злажы́цца, злажуся, зложышся, зложыцца; зак.
1. Даць грошы на якую‑н. агульную справу (пра ўсіх, многіх); скласціся (у 6 знач.). — Таварыш кантралёр! — рэзка падняў руку пасажыр у капелюшы, у добрым лёгкім паліто.. — Колькі з гэтай жанчыны патрэбна?.. Я плачу за яе, ці мы .. усе пасажыры зложымся. Скрыган.
2. Прыняць адпаведную позу для стральбы па цэлі. Сяргей злажыўся і стрэліў, фанера з малюнкамі перавярнулася дагары нагамі. Гурскі.
3. Разм. Набыць навыкі, спрыт у выкананні якой‑н. работы. — Я шафёр.. У салдатах злажыўся і правы цяпер маю. Думаю на базе з пад’ёмнага крана за руль сесці. Пташнікаў. Як падымалі, трывожылі думку і некуды звалі.. кніжкі! І можа ад тых кніжак я сам злажыўся пісаць... Скрыган.
4. Атрымацца ў працэсе творчасці. Я падслухаю Гэты шум лістоў, А з іх гутаркі Песня зложыцца. Колас. // Узнікнуць, з’явіцца (пра погляды, думкі і пад.). У яго галаве злажыліся выразныя думкі наконт знойдзенага кавалка жалеза. Гартны.
5. Арганізавацца, стварыцца. — Цяпер я зноў у Загор’і. У нас тут злажыўся краязнаўчы гурток. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звані́ць, званю, звоніш, звоніць; незак.
1. Выклікаць, ствараць звон, удараючы ў што‑н., чым‑н. Дае дарэктару ён бляху. — Звані ў яе, бі, чым папала, Абы мацней яна гучала — На ўсю Свяржэнскую граду! Колас. Каля адной крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі, — пакупнікоў заклікаюць. Якімовіч. // Ствараць звон (пра які‑н. механізм, апарат). Будзільнік звоніць. Куранты звоняць. Тэлефон звоніць. // Падаваць сігнал званком. Званіць на ўрок. // Удараць у звон, апавяшчаючы пачатак службы ў царкве. Калі з ветрам, дык тут у хвойнічку нават чуваць, як вызвоньваюць гадзіны на замкавай вежы або як звоняць на імшу ў касцёле ці царкве. Чорны.
2. перан. Разносіць чуткі, плёткі; нагаворваць на каго‑н. — Уся вёска звоніць, што калгасам цяпер кіруеш не ты, а Кацубіха. Шамякін.
3. Выклікаць да тэлефона званком тэлефоннага апарата; гаварыць па тэлефоне. — Мне не званілі? — на хаду запытаўся сакратар. — Не, — адказала Зоя. Асіпенка. Дадому Алесь ехаў адзін: Кібрык пайшоў некаму званіць па тэлефоне. Шыцік.
•••
Званіць ва ўсе званы — расказваць усім пра што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́ціць 1, мечу, меціш, меціць; незак.
1. у каго-што і без дап. Старацца папасці ў каго‑, што‑н.; цэліць. Наспяваўшыся, хлопцы пачынаюць кідацца шышкамі. Мецяць у пабелены каменны слупок на насыпе, які служыць нейкім чыгуначным знакам. Навуменка.
2. з інф. Мець намер, намервацца ажыццявіць якое‑н. дзеянне. Тут закаваны ланцугом Фугасы рурскай маркі, Што мецілі мой мірны дом Разнесці на кавалкі. Калачынскі. Хвастом віляе, а ўкусіць меціць. Прыказка.
3. Разм. Імкнуцца стаць кім‑н., заняць якое‑н., часцей больш высокае становішча. Дзіка і сама меціла не абы-куды, а ніяк не ніжэй, як у кандыдат навук. Васілевіч. // каго. Намячаць каго‑н. на якую‑н. пасаду, становішча і пад. Не было сакрэтам, што мецілі на .. пасаду [сакратара парткома] галоўнага тэхнолага. Карпаў.
ме́ціць 2, мечу, меціш, меціць; незак., каго-што.
Ставіць на кім‑, чым‑н. адметны знак, метку. Увечары Ліда расказала брату, як яна меціла птушак. Пальчэўскі. [Ян Лайган і Нікіфаровіч] сыходзіліся разам, нешта прыкідвалі, мецілі дошкі алоўкам і зноў браліся за гэблі і долаты. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Тое, што і каціць (у 1 знач.), аднак абазначае рух, які адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Качаць бярвенне. □ Дзеці дружна на бульвары Абручы качаюць. А. Александровіч. На палубе матросы качаюць бочкі, носяць скрынкі. Сіпакоў.
2. Размякчаючы рукамі і рухаючы па якой‑н. паверхні, надаваць чаму‑н. акруглую форму. Глядзелі хлопцы, як на дзіва, Як дзядзька, цеста замяшаўшы, Качаў галушкі, міску ўзяўшы. Колас.
