ЛЯСНЫ́Я ПАЖА́РЫ (Узнікаюць па віне насельніцтва) (да 90%),
у выніку с.-г. і лесагасп. работ, забруджвання лесу, самаўзгарання торфу, ад маланак і інш. Асабліва схільныя да Л.п. хвойныя насаджэнні. Адрозніваюць Л.п. нізавыя (найчасцейшыя), верхавыя, падземныя (тарфяныя); нізавыя і верхавыя бываюць беглыя і ўстойлівыя, тарфяныя — устойлівыя. Прычыняюць вял. страты нар. гаспадарцы; разбураюць або аслабляюць лясныя біяцэнозы, спыняюць аднаўленне лесу, садзейнічаюць забалочванню, глебавай эрозіі, пашырэнню шкодных насякомых, дрэваразбуральных грыбоў; пагаршаюць уласцівасці глебы, склад, ахоўныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя функцыі лясоў. Для прадухілення Л.п. лес ачышчаюць, ствараюць проціпажарныя лясныя палосы і разрывы, праводзяць проціпажарную прапаганду. На Беларусі ў 1990-я г. рэгістравалася ад 0,9 да 8,1 тыс. Л.п. за год на пл. ад 0,3 да 26 тыс.га.
Літ.:
Чулюков В.И., Чайков М.А. Торфяные пожары и меры борьбы с ними., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МААНЗУ́НДСКІ АРХІПЕЛА́Г, Заходне-Эстонскі архіпелаг. У Балтыйскім м., тэр. Эстоніі. Пл. каля 4 тыс.км². Больш за 500 астравоў, найбольшыя з іх Саарэмаа, Хійумаа, Муху, Вормсі. Берагі моцна парэзаныя. Паверхня раўнінная (выш. да 54 м). Астравы складзены пераважна з вапнякоў, якія месцамі ўкрыты ледавіковымі і марскімі адкладамі. Шмат азёр. Клімат умерана цёплы з мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. -4 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў каля 550 мм за год. Большая ч. паверхні астравоў занята лугамі і лясамі; па берагах пясчаныя дзюны з хваёвымі лясамі. Глебы пераважна дзярнова-карбанатныя і забалочаныя. Рыбалоўства, земляробства, жывёлагадоўля. Запаведнікі: Війдумяэ і Вільсандзі. Значныя гарады: Курэсаарэ (в. Саарэмаа) і Кярдла (в. Хійумаа). У раёне М.а. ў перыяд 1-й і 2-й сусв. войнаў адбыліся вядомыя ваен. аперацыі (гл.Маанзундскія аперацыі ў 1-ю сусв. вайну і Маанзундскія аперацыі ў Вял.Айч. вайну).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГАДХА,
гістарычная вобласць і стараж. дзяржава на ПнУ сучаснай Індыі. Вядома прыкладна з 9—8 ст. да н.э. Сталіцы — гарады Раджагрыха і Паталіпутра (з 4 ст. да н.э., сучасная Патна). Паводле будыйскіх крыніц, у 7 ст. да н.э. М. была адной з 16 «вял. дзяржаў» Індыі. У 6—3 ст. да н.э.найб. эканамічна развіты раён Індыі. Значна пашырылася пры царах Бімбісары і Аджаташатру (6—5 ст. да н.э.). Была ядром імперый Нандаў (4 ст. да н.э.), Маур’яў (4—2 ст. да н.э.), Гуптаў дзяржавы (4—6 ст.н.э.). Нашчадкі Гуптаў правілі ў М. да пач. 8 ст. У 8—12 ст. у складзе дзяржаў Палау і Сенау. М. — буйнейшы эканам. і культ. цэнтр Стараж. Індыі, з ёю звязаны важныя этапы ў развіцці будызму і джайнізму. Да 10 ст. назва «М.» выйшла з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВАРО́ЦІ ((Pavarotti) Лучана) (н. 12.10.1935, г. Модэна, Італія),
італьянскі спявак (тэнар). Вучыўся ў А.Полы і Э.Кампагальяні. На опернай сцэне з 1961. Выступае ў буйнейшых т-рах свету, у т. л. ў «Ковент-Гардэн» (Лондан), «Ла Скала» (Мілан), «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк), Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае голасам прыгожага звонкага тэмбру, надзвычай вял. дыяпазону. Яго выкананне адметнае шчырасцю, эмацыянальнасцю. У рэпертуары рознахарактарныя партыі пераважна ў італьян. класічных операх: Рудольф, Каварадосі, Калаф, («Багема», «Тоска», «Турандот» Дж.