АДАМО́Ў ((Adamov) Арцюр) (28.8.1908, г. Кіславодск, Расія — 15.3.1970),
французскі драматург. У 1914 сям’я эмігрыравала з Расіі. Вучыўся ў Майнцы і Жэневе. З 1924 жыў у Парыжы. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 1920-х г. сюррэалістычнымі вершамі. У 1942 быў вязнем канцлагера. Адчаем і разгубленасцю прасякнуты яго «Жахлівы дзённік» (1943) і аўтабіягр. аповесць «Прызнанне» (1946). У п’есах для «тэатра абсурду» (стваральнікам якога ён быў разам з Э.Іанеска і С.Бекетам) «Пародыя», «Уварванне» (абедзве 1950), «Прафесар Таран» (1953) і інш. паказваў безвыходнасць, трагічную марнасць, абсурднасць жыцця, непазбыўную адзіноту. У фарсе «Усе супраць усіх» (1953) чалавек — марыянетка гіст. сітуацыі — то кат, то ахвяра. Вострая сац. праблематыка вызначае п’есы для паліт. тэатра: камедыю «Пінг-понг» (1955), трагіфарс «Паола Паолі» (1957), паліт. гратэск «Палітыка адкідаў» (1962), трагікамедыю «Святая Еўропа» (1966), драму «Звыш меры» (1968) і інш. Аўтар зб.артыкулаў пра тэатр «Тут і зараз» (1964), кн. ўспамінаў «Чалавек і дзіця» (1968). Перакладаў п’есы А.Чэхава і М.Горкага, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» М.Гогаля.
Тв.:
Рус.пер. — Паоло Паоли // Пьесы современной Франции. М., 1960;
Весна семьдесят первого. М., 1968.
Літ.:
Проскурникова Т.Б. Французская антидрама. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБУКО́ЎНІКІ,
ананімныя рукапісныя зборнікі артыкулаў навучальнага і пазнавальна-энцыклапедычнага характару, пашыраныя на землях усх. славян у 13—18 ст. Захавалася больш за 200 азбукоўнікаў. Першыя азбукоўнікі (напр., азбукоўнікі ў Ноўгарадскай кормчай 1282) толькі тлумачылі незразумелыя іншамоўныя словы, што сустракаліся ў перакладных кнігах рэліг. зместу. Пазней тлумачэнні дапаўняліся звесткамі энцыклапедычнага характару па гісторыі, геаграфіі і інш. У 17—18 ст. азбукоўнікі пашырылі навуч. функцыю: іх часткамі сталі азбука (са складамі і пропісямі) і кароткія звесткі грамат., арыфм., рэліг.-павучальнага характару. Выконвалі і збіральніцкую функцыю (назапашванне рэдкіх слоў).
Словы ў азбукоўніках звычайна размяшчаліся па алфавіце, перакладаліся і тлумачыліся, таму азбукоўнікі сталі крыніцай для першых друкаваных слоўнікаў усх. славян. Прыкладам бел. азбукоўнікаў з’яўляецца «Тлумачэнне імёнам па алфавіце» (17 ст.).
Літ.:
Пруссак А.В. Описание азбуковников, хранящихся в рукописном отделении императорской Публичной библиотеки. Спб., 1915;
Алексеев М.П. Словари иностранных языков в русском азбуковнике XVII в. М., 1968;
Ковтун Л.С. Азбуковники, или Алфавиты иностранных речей конца XVI—XVII вв. // Вопросы языкознания. 1980. № 5.
В.К.Шчэрбін.
