за́раснік Густы лес; густое драбналессе; малады параснік, кусты, нетры (БРС). Тое ж за́расень (Рэч.), за́расель (Лёзн., Слаўг.), за́расль (Лёзн.), за́раслі (Навагр.), зарасня́к (Вор.), за́расцень (Крыч.), за́расць, (Жытк., Слаўг.), за́расля (Усх. Палессе Талст.), зарослае (Лельч.), шалы́знік (Слаўг.), мышнік (Коўна 1566—1567 Ант.).

□ в. За́раслі Круп., х. Зараслі Мядз. (Лемц. Айк.), ур. Крышанова зарасць (поле) каля в. Шаламы Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

нара́ Паглыбленне пад зямлёй з выхадам на паверхню, выкапанае барсуком. бабром, лісой, пацуком, якое служыць ім жыллём (БРС). Тое ж нор (Лёзн.), нура́ (Стаўбц.).

2. Гнілое незамярзаючае балота (Палессе Серб. 1915, 6). Тое ж норы (Стол.).

□ ур. Лісі́ныя Норы (лес) каля в. Малева Нясв., ур. Лісі́ныя Норы (лес) каля в. Шаламы Слаўг., ур. Бабровы Норы каля в. Віравая Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ні́ва

1. Апрацаванае, добра ўгноенае і засеянае поле (БРС).

2. Поле на месцы ўзаранай сенажаці (Тур.); невялікае поле ў лесе (Палессе Лемц. Айк.).

3. Зжатае поле (Слаўг.).

4. Суцэльны ўчастак зямлі аднаго гаспадара (Гродз., Навагр., Мін.).

5. У актах. Валока, якая складаецца з 24 хелмінскіх маргоў (Гарб.).

□ в. Новая Ніва Чэрв., ур. Ніва каля в. Віравая Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

бало́нне

1. Тое, што і абалонне 1; заліўныя прырэчныя сенажаці (Бых., Ветк., Віц. Нік. 1895, Цэнтр. і Усх. Палессе Талст.). Тое ж балонь (Рэч., Слаўг., Цэнтр. і Усх. Палессе Талст.), балонье (Жытк., Стол.).

2. Луг, выган (АЗР, 1, 145, Гом., Грыг. 1850, Жытк., Маг. губ. вед., № 44, 1854, 792).

3. Балота каля ракі, нізіна (р. Пціч Серб. 1915, Рэч., Чашн. Касп.).

4. Паляна, роўнае сярод лесу месца (Нас. АУ).

5. Нізкае месца, якое заліта вадой (Смален. Дабр.).

6. Азярына, старык на лузе (Ветк.).

7. Невялікае поле, якое не заліваецца вадой; выган для пасьбы жывёлы (Тур.).

□ ур. Балонне (азярына на лузе) каля в. Шарсцін Ветк., ур. Балонне (поле сярод нізкага месца) каля г. Турава, ур. Балонь (нізкае месца) каля в. Заспа Рэч.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

плёс

1. Шырокае роўнае і спакойнае месца на рацэ без паваротаў (БРС). Тое ж плёса (Жытк., Сал., Стол.).

2. Возера, зарослае расліннасцю; балота; нізкі заліўны луг (Бабр. Талст.). Тое ж пле́са (Палессе Талст.), плёса (Ветк., Палессе Талст.).

3. Невялікі заліў на рацэ або возеры; ціхая завадзь (Браг., Зах. Бел. Др.-Падб., Смален. Дабр.). Тое ж плёска (Краснап. Бяльк.).

4. Мелкае месца ў рацэ або возеры (Смален. Дабр.).

5. Хвост у вялікай рыбы (Нас.); вясло (Смален. Дабр.).

