МАГІЛЁЎСКАЙ МІКАЛА́ЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ́ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры барока ў Магілёве. У комплексе мураваныя Мікалаеўская і Ануфрыеўская цэрквы, жылы дом (шпіталь), званіца, капліца, агароджа з брамай. Мікалаеўская царква. У 1636 кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту П.​Магіле на буд-ва ў Магілёве царквы св. Мікалая. Напачатку ўзведзены драўляныя царква і манаскія келлі. У 1669—72 пабудавана мураваная царква — трохапсідная крыжова-купальная базіліка з 8-гранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Гал. фасад падзелены карнізам на 3 гарыз. ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. 1-ы ярус масіўны, аздоблены 3 паўцыркульнымі нішамі, 2-і — «глухой» аркатурай з ляпным расл. арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у 3-м такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкар. аздобай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) работы мясц. майстроў, фрэскавая кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (канец 17 ст.), сюжэтны і арнаментальны жывапіс 1-й пал. 18 — пач. 19 ст. Размалёўкі зроблены ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі (захаваліся фрагментарна). Ануфрыеўская царква («цёплая», зімовая) пабудавана ў 1798. Уяўляе сабой крыжова-купальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі. Жылы дом узведзены ў 17 ст. як шпіталь і царк. жылы дом. 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны 3 спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будаваліся ў 17—18 ст. Агароджа мае 2 уваходы, зах.гал. ўязная брама з лучковым праёмам. У паўд.-ўсх. баку ўбудавана 1-павярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца пабудавана ў 17—18 ст. Квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Комплекс пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, цяпер на рэстаўрацыі. Некат. памяшканні комплексу займае жаночы манастыр. Таксама тут знаходзіцца рэзідэнцыя архіепіскапа магілёўскага і мсціслаўскага Максіма.

Т.​І.​Чарняўская.

Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс.

т. 9, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ТУПІЧЭ́ЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у сярэдзіне 17 — пач. 20 ст. на ўсх. ускраіне г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Засн. як мужчынскі (з 1886 жаночы). Складаўся з Святадухаўскай, Увядзенскай, Успенскай, Мікалаеўскай цэркваў, жылых і гасп. пабудоў. Абнесены спачатку драўлянай, з канца 19 ст. мураванай агароджай. Манастырскія жылыя і гасп. пабудовы былі пераважна драўляныя. Захаваліся фрагменты мураванай агароджы, брамы, капліц 19 ст. У выніку археал. даследаванняў выяўлены культ. пласт 16—18 ст. Святадухаўская царква (пабудавана ў 1641) — крыжова-купальны храм (25 × 25 м) на каменным падмурку; абнесены паўзакрытай абходнай галерэяй на слупах. Вальмавыя дахі канцоў крыжа і купал на светлавым барабане над сяродкрыжжам завяршаліся галоўкамі. Напачатку царква была накрыта гонтавым дахам, з канца 19 ст. — бляхай. Інтэр’ер аздоблены размалёўкай па дрэве на біблейскія і евангельскія сюжэты (73 кампазіцыі). Тыповыя для Беларусі краявіды, элементы арх. антуражу, выявы жывёл сведчаць, што ў аздабленні царквы ўдзельнічалі майстры, якія творча перапрацоўвалі традыцыі нар. выяўл. мастацтва Магілёўшчыны 17—18 ст. У некат. кампазіцыях прыкметны рысы стылю барока. Іканастасы аздоблены дэкар. разьбой і пазалотай. Увядзенская царква (пабудавана ў 1771) — драўлянае на каменным падмурку, прамавугольнае ў плане (каля 12 × 7 м) купальнае збудаванне. У канцы 19 ст. царкву падоўжылі да 22 м, абклалі цэглай і накрылі бляхай. Інтэр'ер упрыгожаны арнаментам і размалёўкай на рэліг. сюжэты. Мікалаеўская царква (існавала да 1839) — збудаванне (9 × 8 м) на 2-м ярусе надбрамнай званіцы. Успенская царква (пабудавана ў 1891—95 у псеўдарус. стылі) — мураваны крыжова-купальны храм са званіцай над бабінцам, завершаны купалам на светлавым барабане. У інтэр’еры знаходзіліся 4-ярусны з пазалотай і 3-ярусны іканастасы. Комплекс амаль цалкам спалены ў Вял. Айч. вайну, канчаткова зруйнаваны ў 1950 — пач. 1960-х г. У 1980-я г. на тэр. М.Т.м. праводзіў раскопкі А.​А.​Трусаў.

