. тавары, нафтапрадукты, харч. прадукты і інш. Асн. гандл. партнёры — Францыя, Германія, Японія, Італія, Іспанія. Развіваецца замежны турызм (да 50 тыс. чал. штогод). Знешні доўг — 2,3 млрд. долараў. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу пераважна ад Францыі і ЗША. Грашовая адзінка — угія.

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя).

Герб і сцяг Маўрытаніі.

т. 10, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬВАДО́Р (Salvador),

Рэспубліка Эль-Сальвадор (República de El Salvador), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на З з Гватэмалай, на Пн і У з Гандурасам; на Пд абмываецца Ціхім ак. Пл. 21,04 тыс. км². Нас. 6,3 млн. чал. (2000). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Сан-Сальвадор. Краіна падзяляецца на 14 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).

Дзяржаўны лад. С. — унітарная рэспубліка, дзейнічае канстытуцыя 1983 (з папраўкамі 1991). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Заканадаўчая асамблея; 84 яе дэпутаты выбіраюцца на 3 гады па сістэме прапарцыянальнага прадстаўніцтва.

Прырода. Цэнтр. ч. краіны займае вулканічнае нагор’е з выш. 600—700 м, абмежаванае на Пн і Пд вулканічнымі хрыбтамі. На паўд. хрыбце дзейныя вулканы (Санта-Ана, 2381 м, найб. актыўны Ісалька, 1885 м). На Пн тэктанічная ўпадзіна, дзе цячэ р. Лемпа. На ўзбярэжжы раўніна шыр. да 30 км. Частыя землетрасенні. У нетрах С. ёсць золата, серабро, цынк, медзь, сера, нафта. Клімат трапічнага пояса пасатны. На нагор’і т-ры ад 22 (снеж.) да 25 °C (крас.). Ападкаў на нагор’і 1500—2500 мм, ва ўпадзіне Лемпы 600—700 мм за год. Вылучаюцца 2 сезоны — сухі (ліст.—крас.) і дажджлівы (май—кастр.). Шмат кароткіх горных рэк і вулканічных азёр. Пераважае культ. расліннасць. Лясы і лясістая мясцовасць займаюць 5% тэр., у гарах месцамі хваёвыя лясы, у далінах — трапічная расліннасць, участкі саваннаў, другасныя хмызнякі. Жывёльны свет: малпы, ацэлот, апосум, браняносец, шмат птушак, змей, насякомых. Нац. паркі: Монтэ-Крыста, Эль-Імпасібле; рэзерват Эль-Хакаталь.

Насельніцтва. Каля 92% складаюць сальвадорцы, народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Каля 5% складае індзейскі народ піпіль. Жывуць таксама гандурасцы, гватэмальцы, мексіканцы, амерыканцы ЗША, кітайцы і інш. 86% вернікаў — католікі, астатнія пераважна пратэстанты. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,02% (2000). Сярэдняя шчыльн. 300 чал. на 1 км². 75% насельніцтва пражывае на нагор’і, дзе шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км². У гарадах 46% насельніцтва. Найб. Сан-Сальвадор — 1408 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Буйныя гарады (тыс. ж., 1993): Санта-Ана — 208,3, Сан-Мігель — 161,2, Сакатэкалука — 81. У сельскай гаспадарцы занята 33% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 14%, у абслуговых галінах — 53%. Значная эміграцыя ў суседнія краіны і ЗША.

Гісторыя Да 7 ст. н.э. С. насялялі плямёны індзейцаў майя. Потым тут пасяліліся блізкія да ацтэкаў плямёны піпіляў, якія называлі краіну і свой гал. горад Кускатлан. У 1524—47 гэта тэр. заваявана іспанцамі на чале з П. дэ Альварада, якія далі ёй назву С. У калан. перыяд С. быў часткай генерал-капітанства Гватэмала. У 1811—14 тут адбылося некалькі антыкалан. паўстанняў. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць С. У 1822—23 С. у складзе Мексіканскай імперыі, у 1823—39 — Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1841 С. — незалежная рэспубліка. Доўгі час улада ў краіне па чарзе належала то партыі кансерватараў, якая адлюстроўвала інтарэсы латыфундыстаў, то партыі лібералаў, якая абараняла інтарэсы гандлёвай буржуазіі. Барацьба паміж імі суправаджалася шматлікімі ваен. пераваротамі. На першых свабодных выбарах у сак. 1931 перамог А.​Араўха, які прапанаваў праграму шырокіх сац. пераўтварэнняў. У снеж. 1931 ён скінуты ген. М.​Эрнандэсам Марцінесам, які ўсталяваў сваю дыктатуру (1931—44). У студз. 1932 ён люта задушыў сял. паўстанне на чале з А.​Фарабунда Марці (забіта больш за 10 тыс. чал.). Да 1979 С. кіравалі ваен. рэжымы, якія адлюстроўвалі пераважна інтарэсы алігархаў, што дамінавалі ў эканам. і паліт. жыцці краіны. Па іх ініцыятыве створаны ваенізаваныя атрады для запалохвання апазіцыі. У ліп. 1969 С. вёў вайну з Гандурасам, што абвастрыла сац. супярэчнасці. З канца 1970-х г. пачаліся масавыя выступленні супраць рэжыму, партыз. дзейнасць актывізаваў падпольны Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці (ФНВФМ) — шырокі саюз левых арг-цый. У гэтых абставінах, пры дапамозе ЗША, у кастр. 1979 адбыўся ваен. пераварот, які прывёў да ўлады ваен.-цывільную хунту. Новы рэжым абяцаў ажыццяўленне рэформ, але ў краіне працягвала панаваць ранейшая алігархія, лютаваў тэрор правых «эскадронаў смерці», якія забівалі незадаволеных рэжымам і сялян, што адважваліся ўзяць зямлю пасля абвешчанай аграрнай рэформы. Правы тэрор прывёў у пач. 1981 да масавага паўстання на чале з ФНВФМ. Пры дапамозе ЗША рэжым цывільнага прэзідэнта Х.​Н.​Дуартэ (1980—90) здолеў утрымаць уладу, але ён не кантраляваў ні сельскія раёны, дзе панаваў ФНВФМ, ні ўрадавую армію. У выніку грамадз. вайны да 1990 загінула больш за 70 тыс. чал.

Пры пасрэдніцтве ААН 1.2.1992 заключана мірнае пагадненне паміж урадам С. і ФНВФМ, які стаў паліт. партыяй. У 1994 пад наглядам ААН адбыліся выбары, на якіх перамагла правая партыя Нацыяналіст. рэспубліканскі саюз. Яе прадстаўнікі А.​Кальдэрон і Ф.​Флорэс выбіраліся прэзідэнтамі С. ў 1994 і 1999. ФНВФМ стаў другой па значэнні паліт. партыяй С., дамогся поспеху на парламенцкіх выбарах 2000. С. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў кастр. 1999. Дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыяналіст. рэсп. саюз (АРЕНА), Фронт нац. вызвалення імя Фарабунда Марці, Хрысц.-дэмакр. партыя.