□ в. Плёсы Бабр., Маладз., ур. Плёса (азярына на лузе з выйсцем у Сож) каля в. Шарсцін Ветк., ур. Плёса (чыстая частка возера за асітой, чаротам) каля в. Чарсвяны Уш., воз. Плясно каля Смаленска, ур. Плясна́ (поле, кусты, рэчка Плясёнка) каля в. Ржаўка 2 Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

стра́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё страху. Страшны сон. Страшная гісторыя. □ А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень. Чарнышэвіч. / Пра выраз твару, вачэй і пад. Вочы Марты зрабіліся круглыя і страшныя. Бядуля. Я глянуў у вочы рабому .. Твар яго быў страшны, вочы лютыя. Якімовіч. Нібы загіпнатызаваны страшным поглядам Шыбянкова,.. [Цімафей Міронавіч] не мог адарваць ад яго сваіх вачэй. Зарэцкі. / у знач. наз. стра́шнае, ‑ага, м. З кожным крокам зубра ў Юркавых грудзях нешта халадзела. Ён чакаў страшнага. Аляхновіч. // Які выклікае пачуццё страху сваёй небяспечнасцю. Страшная дарога. Страшная хвароба. □ [Юзя:] — Вы [Лямант] страшны, бессардэчны. Вы ж не чалавек! Чорны. Не такі чорт страшны, як яго малююць. З нар. // Адзначаны падзеямі, здарэннямі, якія наганяюць страх (пра час). Вораг пачаў насядаць на Палессе .. Гэта быў час страшны і цяжкі. Чорны. І вось перамянілася жыццё .. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. Страшны час быў тады — адзінота, мужчыны ўсе на «мікалаеўскай» вайне. Брыль. Ах, страшны, страшны быў год гэты. Цётка.

2. Які выклікае непрыемныя пачуцці, уражвае сваім трагізмам; цяжкі. [Пан Мазурскі] быў чалавек-звер, народжаны страшным прыгонніцкім ладам. Якімовіч. Вестку, балючую і страшную, нечакана прынёс Яўхім са слязамі ў вачах. Пестрак. Страшны малюнак уставаў перад вачыма. Мурашка. // Які прыносіць пакуты (пра пачуцці, думкі, перажыванні чалавека). Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. — Немцы... — мільганула страшная думка. І .. [Міколка] не глядзеў на іх, не хацеў глядзець, пакуль не зніклі іх цяжкія крокі. Лынькоў. // Вельмі дрэнны, цяжкі (пра характар і пад.). [Барыс:] — Страшны характар у цябе, Галя. Скрыган. // Худы, змучаны, змораны (пра чалавека). Страшны і худы сядзеў Палікар у сваёй хаце. Чорны. Іван быў страшны: яшчэ больш ссутулены, бледны, у пашарпаным адзенні. Брыль.

3. Разм. Вельмі вялікі або вельмі моцны па сіле, глыбіні, інтэнсіўнасці праяўлення. У муках страшных дачакаўся Машэка першых дзён вясны. Купала. Два страшныя выбухі .. скаланулі паветра. Брыль. [Вялічка] адчуў страшны голад. Ён не разбіраў, што еў, яго зубы гатовы былі скрышыць камень. Чорны. [Лаялі] з усёй яскравасцю зразумеў, што яго ў жыцці напаткала страшнае, непаўторнае гора і што жыццё яго не будзе больш такім простым. Чарнышэвіч. / Пра з’явы прыроды. Страшную людзі цярпелі зіму: Дзіка мяцеліцы вылі. Купала. [Вера:] — Сам заўсёды напрошваўся [Каравай] на спатканні, бегаў да мяне ў самую страшную завіруху. Паслядовіч. / Пра пачуцці, перажыванні, стан. І страшны неспакой, так нявыкананых жаданняў і мэтаў — назаўсёды ляглі на твар [маці] страшнай застыласцю. Чорны. // Грубы. Мужчыны .. лаяліся страшнымі словамі, каб аблягчыць душу. Шамякін.

