ПАРАЛЕЎКО́БРЫУМ (Paraleucobryum),

род брыевых імхоў сям. дыкранавых. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. даўгалісты (P. longifolium), занесены ў Чырв. кнігу. Расце на валунах, радзей на пнях у лясах.

Двухдомныя лістасцябловыя расліны, утвараюць буйныя, белавата-зеленаватыя, шчыльныя, мяккія дзярнінкі. Сцябло прамастойнае або ўзыходнае, даўж. 2—8 см. Лісце серпападобнае, павернутае ў адзін бок, верхавінкавае сабрана ў чубок. Каробачка прамастойная, жоўта-зялёная або бураватая, на жаўтаватай ножцы. Вечка з дзюбкай. Каўпачок клабукападобны.

Г.​Ф.​Рыкоўскі.

Паралеўкобрыум даўгалісты.

т. 12, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЭТЭРЫФІКА́ЦЫЯ,

хімічная рэакцыя, што прыводзіць да замены аднаго спіртавога ці кіслотнага астатку ў малекуле складанага эфіру на другі; адзін са спосабаў атрымання складаных эфіраў. Адбываецца пры ўзаемадзеянні эфіру са спіртам (алкалоліз), карбонавай к-той (ацыдоліз) ці інш. складаным эфірам (падвойны абмен) у прысутнасці каталізатара (алкагаляты, шчолачы, саляная к-та і інш.). Выкарыстоўваюць у прам-сці для атрымання полікарбанатаў, тэрэфталатаў, метылавага і бутылавага эфіраў вышэйшых тлустых кіслот, а таксама для сінтэзу складаных эфіраў, якія нельга атрымаць этэрыфікацыяй (напр., вінілавыя эфіры вышэйшых кіслот).

т. 12, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКІРО́ЎКА (ад франц. piquet кол, калок),

перасадка маладых агароднінных, пладовых, дэкаратыўных і некат. тэхн. раслін.

Пікіруюць пераважна раннюю капусту, перац, памідоры. П. забяспечвае раўнамернае размеркаванне расады, павялічвае плошчу жыўлення раслін, эканоміць насенне, парніковую плошчу. У пладаводстве П. — адзін са шляхоў атрымання раслін з кампактнай разгалінаванай каранёвай сістэмай. Сеянцы вырошчваюць густым пасевам у скрынках або ў парніковым грунце, потым перасаджваюць з дапамогай калка (пікі) у торфаперагнойныя гаршчочкі. Пры П. карані ўкарочваюць, расліны паліваюць, трымаюць 2—3 сут пры аслабленым асвятленні і высокай вільгаці.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАВІНАГРА́ДНАЯ КІСЛАТА́, α-кетапрапіёнавая кіслата,

найважнейшая з кетакіслот, CH3COCOOH. Ёсць у клетках усіх жывых арганізмаў, з’яўляецца найважнейшым прамежкавым прадуктам у абмене рэчываў (гл. Трыкарбонавых кіслот цыкл). У біяхім. л-ры П.к. наз. піруватам, а яе солі — піруватамі.

Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, tпл 13,6 °C, кіпіць з раскладаннем (tкіп 165 °C), шчыльн. 1270 кг/м³. Адзін са спосабаў атрымання — перагонка віннай к-ты ў прысутнасці гідрасульфату калію. Выкарыстоўваюць у вытв-сці лек. прэпаратаў (напр., цынхафену, ці атафану, для лячэння падагры).

т. 12, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́НСКЕНЕ ((Prunskiene) Казімера Данута) (н. ў лют. 1943 в. Васюлішкю Уценскага пав., Літва),

літоўскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1987). Скончыла Вільнюскі ун-т. З 1965 на выкладчыцкай і навук. працы. З 1989 нам. старшыні ўрада, у маі 1990 — студз. 1991 прэм’ер-міністр Літвы. Ініцыятар стварэння і адзін з лідэраў левацэнтрысцкага руху — Форуму будучага Літвы, апазіц. радыкальнаму паліт. курсу В.Ландсбергіса.