Да арт.Азбукоўнікі. «Книга глаголемая алфавит» (узор азбукоўніка-слоўніка, рукапіс 17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (26.7.1918, в. Закружка Мінскага р-на — 2.7.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1939). Працаваў у прэсе. Друкаваўся з 1935. У першай аповесці «Чужы грунт» (1939) выкрываў прыстасавальніцтва і падхалімства. У зб-ках апавяданняў «Шырокія азёры» (1951), «Рына-Марына» (1958), «Як вясну рабілі» (1985), аповесцях «На крутой гары» (пач. назва «Да ясных вышыняў», 1950—51) і «Сям’я Вішнёвых» (пач. назва «Далі сабе слова», 1968—70) і інш.асн. тэмы — вайна, пасляваен. аднаўленне, сяброўства, каханне, праблемы горада і вёскі. Апавяданні Грамовіча для дзяцей сваёй рамантычнай прыўзнятасцю, арнаментальным стылем нагадваюць вершы ў прозе (кн. «Першага верасня», 1949; «Сонца скрозь воблакі», 1964). У сатыр. і гумарыстычных творах (зб-кі «Нарасць», 1961; «Вадалей—гэтакдалей», 1975; «Залатая бранзалетка», 1977) асуджаў мяшчанства і бескультур’е. Аўтар успамінаў пра дзеячаў культуры і л-ры «У сховах памяці і сэрца» (1983), нарысаў, публіцыст. артыкулаў, сцэнарыяў фільмаў. Пераклаў на бел. мову асобныя творы У.Кочатава, М.Носава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́Н (Яраслаў Аляксандравіч) (27.7.1902, г. Дынаў, цяпер Польшча — 24.10.1949),
украінскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Венскім (1923—26), скончыў Кракаўскі (1928) ун-т. Удзельнічаў у рэв.падп. рабоце. Адзін з арганізатараў антыфаш. кангрэса па абароне культуры (Львоў, 1936). Першы твор — п’еса «Дон Кіхот з Этэнгайма» (1927). Аўтар п’ес «Груз» (1929), «Вераніка» (1930), «Каханне на досвітку» (нап. 1949), сатыр. камедыі «99%» (1930—31), трагедыі «Пад залатым арлом» (1947), апавяданняў і аповесцей, публіцыстычных артыкулаў, у якіх адлюстраваў складаныя, супярэчлівыя падзеі даваен. і пасляваен. зах.-ўкр. рэчаіснасці. Майстар сатыр. нарысаў, памфлетаў і фельетонаў (зб-кі «Фронт у эфіры», 1943; «Іх абліччы», 1948; «Перад тварам фактаў», 1949). Трагічна загінуў. Дзярж. прэмія СССР 1952. На бел. мову асобныя творы Галана перакладаў Г.Сапрыка.
Тв.:
Твори. Т. 1—4. Київ, 1977—80;
Бел.пер. — З крыжам ці з нажом: Памфлеты. Мн., 1954;
Рус.Пер. — Избранное. М., 1985;
Об этом нельзя забывать: Рассказы, очерки, памфлеты, пьесы. Киев, 1987.
Літ.:
Вартанов Г.И. Ярослав Галан: Очерк жизни и творчества. Львов, 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧАКО́Ў (Аляксандр Міхайлавіч) (15.6.1798, г. Хаапсалу, Эстонія — 11.3.1883),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, дзярж. канцлер (з 1867). Са стараж. княжацкага роду Гарчаковых. На дыпламат. службе з 1817. Да 1854 на розных дыпламат. пасадах у Лондане, Рыме, Берліне, Вене. У 1856—82 міністр замежных спраў. На Венскай канферэнцыі (1854) прадухіліў уступленне Аўстрыі ў Крымскую вайну 1853—56 на баку Францыі. Палітыка Гарчакова садзейнічала захаванню Расіяй нейтралітэту ў войнах Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866), Францыяй (1870—71). У 1871 на міжнар. канферэнцыі ў Лондане дамогся адмены абмежавальных артыкулаўПарыжскага мірнага дагавора 1856, падпісання канвенцыі, якая пацвердзіла суверэнныя правы Расіі на Чорным м. Удзельнік стварэння «Саюза трох імператараў» (1873). Забяспечыў нейтралітэт еўрап. дзяржаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Адмоўныя для Расіі вынікі Берлінскага кангрэса 1878 падарвалі прэстыж Гарчакова. У 1879 фактычна адышоў ад спраў, з 1882 у адстаўцы.