3. Паварочваць з боку на бок у чым‑н. сыпкім, вязкім. Качаць рыбу ў муцэ. Качаць бульбіну ў тлушчы.
4. Разгладжваць, выпростваць з дапамогай качалкі, качалак. Качаць бялізну. // Спец. Рабіць пракатку. Качаць ліставое жалеза.
5. Разм. Падкідваць каго‑н. на руках, выражаючы радасць, захапленне і пад. А тут падхапілі Міколку на рукі і ну качаць. Лынькоў. Адкасілі шчыра — Сенажаці чыстыя... І качаюць брыгадзіра Дзецюкі плячыстыя. Маляўка.
6. Валіць на зямлю, перамагаць (пры дужанні, бойцы і пад.). [Валя] абівала ў мяне з плячэй снег, калі Пеця качаў нас у гурбах. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ён, яго, яму, ім, аб ім; мн. яны; займ. асаб. 3 ас. адз. м.
1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка мужчынскага роду адзіночнага ліку, які абазначае, звычайна ў папярэднім кантэксце, прадмет гаворкі. Нават калі скінуць гадоў пятнаццаць з плячэй дзеда Талаша, то і тады ён быў ужо немалады. Колас. Сцяпан Варанец падышоў да параненага і, разадраўшы на ім кашулю, пачаў перавязваць. Крапіва.
2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежнага займенніка; ягоны. Яго дзеці. Яго работа. □ Крыніцы неадольнай магутнасці савецкага народа і яго арміі, якія разграмілі мацнейшага ворага, закладзены ў самой прыродзе сацыялістычнага ладу. «Звязда». Яго гнуткае цела згіналася і разгіналася, як сталёвая спружына. Мурашка.
3. У спалучэнні з «вось» ужываецца ў знач. узмацняльнай або ўказальнай часціцы. Канец вайне! Вось ён — глыбокі тыл! Як ціха тут! Як марыцца салодка. З. Астапенка.
•••
Бог (чорт, пярун, ліха, халера) яго ведае гл. бог.
Вось я яго (іх, ім) гл. я.
Хто яго ведае гл. хто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насла́ць 1, нашлю, нашлеш, нашле; нашлём, нашляце; зак., каго-чаго.
1. Прыслаць у вялікай колькасці. Наслаць кніг. Наслаць людзей.
2. Напусціць на каго‑н. няшчасце, бяду і пад. А ліха следам па дарозе За імі ўпотайку бяжыць. Дагнала бедную Марынку, Наслала ёй цяжкую хвор. Колас. — Што ты гаворыш! — не вераць суседзі. — Глядзі, каб не паслаў.. [вядзьмар] на цябе бяды... Якімовіч.
насла́ць 2, ‑сцялю, ‑сцелеш, ‑сцеле; заг. насцялі; зак.
1. чаго. Разаслаць, раскласці, пакласці раўнамерным слоем на паверхні чаго‑н. у якой‑н. колькасці. Замест сеннікоў на нары [хлопцы] наслалі саломы. Карпаў. Павячэраўшы, мы паслалі насечаных яловых лапак, накрылі іх посцілкамі і ляглі. Ляўданскі.
2. што і чаго. Пакласці шчыльна ў рад (дошкі, бярвенне і пад.).
3. што. Зрабіць, пабудаваць насціл (з дошак, бярвення і пад.). Тут хаце і стаць. Шыферам пакрыта. Засталося паслаць падлогу, столь пакласці і — грымі наваселле! Савіцкі. Праз два крокі .. [Шабуніха] адчула галлё, — гэта былі, відаць, рэшткі грэбелькі, якую спехам паслалі былі на падатным грунце. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нахлы́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Імкліва, раптам набегчы, нацячы ў вялікай колькасці (пра вадкасць, туман і пад.). Як аказалася, з акіяна нахлынула раптам вялікая хваля і нечакана акаціла ўсіх адпачываючых халоднай вадой. Лынькоў.
2. перан. Раптоўна прыйсці, набегчы, з’явіцца ў вялікай колькасці. Неўзабаве перад тым днём, калі ўсе гады пачыналася вучоба, нахлынулі.. акупанты і занялі школу пад нейкі свой штаб. Кулакоўскі. За час гаворкі раз-пораз заглядалі рабочыя. Як толькі пайшоў дырэктар, яны адразу нахлынулі ў кабінет. Скрыган. // Нечакана наступіць, узнікнуць. Вяселле павінны былі гладзіць на Пятра, але тут якраз нахлынула вайна. Адамчык. А ў небе тым часам ужо дужаецца сонца з густой замессю хмар, і на зямлі то прамчыцца іх цень, то нахлыне спякота. Быкаў.