Тв.:

Управление агропромышленным комплексом Литовской ССР. Вильнюс, 1986;

Продовольственное хозяйство: методология структурно-организационного совершенствования. М., 1989.

т. 13, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЯ́М,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі апошні цар Троі, бацька Гектара, Парыса, Касандры і многіх інш. сыноў і дачок. Амаль усе яго сыны загінулі ў Траянскай вайне. Адзін з самых хвалюючых эпізодаў паэмы «Іліяда» — знаходжанне састарэлага П. ў грэч. лагеры, дзе ён упрошвае Ахіла выдаць яму за вял. выкуп цела забітага Гектара. У ноч узяцця Троі грэкамі П. спрабаваў узброіцца і ўступіць у бой. Жонка Гекуба пераканала яго шукаць выратавання каля хатняга алтара Зеўса, дзе П. загінуў ад мяча Неапталема — сына Ахіла.

т. 13, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЙТ з Дэрбі

(Wright of Derby) Джозеф (3.9.1734, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 29.8.1797),

англійскі жывапісец. Вучыўся ў Лондане (1751—53, 1756—57). Працаваў у Дэрбі, Баце. Зазнаў уплыў караваджызму. У творчасці выявіў тэндэнцыі перадрамантызму. Адзін з першых звярнуўся да прамысл. тэматыкі, адлюстроўваў сцэны працы, навук. доследаў і інш. з выкарыстаннем эфектаў начнога асвятлення: «Лекцыя пра Сонечную сістэму» (каля 1763—65), «Дослед з паветранай помпай» (1768), «Кузня» (1771), «ілюмінацыя замка св. Анёла», «Вывяржэнне Везувія» (абедзве 1774—75) і інш.

Дж.Райт. Кузня. 1771.

т. 13, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНКО́НІ ((Ronconi) Джорджа) (6.8.1810, г. Мілан, Італія — 8.1.1890),

італьянскі спявак (барытон), адзін з буйнейшых спевакоў 19 ст. Спяваць вучыўся ў бацькі Д.​Ранконі. На опернай сцэне дэбютаваў у 1830. Выступаў у Італіі і інш. краінах, у т. л. ў Расіі (1851—55, 1858—59). Яго выкананне вылучалася віртуозным вак. майстэрствам, выразнай фразіроўкай, тэмпераментам. Сярод партый: Рыгалета, Навухаданосар (у аднайм. операх Дж.​Вердзі), лорд Генрых Эштан («Лючыя ды Ламермур») і Дулькамара («Любоўны напітак», абедзве Г.​Даніцэці), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні).

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЭ́ДЗЬКА»,

дзіцячая гульня, шырока вядомая ўсх. славянам. Варыянты вылучаюцца сюжэтнай і тэатралізаванай разнастайнасцю, персанажамі і тэкстамі (паэтычнымі, дыялагічнымі). У цэнтры гульні — дзеці «Р.», якія сядзяць у радзе, трымаючы рукамі і каленямі адзін аднаго. Інш. персанажы («дзед», «баба», «матка», «пані» і інш.) удзельнічаюць у пасадцы, доглядзе і вырыванні «Р.» (па чарзе «выцягваюць» дзяцей, якія моцна трымаюцца). Звычайна «Р» патрэбна «пані», якая «ўпала з печы, пабіла плечы». Апісанні гульні ў зб-ках П.​В.​Шэйна, Е.​Р.​Раманава і інш.

А.​Ю.​Лозка.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНІ́ЧКІН (Фёдар Міхайлавіч) (27.12.1901, с. Гаўрылаўка Аляксееўскага р-на Самарскай вобл., Расія — 17.7.1962),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Баранавіцкай вобл., Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ленінградскую пях. школу (1928), курсы ўдасканалення каманднага саставу (1935). У Чырв. Арміі з 1919. У Вял. Айч. вайну ў тыле праціўніка ў жн. 1941 арганізаваў партыз. групу ў Налібоцкай пушчы, з снеж. 1942 камандзір партыз. брыгады Ленінскай, у чэрв.—кастр. 1943 — партыз. брыгады імя С.​М.​Кірава. З 1945 на сав. рабоце.

т. 14, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)