А.​А.​Трусаў, Л.​Л.​Чарняўская, Ю.​А.​Якімовіч.

Успенская царква Мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра. Фота пач. 20 ст.

т. 10, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лу́бка, смарг. лу́бачка ’кош, карзіна’, ’сявенька (з кары)’, ’плецены саламяны кораб для мукі’, ’дзежка для трымання мукі пад рукой’, ’бочачка’, ’салянка з ліповай кары’, ’кошык, сплецены з саломы і лазы’ (Нас., Яруш., Мікуц., Касп., Мат. Гом., Шат., П. С., Гарэц., Юрч., Янк. БП., Ян., Мат. Маг., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС; мядз., Нар. словатв., Жыв. сл.; барыс., Шн. 2; докш., маладз., Янк. Мат., Мат. АС; рагач., З нар. сл.), ’вулей у лесе’ (добр., рэч., Мат. Гом.), ’калыска’ (Сл. Брэс.; карэліц., Сл. ПЗБ); лу́бка і лу́пка ’раёўня’ (Сл. ПЗБ, слаўг., Нар. сл.), бялын. лупок ’лубок, што ставіцца на дрэве для лоўлі раёў’ (Мат. Маг.), лу́бка‑мядоўка ’ліповая бочачка для мёду’ (рагач., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), лубок ’тс’ (карм., добруш., Мат. Гом.). Ст.-бел. лубка (Скурат, БЛ, 8, 13–14). Да луб1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пле́на, плена, плёнка, плёначка ’тонкая шчарбінка або лускавінка на метале’ (Нас.), ’трэшчынка ляза касы, сякеры’ (ТС), параўн. рус. плена ’трэшчынка, наслоены лісточак, бліскаўка ў метале ці камені (напр., лабрадарыт)’, польск. płoń ’пелька’, plonio, чэш. дыял. plena ’шчарбінка ў жалезе’, pleń ’шчарбінка на сякеры’, славац. plena ’тс’, славен. plėna ’шчарбінка ў жалезе’, серб.-харв. шток, plena ’трухлявае месца ў дрэве’, plen(ß)vt plenav ’дрэнна каваны, са шчарбінамі’, ’рыхлы, дуплісты’, балг. плена ’трэшчына, шчыліна’. Паводле Махэка, першаснае значэнне лексемы — як у рус. плець ’зярнятка попелу (у адлітым метале)’, роднасным яму з’яўляецца літ. plėnys попел’, лат. pienes ’белы попел на вуголлі’, а таксама ст.-грэч. σπληδός, σποδός ’попел’ (Махэк₂, 458). Фасмер (3, 278) і інш. (тамсама) супастаўляюць з лат. plova ’неглыбокая трэшчына ў метале’, якое звязваюць з лат. piene ’гаралы акаліна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суво́й ’цэлы кусок палатна, скручаны ў трубку’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Ян., Жыв. сл., Скарбы, ЛА, 4), ’мера самаробнай тканіны, звычайна 5–7 губак’ (Нар. ск.), ’навой’ (Нас.), ’навой з намотаным на яго палатном’, ’адна скручаная пасма вяроўкі’ (Бяльк.), су́вай ’пяньковы шнур, які выкарыстоўваецца для віцця вяровак’ (Юрч. Вытв.), сувы́й ’цюк (палатна, паперы)’ (Клім.), суво́й, сувы́й, суву́йка, съво́й ’сувой’ (Уладз.), суво́йка ’тс’ (Мат. Гом., Ян.), суво́іна ’сувой’ (чэрв., Сл. ПЗБ), суво́йцы ’падоўжны край бёрда’ (Жд. 1, Мат. Гом.), ст.-бел. сувой ’скрутак палатна; мера палатна’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. суві́й ’сувой’, рус. дыял. суво́й ’скрутак’, ’клунак’, ’звітыя і зблытаныя слаі дрэва, абалона, нарасць’, славен. sovój ’сук, нарасць на дрэве’. Ад *viti ’віць’ прэфіксальны назоўнік *sǫ‑vojь (Фасмер, 3, 793) або прасл. дэвербатыў *sǫvojь, суадносны з *sъ‑viti. Спецыяльна гл. Куркіна, Диал. структура, 192.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суга́к ’касцяное або драўлянае шыла з плоскім вастрыём для падплятання лапцей’, ’роўная тонкая палачка, якая прасоўваецца ў вушкі асновы лапцей’ (Бяльк.; маг., ЛА, 4), ’жалезны прут’ (Маш.), ’пруток з дроту для прапальвання дзірак у дрэве’ (Пятк. 2), ’спічак, швайка, шыла’ (глус., Янк. 3.; Мат. Гом.), ’завостраная палачка падплятаць лапці’ (Сцяшк. Сл.). Укр. суга́к ’жалезнае (або касцяное) шыла для праколвання дзірачак у пасталах, для развязвання вузлоў’. Паводле ЕСУМ (5, 465), з сува́к ’шыла, засаўка, хамуцік’ (гл. суваць), набліжанае да гак. Не выключана сувязь з соўгаць (гл.) з пераходам оў > у, параўн. саўга́к (пра старога чалавека), су́гнуць ’хуткім рухам пасунуць, усадзіць’ (дзятл., Сл. ПЗБ), сугану́ць ’саўгануць, рэзка перамясціць’ (Юрч. Вытв.), або з укр. суга́к, польск. suhak ’антылопа’ < караім. soɣak (sohak) ’малады алень, антылопа’ (Slavica Tarnopolensia, 1, 69), з рагоў якіх вырабляліся прылады. Гл. сайга.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

