СКАКУ́Н (Аляксей Сцяпанавіч) (н. 1.3.1946, в. Дастоева Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Канд.эканам.н. (1987). Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Рэспублікі Беларусь (1995). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1993). Скончыў Гродзенскі с.-г.ін-т (1969). З 1973 нам. старшыні, з 1975 старшыня калгаса. З 1979 нач.с.-г. ўпраўлення Іванаўскага р-на, з 1982 старшыня с.-г. калектыўнага прадпрыемства «Астрамечава» Брэсцкага р-на. Навук. працы па праблемах аграпрамысл. эканомікі, агародніцтва, рэнтабельнасці с.-г. прадпрыемстваў, АПК ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі.
Тв.:
Ориентир — новые высоты. Мн., 1986;
Деревенская политэкономия. М., 1990;
Дорога в завтра: Колхоз-комбинат «Память Ильича». Мн., 1992;
Реструктуризация убыточных хозяйств — веление времени // Бел. думка. 1999. №11 /12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКАРЫ́НІЧ»,
літаратурна-навуковае выданне. Выйшлі 4 зборнікі (1-ы — Мн., 1991; 2-і — Мн., 1993; 3-і — М., Мн., Смаленск, 1997; 4-ы — Мн., 1999) на бел. мове, частка тэкстаў — на рускай. Укладальнік А.К.Каўка. Асн. тэма зборнікаў — спадчына Ф.Скарыны і праблемы яе вывучэння, а таксама асэнсаванне творчасці літ. згуртавання 1920-х г. «Узвышша». У зборніках змешчаны невядомыя раней архіўныя дакументы, рукапісныя матэрыялы М.Улашчыка, Я.Лёсіка, А.Смоліча, І.Луцкевіча, А.Бабарэкі, Я.Варонкі, Я.Дылы і інш., рэдкія фотаздымкі, хроніка дзейнасці Маскоўскага т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны.
Літ.:
Хто ёсць Хто сярод беларусаў свету: Энцыкл.давед. Ч. 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах. Мн., 2000. С. 110—111.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дабрачы́нны ’дабрачынны’ (БРС). Укр.доброчи́нний ’тс’. Запазычанне з польск.dobroczynny ’тс’. Таксама запазычаннем з польск. з’яўляюцца бел.дабрачы́ннасць, укр.доброчи́нність (< польск.dobroczynność), бел.дабрачы́нец, укр.доброчи́нець (< польск.dobroczyńca).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Му́жнасць ’рыса характару, у якой спалучаюцца храбрасць, рашучасць, вытрымка’ (ТСБМ), укр.му́жність ’тс’. Ст.-бел.мужность ’тс’. Уласна ст.-бел. (Анічэнка, Праблемы філал., 10). Да муж > му́жны (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тахер, ст.-бел.тахеръ, тахоръ, тахръ ’адзінка ліку 12, тузін’ (Ст.-бел. лексікон). Запазычана праз ст.-польск.tacher з ням.Tacher ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 154; Брукнер, 563).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АЛЯХНО́ВІЧ (Францішак Каролевіч) (псеўд.Ю.Монвід і інш.; 9.3.1883, Вільня — 3.3.1944),
бел. драматург і тэатр. дзеяч, публіцыст, празаік. Скончыў драм. школу пры Муз. т-ве ў Варшаве (1907). З 1908 у Вільні, рэпарцёр газет, выдаваў польскі гумарыстычны тыднёвік «Perkunas» («Пяркунас»). Удзельнічаў у арганізацыі 1-й бел. вечарынкі ў Вільні, паставіў з драм. гуртком «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, дзе выступаў і як акцёр. За арт. у «Пяркунасе» трапіў пад суд, хаваўся ў Кракаве, у Галіцыі, дзе быў акцёрам польск. правінц. труп. Пасля амністыі 1913 вярнуўся ў Вільню, але быў зняволены ў Лукішскую турму. У 1916 арганізаваў у Вільні тэатр. гурток, з якім паставіў напісаную ў турме ў 1914—15 сваю першую п’есу «На Антокалі» і інш. У 1917 настаўнік у дзіцячым прытулку, супрацоўнік бел.