•••

Страшны суд гл. суд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,

каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Беларусі. Усталявалася ў выніку заключэння Брэсцкай уніі 1596, па ўмовах якой правасл. царква (гл. Праваслаўе) прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання (гл. Каталіцызм), захаваўшы ўсх. грэка-візант. рытуалы і традыц. правасл. абраднасць. Пры гэтым яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы (гл. Уніяцтва) Рэчы Паспалітай, падпарадкаванай непасрэдна папу рымскаму (гл. таксама Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). Пераход правасл. беларусаў ва уніяцкае веравызнанне адбываўся паступова, пераадольваючы на першым часе значнае непрыняцце і нават супраціўленне з боку часткі правасл. духавенства і яго прыхільнікаў, асабліва мяшчан. Але шырокая асветніцка-адукац. дзейнасць, увага да нац.-культ. традыцый, выкарыстанне ў рэліг. жыцці бел. мовы спрыялі павелічэнню ўплыву Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і да канца 18 ст. яна ахоплівала больш за 80% насельніцтва Беларусі. Унутраную арг-цыю Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў 17—18 ст. складалі Наваградска-Літоўская мітрапаліцкая, Полацкая, Пінска-Тураўская і Смаленская епархіі, частка Уладзімірска-Берасцейскай епархіі (Брэсцкае Палессе). Першая з іх ахоплівала Віленскае, Трокскае, Наваградскае, Мінскае і Кіеўскае ваяв. Кафедральнымі саборамі грэка-католікаў былі Барысаглебская царква ў Навагрудку, Успенская царква ў Вільні і Успенская царква ў Мінску. У пач. 18 ст. ў мітрапаліцкай епархіі было каля тысячы уніяцкіх цэркваў, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам мясц. дэканаў (благачынных). Полацкая уніяцкая епархія ўключала Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Курляндскае ваяв. і Лівонію. У Пінска-Тураўскую епархію ўваходзіў толькі Пінскі пав. Смаленская епархія (арганізавана ў 1625) уключала Смаленскае ваяв., Северскую і Чарнігаўскую землі (фактычна перастала існаваць у 1667 пасля далучэння Смаленска да Расіі). У пач. 17 ст. ў Віленскім Троіцкім манастыры быў арганізаваны уніяцкі манаскі ордэн базыльян (гл. Базыльяне), пачалося актыўнае фундаванне уніяцкіх цэркваў і кляштараў, пры многіх з іх ствараліся друкарні, школы, калегіі. Навучанне ў такіх школах і калегіях вялося на бел. мове, нават у самыя неспрыяльныя для яе часы. У друкарнях базыльян было надрукавана шмат катэхізісаў, малітоўнікаў, службоўнікаў, напісаных на бел. мове, а таксама павучанняў, казанняў, палемічных твораў і інш. л-ры на бел., польскай, лац. і царк.-слав. мовах. Перад 1-м падзелам Рэчы Паспалітай (1772) на Беларусі было каля 150 базыльянскіх кляштараў; пасля падзелу шматлікія кляштары і культ.-асв. цэнтры пры іх прыходзілі ў заняпад і ліквідаваліся. 22.4.1794 быў выдадзены ўказ Кацярыны II аб «искоренении Унии» на падставе таго, что бел. сяляне-уніяты і святары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1794 пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі. У 1795 скасаваны ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Пры Паўле I былі заснаваны 2 новыя епархіі — Брэсцкая і Луцкая (1798), але уніяцкая царква была пазбаўлена самастойнасці і падпарадкавана Рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу. У 1809 арганізавана Віленская епархія, а ў 1828 замест існаваўшых 4 епархій створаны Літоўская (цэнтр — Жыровічы) і Беларуская (цэнтр — Полацк). У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяты, якія жылі ў Гродзенскай і Віленскай губ., Беластоцкай вобл., у паўн. паветах Валынскай і ў Падольскай губ. У Беларускай епархіі былі уніяцкія цэрквы і уніяты, якія жылі ў Віцебскай і Магілёўскай губ., 8 паветах Мінскай і Валынскай губ., уніяты Кіеўскай губ. і 6 уніяцкіх цэркваў у Курляндыі. У 1832 указам імператара Мікалая I скасаваны ордэн базыльян, зачынены уніяцкія кляштарныя школы, забаронена друкаванне і распаўсюджванне уніяцкіх кніг. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. да правасл. царквы было далучана каля 2 млн. уніятаў. На Полацкім саборы 1839 была прынята пастанова аб скасаванні Брэсцкай уніі, ўз’яднанні з «Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй царквой» і падпарадкаванні уніяцкай царквы «Свяцейшаму Кіруючаму Усерасійскаму Сіноду»; гэты акт быў зацверджаны правасл. Сінодам і імператарам. Была задушана спроба спыніць рэліг. ўціск і захаваць уніяцкую царкву ў час паўстання 1863—64 пад кіраўніцтвам К.​Каліноўскага.