Гаспадарка. С. — аграрная краіна. Аснова эканомікі — вытв-сць і перапрацоўка с.-г. прадукцыі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва каля 3000 дол. ЗША. Доля ў ВУП сельскай гаспадаркі 12%, прам-сці 22%, абслуговых галін 76%. Эканоміка моцна залежыць ад замежнага, пераважна амер. капіталу. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 1,3 млн. га зямлі — больш за 60% тэр. краіны. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 690 тыс. га, у т. л. 120 тыс. га арашаецца; пад лугамі і пашай каля 610 тыс. га. Традыцыйна развіта латыфундысцкая гаспадарка. Значная частка сялян беззямельная: на долю 90% сельскага насельніцтва прыпадае толькі 4% апрацаваных зямель. Пашыраны розныя формы арэнды і паўфеад. формы эксплуатацыі. Гал. раён земляробства — вулканічнае нагор’е. У 1998 сабрана (тыс. т); кавы (гал. экспартная культура, дае каля ​2/3 кошту прадукцыі земляробства, вырошчваецца ў зах. і цэнтр. частках нагор’я) 251,2, цукр. трыснягу 590, кукурузы 1215,2, бабовых (пераважна фасоля) 99,1, рысу 106,2, сорга 366,6. Вырошчваюць таксама бавоўну, тытунь, какаву, індыга, хенекен, проса, кунжут, ямс і маніёк, алейныя культуры, агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля найб. развіта па Пн краіны. У 1997 было 1,14 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 335,1 тыс. свіней. Птушкагадоўля (у 1997—8 млн. курэй). Прам-сць прадстаўлена ў асн. харч., лёгкай, нафтахім., фармацэўтычнай, буд., металургічнай і металаапрацоўчай галінамі. У 1999 атрымана 4,1 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49,3% на цеплавых электрастанцыях, 36,5% на ГЭС, 14,2% на гідратэрмальных электрастанцыях. Харч. прадукты і напіткі складаюць (1998) 36% кошту прамысл. прадукцыі; тэкстыль, адзенне, абутак, скураныя вырабы і мэбля — 13,9%; нафтапрадукты, хімікаты і вырабы з каўчуку — 15,3%; металург. і маш.-буд. галіна — 13,4%, паліграф. і цэлюлозна-папяровыя вырабы — 7,5% і інш. Асн. цэнтры харч. і тэкст. прам-сці — гарады Сан-Сальвадор і Санта-Ана, нафтаперапрацоўка і цэм. з-ды ў г. Акахутла. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена невял. здабычай золата, серабра, буд. матэрыялаў, каменнай солі. Развіта саматужная вытв-сць ганчарных вырабаў, адзення, абутку, капелюшоў. Замежны турызм у 2000 прынёс даход 211 млн. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. У 1997 было 602 км чыгункі, 10 тыс. км аўтадарог, у т. л. 1986 км з цвёрдым пакрыццём (327 км аўтастрады — Панамерыканскай шашы). У С. 35,3 тыс. легкавых аўтамабіляў, 44,8 тыс. грузавых і аўтобусаў (2000). Гал. парты Ла-Уньён, Акахутла і Ла-Лібертад. У краіне 85 аэрапортаў, у т. л. 4 з цвёрдым пакрыццём узлётнай паласы (у т. л. міжнар. аэрапорт каля г. Сан-Сальвадор). У 1999 экспарт склаў 2,5 млрд. долараў, імпарт — 4,15 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць кава, цукар, тэкстыль, хімікаты, у імпарце — харч., спажывецкія і прамысл. тавары, нафта і нафтапрадукты. Асн. гандл. партнёры: ЗША (59% экспарту, 51% імпарту), Гватэмала (12 і 9%), Мексіка, Гандурас, Японія. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ЗША і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — калон.

М.​Б.​Жукава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя).

Герб і сцяг Сальвадора.
Сальвадор. Адзін з вулканаў у цэнтральнай частцы краіны.
Сальвадор. Сушка зярнят кавы.

т. 14, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, індустрыя,

найважнейшая галіна матэрыяльнай вытв-сці, якая аказвае вырашальнае ўздзеянне на ўзровень эканам. развіцця грамадства; сукупнасць прадпрыемстваў (фабрык, заводаў, электрастанцый, шахтаў, руднікоў і інш.), занятых вырабам прылад працы, вытв-сцю энергіі, здабычай сыравіны і паліва, нарыхтоўкай лесу, апрацоўкай і перапрацоўкай прадуктаў, атрыманых у П. або вырабленых у сельскай гаспадарцы. Паводле характару вытв-сці і прадметаў працы падзяляецца на здабыўную і апрацоўчую, паводле эканам. прызначэння і выкарыстання прадукцыі — на вытв-сць сродкаў вытв-сці і вытв-сць прадметаў спажывання. Адрозніваюць П. цяжкую, лёгкую, харчовую і інш., якія ў сваю чаргу падзяляюцца на галіны і асобныя віды вытв-сці (напр., лёгкая П. уключае тэкстыльную, швейную, гарбарную, футравую, абутковую і інш.).

П. зарадзілася ў рамках натуральнай гаспадаркі. Яна ўзнікла як самаст. галіна грамадскай вытв-сці пасля аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі. У станаўленні П. як самастойнай сферы грамадскай працы вял. ролю адыгралі гарады, дзе склаліся першыя элементы капіталіст. адносін. У сваім развіцці П. прайшла 3 стадыі: дробнатаварную, мануфактурную і фабрычную. Пераход ад мануфактуры да буйной машыннай індустрыі абумоўлены прамысловым пераваротам, які адбыўся спачатку ў Вялікабрытаніі, а потым і ў інш. краінах. У канцы 19 і пач. 20 ст. больш хуткімі тэмпамі П. развівалася ў ЗША і Германіі, якія апярэдзілі Вялікабрытанію. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найхутчэй развівалася П. ЗША. Да пач. 1920-х г. ЗША давалі амаль палавіну сусв. здабычы вугалю, каля ​3/5 сусв. вытв-сці чыгуну і сталі, ​2/3 здабытай ва ўсім свеце нафты, 85% сусв. выпуску аўтамабіляў. П. еўрап. краін была разбурана 1-й сусв. вайной. П. Францыі дасягнула даваен. ўзроўню ў 1924. У Вялікабрытаніі выпуск прамысл. прадукцыі да 1929 дасягнуў толькі аб’ёму 1913. У Германіі стабілізацыя эканомікі пачалася з 1924, за кошт крэдытаў ЗША і Вялікабрытаніі, і да 1927 быў адноўлены даваенны ўзровень. За гады 1-й сусв. вайны ўзбагацілася і забяспечыла далейшы рост П. Японія. Сусв. эканам. крызіс 1929—33 суправаджаўся рэзкім скарачэннем прамысл. вытв-сці, асабліва ў ЗША, Францыі і Вялікабрытаніі. Пасля выхаду з крызісу ў найбуйнейшых еўрап. краінах і ў Японіі назіраўся значны рост ваен. вытв-сці.