грыб, ‑а; мн. грыбы, ‑оў; м.

1. Ніжэйшая бесхларафільная расліна ў выглядзе шапачкі на ножцы. Збіраць грыбы. Марынаваць грыбы. Ядомы грыб. Ядавіты грыб. □ Я люблю хадзіць між хвой, Цешыцца грыбамі. Свірка. На кожным кроку на вочы трапляюць грыбы баравікі, маслякі, бабкі. В. Вольскі. // Цвёрдая нарасць на дрэве; губа, чага. Бярозавы грыб. // перан. Пра тое, што мае форму грыба. Атамны грыб.

2. Ніжэйшы бесхларафільны раслінны мікраарганізм, які выклікае браджэнне, гніенне. Плесневыя грыбы-пеніцылы ідуць на выраб антыбіётыкаў.

3. (звычайна ў спалучэнні са словам «стары»). Разм. пагард. Пра старога чалавека. — Дык навошта я ім там, стары грыб, цяпер спатрэбіўся. Васілевіч.

4. звычайна мн. (грыбы́, ‑оў). Разм. пагард. Губы. Развесіў грыбы.

•••

Воўчыя грыбы — агульная назва неядомых грыбоў.

Паразітныя грыбы — грыбы, якія ў якасці крыніцы жыўлення выкарыстоўваюць жывыя тканкі розных арганізмаў.

Чайны грыб — слізістая плеўка, якая ўтвараецца з мікраарганізмаў і расце на паверхні салодкага чайнага раствору.

Расці як грыбы пасля дажджу гл. расці.