газ. «Гоман». З чэрв. 1918 у Мінску, акцёр і рэжысёр Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, Беларускага савецкага тэатра. З сак. 1919 у Вільні, выдаваў час.«Беларускае жыццё», спрабаваў арганізаваць тэатр. З восені 1919 дырэктар і рэжысёр Бел.нар.т-ра ў Мінску, дзе ставіў свае п’есы. З ліп. 1920 у Вільні, у 1921—23 рэдагаваў газ.«Беларускі звон». У ліст. 1926 прыехаў у Мінск на акад. канферэнцыю і адкрыццё БДТ-2 у Віцебск. У 1927 арыштаваны органамі АДПУ і прыгавораны да 10 гадоў высылкі на Салаўкі. У выніку абмену на вязня польскай турмы Б.Тарашкевіча ў вер. 1933 вярнуўся ў Вільню, супрацоўнічаў у газ. «Słowo» («Слова»). У 1940—41 на нелегальным становішчы. У 1942—44 у Вільні, рэдагаваў газ. «Беларускі голас». Забіты ў сваёй кватэры. Вядомы 18 п’ес Аляхновіча: «На вёсцы», «Бутрым Няміра» (абедзве нап. 1916), «Манька» (нап. 1917, 2-я рэд. «Дрыгва», 1925), «Базылішк» (нап. 1917), «Чорт і баба», «Страхі жыцця» (абедзве нап. 1918), «Дзядзька Якуб», «Цені» (нап. 1919), «Птушка шчасця», «Няскончаная драма» (абедзве нап. 1920), «Заручыны Паўлінкі» (1921), «Шчаслівы муж», «Пан міністр» (нап. 1922), «Круці не круці — трэба памярці» (1943) і інш. Яны адметныя сцэнічнасцю, фалькл. паэтыкай, напружанасцю і дынамізмам дзеяння, займальнай інтрыгаю, разнастайнасцю характараў, меладраматызмам. Гэта яркае тэатр. відовішча з музыкай, танцамі, песнямі. Некаторыя створаны па літ. творах («Бутрым Няміра» паводле легенды В.Ластоўскага «Каменная труна», «Лес шуміць» паводле аднайм. палескай легенды У.Караленкі, «Птушка шчасця» паводле камедыі К.Марашэўскага, «Заручыны Паўлінкі» створаны як заканчэнне купалаўскай «Паўлінкі»). Яго п’есы жанрава разнастайныя: сац. і бытавая драма, сатыр. і быт. камедыя, меладрама, фарс. У многіх адлюстравана мяшчанскае асяроддзе і яго трагедыя. У драме «Цені» — творы бел. дэкадансу — філас. канцэпцыя пра бездапаможнасць чалавека перад лёсам. Цэнтр. месца ў творчасці Аляхновіча займае «Няскончаная драма» (у многім аўтабіяграфічная, падзеі адбываюцца ў Вільні ў час акупацыі герм. войскам). У ёй аўтар супрацьпастаўляе два погляды на бел. ідэю, бел. адраджэнскі рух. У камедыі «Пан міністр» стварыў вобразы псеўдабеларускага дзеяча, кар’ерыста Філімона Пупкіна і настаўніка-адраджэнца Міколы Светляка. П’еса «Круці не круці — трэба памярці» — сцэнічны гратэск з вобразам смерці, алегорыяй тэрору ў часы сталінізму. Пісаў таксама аповесці, апавяданні, абразкі, вершы. У дакумент. аповесці-ўспамінах «У капцюрох ГПУ» (1937, пер. на 7 моў) упершыню ў бел. л-ры паказаў антычалавечую сутнасць сав. канцлагернай сістэмы. Аповесць «Страшны год» (1944) узнаўляе перажытае аўтарам у 1940—41. Кн. «Беларускі тэатр» (1924) пра гісторыю нац. сцэнічнага мастацтва ад старажытнасці да пач. 20 ст. П’есы Аляхновіча шырока ставіліся ў Зах. Беларусі, трупай У.Галубка. З 1994 зноў з’явіліся на бел. сцэне.