2-я сусв. вайна 1939—45 нанесла цяжкі ўдар па прамысл. вытв-сці еўрап. краін і Японіі. У аднаўленні П. гэтых краін важную ролю адыграў Маршала план, паводле якога магутныя фінансавыя ўліванні амер. крэдытаў дазволілі адрадзіцца Еўропе і Японіі. Сусв. канкурэнцыя прымусіла еўрап. краіны аб’яднацца і гэта прывяло да стварэння «Агульнага рынку» (ЕЭС). За гады вайны нац. даход ЗША падвоіўся, удвая вырасла прамысл. вытв-сць. Аб’ём П. ЗША у 1953 павялічыўся ў параўнанні з 1947 на 37%. Канкурэнцыя з боку еўрап. краін і Японіі з’явілася магутным стымулам для ўкаранення дасягненняў навукова-тэхн. рэвалюцыі (НТР).

Дзякуючы электрыфікацыі і хімізацыі вытв. працэсаў рэзка павысілася прадукцыйнасць працы, змяніўся падыход да праблемы выкарыстання сыравінных рэсурсаў, атрымалі развіццё новыя галіны эканомікі. Характэрнай рысай НТР стала аўтаматызацыя вытв-сці, у прыватнасці стварэнне і выкарыстанне ў вытв-сці электронна-выліч. тэхнікі. Калі ў 2-й пал. 19 ст. найважнейшымі галінамі П. былі тэкст., металургічная, чыг. машынабудаванне, а ў 1-й трэці 20 ст. — аўтамаб., электраэнергетычная і хім., то пасля 2-й сусв. вайны гал. вагу набылі атамная, электронная, аэракасмічная, нафтахім., распрацоўкі біятэхналогій.

У Рас. імперыі тэмпы прамысл. развіцця сталі рэзка расці пасля адмены прыгоннага права. Перабудова рас. П. адбывалася на базе ўласных матэрыялаў — металу, мінер. паліва, цэменту і інш., уласнага машынабудавання. Здабыча вугалю і нафты, выплаўка чыгуну да канца 19 ст. павялічыліся ў 3 разы. Прамысл. ўздым у 1909—13 вывеў Расію па тэмпах росту вытв-сці на 1-е месца ў свеце. Да 1909 тут узніклі магутныя карпарацыі і канцэрны, куды ўваходзілі машынабудаўнічыя і металаапрацоўчыя з-ды. Нягледзячы на высокія тэмпы развіцця П., Расія напярэдадні 1-й сусв. вайны па агульным аб’ёме валавой прадукцыі адставала ад ЗША, Германіі і Вялікабрытаніі, асабліва па прадукцыйнасці працы і вытв-сці на душу насельніцтва. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 буйнейшыя прадпрыемствы асн. галін П. Расіі былі нацыяналізаваны, у т. л. 11 100 акц. прадпрыемстваў. У перыяд нэпа (1921—27) было дазволена прыватнае прадпрымальніцтва. За перадваенны перыяд у СССР былі створаны новыя галіны вытв-сці, пабудаваны буйныя прамысл. прадпрыемствы, паявілася цяжкае машынабудаванне. У выніку 2-й сусв. вайны СССР страціў трэць свайго нац. багацця. Эканоміка была адноўлена за даволі кароткі тэрмін. На месцы ранейшых пабудавана каля 3200 тэхнічна больш дасканалых і магутных прадпрыемстваў. У 1950—60-я г. рабіліся спробы гасп. рэформ: у 1957 кіраванне П. было перададзена ў Саветы нар. гаспадаркі, спрабавалі перавесці прадпрыемствы на гасп. разлік, аднак існуючая ў краіне паліт. сістэма вельмі хутка задушыла рэформы. Рэальнае рэфармаванне эканомікі Расіі пачалося з 1992, калі стаў складвацца рыначны механізм.

На Беларусі мануфактуры паявіліся ў 1-й пал. 18 ст. Першымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, на якой у 1748 працавала больш за 100 чал., выпускала 100 відаў прадукцыі (аконнае шкло, графіны, бакалы і інш.), і Урэцкая шкляная мануфактура. Потым паявіліся Нясвіжская мануфактура шаўковых паясоў, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Нясвіжская суконная мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У 19 ст. ўзніклі першыя ф-кі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая ў 1860 у 2 разы пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. Дробныя прадпрыемствы пераважалі ў харчовай, гарбарнай і тэкст. галінах. З 1860 да 1900 колькасць прадпрыемстваў павялічылася да 17,1 тыс., а рабочых на іх з 2364 да 63,5 тыс. У канцы 19 ст. паявіліся першыя акц. т-вы. З 1900—13 аб’ём вытв-сці на акц. прадпрыемствах Беларусі павялічыўся ў 5,2 раза. Эканам. ўздым спрыяў прытоку замежных інвестыцый, гал. чынам у лесаапрацоўку. Напярэдадні 1-й сусв. вайны П. Беларусі пастаўляла 26,8% піламатэрыялаў, 23,5% фанеры, 11,7% запалак, 10,2% паперы, 9,9% спірту, шкляной прадукцыі агульнарас. вытв-сці. За 1-е дзесяцігоддзе сав. улады П. у БССР была адноўлена і пачала развівацца на планавай аснове. Ствараліся новыя галіны вытв-сці і будаваліся прамысл. прадпрыемствы. У 1930-я г. БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку: выпускала металаапр. станкі, сельгасмашыны, маторы, турбіны, радыёпрыёмнікі і інш. У перадваенны час на долю Беларусі прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, 27% запалак, 30% аліфы, 25% дражджэй, 11% маргарыну, больш за 10% станкоў. Па вытв-сці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. У перыяд Вял. Айч. вайны П. Беларусі была разбурана. Яе аднаўленне пачалося адразу пасля вызвалення ў 1944. Напр., за гады 5-й пяцігодкі ўведзены ў дзеянне 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных. Расло значэнне вядучых галін П. — энергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі, развівалася хім. прам-сць, асабліва вытв-сць мінер. угнаенняў; пабудаваны Салігорскі калійны камбінат (гл. «Беларуськалій»), Гродзенскі азотнатукавы з-д (гл. Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот»), суперфасфатны ў Гомелі (гл. Гомельскі хімічны завод). У 1960-я г. здадзены ў эксплуатацыю Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Нафтан», Магілёўскі камбінат сінтэтычнага валакна, Лідскі лакафарбавы завод і інш. Значная ўвага аддавалася рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытв-сці, аснашчэнню яе аўтаматычнымі і механічнымі лініямі, аўтаматызаванымі сістэмамі кіравання.

З распадам СССР і разрывам традыцыйных эканам. сувязей сітуацыя ў П. Беларусі пагоршылася: пачаліся перабоі з пастаўкамі сыравіны, паліва і электраэнергіі, страчаны звычныя рынкі збыту прамысл. прадукцыі. Да 1995 спад вытв-сці склаў 31%. Складаная сітуацыя ў эканоміцы вымусіла ўрад распрацаваць праграму «Асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 1996—2000 г.», дзе прадугледжвалася павялічваць рост тэмпаў валавога ўнутр. прадукту (ВУП) штогод на 4—6%. Урад і Нац. АН Беларусі распрацавалі праграму развіцця прамысл. комплексу Рэспублікі Беларусь на 1998—2015. Для яе рэалізацыі неабходны дадатковыя капіталаўкладанні — не менш як 2 млрд. долараў штогод. А замежныя інвестары павінны атрымаць поўныя гарантыі абароны сваіх капіталаў і мець рэальныя выгады ад інвестыцый. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Беларусь (раздз. Прамысловасць).

