паведамле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. паведамляць — паведаміць.

2. Тое, аб чым паведамляюць. Важнае паведамленне. □ Паведамленне бацькі моцна ўразіла Міхася. Чарнышэвіч. // толькі мн. (паведамле́нні, ‑яў). Звесткі, якія перадаюцца, паведамляюцца. Апошнія паведамленні. Паведамленні бюро надвор’я. □ Увечары часта разам заседжваліся [сябры] каля рэпрадуктара, трывожна слухалі паведамленні з фронту... Мележ. // Невялікі даклад, інфармацыя. Навуковае паведамленне. Зрабіць паведамленне на канферэнцыі.

3. Дакумент, які ўтрымлівае звесткі аб чым‑н. Паведамленне на пасылку. □ Наташа дастала паведамленне, знайшла патрэбнае слова «залічана». Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паві́ннасць, ‑і, ж.

Абавязак, які накладаецца дзяржавай або грамадствам на насельніцтва. Воінская павіннасць. Працоўная павіннасць. □ З цягам часу ваенная і духоўная знаць разам з абшчыннай уласнасцю узурпіравала і звязаныя з ёю павіннасці. Маркс. У 1503 годзе, калі ў Магілёве быў заснаваны замак — драўляны астрог, мусілі магілёўцы адбываць яшчэ замкавую павіннасць. Шынклер. // перан. Разм. Наогул абавязак, тое, што абавязкова трэба зрабіць, выканаць. Я веру, што час нечаканай разлукі Як злую павіннасць прыму. Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. з інф. Займець намер што‑н. зрабіць. Намерыцца паехаць у падарожжа. □ Рыгор Яўхімавіч цвёрда намерыўся заўтра ж пагутарыць з .. Дашчынскай. Асіпенка. Набраўшы вады, дзяўчына ўжо звыкла намерылася пацягнуць вочап і раптам адумалася. Мележ.

2. Нацэліцца; падняць што‑н. для выстралу, удару і пад. Ён намерыўся і стрэліў. □ [Вайсковец:] — Я падпусціў .. [чалавека] на крокаў дзесяць, намерыўся і шпурнуў у яго сякерай — іншай зброі ў той момант са мной не было. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напру́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

1. Зрабіць пругкім. Напружыць мускулы. □ Ціма напружыў цела, узмахнуў некалькі разоў рукамі, заграбаючы пад сябе ваду, і зноў пачаў апускацца, слабець. Пальчэўскі.

2. перан. Узмацніць, павысіць ступень праяўлення чаго‑н. (пра памяць, зрок, слых і г. д.). Мазанік напружыла ўсю сваю волю, усю вытрымку і ветліва ўсміхнулася салдату. Пятніцкі. Канстанцін Сяргеевіч напружыў зрок і пазнаў высокую постаць Жэні Коржаня і крыху ніжэйшую Цімы Дакутовіча. Трэцяга ён не ведаў. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыско́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. што. Зрабіць больш скорым, імклівым. Вася выйшаў на дарогу, што бегла напрасцяк ад ракі цераз луг, і яшчэ больш прыскорыў хаду... Краўчанка. Калі яны заўважылі невысокую жанчыну ў сінім берэце і асеннім паліто, то прыскорылі крокі. Няхай.

2. што. Наблізіць наступленне чаго‑н.; паскорыць. Прыскорыць ад’езд. □ Вярнуўся з Даманава — давялося вырашаць розныя тэхнічныя справы, каб прыскорыць рамонт экскаватара. Краўчанка.

3. каго. Прымусіць рабіць скарэй; падагнаць. Прыскорыць расказчыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пату́гі, ‑туг; адз. патуга, ‑і, ДМ ‑тузе, ж.

1. Напружанае скарачэнне мышцаў пры якім‑н. дзеянні. Родавыя патугі. □ Зыгмусь толькі дрыгаў нагамі.., робячы адчайныя патугі вызваліцца з нечаканага палону. Лынькоў.

2. перан. Напружаныя намаганні, спробы зрабіць што‑н. Патугі непрыяцеля марныя. Яны не засцяць галоўнага — шчырасці, дружбы. Мележ. Генрыху Візэнеру не пашанцавала ў службе. Да гэтага на працягу ўсяе вайны ён ішоў толькі ўгару, праўда павольна, з патугамі, але ўпэўнена. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасмыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Зрабіць сутаргавы рух чым‑н. — Табе холадна? — спытаўся Валодзя, убачыўшы, што Ларыса перасмыкнула плячыма. Арабей. Канёк апусціў галаву, перасмыкнуў нагамі і застыў на месцы. Лупсякоў. // што. Перакрывіць твар, рысы твару. Алеся .. павольна, нават здзіўленымі вачыма, правяла гэтую пару, і нешта нервовае перасмыкнула яе твар. Пестрак. Ганарыстая, з’едлівая ўсмешачка перасмыкнула .. [Чэсіны] румяныя вусны. Брыль. / у безас. ужыв. Шыковіча перасмыкнула ўсяго. Ён не верыў сваім вушам. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аблягчы́ць, аблягчу, аблегчыш, аблегчыць; аблегчым, аблегчыце, аблегчаць; зак.

1. каго-што. Зрабіць больш лёгкім, вызваліць ад лішняга грузу.

2. што. Спрасціць (будову, спосаб чаго‑н.). Аблягчыць канструкцыю машыны.

3. што. Супакоіць, вызваліўшы ад цяжкага фізічнага або маральнага стану. Лякарства аблягчыла боль. □ [Марылі] хацелася зараз жа стаць у рады байцоў, быць бліжэй да мужа і побач з ім змагацца за Радзіму. Мусіць, толькі гэта магло б аблягчыць душу, знішчыць балючы сум, незадаволенасць сабою. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абнаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.

1. Паправіўшы, адрамантаваўшы, надаць старому, зношанаму выгляд новага; аднавіць, паднавіць. Абнавіць мэблю ў кватэры. // перан. Зрабіць іншым, новым; адрадзіць, ажывіць. Абнавіць духоўныя сілы. □ [Бедны і Крапіва] не проста напоўнілі традыцыйную байку новым зместам, а абнавілі і самую яе форму. Казека.

2. Папоўніць што‑н., уносячы новае, замяніць устарэлае новым. Абнавіць наглядную агітацыю. Абнавіць склад рэдкалегіі. Абнавіць рэкорд. Абнавіць праграму канцэрта.

3. Разм. Ужыць, выкарыстаць першы раз новую рэч. Абнавіць паліто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абцяжа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; заг. абцяжар; зак., каго-што.

1. Зрабіць цяжкім, вагавітым. Наліліся антонаўкі сокам густым, Абцяжарылі нізкія яблыні. Панчанка. // Выклікаць адчуванне стомленасці. Нават зморанасць, якая абцяжарыла ногі і рукі, была прыемнай. Мележ.

2. перан. Нарабіць многа клопату, непрыемнасці, цяжкасцей. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)