Тура́я ‘здаровая, дзябёлая жанчына або дзяўчына’ (Стома Сл.). Няясна. Нагадвае словаўтваральны варыянт туры́ца1 ‘дзябёлая, мажная жанчына’ (Нас.), гл. Меркаванні пра ўтварэнне ад літ. turė́ti ‘мець, валодаць, трымаць, заключаць у сабе’ пры дапамозе суф. ‑a‑ja‑, параўн. туляя́ ‘гультайка’, меляя́ ‘пустамеля’, цера́я ‘тая, хто трэ лён’, верзяя́ ‘пляткарка’, гл. Саўка, Запісы, 23, патрабуюць дадатковай аргументацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вась-вась-вась ’падзыўныя словы для кормнага кабана’ (Янк. III). Рус. дыял. вац!, ва́цу́! ’тс’, укр. ваць!, вацю́! ’тс’. Як думаў Р. Смаль–Стоцкі, гэта варыянты слова паць! < паця́ ’парася’. Супраць гэтай версіі Рудніцкі (1, 329), які лічыць, што усё гэта варыянт выклічніка ацю! (адгоннае слова для свіней; да форм апошняга параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 123–124).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гамізэ́лька ’безрукаўка’ (Сцяшк. МГ), камузэ́лька (Сцяц. Нар., 82). Паводле Сцяцко (там жа), крыніцай слова камузэ́лька з’яўляецца польск. kamizelka ’камзол, сялянская куртка’. Варыянт гамізэ́лька таксама узяты з польск., а пачатковае г‑ (замест к‑) — вынік азванчэння к > г (пад уплывам наяўных у слове санорных і звонкага ‑з‑). Аб этымалогіі польск. слова гл. Брукнер, 215, 251; Слаўскі, 2, 38–39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зэ́нзэль ’расліна таемнік лускаваты, Lathraea squamaria L.’ (бяроз., Нар. лекс.). Параўн. укр. зе́нджул ’гатунак расліны’ (Грынч.). Рус. зензе́вель ’расліна пярэступ, Bryonia L.’, зеньзибель ’імбір’, зинзивей ’мальва (Malva rotundifolia, M. silvestris)’. Верагодна, варыянт гэтай назвы, якую выводзяць з іт. zenzovero ’імбір’ ці тур. zencefil (дыял. zendžebil) < араб. < палі sińgivera < ст.-інд. c̣r̥ηgavēram ’свежы імбір’. Фасмер, 2, 94, 97.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плайні́ца ’абмежаваная прастора, частка плошчы, поля, пасеву’: і ячменю велічэнна тайнага (светлаг., SOr, 39, 352). Няясна, магчыма, фанетычны варыянт планіца, пляніца ’участак, звяно’ (гл.), аднак параўн. польск. płaj ’паша на схіле гары над верхняй граніцай лесу (доўгая і вузкая)’, укр. гуц. плай ’тс’, якія адносяцца да валашскай пастухоўскай тэрміналогіі, з рум. plai ’тс’ (Банькоўскі, 2, 616).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пуло́нь ’непакрытая лесам прастора (на сухім месцы)’ (малар., Сіг.). Фанетычны варыянт зафіксаванага на Палессі полонь, полоня (гл. палоня)9 што працягваюць польск. płonią ’лужок у лесе’, н.-луж. płoń ’гала, раўніна’, укр. полонь, полонина ’адкрытая прастора, альпійскі луг’ і пад., адносна іх гл. Банькоўскі 2, 626; Ніканчук, Этимология–1984, 168; ЕСУМ, 4, 486 (да поле, гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пія́вы ’працавіты’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Параўноўваюць літ. pyti ’размакаць (пра зямлю), станавіцца мяккім (пра характар)’; papijęs ’добры, мяккі, які ўвесь аддаецца працы, дабрыні і г. д.’ (Грынавяцкене, тамсама, 3, 527), што не пераконвае; хутчэй, з пілявы ’рухавы’ (гл.), да піліць2, параўн. польск. pilać ’дбаць’, варыянт pilić ’старацца, дбаць’, што звязана з pilny ’старанны’ (Банькоўскі, 2, 579), гл. пільны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Раса́ўка, роса́ўка ’жытні дэман, якім палохалі дзяцей, русалка’ (ТС), роса́лка ’тс’ (Выг.): роса́лка лякала дытэй, шоб жыта ны мя́лы; страшная, з роспу́шчанымы коса́мы (брэсц., Леванц.). Палескі варыянт традыцыйнай назвы руса́лка ’тс’ (гл.) у выніку збліжэння з раса1 (гл.). Аднак параўн. расаватначка ’тс’ (гл. расаваць), што хутчэй сведчыць пра сувязь з раса2 (< *ręsa) або раса3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЦТЭ́КІ (саманазва астэка),

