ГВАНЬІ́НІ, Гвагнін (Guagnini) Аляксандр (1534, г. Верона, Італія — 1614), польскі гісторык. З 1550-х г. у Польшчы. Служыў ротмістрам у войску ВКЛ. З 1561 удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, камендант Віцебска. Пасля ў Кракаве, дзе ў 1578 выдаў на лац. мове «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», якая на Беларусі была вядома ў выданні на польск. мове (Кракаў, 1611). Кніга багата ілюстравана, у ёй шмат звестак па гісторыі і геаграфіі Польшчы і ВКЛ, апісаны гарады і крэпасці Беларусі, матэрыяльная і духоўная культура, звычаі і абрады насельніцтва Беларусі, пераважна Верхняга Падняпроўя. Пры перавыданні Гваныні дадаў звесткі пра Лівонскую вайну з паходам Стафана Баторыя на Пскоў (1581) уключна. Нягледзячы на шматлікія запазычанні ў тэксце, асабліва ў М.Стрыйкоўскага, які служыў пад камандай Гваныні, ёсць у кнізе і новыя матэрыялы. Хроніка Гваныні была перакладзена на чэш., ням. і італьян. мовы.
Літ.:
Витебская старина /Сост. А.П.Сапунов. Т. 4. Витебск, 1885.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮБА́ЙЛА (Павел Кузьміч) (5.8.1931, в. Кукарава Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 24.1.1995),
бел. крытык і літ.знавец. Д-рфілал.н. (1973), праф. (1982). Скончыў БДУ (1954). Настаўнічаў, з 1960 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкаваўся з 1950. Даследаваў сучасную бел. л-ру, асн. тэндэнцыі і заканамернасці развіцця рамана, стылявыя кірункі ў прозе. Адзін з аўтараў кніг «Праблемы сучаснай беларускай прозы» (1967), «Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць» (1971). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;
Праблемы стылю ў сучаснай беларускай прозе. Мн., 1973;
Вобраз нашага сучасніка ў беларускай прозе. Мн., 1978;
У вялікай дарозе. Мн., 1981;
Беларускі раман: Гады 70-я. Мн., 1982;
Панарама сучаснай беларускай прозы. Мн., 1986;
У пошуках духоўных каштоўнасцей. Мн., 1987;
Станоўчы герой у беларускай літаратуры: Сав. перыяд;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́РАХАЎ (Іван Сямёнавіч) (23.9.1762—25.4.1815),
расійскі ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1812). Скончыў Артыл. і інж. шляхетны кадэцкі корпус у Пецярбургу (1787). Удзельнік рус.-тур. вайны 1787—91. кампаніі па задушэнні паўстання 1794. Вызначыўся ў войнах супраць Францыі 1805 і 1806—07, у рус.-швед.вайне 1808—09. Напярэдадні вайны 1812 у 4-м пяхотным корпусе 1-й арміі, камандзір карпуснога авангарда. Пасля бою 30 чэрв. каля Вял. Салечнікаў (цяпер Шальчынінкай, Літва) быў вымушаны адступіць. 6 ліп. спрабаваў адбіць у французаў Валожын, аднак пры набліжэнні вял. сіл праціўніка адышоў на Камень (Валожынскі р-н). 7 ліп. злучыўся каля Стоўбцаў з 2-й арміяй П.І.Баграціёна. Удзельнічаў у Смаленскай аперацыі 1812 і ў Барадзінскай бітве 1812. У вер. — кастр. 1812 камандзір асобнага атрада, заняў г. Верая (Маскоўская вобл.). У бітве каля Малаяраслаўца цяжка паранены. Біяграфія Д., складзеная яго сынам Руфінам у 1850, захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі (фонд І.Ф.Паскевіча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРАМІШВІ́ЛІ (Давід) (1705, с. Сагурама каля г. Мцхета, Грузія — 1.8.1792),
грузінскі паэт. Са стараж. княжацкага роду. У 1727 трапіў у палон да лезгінаў, адкуль уцёк у Расію. З 1729 жыў у Маскве, з 1738 на вайск. службе. Удзельнічаў у войнах з туркамі, шведамі, у Сямігадовай вайне. З 1760 жыў у Міргарадзе (Украіна). Спадчына Гурамішвілі — аўтабіягр.зб. «Давітыяні» (датаваны 1787), які складаецца з 2 паэм і лірычных вершаў. У паэме «Беды Грузіі» адлюстраваў трагічны перыяд гісторыі Грузіі 1-й пал. 18 ст., асуджаў міжусобныя войны, маральнае разлажэнне свецкай і духоўнай феад. знаці. Паэма «Пастух Кацвія», адметная навізной тэматыкі, маляўнічасцю ўкр. пейзажаў і пачуццём гумару, перадае ідылічныя карціны жыцця сялян, прасякнута пачуццём спагады да іх лёсу. У паэзіі шырока выкарыстоўваў укр. і рус.нар. песні. Творы вызначаюцца меладычнасцю, лёгкасцю верша. На бел. мову асобныя творы пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін.
