АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),

вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАМАТЫ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

цыклічныя арган. злучэнні, атамы якіх ствараюць адзіную спалучаную (араматычную) сістэму сувязяў. Назва ад прыемнага паху першых адкрытых такіх злучэнняў.

У вузкім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць толькі бензольныя злучэнні: араматычныя вуглевадароды (арэны), напр. бензол, талуол, стырол, бі-, тры- і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з бензольных ядраў, напр. нафталін, антрацэн, і іх вытворныя (галагензмяшчальныя, аміны, нітразлучэнні, фенолы і інш.). Фіз. і хім. асаблівасці араматычных злучэнняў звязаны з існаваннем у іх замкнёнай электроннай абалонкі з π-электронаў. У параўнанні з ненасычанымі злучэннямі яны больш устойлівыя, удзельнічаюць пераважна ў рэакцыях замяшчэння і захоўваюць араматычную сістэму сувязяў. У шырокім сэнсе да араматычных злучэнняў адносяць таксама гетэрацыклічныя электронныя аналагі бензолу (пірыдзін, пірол, фуран, тыяфен), небензоідныя злучэнні тыпу азуленаў, баразолу, ферацэну і інш. Асн. крыніца араматычных злучэнняў — прадукты каксавання каменнага вугалю, перапрацоўкі нафты (гл. Араматызацыя). Араматычныя злучэнні — прадукты прамысл. арган. сінтэзу (палімеры, фарбавальнікі, лекавыя сродкі, выбуховыя рэчывы).

Араматычныя злучэнні: 1 — бензол; 2 — талуол; 3 — стырол; 4 — нафталін; 5 — антрацэн.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДБО́РУ ПРА́ВІЛЫ ў фізіцы,

умовы, што вызначаюць магчымасць пераходу квантавых сістэм (ядраў, атамаў, малекул і інш.) з пачатковага стану ў канчатковы пры фіз. працэсах, звязаных з выпрамяненнем і паглынаннем энергіі.

Адбору правілы выражаюць выкананне пэўных захавання законаў у дадзеным працэсе і фармулююцца ў выглядзе суадносін паміж квантавымі лікамі. Аснова тэарэт. вызначэння адбору правілаў — патрабаванне адрознення ад нуля імавернасці пераходу паміж пач. і канчатковым станамі сістэмы, напр., імавернасць дыпольных пераходаў, звязаных з выпрамяненнем святла атамам, адрозніваецца ад нуля пры змене квантавых лікаў; ΔL = ±1, Δs = 0, ΔI = 0 або ±1 (за выключэннем, калі I = 0 у пач. і канчатковым станах), дзе I, L і s — адпаведна квантавыя лікі поўнага моманту імпульсу электроннай абалонкі, арбітальнага моманту і агульнага спінавага моманту электронаў. Пераходы, якія падпарадкоўваюцца адбору правілам дыпольнага выпрамянення, наз. дазволенымі, у адваротным выпадку — забароненымі (іх імавернасць у атамах вельмі малая). Адпаведныя адбору правілы існуюць у ядз. спектраскапіі і фізіцы элементарных часціц.

Л.​М.​Тамільчык.

т. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААМІЦЭ́ТЫ (Oomycetes),

клас (аддзел) ніжэйшых грыбоў. Уключае 4 парадкі: сапралегніяльныя, лептамітавыя (Leptomitales), лагенідыевыя (Lagenidiales), перанаспаральныя; 70 родаў, каля 550 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі каля 100 відаў з парадкаў перанаспаральных і сапралегніяльных. Сапратрофы і паразіты. Водныя і наземныя формы. Некаторыя ааміцэты развіваюцца на рэштках раслін, трупах насякомых і інш. дробных жывёл. Шмат ааміцэтаў паразітуе на водарасцях, водных грыбах, чарвях, ікры, маляўках рыб і амфібій, вышэйшых раслінах. Вегетатыўнае цела (міцэлій) грыбоў пераважна добра развітае, шмат’ядравае, няклетачнае. Бясполае размнажэнне зааспорамі (маюць 2 жгуцікі), радзей канідыямі. Вынік палавога працэсу — ааспора, пераходзіць у стан спакою, у якім ааміцэты пераносяць неспрыяльныя ўмовы. Выклікаюць захворванні культ. раслін: фітафтароз бульбы, памідораў і інш. паслёнавых, караняед цукр. буракоў, чорную ножку розных с.-г. культур, мільдзю вінаграду і інш.

У адрозненне ад большасці інш. грыбоў, каркасным рэчывам клетачнай абалонкі з’яўляецца цэлюлоза і глюкан, а не хіцін, што сведчыць пра паходжанне ааміцэтаў ад продкаў жоўта-зялёных водарасцяў або ад флагелятаў.