Літ.:
Семанов С.Н. А.М.Горчаков — русский дипломат XIX в. М., 1962;
Хитрова Н.И. Триумф А.М.Горчакова. Отмена нейтрализации Черного моря // Российская дипломатия в портретах. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЛІ́ЛЬ (Джалілаў) Муса Мустафіевіч
(15.2.1906, в. Мустафіна Арэнбургскай вобл., Расія — 25.8.1944),
татарскі паэт.Герой Сав. Саюза (1956). Скончыў Маск. ун-т (1931). Друкаваўся з 1919. Аўтар зб-каў паэзіі «Мы ідзём» (1925), «Ліст з акопа» (на рус. мове 1944), паэмы «Пісьманосец» (1938, выд. 1940), шматлікіх вершаў, лібрэта опер («Залатавалосая», 1941, Дзярж. прэмія СССР 1948; «Ільдар», 1941), літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. З 1941 на фронце. Цяжка паранены, у 1942 трапіў у палон. Вершамі працягваў падпольнае змаганне ў турме, за што быў пакараны смерцю. Блакнот з вершамі, напісанымі ў турме (больш за 100), быў перададзены з канцлагера на волю і склаў т.зв. «Маабіцкі сшытак» (1942—44, Ленінская прэмія 1957). Вершы гэтага цыкла прасякнуты верай у непераможнасць народа ў змаганні з фашызмам. На бел. мову творы Дж. пераклалі Э.Агняцвет, М.Аўрамчык, М.Гамолка, С.Гаўрусёў, Л.Дайнека, А.Пысін, Я.Семяжон і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Маабіцкі сшытак: Вершы. Мн., 1975;
Я гляджу на зоры. Мн., 1985.
Літ.:
Воздвиженский В.Г. «Моабитские тетради» Мусы Джалиля. М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБРО́ЎСКАЯ ((Dąbrowska) Марыя) (6.10.1889, г. Русаў, Польшча — 19.5.1965),
польская пісьменніца. У 1907—14 вучылася ў Лазанскім і Брусельскім ун-тах. Літ. дзейнасць пачала ў 1910-я г. Першыя зб-кі апавяданняў «Дзеці радзімы» (1918), «Галінка чарэшні» (1922) і «Усмешка дзяцінства» (1923) прысвечаны дзецям з іх своеасаблівым успрыманнем свету. У зб. навел «Людзі адтуль» (1926) паказаны жыццё і ўнутр. свет вясковай беднаты ў пач. 20 ст., у зб. «Прыкмета жыцця» (1938) — нялёгкае існаванне чалавека ў грамадстве. Самы вядомы твор Д. — эпічная тэтралогія «Ночы і дні» (1932—34), у якой намалявана гісторыя жыцця адной сям’і з 1860-х г. да 1-й сусв. вайны. Аўтар гіст. драм «Геній-сірата» (1939) і «Станіслаў і Багуміл» (1945), рамана-эпапеі «Прыгоды думаючага чалавека» (незакончаны, выд. 1970), «Дзённікаў» (1—5, выд. 1988), літ.-крытычных артыкулаў (зб. «Думкі аб падзеях і людзях», 1956).