Пучыні), Радамес, Атэла, Герцаг («Аіда», «Атэла», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Немарына, Тоніо («Любоўны напітак» і «Дачка палка» Г.Даніцэці), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Выступаў у трыо з Х.Карэрасам і П.Дамінга, запісаў з імі шэраг папулярных оперных арый. Аўтар успамінаў «Гісторыя майго жыцця» (1981). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў імя А.Перу (Рэджанель-Эмілія, Італія, 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Міхаіл Пятровіч) (23.11.1800, Масква — 20.12.1875),
расійскі гісторык, публіцыст і пісьменнік. Акад. Пецярбургскай АН (1841). Скончыў Маскоўскі ун-т (1821), у 1826—44 праф. у ім. Выдаваў час. «Московский вестник» (1827—30), «Москвитянин» (1841—56). Даследаваў стараж. і слав. гісторыю з пазіцый нарманскай тэорыі і адначасовага прызнання самабытнасці рас. гісторыі. Прыхільнік афіц. кірунку, прапаведаваў «праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць», з 1860-х г. — панславізм. Высветліў крыніцы «Аповесці мінулых гадоў». Асн. творы: «Даследаванні, заўвагі і лекцыі аб рускай гісторыі» (т. 1—7, 1846—57), «Даследаванне Нестаравага летапісу» (1836), «Пасольская метрыка княства Літоўскага» (1843), «Польскае пытанне» (1867). Прыхільнік бел. гісторыка З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, часткова апублікаваў складзены ім атлас стараж. гарадзішчаў Беларусі. Сабраў вял. б-ку рукапісаў і старадрукаваных кніг, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. У л-ры ліберальна-дваранскі пісьменнік. Аўтар быт. «Аповесцей» (ч. 1—3, 1832), гіст. драмы «Марфа Пасадніца» (1830) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВЕ́СКА,
від стараж. падвесных упрыгожанняў да адзення (часцей жаночага), збруі і інш. Служылі таксама амулетамі. Найчасцей іх насілі разам з каралямі і пацеркамі, на ланцужках, шнурках, прышывалі на адзенне На Беларусі найб.стараж. П. адносяцца да палеаліту (з зубоў жывёл). У бронзавым веку выкарыстоўвалі бурштынавыя П. з вял. адтулінай пасярэдзіне, а таксама медныя акулярападобныя П. У жал. веку пашыраны П. металічныя (бронзавыя і жал.), касцяныя, гліняныя розных геам. форм. У 10—13 ст. з каляровых і каштоўных металаў выраблялі П. ў выглядзе плоскіх сімвалаў нябесных свяціл, жывёл, птушак, бытавых рэчаў, крыжыкаў, званочкаў. П. знаходзяць на паселішчах і ў пахаваннях. Найб. цікавыя П. знойдзены ў Барысаве, Віцебску, гарадзішчы Маскавічы, курганных могільніках каля в. Лудчыцы Быхаўскага р-на і в. Калодзецкая Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́БІЙ (Polybios; каля 200 да н.э., г. Мегалопаліс, Грэцыя — каля 120 да н.э.),
старажытнагрэчаскі гісторык. Сын стратэга Ахейскага саюза Лікорта. Камандаваў конніцай ахейцаў. Пасля перамогі рымлян каля Підны (168 да н.э.) над арміяй македонскага цара Персея адпраўлены ў ліку 1000 знатных ахейцаў заложнікам у Рым, дзе пражыў 16 гадоў. Зблізіўся са Сцыпіёнам Афрыканскім Малодшым, суправаджаў яго ў паходах па Іспаніі і Паўн. Афрыцы. Аўтар «Гісторыі» ў 40 кнігах, якая ахоплівае перыяд 220—146 да н.э. (захаваліся поўнасцю кн. 1—5, астатнія — фрагментарна). Гэта першая спроба выкладу гісторыі Грэцыі, Македоніі, М. Азіі, Сірыі, Егіпта, Карфагена і Рыма ў іх узаемасувязі. Галоўнай задачай гісторыі П. лічыў не апісанне, а тлумачэнне падзей, раскрыццё прычын з’яў. Зрабіў вял. ўклад у развіццё гіст. метаду ў ант. гістарыяграфіі.