Тв.:
Рус.пер. — Стихотворения и поэмы. Л., 1980.
Літ.:
Леонидзе Г. Жизнь и творчество Давида Гурамишвили. Тбилиси, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕС ((Heß) Рудольф) (26.4.1894, г. Александрыя, Егіпет — 17.8.1987),
адзін з кіраўнікоў фаш. Германіі. У 1-ю сусв. вайну разам з А.Гітлерам ваяваў на Зах. фронце. Вучыўся ў Мюнхенскім ун-це, дзе пад уплывам лекцый па геапалітыцы К.Гаўсгофера сфарміраваўся як нацыст. З 1920 чл. нацыянал-сацыялісцкай партыі. За ўдзел у путчы Гітлера і Э.Людэндорфа ў Мюнхене (ліст. 1923) асуджаны. У 1925—32 асабісты сакратар Гітлера, з крас. 1933 яго нам. па партыі. З чэрв. 1933 рэйхсміністр без партфеля. Гес адыграў гал. ролю ва ўстанаўленні культу Гітлера, адзін з арганізатараў задушэння герм.дэмакр. сіл і ўкаранення сістэмы «татальнага шпіянажу». У 2-ю сусв. вайну 10.5.1941 здзейсніў адзіночны пералёт у Шатландыю (т.зв. місія Геса), ад імя Гітлера прапанаваў брыт. ўраду заключыць мір і прыняць удзел у вайне супраць СССР; інтэрніраваны. У 1946 на Нюрнбергскім працэсе прыгавораны як адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў да пажыццёвага зняволення, якое адбываў у турме Шпандаў (Зах. Берлін). Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГРАБЕ́ЛЬНЫ (Павел Архіпавіч) (н. 25.8.1924, в. Салошына Палтаўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1951). Дэбютаваў як навеліст (зб-кі «Стэпавыя кветкі», 1955; «Настаўнік», 1957; «Навелы марскога ўзбярэжжа», 1958). Вял.Айч.вайне прысвяціў аповесць «Дума пра неўміручага» (1957) і раманы «Еўропа 45» (1959), «Еўропа. Захад» (1961). Гісторыі Украіны прысвечаны раманы «Дзіва» (1968), «Першамост» (1972), «Смерць у Кіеве» (1973; за 2 апошнія Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1974), «Еўпраксія» (1975), «Раксалана» (1980), «Я, Багдан» (1983). Праблемы духоўнага і матэрыяльнага ў сучасным жыцці асэнсаваны ў раманах «Спякота» (1960), «Пераходзім да любові» (1971), «Разгон» (1976; Дзярж. прэмія СССР 1980), «Львінае сэрца» (1978), «Паўднёвы камфорт» (1984) і інш. Яго творы вызначаюцца вастрынёй сюжэта, дынамічнасцю дзеяння, публіцыстычнасцю. На бел. мову паасобныя творы З. пераклалі Л.Салавей, У.Паўлаў.
Тв.:
Твори. Т. 1—6. Київ, 1979—81;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1986—87.
Літ.:
Фащенко В. Павло Загребельний. Київ, 1984;
Шпиталь А.Г. Історична проза Павла Загребельного. Київ, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРД ((Ird) Каарэл) (27.8.1909, Рыга — 25.2.1986),
эстонскі рэжысёр, акцёр.