самая вялікая індзейская народнасць Мексікі. 1,07 млн. чал. (1987). Мова — наўатль. У 13 ст. прыйшлі з Пн і пасяліліся ў даліне Мехіка. У 14 ст. стварылі ўласную паліт. структуру, т.зв. горад-дзяржаву Тэначтытлан (сучасны г. Мехіка). У 1428—30 у саюзе з гарадамі-дзяржавамі Тэскока і Тлакапан падпарадкавалі насельніцтва даліны Мехіка, што стала пачаткам стварэння імперыі ацтэкаў, якая ў канцы 15 ст. ўключала цэнтр., усх. і паўд. Мексіку (больш за 500 гарадоў-дзяржаў з нас. 5—6 млн. чал.). У ацтэкаў былі развіты сельская гаспадарка, рамёствы, медыцына, манум. мастацтва і архітэктура, распрацаваны варыянт іерогліфнага пісьменства, складаная сістэма календара. Найб. вядомы правіцель — кароль Мантэсума II. У 1519—21 ацтэкі заваяваны іспанцамі на чале з Э.​Картэсам.

Росквіт мастацтва ацтэкаў прыпадае на 14 — пач. 16 ст. Асн. манум. збудаванні — чатырохгранныя каменныя піраміды з храмам ці палацам на вяршыні. Сцены культавых будынкаў упрыгожвалі рэльефам, размалёўкай, узорыстай муроўкай. Культавая скульптура вызначалася грандыёзнасцю (статуя багіні Каатлікуэ, выш. 2,5 м). Захаваліся помнікі скульптуры 15 ст.: «Камень сонца», т.зв. каляндар ацтэкаў (базальтавы дыск дыяметрам 3,66 м і масай 24 т); выкананыя ў рэаліст. манеры каменныя галовы воінаў («Воін-арол», «Галава мерцвяка», «Смутны індзеец»), невял. каменныя і керамічныя фігуркі рабоў, дзяцей, жывёл. Па-майстэрску рабілі ацтэкі ўпрыгожанні з пер’я, паліхромную кераміку, мазаіку, вазы з абсідыяну, ювелірныя вырабы.

Да арт. Ацтэкі. Дэталь рукапіснага ліста з т.зв. «Кодэкса Барбонікус». 14—16 ст.
Да арт. Ацтэкі. Палац Мантэсумы.
Да арт. Ацтэкі. Каменная фігурка каёта.
Да арт. Ацтэкі. Статуя багіні Каатлікуэ.
Да арт. Ацтэкі. Нож ацтэкаў або міштэкаў з інкрустацыяй.

т. 2, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТА́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,

слоўна-складовае пісьмо для запісу тэкстаў на кітайскай мове, у якім выкарыстоўваюцца асобыя знакі — іерогліфы. Агульная колькасць такіх знакаў каля 50 тыс., у сучаснай кіт. мове выкарыстоўваюць 4—7 тыс. іерогліфаў. Кожны іерогліф прадстаўляе аднаскладовае слова ці марфему і графічна з’яўляецца камбінацыяй рысак, упісаных у квадрат. Запіс тэксту злева направа або зверху ўніз. Вылучаюць 3 тыпы іерогліфаў: піктаграмы — схематычны відарыс прадметаў (山 «гара», 目 «вока»); ідэаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм (人 «чалавек» + 木 «дрэва» = 休 «адпачываць»); фанаграмы — матываваныя камбінацыі піктаграм з намёкам на гучанне іерогліфа (人 жэнь «чалавек» + 圭 гуй «нефрытавы скіпетр» = 佳 цзя «прыгожы»).

Найб. стараж. знакі К.п. — «іньскія пісьмёны» (варажбітныя надпісы на бронзе, камянях, касцях, панцырах чарапах; 2-е тыс. да н. э). У 1066—771 да н. э. яны атрымалі развіццё ў выглядзе «галавастыкавага пісьма». У 221 да н. э. пачаўся працэс стандартызацыі іерогліфаў, з’явіліся стылі «вялікіх» і «малых» пячатак, уведзена «дзелавое пісьмо» лішу (спрошчаны варыянт «малых пячатак»). У 1 ст. н. э. канчаткова сфарміраваўся сучасны стыль напісання іерогліфаў (кайшу — «узорнае пісьмо»). Побач з кайшу выкарыстоўваюць скарочаныя стылі цаошу — «травяное пісьмо» і сіншу — «хадавы скорапіс». З 1956 у КНР вядзецца работа па спрашчэнні іерогліфаў. Поўныя абрысы іерогліфаў (фаньтыцзы) выкарыстоўваюцца ў Сінгапуры, Японіі (з яп. складовым пісьмом), Паўд. Карэі (з кар. азбукай) і на Тайвані. Сярод найстараж кіт. літ. помнікаў «Шуцзін» («Кніга паданняў», 12—5 ст. да н. э.), «Іцзін» («Кніга перамен», 12—8 ст. да н. э.) і «Шыцзін» («Кніга песень», 11—6 ст. да н. э.).

А.​М.​Гардзей.

Да арт. Кітайскае пісьмо.

т. 8, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)