Тв.:
Pisma wybrane. T. 1—3. Warszawa, 1956;
Бел.пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАВА́ЛЬНАЯ ГРА́МАТА,
назва заканад. актаў аб наданні правоў і прывілеяў манастырам, прыватным асобам або групам насельніцтва, якія выдаваў правіцель Стараж. Русі і Рас. імперыі (вял. князь, цар, імператар) у 12—18 ст.Найб. значныя — Д.г. гарадам і дваранству (абедзве ўведзены 21.4.1785 Кацярынай II). «Грамата на правы і выгоды гарадам Расійскай імперыі» складалася з «Гарадавога» і «Рамеснага» палажэнняў; рэгулявала становішча гараджан (падзяляліся на 6 разрадаў, у т. л. купецтва і мяшчанства) і работу органаў гар. самакіравання (гл.Гарадская дума). На Беларусі ў гарадах, якія мелі магдэбургскае права, захоўваліся магістраты, у судаводстве выкарыстоўваўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, яўр. насельніцтва гарадоў падпарадкоўвалася кагалу. Асн. палажэнні Д.г. гарадам дзейнічалі да гарадской рэформы 1870-х гадоў. «Грамата на правы, вольнасці і прывілеі высакароднага расійскага дваранства» складалася з уводзін, 4 раздзелаў і 92 артыкулаў; пацвярджала асн. палажэнні Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, прадугледжвала захаванне элітнай ролі дваран у грамадстве, у т. л. недапушчэнне ў дваранскае саслоўе асоб з боку падатковага насельніцтва. Асобныя заканад. палажэнні Д.г. дзейнічалі да 1917.
Літ.:
Российское законодательство X—XX вв. Т. 5. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСА́ЕЎ (Ягор) (Георгій) Аляксандравіч (н. 2.5.1926, в. Коршава Баброўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1955). Друкуецца з 1945. Аўтар лірычных вершаў, балад, паэмы «Над хвалямі Дуная» (1953). Лірыка-філас., антыфаш. дылогія «Суд памяці» (1962) і «Даль памяці» (1977, за абедзве паэмы Ленінская прэмія 1980) аб прычынах узнікнення фашызму ў Германіі, эмацыянальнае сведчанне сучасніка пра час, мір, працу і нар. спадзяванні, роздум пра лёс пасляваен. Еўропы. Творы вызначаюцца маштабнай вобразнасцю, сімвалічнасцю, абагульненасцю, вострадрам. успрыняццем жыцця, трагічным гратэскам, філас.-публіцыстычнай глыбінёй. Тэмы лірычнай сац.-філас. трылогіі з паэм «Мае асеннія палі», «Дваццаць пятая гадзіна», «Паляўнічы забіў жураўля» (1980-я г.) — вайна і мір, лёс чалавека і чалавецтва. Аўтар празаічных твораў, кніг пра псіхалогію творчасці, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў.
Тв.:
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1990;
Жизнь прожить М., 1979;
Колокол света. М., 1984, Чувство глагола. М., 1985;
Миг вечности: Поэмы. М., 1986.
Літ.:
Числов М.М. Егор Исаев. Очерк творчества. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1927. Прынята 11.4.1927 VIII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 13 глаў, 76 артыкулаў. БССР абвяшчалася дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, дзе ўся ўлада належыць Саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, замацоўваўся факт уваходжання БССР у склад СССР з правам свабоднага выхаду, вызначаліся правы рэспублікі самастойна прымаць сваю канстытуцыю і ўносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, вызначаць адм. падзел. Паўтараліся нормы Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919 адносна правоў і абавязкаў грамадзян. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян, ставілася задача яе аховы. Замацоўвалася права грамадзян свабодна карыстацца роднай мовай, нац. меншасцям забяспечвалася магчымасць навучання ў школе на роднай мове, абвяшчалася поўная роўнасць беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай моў, але аддавалася перавага беларускай у зносінах паміж дзярж., прафс., грамадскімі ўстановамі і арг-цыямі. Рэгламентавалася дзейнасць вышэйшых дзярж. органаў улады і кіравання. Упершыню зацвердзіла сістэму мясц. органаў дзярж. улады і кіравання ў адпаведнасці з адм.тэр. падзелам, замацавала нормы выбарчага права. У ёй упершыню, апрача дзярж. сімвалаў, названа сталіца БССР — г. Мінск.