Літ.:
Немировский А.И. Рождение Клио: У истоков ист. мысли. Воронеж, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ РАБО́ЧАЯ ДАПАМО́ГА, Міжрабдап,
міжнародная арг-цыя рабочай салідарнасці ў 1921—35. Утворана ў вер. 1921 на Міжнар. канферэнцыі к-таў дапамогі насельніцтву галадаючых раёнаў Сав. Расіі, якая праходзіла ў Берліне. Аказвала вял. дапамогу сав. працоўным харчаваннем, медыкаментамі, машынамі, а з 1922 гал. чынам вытв.-тэхн. дапамогу (у т. л. садзейнічала перасяленню ў СССР груп замежных рабочых). Падтрымлівала класавую і нац.-вызв. барацьбу працоўных капіталіст. краін, дапамагала ахвярам стыхійных бедстваў, удзельнічала ў змаганні з фашызмам. Сярод заснавальнікаў і дзеячаў М.р.д. вядомыя паліт. дзеячы, вучоныя, пісьменнікі: К.Цэткін, А.Эйнштэйн, Р.Ралан, А.Барбюс, Б.Шоу і інш. У М.р.д. ўваходзілі нац. секцыі з індывід. і калект. членствам (у т. л.сав. прафсаюзы ў якасці калект. члена). Дзейнасць арг-цыі каардынаваў ЦК (да 1933 — у Берліне, потым у Парыжы), які выбіраўся на кангрэсах (1921, 1922, 1925, 1927, 1929, 1931). Спыніла існаванне ў 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫЯ ПРЭ́МІІ МІ́РУ,
ганаровыя ўзнагароды Сусветнага Савета Міру (ССМ). Прысуджаліся ў 1949—91 выдатным дзеячам сусв. навукі і культуры за найлепшыя творы л-ры і мастацтва, навук. працы і кінафільмы, якія садзейнічалі ўмацаванню міру паміж народамі, а таксама асобным паліт. дзеячам і грамадска-паліт. арг-цыям розных краін за вял. ўклад у справу ўмацавання міру. Заснаваны на 1-м Парыжска-Пражскім Сусв. кангрэсе прыхільнікаў міру ў крас. 1949. Рэгламент М.п.м. зацверджаны на 2-й сесіі Пастаяннага к-таСусв. кангрэса прыхільнікаў міру (Рым, 28—31 кастр. 1949). ССМ устанавіў (1951) тры формы прэмій: Ганаровыя міжнар. прэміі Міру, Міжнар. прэміі Міру і залатыя медалі Міру (з 1959 — залатыя медалі Міру імя Ф.Жаліо-Кюры). Сярод лаўрэатаў былі Ю.Фучык (1950, пасмяротна), Б.Бартак (1955, пасмяротна), Дз.Дз.Шастаковіч (1953), Б.Палявой (1959, 1968), І.Р.Эрэнбург (1961), Дж.Нэру (1970, пасмяротна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЗІ́ДЫ (Mysidacea),
атрад ракападобных жывёл тыпу членістаногіх. 4 падатр., 765 відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн. гадоў назад). Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 8,7 км; трапляюцца ў прэсных водах, вадаёмах пячор. Марскія віды могуць канцэнтравацца ў вял. колькасці. Жывуць у тоўшчы вады і на дне. На Беларусі (азёры Воласа, Дрысвяты, Браслаўскі р-н) — прэснаводная М. рэліктавая (M. relicta) занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. звычайна да 2,5 см (прэснаводнай да 2,2 см), глыбакаводных — да 37 см. Знешне нагадваюць маленькіх паўпразрыстых крэветак. Галавагрудны шчыток зрослы з 3 груднымі сегментамі. Вочы сцябліністыя, вялікія. Адна пара нагасківіц. Грудныя ногі (8 пар) двухгалінкавыя, брушныя часткова рэдукаваныя, хваставыя добра развітыя, у многіх нясуць орган раўнавагі — статацыст. Кормяцца сестонам, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Яйцы выношваюць у вывадкавай сумцы. Развіццё прамое (без лічынкі). Ядомыя. Корм для рыб.