Літ.:

Жизнь растений. М., 1976. Т. 2. С. 35—64.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́Х (Juglans),

род кветкавых раслін сямейства арэхавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўднёвай Еўропе, Азіі, Амерыцы. У некаторых месцах утвараюць так званыя арэхавыя лясы. Шэраг відаў вырошчваюць з прамысловымі мэтамі. На Беларусі ў паўднёвых і заходніх раёнах, у садах і парках вырошчваюць як інтрадукаваныя дэкаратыўныя і арэхаплодныя культуры арэх грэцкі (J. regia), маньчжурскі (J. mandshurica), шэры (J. cinerea), чорны (J. nigra) і інш.

Лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 м з разгалістай кронай. Лісце буйное, складанае няпарнаперыстае. Кветкі раздзельнаполыя: мужчынскія ў доўгіх каташках, жаночыя адзіночныя або па некалькі ў гронках. Плод касцянкападобны з вонкавай мясістай зялёнай абалонкай і цвёрдай дравяністай унутранай; мае гаспадарчую назву «арэх». Ядры арэхаў (насенне) смачныя, багатыя алеем (да 68%), бялкамі (да 18%), вугляводамі. Выкарыстоўваецца ў харчовай і кандытарскай прамысловасці. Лісце і абалонкі пладоў маюць вітамін C і дубільныя рэчывы. Драўніна арэха прыгожая, цвёрдая, з малюнкам; з яе робяць мэблю, музычныя інструменты і інш.

Арэх грэцкі.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛО́ЗЫ,

органы (клеткі) жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць спецыфічныя фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны, слізь, сліна, мускус і інш.) і ўдзельнічаюць у розных фізіял. функцыях і біяхім. працэсах у арганізме. Большасць З. утвораны эпітэліяльнай тканкай і добра рэгенерыруюць. Адрозніваюць залозы ўнутранай сакрэцыі (эндакрынныя) і З. знешняй сакрэцыі (экзакрынныя), якія праз вывадныя пратокі выдзяляюць сакрэты на паверхню цела, слізістых абалонак або ў знешняе асяроддзе (потавыя, слінныя, малочныя, васковыя З. насякомых і інш.). Паводле тыпу сакрэцыі адрозніваюць З. меракрынныя (без страты цытаплазмы), апакрынныя (з адрывам верхавінкі клеткі з сакраторным уключэннем) і галакрынныя (з парушэннем сакраторнай клеткі). Бываюць аднаклетачныя (напр., бакалападобныя клеткі эпітэлію слізістай абалонкі кішэчніка і дыхальных шляхоў) і шматклетачныя (напр., большасць З. эндакрыннай сістэмы). Адрозніваюць простыя З. (іх вывадная пратока звязана з адным канцавым сакраторным аддзелам) і складаныя (у іх агульны ход выводзіцца сакрэт некалькіх або многіх канцавых сакраторных аддзелаў). Удзельнічаюць у працэсах абмену рэчываў і энергіі, рэгуляцыі жыццядзейнасці арганізма, ахоўваюць цела ад уздзеяння шкодных фактараў знешняга асяроддзя.

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕСКО́П (ад грэч. kinēsis рух + ...скоп),

прыёмная электронна-прамянёвая прылада для ўзнаўлення тэлевізійных відарысаў. Выкарыстоўваецца для стварэння чорна-белых і каляровых відарысаў непасрэдна на экране або пры праектаванні відарыса на знешні экран.

Бываюць манахромныя і каляровыя. Манахромны К. мае вакуумна-шчыльную абалонку з гарлавінай і шкляным дном. У гарлавіну ўбудаваны электронны пражэктар, які фарміруе электронны пучок з інтэнсіўнасцю, што змяняецца ў адпаведнасці з відэасігналам. У месцах падзення такога пучка на люмінесцэнтны экран на ўнутранай паверхні дна абалонкі ўзнікае свячэнне, яркасць якога прапарцыянальная інтэнсіўнасці пучка. У каляровых К. люмінесцэнтны экран складаецца з мноства люмінафорных элементаў (у форме кружочкаў ці палосак), якія свецяцца чырвоным, зялёным або сінім колерам пад уздзеяннем аднаго з трох электронных пучкоў, сфарміраваных трыма электроннымі пражэктарамі.

А.​П.​Ткачэнка.

Маскавы каляровы кінескоп: 1 — мазаічны люмінафорны экран; 2 — ценявая маска для раздзялення колераў; 3 — электронныя пражэктары.
Да арт. Кінескоп: а — мазаічная структура экрана; б — штрыхавая структура экрана: 1 — электронныя пучкі; 2 — ценявая маска; 3 — экран.

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЧЭ́ННЕ 1) К. ў супраціўленні матэрыялаў — від дэфармацыі, які характарызуецца ўзаемным паваротам папярочных сячэнняў стрыжня (вала, пласціны, абалонкі) пад уздзеяннем знешніх момантаў сілы (пар сіл).