Літ.:

Экономическая история зарубежных стран: Курс. лекций. Мн., 1996;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд. Мн., 1996.

Л.​Ф.​Пашкевіч.

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУЦК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Слуцкага р-на Мінскай вобл., на р. Случ. Вузел чыгунак на Асіповічы, Баранавічы, Салігорск, аўтадарог на Бабруйск, Мінск, Салігорск. За 105 км на Пд ад Мінска. 63,4 тыс. ж. (2001).

С. (летапісны Случеск) упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1116, як адзін з гарадоў Тураўскай зямлі. З 1160 цэнтр удзельнага Слуцкага княства. З 1320—30-х г. у складзе ВКЛ. З 1395 уласнасць Алелькавічаў, пазней — Радзівілаў, Л.​П.​Вітгенштэйна, з 1847 дзярж. ўласнасць. У 15 ст. буйны феад. горад, меў Верхні, Ніжні і Новы замкі (гл. Слуцкія замкі). У 1433 цэнтр выступлення бел. феадалаў супраць вял. кн. Жыгімонта Кейстутавіча. У 1441 атрымаў гар. самакіраванне і магдэбургскае права. У пач. 16 ст. ў выніку нападаў крымскіх татараў разбураны, страціў самакіраванне. З 1507 у Навагрудскім пав. З 1586 дзейнічала правасл. брацтва пры Праабражэнскім манастыры, з 17 ст. — Успенскае брацтва. У 1593 каля 7 тыс. ж., каля 1100 двароў. У ліст. 1595 быў захоплены казакамі С.​Налівайкі. У 1630—40 кн. Багуслаў Радзівіл ператварыў С. у горад-крэпасць. Пры княжацкім двары вёўся Слуцкі летапіс, была бібліятэка, на падставе кніг і летапісу якой напісаў сваю «Хроніку» М.​Стрыйкоўскі. У час антыфеад. вайны 1648—51 у жн. 1648 горад вытрымаў асаду казацка-сял. атрада. 27.8.1652 зноў нададзена (спачатку часткова, 9.9.1700 канчаткова) магдэбургскае права, герб «Пагоньчык». З пач. 17 ст. працавалі школы кальвінісцкая, для гараджан, з 1624 гімназія, з 1689 — Слуцкі езуіцкі калегіум і інш. З 1672 дзейнічала Слуцкая друкарня. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 С. у 1655 — адзіны буйны горад Беларусі, што вытрымаў аблогу рас. і казацкіх войск. Таму 7.5.1656 Б.​Хмяльніцкі выдаў універсал з гарантыяй недатыкальнасці С. з боку казацкіх атрадаў, а слуцкім купцам — вольнага гандлю на Украіне. У 1683 каля 9 тыс. ж., у 1777 працавалі 18 рамесных цэхаў, папяровая ф-ка, суконная, палатняная мануфактуры, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, арганізавана Слуцкая канфедэрацыя 1767. У 1785 у С. рэзідэнцыя епіскапа В.​Садкоўскага, у 1785 адчынена правасл. духоўная школа. Да канца 18 ст. горад паступова страчваў эканам. значэнне, колькасць насельніцтва скарацілася да 5,5 тыс. чал. З 1791 цэнтр Случарэцкага павета Навагрудскага ваяв. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр Слуцкага павета Мінскай губ. У 1897 у С. 14 349 ж., 3 заводы. У 1-ю сусв. вайну павет стаў прыфрантавым, таму ў 1915 для забеспячэння фронту да С. пракладзена чыгунка з Асіповічаў. У лютым 1918 заняты корпусам Ю.​Доўбар-Мусніцкага і герм. войскамі. У 1918 дзейнічаў Бел. нац. к-т, Слуцкая беларуская гімназія, культ.-асв. арг-цыя «Папараць-кветка». З 1.1.1919 у БССР, з 27.2.1919 у Літ.-Бел. ССР. З 10.8.1919 да 15.7.1920 заняты польск. войскамі. Дзейнічалі падп. к-ты кампартыі Літвы і Беларусі, падп. група партыі бел. эсэраў, партыз. атрады бальшавікоў і эсэраў, аднавілася дзейнасць Бел. нац. к-та, для самаабароны ўтворана нар. міліцыя. У ліст.—снеж. адбылося Слуцкае паўстанне 1920. У 1924—27 і 1935—38 цэнтр Слуцкай акругі, з 17.7.1924 Слуцкага раёна. У 1939 21 947 ж. У Вял. Айч. вайну 27.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў горадзе і раёне знішчылі 25 584 чал., стварылі ў С. З лагеры смерці, дзе загубілі каля 20 тыс. чал.; дзейнічала Слуцкае патрыятычнае падполле, партыз. злучэнне Слуцкай зоны. Горад вызвалены 30.6.1944 войскамі 1-га Бел. фронту сумесна з партызанамі ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1970—35,6 тыс. жыхароў.

Працуюць Слуцкі кансервавы завод, Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат, Слуцкі мясакамбінат, сыраробчы і хлебапрадуктовы камбінаты, хлебазавод, піваварны з-д, макаронная ф-ка, Слуцкае прадпрыемства мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», ільнозавод, тэкстыльная і па пашыве адзення ф-кі, з-ды «Эмальпосуд», жалезабетонных вырабаў і інш. Дзейнічаюць 12 сярэдніх, спарт., муз., маст. школы, гімназія, цэнтр тэхн. і прыкладной творчасці, станцыі юных натуралістаў і турыстаў, спарткомплекс «Дэльфін»; Дом культуры, Дом моладзі, Слуцкі краязнаўчы музей, кінатэатр «Беларусь»; бальніца; 2 царквы, 2 капліцы, касцёл.

