асацыя́цыя
(с.-лац. associatio = злучэнне)
1) аб’яднанне асоб, арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў аднаго роду дзейнасці (напр. а. медыцынскіх работнікаў);
2) група, спалучэнне, злучэнне чаго-н. (напр. а. малекул, зорная а.);
3) сувязь ідэй, уяўленняў, пры якой адно выклікае ў свядомасці другое дзякуючы іх падабенству, сумежнасці або процілегласці (проціл. дысацыяцыя 2).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
акадэ́мія
(лац. academia, ад гр. Akademeia = назва філасофскай школы, заснаванай у IV ст. да н. э. Платонам паблізу Афін)
1) вышэйшая навуковая або мастацкая ўстанова (напр. Нацыянальная а. навук Беларусі);
2) назва некаторых вышэйшых навучальных устаноў (напр. Ваенна-медыцынская а.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
акадэ́мія
(лац. academia, ад гр. Akademeia)
1) філасофская школа, заснаваная Платонам у 4 ст. да н.э. у свяшчэнных садах міфічнага героя Акадэма паблізу Афін;
2) вышэйшая навуковая або мастацкая ўстанова (напр. Нацыянальная а. навук Беларусі);
3) назва некаторых вышэйшых навучальных устаноў па спецыяльных галінах навукі (напр. ваенная а., сельскагаспадарчая а.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БАРСЕЛО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых навуч. устаноў Еўропы. Засн. ў 1450 у г. Барселона (аўт. вобласць Каталонія, Іспанія). У 1873 ун-т атрымаў статус дзярж. установы, з 1985 незалежная ВНУ. Выкладанне на каталонскай і ісп. мовах. У складзе ун-та дэпартаменты, ф-ты, ін-ты, цэнтры, школы, 17 б-к, абсерваторыя, музеі. Найб. значнымі падраздзяленнямі з’яўляюцца дэпартаменты: гуманітарных і сацыяльных навук (ф-ты: філас., геагр., гіст., філал., мастацтваў); права, эканомікі і сац. навук (ф-ты: права, эканомікі і кіравання бізнесам, у т. л. статыстыка і сацыялогія); эксперыментальных навук і матэматыкі (ф-ты: біял., хіміі, фізікі, матэматыкі, геал.); навук аб здароўі (ф-ты: мед., фармакалагічны, стаматалагічны, псіхалогіі), цэнтр сястрынскай справы і інш.; адукацыйных навук (ф-т адукац. навук, цэнтр адукацыі). Ін-ты: адукац. навук, па вывучэнні працы, сучасных моў, Іспаніі, краін Усходу і інш.
В.М.Навумчык.
т. 2, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ ГО́МЕЛЬСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала ў 1921—27. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве. Задачы: арганізацыя і забеспячэнне вучэбнай л-рай школ і культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва Гомельскай губ., падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў. У студз. 1922 секцыя была скасавана губ. ўладамі, у 1923 адноўлена Наркаматам асветы РСФСР. З лета 1923 пад кіраўніцтвам секцыі працавала 6 бел. школ, з вясны 1926 ёй падначалена 96 бел. школ розных ступеняў, 75 пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці, 5 хат-чытальняў. Супрацоўнікі секцыі арганізавалі бел. хары і драм. трупы ў Гомелі і Магілёве. У маі 1926 секцыя правяла губ. канферэнцыю настаўнікаў-беларусаў, на якой абмеркаваны пытанні развіцця школьнай сеткі і пашырэння беларусізацыі на Гомельшчыне. Супрацоўнічала з Гомельскай філіяй літ. аб’яднання «Маладняк». Спыніла дзейнасць у сувязі з далучэннем Гомельскай губ. да БССР.
т. 2, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВЫ КАБІНЕ́Т у Празе.
Існаваў з ліст. 1927 да 1930 у г. Прага (Чэхаславакія). Размяшчаўся ў будынку Украінскага ін-та грамадазнаўства. Кіраўнік-сакратар Т.Грыб. Меў на мэце: збіранне і сістэматызацыю матэрыялаў па гісторыі, л-ры, мастацтве, геаграфіі, эканоміцы Беларусі, бел. вызв.-адраджэнскім руху; вывучэнне Беларусі як геагр., культ., гіст., сац.-эканам. і лінгвістычнай адзінкі ў сістэме ўзаемаадносін народаў Усх. Еўропы; даследаванне тэндэнцый і перспектыў развіцця бел. народа і яго самаст. існавання ў дзярж. і нац.-культ. сэнсе; азнаямленне навук. колаў інш. народаў з бел. праблематыкай. Пры кабінеце існаваў музей-архіў. У сак. 1928 выдаў адозву да ўсіх бел. устаноў на эміграцыі з запрашэннем да супрацоўніцтва. Пасля спынення дзейнасці навук. і архіўныя матэрыялы кабінета перададзены ў фонд бел. аддзела Славянскай б-кі і Бел. загранічнага архіва ў Празе.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІІ МУЗЫ́ЧНЫЯ,
1) навукова-маст. аб’яднанні філосафаў, паэтаў, музыкантаў, аматараў мастацтва ў Італіі і інш. еўрап. краінах у 2-й пал. 15—17 ст. Існавалі як навукова-муз. т-вы, у дзейнасці якіх вял. значэнне надавалася музіцыраванню (акадэмія дэль Аркадыя ў Рыме), і муз. т-вы, якія аб’ядноўвалі прафес. музыкантаў і аматараў (займаліся навук. дзейнасцю, наладжвалі канцэрты, оперныя спектаклі, арганізоўвалі навуч. ўстановы, напр. Балонская філарманічная акадэмія).