Тв.:
Калісь. Вільня, 1919;
Страхі жыцця. Вільня, 1919;
Цені. Мн., 1920;
Птушка шчасця. Вільня, 1922;
Шчаслівы муж. Вільня, 1922;
У лясным гушчары. Рыга, 1932;
Няскончаная драма // Полымя. 1992. № 5;
Пан міністар // Беларуская драматургія. Мн., 1994. Вып. 1;
У капцюрох ГПУ. Мн., 1994;
Круці не круці — трэба памярці // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Пг., 1922. Т. 3, вып. 3. С. 366—371;
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 358—364;
Крывіцкі Л. Францішак Аляхновіч // Ніва. 1990. № 2—3;
Сабалеўскі А. Адметны след // Спадчына. 1990. № 3;
Яго ж. На адраджэнцкай хвалі // Полымя. 1992. № 5;
Бяляцкі А.«Як я памру...» // Маладосць. 1990. № 10;
Глыбінны У. Тэатр у гады нямецкай акупацыі // Тэатр. Беларусь. 1994. № 4;
Ковель У.А. Наватарскія тэндэнцыі ў беларускай драматургіі пачатку XX ст. (на прыкладзе п’есы Ф.Аляхновіча «Страхі жыцця») // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1994. № 4;
Яго ж. Жыцця няскончаная драма // Тэатр. Беларусь. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1921,
дагавор паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога пра спыненне польска-сав. вайны 1919—20 (гл. ў арт.Савецка-польская вайна 1920) і нармалізацыю адносін; падпісаны 18.3.1921 у Рызе. У ходзе польска-сав. вайны, развязанай Польшчай пры ваен.-матэрыяльнай і дыпламат. падтрымцы краін Антанты, што па часе супала з грамадз. вайной у Расіі, урады БССР, Літ.-Бел. ССР і РСФСР неаднойчы заклікалі польскі ўрад «вырашыць палюбоўна і міралюбіва ўсе спрэчныя і тэр. пытанні». Але Польшча не адказвала, бо не прызнавала БССР як суб’ект міжнар. права, імкнулася захапіць бел., укр. і літ. землі, аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772. Дзяржавы Антанты прапаноўвалі вызначыць усх. мяжу Польшчы паводле «Керзана лініі». Толькі пасля контрнаступлення сав. войск (ліп. 1920), а потым іх паражэння ў Варшаўскай аперацыі 1920 польскі бок пагадзіўся на перагаворы (пачаліся 17.8.1920 у Мінску, з 21.9.1920 працягваліся ў Рызе). Яны праходзілі без удзелу прадстаўнікоў БССР і БНР, бо ў гэтым не былі зацікаўлены як Польшча і Антанта, так і РСФСР. Дзеля заключэння міру сав. ўрад быў гатовы пайсці на значныя тэр. ўступкі, у т. л. за кошт бел. зямель. А.Р.Чарвякоў — кіраўнік (да пач.кастр. 1920) дэлегацыі БССР (знаходзілася ў Рызе з 18.9.1920) ставіў перад кіраўніком рас. дэлегацыі А.А.Іофе пытанне пра допуск сваёй дэлегацыі на перагаворы, але Іофе адмовіў. ВРКБССР даручыў прадстаўляць інтарэсы рэспублікі на перагаворах рас. боку, што потым пацвердзіў Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (снеж. 1920). 