Стары горад — найб. стараж. ч. горада з замкамі на правым беразе Случы. Напачатку развіваўся ва ўсх. напрамку. Паміж пасадам і замкам знаходзілася гандл. плошча, у 1419 тут пабудаваны фарны касцёл. У канцы 15 ст. С. пачаў расці ў зах. напрамку, расшырыўся і на Пн, фарміраваўся як горад з радыяльна-кальцавой планіроўкай. Новы горад — левабярэжжа, паўд. ч. горада, забудоўвалася пазней, у 16 ст. тут склалася прамавугольная сетка вуліц з вял. кварталамі, забудаванымі драўлянымі дамамі. Абедзве ч. горада злучаліся паміж сабой мостам, на якім размяшчаліся млыны. Прадмесце С. — Востраў — знаходзілася за гар. ўмацаваннямі на ПнУ ад горада. Уніз па цячэнні Случы, на яе правым беразе, было прадмесце Трайчаны — пасяленне вакол Слуцкага Троіцкага манастыра. Пры Радзівілах пабудаваны новыя абарончыя ўмацаванні, цытадэль, распрацаваны рэгулярны план Новага горада. У 1630—40-я г. С. ператвораны ў горад-крэпасць, умацаваны землянымі валамі і ровам, бастыёнамі і равелінамі. Уваходы ў горад былі праз Віленскую, Капыльскую і Астроўскую мураваныя брамы з пад’ёмнымі мастамі, а таксама драўляную Навамейскую браму. У канцы 17—18 ст. пабудаваны касцёлы езуітаў (не захаваліся) і Слуцкі езуіцкі калегіум, ратуша. У 1840-я г. ў сувязі з буд-вам шашы парушана гіст. планіроўка горада. С. стаў развівацца на З і У, уздоўж шашы ўзводзіліся асн. мураваныя будынкі — паштовая станцыя, будынак дваранскага сходу (абодва класіцызм) і інш. У сярэдзіне 19 ст. ў С. існавалі 8 правасл. цэркваў, у т. л. Слуцкая Міхайлаўская царква, цэрквы Троіцкая, Вазнясенская (пабудавана ў 1782), саборная Успенская Мікалаеўская (пабудавана ў 1819 на месцы б. замкавай Прасвятой Багародзіцы 1509), Слуцкі касцёл і кляштар бернардзінцаў, 2 каталіцкія капліцы, 2 кальвінісцкія царквы (у 1617 пабудавана драўляная ў Новым горадзе Я.​Радзівілам, у 1852 на яе месцы — мураваная, не захавалася), 2 сінагогі. Існавалі Слуцкі Ільінскі манастыр і Праабражэнскі мужчынскі манастыр. У канцы 18 ст. пабудаваны мураваны касцёл (не захаваўся). Паводле плана забудовы С. (1823) горад фарміраваўся з 2 частак, падзеленых ракой — яго кампазіцыйнай воссю. План прадугледжваў упарадкаванне вулічнай сеткі, буд-ва новых мураваных дамоў, зліццё цэнтра з ускраінамі. У 20 ст. С. забудоўваўся паводле генпланаў 1940, 1947 (арх. Г.​Парсаданаў), 1962 (арх. В.​Сушчыц, Н.​Вайбовіч, А.​Сідзельнікаў; усе ін-т «Белдзяржпраект», карэкціроўка апошняга ў 1971 у Мінскім філіяле ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Р.​Шэліхава, Т.​Купрэева), 1977 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. М.​Мызнікаў, Шэліхава, Купрэева), праекта дэталёвай планіроўкі 1978 (ін-т «Мінскграмадзянпраект», арх. П.​Алфімава, А.​Кракалёва), генплана 1987 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. В.​Мусіенка, А.​Байрачная). З 1990-х г. пашыраюцца гар. тэрыторыі, перавага аддаецца забудове сядзібнага тыпу. Зона адпачынку — берагі р. Случ, гар. парк культуры і адпачынку, вадасховішча Рудня.

У 1751—60 у С. дзейнічаў Слуцкі тэатр Радзівіла. паказы якога суправаджала Слуцкая капэла Радзівіла, працавалі таксама Слуцкая балетная школа, Слуцкая музычная школа. У 1936—41 працаваў калг.-саўг. т-р (маст. кіраўнік С.​Тураў). Сярод пастановак: «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Позняе каханне», «Без віны вінаватыя» і «Жаніцьба Бальзамінава» А.​Астроўскага, «Забаўны выпадак» К.​Гальдоні і інш. У С. працуюць народныя т-р драмы і камедыі імя У.​Галубка гар. Дома культуры (з 1961), маладзёжны т-р эстрады Слуцкага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкома (з 1990). узорныя т-р лялек «Усмешка» Цэнтра дзіцячай творчасці (з 1993), тэатр. студыя «Мельпамена» пры Цэнтры дзіцячай творчасці (з 1995) і інш. У С. брацкая магіла партызан грамадз. вайны, брацкія магілы сав. воінаў, партызан, ваеннапалонных і мірных жыхароў, магілы ахвяр фашызму. Помнікі: Вызваліцелям, у гонар 50-годдзя сав. улады, Соф’і Слуцкай (скульпт. М.​Інькоў, 2000). Помнік археалогіі — гарадзішча стараж. С.

Літ.:

Грицкевич А.П. Слуцк: Истэкон. очерк. 2 изд. Мн., 1970;

Яго ж. Древний город на Случи. Мн., 1985;

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі: Мінская вобл. Т. 2. Мн., 1987.

А.​П.​Грыцкевіч (гісторыя, архітэктура), В.​Р.​Кукуня, С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Слуцк. Жылыя дамы ў цэнтры горада.
Да арт. Слуцк. Помнік княгіні Соф’і Слуцкай. Скульптар М.​Інькоў. 2000.
Слуцк. Будынак былога дваранскага сходу.

т. 15, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУА́НДА (Ruanda, Rwanda),

Руандыйская Рэспубліка (кіньяруандыйскае Republika y’u Rwanda, франц. Republique Rwandaise, англ. Républic of Rwanda), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пн з Угандай, на У з Танзаніяй, на Пд з Бурундзі. Пл. 26,4 тыс. км². Нас. 7229,1 тыс. чал. (2001). Афіц. мовы — кіньяруанда, франц. і англ.; шырока ўжываецца мова суахілі. Сталіца — г. Кігалі. Падзяляецца на 12 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца на 5 гадоў). Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і Нац. сходу. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Паверхня — моцна парэзанае далінамі рэк пласкагор’е (выш. 1500—2000 м), зах. край (прыўзняты да 2500—3000 м) стромка абрываецца да воз. Ківу. На крайнім ПнЗ — частка вулканічных гор Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м). Ёсць радовішчы алавяных, вальфрамавых, берылавых, танталака-лумбітавых і інш. руд, золата, метану і вуглякіслага газу. Клімат субэкватарыяльны, мяккі з-за значнай вышыні над узр. м. У г. Кігалі (на выш. 1550 м) т-ра ўвесь год вагаецца ад 17 да 21 °C. Ападкаў каля 1000—1500 мм за год, сухі сезон ліп.—верасень. Бываюць засухі. Большая ч. тэр. ў бас. р. Кагера (выток р. Ніл). Найб. возера Ківу. Расліннасць прадстаўлена пераважна другаснымі саваннамі. Пад лесам і хмызнякамі 22% тэрыторыі. Багаты жывёльны свет моцна вынішчаны, але ў нац. парках і запаведніках захаваліся розныя віды антылоп, буйвалы, насарогі, бегемоты, зебры, ільвы, леапарды і інш. У Р. нац. паркі Вірунга і Кагера (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), некалькі запаведнікаў.

Насельніцтва. Асн. народ руанда (баньяруанда) складае каля 95%. Этнасацыяльна падзяляецца на групы жывёлаводаў — тутсі (высокага росту, каля 13%), земляробаў — хуту (сярэдняга росту, 85%) і пігмеяў-тва (больш за 1%). Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, з Еўропы і Паўд. Азіі. Вернікі пераважна католікі (65%) і прыхільнікі мясц. традыц. вераванняў (25%), ёсць пратэстанты (9%) і мусульмане (1%). Сярэднегадавы прырост 1,4% (2000). Сярэдняя шчыльн. адна з самых высокіх у Афрыцы — 273,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 6% насельніцтва. У г. Кігалі 234,5 тыс. ж. (1993), па 20—40 тыс. ж. у гарадах Бутарэ, Ньянза, Гісеньі, Гітарама, Б’юмба. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. У выніку ваен. дзеянняў каля 1 млн. чал. загінулі, каля 2 млн. чал. (пераважна хуту) пакінулі Р., жывуць у лагерах бежанцаў на тэр. суседніх краін.