3. перан. Узнікнуць, з’явіцца (аб думках, пачуццях і пад.). Успаміны нахлынулі, завалодалі сэрцам. Гамолка. Назаўтра раніцай.. [Анэля] прачнулася з адчуваннем шчасця, якое нахлынула на яе, як хваля, і запаланіла ўсю істоту. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ну́дзіць, ‑дзіць; безас. незак.
1. Пра млосны стан, які бывае перад рвотай. Хлопцы вярнуліся да рукзакоў, той-сёй прыклаўся да сваіх пляшак, бо самалёт добра кідала і некаторых пачало нудзіць. Новікаў. Ванду нудзіла. Каб не зваліцца з ног, яна прытулілася да сцяны. Мяжэвіч.
2. перан. Разм. Пра пачуццё агіды да каго‑, чаго‑н. [Шпакоўскі:] — Нудзіць мяне, калі ты ныеш. Гурскі. Мяне ўжо нудзіла ад .. [балаганных] відовішчаў. Мікуліч.
нудзі́ць, нуджу́, ну́дзіш, ну́дзіць; незак.
1. па кім-чым і без дап. Тое, што і нудзіцца. — Так, мы ўсе тут нудзім па радзіме ды па блізкіх, але... Ліба не дасказала. — Толькі ў адных больш шансаў на зварот, а ў другіх іх меней... Гартны. Цяпер.. [дзядзька Язэп] не так нудзіць, больш можа гаварыць аб Міхале — прывык патроху, што памёр ён. Чорны.
2. каго і без дап. Выклікаць, наганяць пачуццё нуды. Па-ранейшаму [Міканор] не таіў, што ўся гэта гаворка нудзіць яго. Мележ. Апошні агеньчык мой дагарае. І студзіць, і нудзіць асенні дождж. Вярба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
панава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
1. Мець уладу над кім‑, чым‑н., уладарыць. Дні тры ў мястэчку панавалі белапалякі. Лынькоў. З гісторыі .. [Сярожка] цьмяна ўспамінаў, што некалькі вякоў там [у Мексіцы] панавалі іспанцы. Скрыпка.
2. Мець пераважнае распаўсюджанне; пераважаць. Зялёны колер розных адцен[ня]ў пануе тут над усім. В. Вольскі. Баявы настрой, які панаваў у пачатку сходу, хутка апаў, загаварылі пра дробязі, і то без запалу, абы не маўчаць. Хадкевіч. // Ахопліваць, запаўняць, напаўняць сабой усё. У лясным гушчары пануе спрадвечны змрок і цішыня. М. Ткачоў. Хлопцы маўчаць. Стоеная цішыня пануе некалькі хвілін. Навуменка.
3. Узвышацца над чым‑н. (пра горы, будынкі і пад.). Мы падымаемся на ўзвышша Бірса, якое пануе над усім наваколлем. В. Вольскі. [Дуб] уладна панаваў над шырокім прасцягам прысадзістага алешніку. Аляхновіч.
4. Быць галоўным у чым‑н., дзе‑н.; першынстваваць. То браў верх тоўсты.. голас, то панаваў галасок тоненькі. Бядуля.
5. Разм. Жыць у раскошы. У харомах прыгожых панавала сястра: клеці поўныя збожжа, а каморы — дабра. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасрэ́днік, ‑а, м.
1. Той, хто садзейнічае пагадненню, здзелцы паміж кім‑н. Гандлёвы пасрэднік. □ Гандляры, пасрэднікі, перакупшчыкі безупынна таўкуцца [на рынку], шумяць, крычаць, паказваюць узоры тавараў, спрачаюцца. В. Вольскі. [Дунін-Марцінкевіч] быў пасрэднікам і хадатаем у розных людзей па справах, звязаных з атрыманнем спадчыны. С. Александровіч. З вясны 1887 года стала дзейнічаць камісія прысяжных павераных, яна выконвала функцыі пасрэдніка паміж паверанымі і акруговым судом. Г. Кісялёў.
2. Той, хто дапамагае наладзіць кантакт паміж кім‑, чым‑н. — Хачу прасіць вас, — гаворыць Драгун, — аб сустрэчы з Бондарам. Сам канцоў не знайду. — Месяц няма вестак. Не ведаю, што думаць. — Людзі тут асталіся? — Дарагі мой, пасрэднікаў не меў. Не хачу мець. Вондар знаёмы мне, як і ты. Навуменка. Бібліятэкар — жывы пасрэднік паміж чытачом і літаратурай. «Звязда». // У міжнародным праве — нейтральная дзяржава або міжнародная арганізацыя, якая спрыяе мірнаму вырашэнню канфлікту паміж дзвюма іншымі дзяржавамі.
3. Спец. Суддзя, арбітр на манеўрах.
•••
Міравы пасрэднік — пасада ў царскай Расіі, устаноўленая пасля сялянскай рэформы 1861 г. для ўладжвання зямельных канфліктаў паміж сялянамі і памешчыкамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)