25.9.1920 Польшча прызнала паўнамоцтвы дэлегацыі УССР. 12.10.1920 падпісаны дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру. Канчатковы дагавор ад 18.3.1921 (ад імя БССР яго падпісалі Іофе і інш. прадстаўнікі РСФСР) складаўся з 26 артыкулаў і 10 дадаткаў. Бакі пацвердзілі незалежнасць БССР. Да Польшчы адыходзілі Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна, усх. мяжа Польшчы (дзяржавы Антанты афіцыйна прызналі яе ў 1923) устанаўлівалася на У ад «лініі Керзана» (гл. карту). Бакі абавязаліся паважаць дзярж. суверэнітэт адзін аднаго, не дапускаць на сваіх тэрыторыях утварэння і знаходжання арг-цый і груп, дзейнасць якіх магла быць скіравана супраць аднаго з бакоў, адмаўляліся ад умяшання ва ўнутр. справы і варожай прапаганды; Польшча абавязалася забяспечыць беларусам, украінцам і рускім свабоду веравызнання і развіцця іх культуры і мовы, тое ж атрымлівалі палякі на тэр.БССР, УССР і РСФСР (на практыцы многае з гэтага парушалася). Бакі ўзаемна адмаўляліся ад патрабаванняў вярнуць выдаткі і страты, прычыненыя ў час вайны, прадастаўлялі грамадзянам поўную амністыю за паліт. злачынствы. РСФСР і УССР пагадзіліся вярнуць Польшчы ваен. трафеі, вывезеныя з гэтай краіны са студз. 1772, а таксама архівы, б-кі і інш.культ. каштоўнасці, вывезеныя з Польшчы ў Расію ў час 1-й сусв. вайны. Польшча вызвалялася ад адказнасці за даўгі і інш.фін. абавязацельствы былой Рас. імперыі, Расіі належала выплаціць Польшчы 30 млн.руб. золатам за ўклад апошняй у рас. эканоміку. Неадкладна пасля падпісання дагавора ўстанаўліваліся дыпламат. адносіны паміж бакамі. Дадаткі да Р.м.д. рэгулявалі эканам. і юрыд. пытанні. Дагавор ратыфікаваны Прэзідыумам ВЦВК 14.4.1921, Польшчай — 16.4.1921, УВК УССР — 17.4.1921; абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Мінску 30.4.1921.
Супраць падрыхтоўкі і падпісання Р.м.д. пратэставалі Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), кіраўніцтва БНР (В.Ластоўскі і інш.), прадстаўнікі нац. інтэлігенцыі БССР. У прынятым 25.3.1921 урадам БНР звароце «Усяму культурнаму свету» заяўлялася пра непрызнанне дагавора бел. народам. Адозва ЦК БПС-Р «Да лепшых сыноў польскай нацыі» заклікала прагрэс.дэмакр. сілы Польшчы да выступлення супраць несправядлівага ў адносінах да Беларусі Рыжскага міру. Напярэдадні падпісання дагавора ЦККП(б)Б санкцыянаваў арышт у БССР 860 бел. эсэраў і больш як 60 дзеячаў БСДП і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў, што сарвала акцыі бел. эсэраў супраць падзелу Беларусі. Дагавор асудзілі Першая Усебеларуская канферэнцыя (1921, Прага), Другая Усебеларуская канферэнцыя (1925, Берлін), а таксама праз друк бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, У.Дубоўка, А.Дудар. Р.м.д. дзейнічаў да пач. 2-й сусв. вайны і далучэння Зах. Беларусі і Зах. Украіны да СССР (адпаведна ў складзе БССР і УССР; 1939).
Літ.:
Пічэта У. Польска-савецкія адносіны і Рыжскі мір // Полымя. 1928. № 4;
Ольшанский П.Н. Рижский договор и развитие советско-польских отношений, 1921—1924. М., 1974;
Дуж-Душэўскі К. Беларусь і Рыжскі мір // Спадчына. 1995. № 6;
Dąbski J. Pokój ryski. Warszawa, 1931;
Kumaniecki J. Pokój polsko-radziecki, 1921. Warszawa, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛА́РУСКАЕ ВЫДАВЕ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВАў Вільні.