Гісторыя. Стараж. насельнікамі тэр. Р. былі пігмеі-тва. У пач. 2-га тыс. н.э. тут пасяліліся бантумоўныя земляробчыя плямёны хуту. Каля 16 ст. іх падпарадкавалі жывёлаводы тутсі, якія стварылі тут дзярж. аб’яднанне на чале з мвамі (каралём). Меншасць тутсі складала касцяк кіруючай эліты, якая панавала над большасцю — хуту. У 1898 Р. анексіравана Германіяй і далучана да герм. Усх. Афрыкі. У 1916 Р. акупіравала Бельгія, якая пасля 1-й сусв. вайны атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Р. З 1946 Р. — падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Бельгіі. У 1959 прадстаўнікі хуту заснавалі Рух за эмансіпацыю (з 1960 Рэсп.-дэмакр. Рух Пармехуту, РДР Пармехуту) на чале з Г.​Кайібандам. На першых усеагульных выбарах 1961 перамог РДР Пармехуту. У вер. 1961 скасавана манархія, што суправаджалася сутыкненнямі паміж хуту і тутсі, у выніку чаго каля 200 тыс. тутсі знайшлі прытулак ва Угандзе.

1.7.1962 абвешчана незалежнасць Р., першым прэзідэнтам стаў Кайібанда. У снеж. 1963 адбыліся новыя сутыкненні паміж хуту і тутсі, пачалося выцясненне тутсі з дзярж. апарату. У ліп. 1973 ваенныя на чале з ген. Ж.​Хаб’ярыманам здзейснілі дзярж. пераварот. У снеж. 1978 прынята новая канстытуцыя Р., Хаб’ярымана абраны прэзідэнтам краіны. Адзінай дазволенай паліт. партыяй абвешчаны Нац. рух за развіццё (засн. ў 1975). У кастр. 1990 з тэр. Уганды ў Р. ўварваліся ўзбр. атрады Патрыят. руандыйскага фронту (ПРФ), створанага эмігрантамі-тугсі. 4.8.1993 паміж ПРФ і ўрадам Р. падпісана пагадненне аб спыненні агню і стварэнні кааліцыйнага ўрада. 6.4.1994 быў збіты самалёт, на якім ляцеў Хаб’ярымана, і ён загінуў, у чым абвінавацілі тутсі. Міліцыя хуту пачала масавае фіз. знішчэнне тутсі; у выніку генацыду загінулі да 1 млн. чал. У адказ ПРФ разгарнуў наступленне і авалодаў усёй тэр. Р. Больш за 2 млн. хуту ўцяклі ў суседнія краіны. У ліп. 1994 прэзідэнтам Р. абвешчаны выхадзец з хуту П.​Бізімунгу, віцэ-прэзідэнтам — выхадзец з тутсі П.​Кагаме. У 1997 войскі Р. дапамаглі скінуць рэжым Мабуту Сесе Сека ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга, а з вер. 1998 удзельнічаюць ва ўзбр. канфлікце ў гэтай краіне. У крас. 2000 новым прэзідэнтам Р. абраны Кагаме.

Сярод паліт. партый і аб’яднанняў Р. найб. уплывам карыстаюцца Рэсп. дэмакр. рух, С.-д., Ліберальная і Хрысц.-дэмакр. партыі. У 1987 створаны Прафс. цэнтр працоўных. Р. — чл. ААН (з 1962), Арганізацыі афр. адзінства (з 1963).

Гаспадарка. Р. — адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 690 дол. за год (1998). Каля 36% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 24% — у прам-сці, каля 40% — у абслуговых галінах. У гаспадарцы захаваліся перажыткі родавых і феад. адносін. Ёсць дзярж. і каап. сектары. Унутр. канфлікты 1990-х г. спынілі развіццё эканомікі. У паўнатуральнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за палавіну тэр. краіны, у т. л. каля 900 тыс. га пад ворывам, каля 250 тыс. га пад шматгадовымі культурамі, каля 500 тыс. га пад пашай. Характэрны зямельны голад, магчымасці пашырэння с.-г. зямель амаль вычарпаны. Гал. занятак сялян — прымітыўнае матычнае земляробства, засн. на папарнай сістэме. Арашаецца 4 тыс. га.

Пераважаюць дробныя гаспадаркі пл. 0,6—1 га. Гал. экспартныя культуры: кава (штогадовы збор каля 40 тыс. т), чай, пірэтрум (інсектыцыдная расліна), бавоўна, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, сорга, кукурузу, бульбу, арахіс, бабовыя, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. У 1998 атрымана 226 тыс. т збожжа, 3 тыс. т алею. Жывёлагадоўля пашавая, характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе (1998, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 500, коз і авечак — 1250, свіней — 80. У 1998 атрымана 19 тыс. т мяса. Птушкагадоўля (куры, качкі), пчалярства. Рыбалоўства ў азёрах і рэках (1997, 3,1 тыс. т). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і здабычы карысных выкапняў. У 1996 атрымана 166 млн. кВт∙гадз электраэнергіі (97,6% на ГЭС, найб. Муруры на р. Рузізі). Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, піваварныя і безалкагольных напіткаў), харч. (млыны і хлебапякарні, вытв-сць алею), гарбарна-абутковай, тэкст., мэблевай, мылаварнай, тытунёвай і інш. галін прам-сці; з-ды і ф-кі запалкавыя, метызаў, металаканструкцый, алюмініевага посуду, фарбаў, аўтарамонтныя майстэрні. Шырока развіты саматужная апрацоўка скур, выраб абутку, адзення, керамічнага посуду, прадметаў хатняга ўжытку. Вядзецца прамысл. і саматужная здабыча карысных выкапняў (руд волава, вальфраму, танталакалумбіту, берылу, золата). Здабыча метану і вуглякіслага газу з воз. Ківу. Лесанарыхтоўкі і лесапільная прам-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 12 тыс. км аўтадарог, у т. л. 1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; 12 тыс. легкавых, 16 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Суднаходства па воз. Ківу; 7 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля г. Кігалі. У 1998 экспарт склаў 82,1 млн. дол., імпарт 326 млн. дол. У экспарце пераважаюць кава (55%), чай (22%), пірэтрум, скуры; гарнарудная прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты, буд. матэрыялы. Гал. гандл. партнёры: Бельгія, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Кенія. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу (у 1995—99 каля 400 млн. дол.). Грашовая адзінка — руандыйскі франк.

Літ.:

Соколова Р. Две народности — два врага? // Азия и Африка сегодня. 1997. № 6;

Денисов А. Уроки Руанды // Там жа. 2000. № 9.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Руанды.
Да арт. Руанда. Ландшафт на ПнЗ краіны.

т. 13, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫВА́, Рэспубліка Тыва, Тува. Размешчана на Пд Усх. Сібіры, у Рас. Федэрацыі. На Пд і ПдУ мяжуе з Манголіяй. Пл. 170,5 тыс. км². Нас. 311 тыс. чал. (2000), гарадскога 48%. Сярэдняя шчыльнасць 1,8 чал. на 1 км². Жывуць тувінцы (64,3%), рускія (32%), хакасы і інш. Сталіца — г. Кызыл. Гарады: Ак-Давурак, Шаганар, Чадан, Туран.