Як грыбоў пасля дажджу — многа каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прына́да ’тое, чым прывабліваюць птушак, рыб, жывёл; тое, што прыцягвае, прываблівае’ (ТСБМ, Чач., Нас., Мал., Арх. Федар., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Шат., Бяльк., Растарг., Сцяшк.; віл., лях., маст., Сл. ПЗБ, ТС), ’настой пахучага зелля (якім крапілі вуллі)’ (віл., З нар. сл.), ’ласунак’ (ваўк., Сл. ПЗБ), пріна́да ’прынада’ (Бяльк.), пріна́дка ’невялікі вулей з кары для прываблівання пчол, які ставяць на дрэве’ (слаўг., Нар. сл.), принадэнка ’прынада’ (Булг.), ст.-бел. прына́да, прына́да пташа (Ст.-бел. лексікон). Аддзеяслоўны назоўнік ад прына́дзіць. Стараж.-рус. принада ’прыбаўленне, далучэнне’, рус. паўд., зах., смал., бранск., дан. прына́да ’тое, чым прынаджваюць розных жывёл’, дан. ’сіло (для лоўлі птушак)’, смал. прина́душка ’прынада’, укр. прина́да ’тс’. Інакш Фасмер (3, 365), які прапануе складаны шлях утварэння: прыстаўкі *при‑, *на‑ + кантынуанты і.-е. каранёў *dō‑ ці *dhē‑, што не пераконвае; гл. таксама Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДРЭВАРЫ́Т, ксілаграфія,

гравюра па дрэве; адзін з найб. стараж. відаў пукатай гравюры, у якой адлюстраванне друкуецца з плоскай паверхні драўлянай дошкі, пакрытай фарбай. Бывае абразны (падоўжны) і тарцовы. У абразным Д. друкарская форма (клішэ) ствараецца на дошцы, распілаванай уздоўж валокнаў драўніны мяккіх парод. Лініі і плямы, што ўтвараюць малюнак, абразаюць нажом, свабодныя ад выявы месцы паглыбляюць долатам. Гэтаму віду Д. ўласцівы абагульненасць малюнка, кантрастныя суадносіны белага і чорнага колераў. Клішэ тарцовага Д. выконваюцца на брусках цвёрдых парод драўніны, распілаваных упоперак валакна. Тонкія штрыхі малюнка праразаюцца штыхелем. Спалучэнні штрыхоў даюць магчымасць ствараць тоны рознай насычанасці, што часта выкарыстоўваецца для рэпрадуцыравання жывапісных твораў і танальнага малюнка.

Д. вядомы з 6—7 ст. (Кітай), у Еўропе з’явіўся ў 14—15 ст. У 19 ст. шырока выкарыстоўваўся для друкавання ілюстрацый і рэпрадуцыравання жывапісу і малюнкаў. У 20 ст. пашыраны гал. чынам у станковай і кніжнай гравюры.

На Беларусі першыя Д. (абразныя) з’явіліся ў пач. 16 ст. ў выданнях Ф.​Скарыны («Псалтыр», «Кніга Іова», «Кніга Ісуса Сірахава», усе 1517, кн. «Выхад», 1519). Кніжны Д. дамінаваў да пач. 17 ст. Склаліся рэгіянальныя школы бел. Д. (Віленская школа гравюры, Куцеінская школа гравюры, Магілёўская школа гравюры і інш.). У кніжнай графіцы працавалі П.​Мсціславец, М. і В.​Вашчанкі, Ф.​Ангілейка і інш. У 18 ст. пашырыўся станковы Д., у т. л. народны лубок. Д. бел. старадрукаў адметны высокім узроўнем тэхнікі гравіравання і маст. якасцей. У 19 ст. Д. заняпаў. У 1-й пал. 20 ст. ў тэхніцы Д. працавалі М.​Сеўрук, І.​Гембіцкі, Я.​Мінін, С.​Юдовін, А.​Тычына, А.​Зайцаў і інш. У апошні час Д. саступіў месца інш. відам гравюры (афорт, літаграфія, лінарыт і інш.).