Уніяцкімі мітрапалітамі былі Міхаіл Рагоза (1595—99), Ігнацій Пацей (1599—1613), Іосіф Веніямін-Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—43), Антоній Сялява (1643—45), Гаўрыіл Календа (1656—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Фларыян Грабніцкі (1746—62), Іраклій Лісоўскі (1804—09), Іасафат Булгак (1812—39) і інш.

Пасля 1921, калі Зах. Беларусь увайшла ў склад Польшчы, на яе тэрыторыі пачалося адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Было арганізавана 30 уніяцкіх прыходаў, актыўна дзейнічалі Друйскі і Альберцінскі кляштары. Пачаў выдавацца час. «Да злучэння». У 1923 у Ватыкане ўтворана спец. камісія па справах Уніі на тэр. ўсх. Польшчы. Але адм. пакаранні, рэпрэсіі, высяленні вернікаў-уніятаў спынілі працэс аднаўлення грэка-каталіцкай царквы. У 1946 у БССР уніяцтва было ліквідавана, захавалася толькі некалькі абшчын за мяжой.

У 1990 Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіц. прызнанне з боку папы рымскага Іаана Паўла II. У 1994 Ватыканам афіцыйна зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на бел. мову, усе святары атрымалі афіц. намінацыі на свае парафіі. Дэканам грэка-каталіцкай царквы Беларусі прызначаны Ян Матусевіч. На Беларусі (на 1.1.1996) дзейнічала 11 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Выдаюцца час. «Унія», грэка-каталіцкія малітоўнікі і календары, інш. духоўна-рэліг. л-ра.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репринт. Мн., 1990);

Драгун Ю. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994;

Киркор А.К. Исторические судьбы Белорусского Полесья // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. 2 изд. Мн., 1994;

Міхаліна. Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі // Унія. 1990. № 1.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

калдо́біна

1. Прыродная круглая ўпадзіна з вадой (Слаўг.). Тое ж калдоба, калду́жына (Азяр., Лёзн. Касп., Віц. Нік. 1895).

2. Яма на дарозе, выбітая коламі і запоўненая вадой (БРС). Тое ж калдаві́на (Беш. Касп.), калдоба (Азяр. Касп., Віц. Нік. 1895, Стол.), калду́жына (Лёзн. Касп.), каловіна (Мін.).

3. Яма, рыцвіна, вымытая вадой (Нас.); глыбокая яма ў вадзе (БРС). Тое ж калдобніна (Палессе Талст.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

кру́ча

1. Высокае месца, стромы бераг; абрыў (БРС). Тое ж круч (Зах. Бел. Др.-Падб., Слаўг.), круць (Слаўг.).

2. Яма ў рацэ; вір (Жытк., Нар., Цэнтр. і Усх. Палессе Талст., Стол.). Тое ж круч (Глуск. Янк. II).

3. Навіслы, падмыты бераг у рацэ (Жытк.).

4. Круты паварот ракі (Стол.).

5. Завіруха, снегапад з пераменным ветрам (Карскі 1898, 60, Кар., Стол.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

га́ла

1. Паляна, вялікае адкрытае месца сярод лесу (Глуск. Янк. I, Жытк., Кобр., Нар., Пар., Пол., Палессе Талст.). Тое ж га́ло́ (Жытк.).

2. Шырокая балотная сенажаць без зарасніку ці з асобнымі кустамі, дрэвамі (Глуск. Янк. I, Пух.).

3. Куп'істая балотная сенажаць сярод лесу (Браг., Пол.).

4. Лясная высека (Жытк.).

5. Чыстае, адкрытае месца; свабодная прастора (БРС).

□ ур. Га́ла (куп'істы луг сярод лесу) каля г. п. Брагіна.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)