Прырода. Т. — горная краіна (выш. да 3970 м, масіў Мангун-Тайга). Цэнтр. і зах. ч. займае Тувінская катлавіна, на Пн ад яе хрыбты Зах. Саяна, на З — Алтая, на Пд — Тану-Ала. У межах усх. ч. паўд.-зах. схілы Усх. Саяна, Таджынская катлавіна, нагор’і Усх.-Тувінскае і Сангілен. Карысныя выкапні: руды каляровых і рэдкіх металаў, жал. руда, каменны вугаль, азбест, золата, ртуць. каменная соль, мармур, вапнякі і інш. Каля 50 крыніц мінер. вод. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма марозная, бязветраная, лета ўмерана цёплае ў гарах і гарачае ў катлавінах. Сярэднія т-ры студз. ад -28 да -32 °C, ліп. 15—20 °C. Ападкаў ад 150—300 мм у катлавінах да 1000 мм у гарах. На ПнУ трапляюцца ўчасткі шматгадовай мерзлаты. Амаль усе рэкі належаць да бас. Енісея — Верхні Енісей (Улуг-Хем) з прытокам Хемчык, 2 вытокі Енісея — Вял. Енісей (Бій-Хем) і Малы Енісей (Ка-Хем). На Пд р. Тэс-Хем, упадае ў салёнае воз. Убсу-Нур. Шматлікія азёры ў Таджынскай катлавіне (Наён-Холь, Таджа, Маны-Холь і інш.). Частка Саяна-Шушанскага вадасховішча. Глебы каштанавыя, чарназёмныя, горна-лясныя і горна-таежныя. Каля 1/2 тэр. пад лесам (лістоўніца, сіб. кедр, хвоя, бяроза і інш.), У катлавінах пераважае стэпавая расліннасць, трапляюцца ўчасткі хваёвых лясоў, па далінах буйных рэк лясы з таполі. У складзе жывёльнага свету марал, лось, каланок, гарнастай, расамаха, у стэпах ліс, воўк, шматлікія грызуны (суслікі, хамякі і інш.). Запаведнікі Азас, Убсунурская катлавіна.

Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам у познім палеаліце. У канцы 1-га тыс. да н.э. — 2 ст. н.э. тут жылі гуны, у 2—6 ст. — плямёны сяньбі і жужаняў. Да сярэдзіны 9 ст. тэр. Т. ў складзе Цюркскага і Уйгурскага каганатаў, у 9—12 ст. — у залежнасці ад енісейскіх кыргызаў і кіданяў. У этнагенезе тувінцаў, які цягнуўся шмат стагоддзяў, удзельнічалі стараж. карэнныя плямёны, цюркі тугю, кыргызы, манголы. У 1207 — канцы 17 ст. Т. пад уладай манголаў. З 16—17 ст. пашырыўся ламаізм. З 1696 тэр. Т. ў складзе 3 дзяржаў: Айрацкага ханства, маньчжурскага Кітая і Расіі, якая ў 1728 перадала сваю частку Т. Кітаю. Пасля разгрому маньчжурамі Айрацкага ханства (1757—58) уся тэр. Т. пад уладай Кітая да 1912, калі ў выніку нац.-вызв. руху кіт. панаванне было скінута. Да 20 ст. аснову гаспадаркі Т. складалі качавая жывёлагадоўля і прымітыўнае земляробства. У 1914 па просьбе тувінскіх феадалаў абвешчаны пратэктарат Расіі над Т., якая пачала называцца Уранхайскім краем; засн. г. Белацарск (з 1926 Кызыл). У 1918—21 Т. акупіравана рас. белагвардзейцамі, кіт. і мангольскімі інтэрвентамі. У жн. 1921 у выніку нар. рэвалюцыі Т. абвешчана незалежнай Народнай Рэспублікай Тану-Тува (з 1926 Тувінская Нар. Рэспубліка), дзе кіруючай сілай стала засн. ў 1922 Нар.-рэв. партыя. Гасп. неразвітасць Т. абумовіла яе залежнасць ад СССР, пад уплывам якога кіраўніцтва рэспублікі стала на шлях пабудовы ў Т. сацыялізму, мінаючы капіталізм. Да 1931 ліквідаваны клас феадалаў. У 1930 тувінцы стварылі сваю пісьменнасць. У Вял. Айч. вайну насельніцтва Т. аказвала рознабаковую матэрыяльную дапамогу сав. Чырв. Арміі, добраахвотнікі ўдзельнічалі ў баях супраць гітлераўцаў.

17.8.1944 Малы хурал (парламент) Т. звярнуўся да Вярх. Савета СССР з просьбай аб прыняцці Т. ў склад СССР; 11.10.1944 прынята як аўт. вобласць РСФСР. У 1961 утворана Тувінская АССР. У сав. перыяд створаны розныя галіны прам-сці, сучасны транспарт, механізаваная сельская гаспадарка, павысіўся ўзровень адукацыі і культуры насельніцтва. Негатыўным было ігнараванне кіраўніцтвам традыц. качавога ўкладу і нац.-культ. асаблівасцей насельніцтва, што выявілася ў згортванні качавой жывёлагадоўлі, знішчэнні многіх помнікаў рэліг. культуры, палітыцы русіфікацыі тувінцаў. У снеж. 1990 Вярх. Савет Тувінскай АССР прыняў дэкларацыю аб суверэнітэце Т., у кастр. 1991 прынята афіц. назва — Рэспубліка Тыва. З ліст. 1991 Т. — рэспубліка ў складзе Расійскай Федэрацыі. У 1992 уведзена пасада прэзідэнта Т. (з сак. 1992 Ш.​Д.​Ааржак). У 1993 прынята Канстытуцыя Т.