Т.​М.​Карэліна, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Дрэварыт. Дачка фараона і Майсей. Гравюра з тытульнага ліста кнігі «Выхад» Ф.​Скарыны. 1519.
Да арт. Дрэварыт. М.​Сеўрук. Вяртанне з працы. 1938.
Да арт. Дрэварыт. А.​Зайцаў. Партрэт Л.​Стрыгалёва. 1983.

т. 6, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НА-ФРАНКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на З Украіны. Утворана 4.12.1939. Да 1962 Станіслаўская вобл. Пл. 13,9 тыс. км². Нас. 1467 тыс. чал., гарадскога 44% (1996). Цэнтр — г. Івана-Франкоўск. Найб. гарады: Каламыя, Калуш, Надворная, Даліна.

Прырода. Каля ​1/2 тэр. займаюць Украінскія Карпаты, ёсць адасобленыя масівы Чарнагора (г. Гаверла, выш. 2061 м), Чыўчын і Грыняўскія горы; вызначаецца таксама перадгорнае Прыкарпацце, а на ПнУ раўніны Аполле і Пакуцце. Карысныя выкапні: нафта, газ, калійная і спажыўная солі, азакерыт, буры вугаль, буд. матэрыялы. Мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -9 °C (у гарах), ліп. ад 19 °C да 16 °C (у гарах). Гадавая колькасць ападкаў ад 500 да 1400 мм. Гал. рэкі: Днестр (з прытокамі Свіча, Ломніца, Луква, Быстрыца, Свірж) і Прут (з прытокам Чарамош). Глебы шэрыя лясныя, бурыя горна-лясныя і горна-лугавыя. Лясы займаюць каля 45% тэр. вобласці; на раўніне дубова-грабавыя, у перадгор’ях букавыя і букава-піхтавыя, вышэй хвойныя, з выш. 1400 м высакагорныя лугі (паланіны). Карпацкі прыродны парк, частка Карпацкага запаведніка.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: горназдабыўная (нафта, газ, калійная соль, сера), маш.-буд. і металаапрацоўка (ліцейныя аўтам. лініі, мех. прэсы, прыборы, машыны для жывёлагадоўлі, эл.-тэхн. і нафтавае абсталяванне), хім. і нафтахім. (калійныя ўгнаенні, метал. магній, хім. сродкі аховы раслін, фарбавальнікі), нафта- і газаперапрацоўка, лясная і дрэваапр. (лесанарыхтоўчая, мэблевая), лёгкая (баваўняная, швейная, абутковая), харчовая (цукр., спіртавая, мясная, масласыраробчая), буд. матэрыялаў. Маст. промыслы (разьба па дрэве, інкрустацыя, ткацтва, вышыўка, вытв-сць дываноў). Бурштынская ДРЭС, Калушская ЦЭЦ. С.-г. ўгоддзі займаюць 535 тыс. га, у т. л. пад ворывам 414 тыс. га. Пасевы пшаніцы, ячменю, жыта. Вырошчваюць лён-даўгунец, цукр. буракі, кармавыя культуры, бульбу, агародніну Пладаводства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Львоў—Івана-Франкоўск, Івана-Франкоўск—Чарнаўцы, Івана-Франкоўск—Рахаў, Івана-Франкоўск—Стрый, аўтадарогі Івана-Франкоўск—Львоў, Івана-Франкоўск—Каламыя—Чарнаўцы, Івана-Франкоўск—Дзяляцін—Рахаў, Івана-Франкоўск—Мукачава—Ужгарад і інш. Турызм. Кліматычныя курорты: Ярэмча, Варохта, Косаў, Крэменцы; бальнеагразевы курорт Чэрчэ.

В.​М.​Сасноўскі.

т. 7, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)