пракансультава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго.
Даць кансультацыю па якому‑н. пытанню. Сакратар сашчапіў рукі, схіліў набок галаву — так яму, мабыць, лягчэй было вымаўляць словы. — Дык вось, та-ва-а-арыш Ка-аліна, трэба спачатку а-акты са-аставіць, у-у-улік пра-а-авесці. Зойдзеш у выканком, та-ам цябе пракансультуюць. Асіпенка. Пракансультаваўшы колькі хворых, Яраш зноў адчуў сябе стомленым. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праны́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Здольны ўсюды паспяваць, пранікаць, прабірацца, дзякуючы спрыту, хітрасці. Гэта было такое пранырлівае дзяўчо, што магло з-пад курыцы яйкі ўкрасці. Чарнышэвіч. Побач з .. [Ваўчком] відаць была камлюкаватая постаць Андрэя Вабейкі — пранырлівага камандзіра гаспадарчага ўзвода атрада, чалавека, пра якога партызаны гаварылі, што калі ён захоча, дык з-пад зямлі дастане. Хадкевіч. // Праніклівы, хітры (пра вочы). Пранырлівыя вочы Сімона.. кінуліся ўправа, улева. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыбіра́льня, ‑і, ж.
1. Пакой, у якім адзяваюцца, прыводзяць у парадак свой знешні выгляд. // Памяшканне ў тэатры, дзе акцёры грыміруюцца і адзяваюцца перад прадстаўленнем. Акцёрскія прыбіральні.
2. Памяшканне для адпраўлення натуральных патрэб, мыцця і пад. — Абмінуў хлеў, бачу — прыбіральня, а ля яе — ход на двор. М. Ткачоў. Умываліся над парашаю, бо ўмывальнікі знаходзіліся ў прыбіральні і трэба было чакаць, пакуль адамкнуць камеру. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыплы́сці і прыплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. прыплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.
Плывучы, дасягнуць якога‑н. месца, прыбыць куды‑н. У тыю ж ноч, пад раніцу, прыплылі на лодцы са старым рыбаком дзедам Лаўрэнам Цімох Бураў і Алена Рыгораўна. Шамякін. Шмат год таму назад, калі яшчэ на месцы сённяшняй сталіцы Ісландыі было голае месца, першымі сюды прыплылі нарманы. Матрунёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пры́цемна, прысл.
1. На світанні або на змярканні, прыцемкам. Ты прыцемна будзеш у Шацку, Пранікнеш у змроку цішком... Бялевіч.
2. безас. у знач. вык. Цемнавата. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана, і не паліўшы яго — прыцемна. Баранавых. Хаця было прыцемна, але востры позірк Варыва прыкмеціў на руках у старасты валёнкі і коўдру, а на плячы — вінтоўку. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабфа́к, ‑а, м.
У СССР з 1919 г. да канца 30‑х гадоў — рабочы факультэт (агульнаадукацыйная ўстанова для паскоранай падрыхтоўкі рабочых і сялян да заняткаў у вышэйшай школе). Было шумна і людна каля будынка рабфака ў дзень экзаменаў. Колас. [Максімаў] быў чалавек ужо сталага ўзросту, да паступлення ва універсітэт скончыў рабфак, а яшчэ да таго працаваў старшынёй калгаса, а пасля і сельсавета. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разві́ліна, ‑ы, ж.
1. Раздвоены ствол, сук і пад., а таксама месца, дзе пачынаецца раздваенне. Развіліны рог. □ Вось і той стары каржакаваты дуб. Стаіць ён з тым жа комам снегу, заціснутым між развілін. Колас.
2. Месца разыходжання (звычайна надвае) дарогі і пад. Для свайго майстравання дзед выбраў месца ў развіліне рэчкі і ручайка, дзе было намыта многа дробнага белаватага пяску. Рылько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разо́к, ‑зка і ра́зік, ‑а, м.
Разм. Памянш.-ласк. да раз (у 1, 2 знач.). Страх як бы адступіў, і зноў з’явіліся адчайная смеласць, азарт паляўнічага на страшнага звера, жаданне рызыкнуць яшчэ разок. Шамякін. Мікітку Адамавага яна ўжо разок бачыла. Радкі два было тады яму. Ракітны. Шапнуў ён: «Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь!» Яму з дакорам я прамовіла: «Адстань!» Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рысо́ра, ‑ы, ж.
Пруткая частка ў экіпажы, аўтамабілі, вагоне і пад. (звычайна ў выглядзе спружыны), якая знаходзіцца паміж восямі і кузавам і служыць для змякчэння штуршкоў пры яздзе. Конюх запрагае каня ў вазок на рысорах. Мурашка. Вагоны мякка на рысорах Скрыпяць. Калачынскі. Было відно, што калі яшчэ так праехаць, то не толькі шкло не вытрымае, а і рысоры наўрад ці астануцца цэлыя. Кулакоўскі.
[Фр. ressort.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самацёк, ‑у, м.
1. Рух вадкасці або сыпкіх рэчываў сілай свайго цяжару.
2. перан. Ход якой‑н. справы, працы без плана, без кіраўніцтва; стыхійнае ажыццяўленне чаго‑н. Гэту работу неабходна праводзіць з вялікай актыўнасцю, мэтанакіраванасцю, не дапускаючы ніякага самацёку. Машэраў. Неабходна было ініцыятыву работнікаў завода накіраваць у патрэбнае рэчышча, знішчыць самацёк, унесці ў працоўны працэс пэўную сістэму і планавасць. Кудраўцаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)