Пры К. прамога круглага стрыжня ўзнікаюць датычныя напружанні τmax, максімальныя каля яго паверхні: τmax = Mk Ip r , дзе Mk — момант сілы, Ip — палярны момант інерцыі, r — радыус сячэння. Пры К. някруглых стрыжняў (напр., швелераў, двухтаўраў) іх папярочныя сячэнні скрыўляюцца (дэплануюцца) і К. наз. абмежаваным; пры К. пласцін і абалонак скрыўляюцца іх пасярэднія паверхні. К. ўлічваюцца пры разліках дэталей, механізмаў і канструкцый.

2) К. тэкстыльных матэрыялаў — скручванне валокнаў або нітак пры вырабе кручанай пражы, корду, шпагату і інш. на круцільных машынах. Скручанасць атрыманых прадуктаў характарызуецца круткай — лікам віткоў на 1 м даўжыні, вуглом нахілу вонкавых валокнаў або нітак да падоўжнай восі і напрамкам круткі.

І.​І.​Леановіч.

Кручэнне круглага вала, замацаванага адным канцом: r — радыус вала; l — даўжыня; Θ — вугал закручвання; Мк — момант кручэння; τmax — найбольшыя датычныя напружанні.

т. 8, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДШАФТАЗНА́ЎСТВА,

раздзел фізічнай геаграфіі, які вывучае прыродныя тэрытарыяльныя комплексы — ландшафты геаграфічныя як часткі геагр. абалонкі Зямлі. Уключае вучэнне пра асн. заканамернасці фізіка-геагр. дыферэнцыяцыі, фізіка-геагр. раянавання і ўласна вучэнне пра геагр. ландшафты; паходжанне, структуру, прасторава-часавую дынаміку ландшафтаў пад уздзеяннем прыродных і антрапагенных фактараў, марфалогію, геахімію і геафізіку ландшафтаў. Вылучаюць прыкладное, меліярацыйнае, антрапагеннае Л. і інш. раздзелы. Асн. метад Л. — палявое даследаванне, якое суправаджаецца ландшафтнай здымкай. Тэарэт. асновы Л. закладзены ў працах В.В.Дакучаева, С.В.Калесніка, М.​А.​Сонцава, А.​Р.​Ісачанкі, В.​Б.​Сачавы. На Беларусі ў галіне Л. найб. вядомы працы А.А.Смоліча, М.Ф.Бліадухо, В.А.Дзяменцьева. Сістэматычныя даследаванні вядуцца з 1950-х г. Праведзены дэталёвыя даследаванні марфалогіі, структуры, тэр. заканамернасцей размяшчэння ландшафтаў. У БДУ распрацавана сістэма фізіка-геаграфічнага раянавання Беларусі. У 1984 выдадзена ландшафтная карта Беларусі.

Літ.:

Дементьев В.А., Марцинкевич Г.И. Ландшафты северной и средней Белоруссии (опыт классификации). Мн., 1968;

Марцинкевич Г.И., Клицунова Н.К., Мотузко А.Н. Основы ландшафтоведения. Мн., 1986.

В.​С.​Аношка.

т. 9, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, у малекулах якіх адна ці некалькі нітрагруп -NO2 непасрэдна звязаны з атамамі вугляроду. Паводле колькасці нітрагруп Н. падзяляюць на мона-, ды- і полінітразлучэнні. Адрозніваюць аліфатычныя, араматычныя, тлушчаараматычныя (з нітрагрупай у бакавым аліфатычным ланцугу, напр., фенілнітраметан C6H5NO2) і інш.

Найпрасцейшыя нітралканы бясколерныя вадкасці (напр., нітраметан); араматычныя Н. — высокакіпячыя вадкасці (напр., нітрабензол) ці нізкаплаўкія крышт. рэчывы з характэрным пахам. Многія полінітразлучэнні, пераважна араматычныя — выбуховыя рэчывы. Аліфатычныя Н. атрымліваюць вадкафазным ці парафазным нітраваннем сумесі этану, прапану і бутану, вылучанай з прыроднага газу ці пры перапрацоўцы нафты; араматычныя — пераважна электрафільным нітраваннем. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, шэраг Н. у якасці біялагічна актыўных рэчываў (гербіцыды, фунгіцыды, антыбактэрыяльныя сродкі), аліфатычныя Н. як растваральнікі ў лакафарбавай прам-сці і вытв-сці палімераў, для дэпарафінізацыі нафты і інш., араматычныя — у вытв-сці выбуховых рэчываў, фарбавальнікаў, некаторыя як пахучыя рэчывы. Таксічныя: аліфатычныя раздражняюць слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй, з’яўляюцца клетачнымі ядамі агульнага ўздзеяння; араматычныя — прыгнечваюць нервовую і асабліва крывятворную сістэмы.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 11, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)