Нар. арт. Эстоніі (1958). Нар. арт СССР (1970). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў студыі драм. мастацтва ў Тарту (1934—36). З 1940 гал. рэжысёр т-ра «Ванемуйне» (г. Тарту). Сярод пастановак: оперы «Агні помсты» Э.Капа (1945), «Бераг бур» Г.Эрнесакса (1958), «Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева (1962), «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча і «Лебядзіны палёт» В.Торміса (1966), «Джоні з Гвіяны» А.Буша (1969), «Піквікскі клуб» Р.Шантыра (1978); драм. спектаклі: «Мяшчане» (1946), «Ягор Булычоў і іншыя» (1950) М.Горкага, «Венецыянскі купец» (1958), «Карыялан» (1964) У.Шэкспіра, «Жыццё Галілея» (1961), «Швейк у другой сусветнай вайне» (1967) Б.Брэхта, «Дзікі капітан» Ю.Смуула (1965), «Сумленне» Э.Ранета (усе ў т-ры «Ванемуйне»), Пастаноўкі вылучалі глыбіня трактоўкі сцэн. вобразаў, арыгінальнае вырашэнне масавых сцэн. Сярод роляў: Ральф («Жыццё ў Цытадэлі» А.Якабсана), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу), Трыгорын («Чайка» А.Чэхава), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога). Дзярж. прэмія Эстоніі 1947. Дзярж. прэмія СССР 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕАПА́ТРА VII (Kleopatra; 69 да н.э., г. Александрыя, Егіпет — 30 да н.э.),
старажытнаегіпецкая царыца [51—48, 47—30 да н.э.], апошняя з дынастыі Пталамеяў. Дачка Пталамея XII, сястра, жонка, суправіцелька (з 51) Пталамея XIII, з якім сапернічала за ўладу. З 48 у выгнанні ў Сірыі. Пасля Александрыйскай вайны (47) вярнулася на трон з дапамогай Юлія Цэзара, які захапіўся разумнай і адукаванай царыцай (ад Цэзара яна мела сына Цэзарыёна). Пасля забойства Цэзара саюзніца і каханка Марка Антонія (пасля 41, з 37 яго жонка), падтрымлівала яго ў барацьбе з Актавіянам (Аўгустам). Пасля паражэння ў вайне з Рымам і ўступлення арміі Актавіяна ў Егіпет скончыла самагубствам. Паводле падання, ёй прынеслі ядавітую змяю, укус якой, паводле егіп. уяўленняў, абяцаў бессмяротнасць. Вобраз К. VII адлюстраваны ў л-ры (У.Шэкспір, Б.Шоу, П.Карнель) і выяўл. мастацтве (Дж.Цьепала, П.П.Рубенс і інш.).
Літ.:
Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;
Талашова Н. Клеопатра // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯЗЕ́ВІЧ (Кароль Ота) (4.5.1762, Асітэн каля г. Елгава, Латвія — 9.5.1842),
вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай. З бел. шляхты. Вучыўся ў Варшаўскай рыцарскай школе (1774—77). Служыў у кароннай артылерыі ў Беластоку, Седльцах, на Падоллі. Удзельнік вайны з Расіяй 1792, паўстання 1794, ген.-маёр. У час Мацяёвіцкай бітвы 1794 трапіў у палон. Пасля вызвалення з ліст. 1794 у Італіі, дзе ваяваў на баку Напалеона, у 1800 удзельнічаў у вайне супраць Аўстрыі, генерал брыгады. З 1801 у адстаўцы. У 1812 зноў на службе, генерал дывізіі ў штабе Ж.Банапарта. На чале 18-й дывізіі ваяваў пад Смаленскам, Барадзіном, у бітве на Бярэзіне камандаваў корпусам, паранены. У знак пратэсту супраць польск. палітыкі Напалеона ў 1813 выйшаў у адстаўку. Інтэрніраваны аўстр. ўладамі. У 1814 увайшоў у Вайсковы к-т для арганізацыі арміі Каралеўства Польскага. З 1815 у адстаўцы, жыў у Дрэздэне. У час паўстання 1830—31 пасланы паўстанцкімі ўладамі ў Парыж за падтрымкай, але вынікаў не дамогся, застаўся ў Парыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́ЦКІ КРЫ́ЗІС 1917,
палітычны крызіс у Расіі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Выкліканы супярэчнасцямі паміж рознымі паліт. плынямі па пытаннях аб вайне і міры. Пачаўся 20.4(3.5).1917 стыхійнай дэманстрацыяй пратэсту каля 15 тыс. салдат і матросаў Петраграда супраць ноты міністра замежных спраў П.М.Мілюкова ад 18.4(1.5).1917 пра намер Часовага ўрада працягваць вайну з Германіяй і яе саюзнікамі да перамогі. Па закліку бальшавікоў 21 крас. (4 мая) у Петраградзе адбылася 100-тысячная маніфестацыя пад лозунгамі заключэння міру і перадачы ўлады Саветам. Падобныя дэманстрацыі прайшлі ў Маскве, Рэвелі, Выбаргу. Рэзалюцыі супраць ноты Мілюкова прынялі таксама Мінскі [22 крас. (5 мая)] і Гомельскі [25 крас. (8 мая)] Саветы, сход дэлегатаў (2 тыс.чал.) вайск. падраздзяленняў Зах. фронту [27 крас. (10 мая)] і інш. Выканком Петраградскага Савета, у якім пераважалі меншавікі і эсэры, пайшоў на пагадненне з Часовым урадам. З урада былі выведзены міністры Мілюкоў і А.І.Гучкоў, увайшлі лідэры эсэраў і меншавікоў В.М.Чарноў, А.Ф.Керанскі, І.Г.Цэрэтэлі, М.І.Скобелеў.