Гаспадарка. Т. — індустр.-агр. рэгіён Расіі. У структуры валавога рэгіянальнага прадукту прам-сць і буд-ва складаюць 18%, сельская гаспадарка — 11%, сфера паслуг — 71%. Асн. галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 1999): каляровая металургія (36,4%), электраэнергетыка (23,3%), паліўная (10,8%), харч. (16,2%). Здабыча і перапрацоўка кобальт-нікелевых руд (Хаву-Аксы), ртуці, золата, азбесту (2,6 тыс. т, Ак-Давурак), каменнага вугалю (547 тыс. т, Халбаджынскі, Каа-Хемскі, Чаданскі вугальныя разрэзы). Вытв-сць электраэнергіі 40 млн. кВт∙гадз на ЦЭЦ (Кызылская, Ак-Давуракская, Хаву-Аксынская). Прадпрыемствы харч. прам-сці ў Кызыле (мясакамбінат, малочны і піваварны з-ды), Чадане (масларобны з-д), Шаганары і інш. Лесанарыхтоўчыя, лесапільныя і мэблевыя прадпрыемствы ў Кызыле, Туране, Сарыг-Сепе і інш. Вытв-сць аўтаспецабсталявання (Кызыл), буд. матэрыялаў (цэглы, буд. дэталей, жалезабетонных канструкцый), швейных і гарбарных вырабаў. Развіты каменярэзны маст. промысел. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,5 млн. га, у т. л. пад пашай 2,3 млн. га, ворнымі землямі 0,1 млн. га. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (83% кошту с.-г. прадукцыі); вылучаюцца мяса-малочная жывёлагадоўля і танкарунная авечкагадоўля. Гадуюць таксама коз, свіней, птушак, коней, вярблюдаў, аленяў, якаў. Пагалоўе (тыс. галоў, 2000): авечак і коз — 613, буйн. раг. жывёлы — 110,2, свіней — 13,1, аленяў — 1,1. На ПнУ развіты пушны промысел. Пасяўныя пл. (тыс. га, 1999) займаюць 60,1, у т. л. пад збожжавымі культурамі (пшаніца, авёс, ячмень, проса) 44,7, кармавымі 11,6, бульбай і агароднінай 3,8. Збор (тыс. т, 1999): збожжа — 12,9, бульбы — 15, агародніны — 4,3. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2472 км. Ёсць 2 выхады да чыгункі: па Усінскім тракце да чыг. ст. Абакан і па аўтадарозе Ак-Давурак — Абаза да чыг. ст. Абаза. Суднаходства па р. Верхні Енісей і ў ніжнім цячэнні рэк Вял. і Малы Енісей. Аэрапорты ў гарадах Кызыл, Ак-Давурак, Шаганар. Т. пастаўляе ў інш. рэгіёны Расіі і за мяжу харч. прадукты, сыравіну, паліва; завозіць харч. прадукты, драўніну і вырабы з яе, маш.-буд. і нафтахім. прадукцыю. Курорты: Уш-Бельдыр і Чэдэр.

Культура. Самыя стараж. помнікі на тэр. Т. — палеалітычныя і неалітычныя стаянкі, кераміка эпохі бронзы, каменныя стэлы (аленевыя камяні), творы ў звярыным стылі мастацтва скіфскай эпохі (1-е тыс. да н.э.), вырабы з металу і драўляныя статуэткі гунскага перыяду (2 ст. да н.э. — 1 ст. н.э.). Ад стараж.цюркскага часу (6—8 ст.) захаваліся каменныя фігуры людзей і метал. вырабы, аздобленыя гравіроўкай; пазней гравіроўку спалучалі з інкрустацыяй жалеза золатам, серабром, бронзай. Да уйгурскага часу належаць рэшткі гарадзішчаў-крэпасцей (Пор-Бажын на воз. Тэрэ-Холь). Лямцавыя дываны, драўляныя куфры і ложкі, скураныя пасудзіны і сёдлы, вырабы з металу ўпрыгожваліся нар. арнаментам, для якога характэрны строга сім. кампазіцыя, S-падобныя ўзоры, меандры. Асн. жытлом служыла лямцавая юрта. З канца 18 ст. развіваецца дробная пластыка з дрэва, каменю, металу, у ёй працуюць нар. скульптары Х.​Хуна, М.​Чэрзі і інш. З 1940-х г. развіваюцца станковы жывапіс і графіка (В.​Дзёмін, С.​Ланза, Ю.​Дзееў, Сарыг-оал Саая, Т.​Левяртоўская, І.​Салчак, М.​Пятроў і інш.). Вядзецца рэканструкцыя і добраўпарадкаванне г. Кызыл, будуюцца новыя пасёлкі. Найб. значныя пабудовы: у Кызыле. — гасцініца «Мангулек», Дом мастака, кінатэатр «Найырал», парк культуры і адпачынку са спарт. комплексам і інш. У Т. 3 ВНУ, краязнаўчы музей, муз.-драм. т-р.(усе ў Кызыле).

Літ.:

История Тувы. Т. 1—2. М., 1964;

Сердобов Н.А. История формирования тувинской нации. Кызыл, 1971;

Новейшие исследования по археологии Тувы и этногенезу тувинцев. Кызыл, 1980;

Очерки социального развития Тувинской АССР Новосибирск, 1983;

Маннай-оол М.Х. Тува в эпоху феодализма. Кызыл, 1986;

Республики России: Этноист. очерки. М., 1999;

Аксенов А.Н. Тувинская народная музыка. М., 1964;

Вайнштейн С.И. Историческая этнография тувинцев. Пробл. кочевого хозяйства. М., 1972;

Яго ж. История народного искусства Тувы. М., 1974;

Сузукей В.Ю. Тувинские традиционные народные инструменты. Кызыл, 1989;

Кыргыс З.К. Проблемы горлового пения. Кызыл, 1991.

В.​М.​Сасноўскі (прырода, гаспадарка), І.​А.​Літвіноўскі (гісторыя).

Да арт. Тыва. У наваколлі г. Кызыл.
Да арт. Тыва. Цэнтральная плошча ў Кызыле.

т. 16, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ну

1. межд. ну;

ну, начина́йте! ну, пачына́йце!;

ну, что же да́льше? ну, што ж дале́й?;

ну́-ка! ану́!;

ну же! ну (ану́!);

ну тебя́! разг. ну цябе́!;

ну и пого́дка! ну і надво́р’е!;

ну уж денёк! ну і дзянёк!;

ну и ну! ну і ну!;

(да) ну, неуже́ли? (ды) ну, няўжо́?;

ну не сове́стно ли вам? ну ці ж не со́рамна вам?;

ну хорошо́! ну до́бра!;

ну коне́чно ну вядо́ма;

ну нет ну не;

ну да ну так;

2. част. (в знач.: «что, если») а што, калі́…;

а ну как он прие́дет? а што, калі́ ён прые́дзе?;

ну как кто́-нибудь уви́дит а што, калі́ хто-не́будзь уба́чыць;

3. част. (в знач.: начать, давай) дава́й;

он ну крича́ть ён дава́й крыча́ць;

и ну петь і дава́й спява́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

нужда́ ж.

1. (надобность) патрэ́ба, -бы ж.; (необходимость) неабхо́днасць, -ці ж.;

нужды и запро́сы патрэ́бы і запатрабава́нні;

испы́тывать нужду́ в ко́м-л., в чём-л. мець (адчува́ць) патрэ́бу ў кім-не́будзь, у чым-не́будзь;

без нужды́ без патрэ́бы;

в слу́чае нужды́ калі́ зда́рыцца (калі́ бу́дзе) патрэ́ба, у вы́падку патрэ́бы;

нет нужды́ няма́ патрэ́бы;

по нужде́ па неабхо́днасці;

2. (недостаток) няста́ча, -чы ж.; (бедность) бе́днасць, -ці ж.; (нищета) гале́ча, -чы ж.;

терпе́ть нужду́ цярпе́ць няста́чы;

он вы́рос в нужде́ ён вы́рас у бе́днасці (у гале́чы);

жить без нужды́ жыць бязбе́дна;

быть в нужде́ быць у бе́днасці, цярпе́ць няста́чы;

3. (затруднительное положение) ця́жкае стано́вішча; (беда) бяда́, -ды́ ж.; (несчастье) няшча́сце, -ця ср.; (горе) го́ра, -ра ср.;

помо́чь в нужде́ дапамагчы́ (памагчы́) у бядзе́ (у ця́жкім стано́вішчы);

◊

нужды́ нет не бяда́, не ва́жна, дармо́ што;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)