Існавала ў 1913—15 і 1919—30. Выдавала і распаўсюджвала творы бел. л-ры. Засн. 1(14).7.1913 Б.Даніловічам, І.Луцкевічам, К.Шпакоўскім і інш. на базе выдавецтва «Нашай нівы». Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Гал. мэта дзейнасці — духоўнае адраджэнне бел. народа. У 1913—14 сакратаром выд-ва працаваў Я.Купала. На 21-м этапе існавання (1913—15; спыніла дзейнасць з прычыны 1-й сусв. вайны) выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 15 тыс.экз. Сярод іх творы Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К.Буйло, Я.Лёсіка і інш. Аднавіла выдавецкую справу ў 1919 (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»), Выпускала навук.-папулярную, навуч. і маст. л-ру. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. актывізаваў працу выд-ва. У яго кіраўніцтва ўваходзілі вядомыя культ.-грамадскія дзеячы Зах. Беларусі. Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Коласа, п’есы К.Каганца, У.Галубка, М.Гарэцкага, А.Гаротнага, зб. вершаў Х.Ільяшэвіча, зборнікаў зах.-бел. паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І.Дварчаніна, успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М.Доўнар-Запольскага і інш. Спыніла дзейнасць на пач. 1930-х г. пасля рэпрэсій польскіх улад супраць нац.-адраджэнскага руху і аслаблення яго пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ САМАПО́МАЧ (БНС),
грамадская нац.арг-цыя на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Створана 22.10.1941 паводле загаду ген. камісара Беларусі В.Кубэ. БНС узначальвалі І.Ермачэнка, Ю.Сабалеўскі. Кіруючы орган — Цэнтр. рада (Цэнтраль, складалася з 13 аддзелаў-рэфератаў), якой падпарадкоўваліся акруговыя, раённыя і валасныя аддзелы. Паводле статута, БНС ставіла сабе за мэту «памагаць пацярпелым беларусам ад ваенных дзеянняў, бальшавіцкага і польскага праследавання, памагаць адбудаваць зруйнаваны чужынцамі беларускі край, пашыраць і развіваць беларускую культуру». Займалася зборам грашовых і матэрыяльных каштоўнасцяў, прадуктаў харчавання, абутку і зімовай вопраткі, аказвала матэрыяльную дапамогу пацярпелым ад вайны. Кіраўнікі БНС імкнуліся надаць арг-цыі і паліт. функцыі, змяніць зацверджаны акупац. ўладамі статут. У сак. 1943 на з’ездзе Цэнтр. рады і акр. кіраўнікоў БНС прыняты мемарандум, які патрабаваў у ням. улад поўнай аўтаноміі Беларусі, стварэння бел. ўрада і бел. арміі. Падкрэслівалася, што «ўрад абвесціць аддзяленне Беларусі ад СССР і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народа». Аднак гэта не спадабалася ням. адміністрацыі. У чэрв. 1943 БНС рэарганізавана ў Бел. самапомач, дзейнасць якой была абмежавана зборам ахвяраванняў, матэрыяльнай дапамогай, вярбоўкай новых членаў. У 1942 пры садзеянні БНС ствараўся Беларускі корпус самааховы. 1.3.1944 перададзена ў падпарадкаванне Беларускай цэнтральнай рады.
аддзел Нар. камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Існаваў з лют. 1918 да сак. 1919. Распачаў дзейнасць у Петраградзе паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 13.2.1918. З сак. 1918 знаходзіўся ў Маскве. Меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Складаўся з агітацыйна-паліт., культ.-асв., бежанскага, выдавецкага аддзелаў. Працаваў сумесна з беларускімі секцыямі РКП(б). Камісар А.Р.Чарвякоў (да мая 1918). Вёў паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў на тэр.Сав. Расіі, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў час 1-й сусв. вайны, адкрываў бел. школы, клубы, выдаваў л-ру на бел. і рус. мовах. Заснаваў у Маскве Беларускі народны універсітэт, удзельнічаў у стварэнні Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве і Беларускага вольна-эканамічнага таварыства ў Петраградзе. Друкаваны орган — газ.«Дзянніца». Прымаў удзел у падрыхтоўцы абвяшчэння БССР, у стварэнні Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Літ.:
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Калубовіч А. «Айцы» БССР і іхны лёс // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;
Вільня. Мн., 1993;
Скалабан В.В. Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии: (Сб. науч. тр.). Мн., 1986.