2) Публічныя канцэртныя мерапрыемствы (арганізоўваліся муз. т-вамі) і аўтарскія канцэрты кампазітараў у 18 — 1-й трэці 19 ст. 3) Вышэйшыя муз. навуч. ўстановы (Каралеўская акадэмія музыкі ў Лондане, Расійская акадэмія музыкі ў Маскве, Беларуская акадэмія музыкі), некат. оперныя т-ры (Нацыянальная акадэмія музыкі і танца ў Парыжы — Парыжская опера), а таксама навук., канцэртныя і інш. аб’яднанні муз. устаноў у 20 ст. («Санта-Чэчылія» акадэмія ў Рыме).
В.А.Антаневіч.
т. 1, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІКАЛЯТЧА́НСКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.
Існаваў з пач. 20 ст. да 1924 у маёнтку Вял. Лётцы, за 15 км ад Віцебска. Створаны У.У.Адамавым з дапамогай Бат. ін-та Пецярбургскага ун-та, бат. саду Расійскай АН, садовых устаноў Варшавы, Парыжа, Жэнеўскага альпійскага саду і інш. Да 1910 у Вялікалятчанскім батанічным садзе меліся 344 віды дрэвавых (з іх 23 хвойных, 13 ліян), 664 травяністых і паўкустовых раслін, 13 відаў папарацей, у 1924 — каля 400 відаў рэдкіх дрэвавых парод (раслін-альбіносаў, стракаталістых формаў — клён вастралісты, бяроза нізкая і інш.), шмат раслін з сям. араліевых (аралія маньчжурская, акантапанакс сядзячакветны і інш.), калекцыя шматгадовых травяністых раслін (у т. л. альбіносаў), цяпліца з 300 відамі экзотаў, гербарый, «жывы зельнік» (больш за 2 тыс. відаў лек., тэхн. і інш. раслін), бат. музей. Пасля 1924 частку калекцый (да 200 відаў) перанеслі ў Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта.
т. 4, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАПІ́СКІ АДДЗЕ́ЛА ГУМАНІТА́РНЫХ НАВУ́К»,
серыйнае навуковае выданне. Выдавалася ў 1927—30 у Мінску на бел. мове Інбелкультам і БелАН. У серыю ўваходзілі «Працы...» камісій, кафедраў, ін-таў Інбелкульта (кн. 1—6) і БелАН (кн. 7—13). Змяшчаліся матэрыялы па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, мастацтвазнаўстве, філалогіі і правазнаўстве, справаздачы аб экспедыцыях, дзейнасці навук. устаноў, рэцэнзіі і бібліягр. агляды. Пераважная ўвага аддавалася публікацыям даследаванняў і крыніц па гісторыі і культуры Беларусі (асабліва перыяду феадалізму), бел. мове (працы А.Бурдзейкі, Я.Гембіцкага, Дз.І.Даўгялы, М.В.Доўнар-Запольскага, В.Д.Дружчыца, С.А.Дубінскага, Т.Забелы, У.Ігнатоўскага, А.Дз.Кавалені, К.Кернажыцкага, У.Краснянскага, М.Любаўскага, А.М.Ляўданскага, В.Мачульскага, К.М.Палікарповіча, У.Пічэты, Ц.Сцяпанава, С.С.Шутава, М.М.Шчакаціхіна, А.Ясінскага). Выданне ілюстравалася малюнкамі, фатаграфіямі, картамі, схемамі, планамі; змяшчала геагр. паказальнікі.
А.Л.Кіштымаў.
т. 6, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́ТЫ ЧЫРВО́НАЙ ПРАФЕСУ́РЫ (ІЧП),
спецыялізаваныя навук навуч. ўстановы ў СССР, якія рыхтавалі выкладчыкаў грамадскіх навук для ВНУ, а таксама работнікаў для н.-д. устаноў, парт. і дзярж. органаў з 1921 да канца 1930-х г. Першы ІЧП створаны паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 11.2.1921 у Маскве. Падпарадкоўваўся Нар. камісарыяту асветы. Рэктар (1921—32) — М.М.Пакроўскі. У ін-т прымалі толькі членаў РКП(б). У 1930 у выніку рэарганізацыі падзелены на 4 самаст. ін-ты: філасофіі і прыродазнаўства, эканам., гісторыі, гісторыка-партыйны. У 1931 адкрыты шэраг новых ІЧП: аграрны, літ., тэхнікі і прыродазнаўства і інш. У розныя гады ў ІЧП выкладалі вучоныя і дзярж. дзеячы: А.С.Бубнаў, В.П.Волгін, А.М.Дзяборын, А.В.Луначарскі, Е.М.Яраслаўскі і інш. Закрыты да канца 1930-х г. У 1946 на ўзор ІЧП створана Акадэмія грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б).
М.С.Даўгяла.
т. 7, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)