СІМВАЛІ́ЗМ (франц. symbolisme ад грэч. symbolon знак, сімвал),
літаратурнамастацкі кірунак канца 19 — пач. 20 ст. Узнік у выніку агульнага крызісу еўрап. свядомасці, узыходзіць да эстэтыкі рамантызму. Філас. падмуркам паслужылі вучэнне Платона аб проціпастаўленні ідэальнага свету («свету ўяўленняў») і матэрыяльнага («свету рэчаў»), філас. тэорыі І.Канта, А.Шапенгаўэра, Э.Гартмана, Ф.Ніцшэ, навук. адкрыцці псіхолагаў і псіхафізіёлагаў з іх увагай да пазасвядомага. Аб’ектыўна С. адмаўляў філасофію пазітывізму і яго маст. рэалізацыю натуралізм. Асн. прызначэнне мастацтва сімвалісты бачылі ў пазнанні Абсалюту, Вечнасці, трансцэндэнтнай Красы, што здзяйсняецца творцам праз сімвал, які пры гэтым пазбаўляецца канкрэтнасці, дакладнасці, «празрыстасці» зместу, робіцца полісемічным, не паддаецца аднаварыянтнай дэшыфроўцы. У выніку замест апісальнай мовы стваралася мова сугестыўная, г.зн. вобразна-сімвалічнае спасціжэнне таемных сутнасцей быцця адбываецца праз інтуіцыю, унушэнне, паэт. «магію». Сімвалісты распрацоўвалі ўспрынятую ад рамантыкаў ідэю сінтэзу мастацтваў, услед за Ш.Бадлерам кіраваліся прынцыпам «адпаведнасцей», заснаваным на зрокавых, слыхавых, фарбавых, вербальных асацыяцыях, на аналогіях гукаў, пахаў, колераў, вобразаў. С. стаў асновай узнікнення сюррэалізму, «тэатра абсурду».
У літаратуры пачаў складвацца ў 1860—70-я г., яго светапогляднае абгрунтаванне прыпала пераважна на 1880—90-я г. (цыкл нарысаў «Праклятыя паэты» П.Верлена, «Літаратурны маніфест. Сімвалізм» Ж.Марэаса, працы «Сімвалісцкае мастацтва» Ж.Ванора, «Нямецкія рамантыкі і французскія сімвалісты» Ж.Тарэля, «Трактат пра Нарцыса. Тэорыя сімвала» А.Жыда і інш.). Папярэднікам С. лічыцца Бадлер. Сфарміраваўся С. найперш у франц. л-ры (Верлен, А.Рэмбо, С.Малармэ, Латрэамон, А. дэ Рэнье, Жыд, П.Валеры, П.Кладэль), у рознай ступені развіўся ў л-рах бельгійскай (М.Метэрлінк, Э.Верхарн), аўстр. (Р.М.Рыльке, Г. фон Гофмансталь), ням. (Ніцшэ, С.Георге), нарв. (Г.Ібсен), польскай (С.Пшыбышэўскі), рус. (В.Брусаў, А.Блок, Ф.Салагуб, К.Бальмонт, А.Белы, Дз.Меражкоўскі, З.Гіпіус, І.Аненскі, В.Іванаў). Сімвалісты часта звярталіся да стараж. і сярэдневяковых сюжэтаў, увялі «свабодны верш», ці верлібр, шырока выкарыстоўвалі прынцып цыклізацыі вершаў. Вял. ўвагу яны аддавалі рытму, меладычнасці, напеўнасці, музычнасці верша, што збліжае С. з імпрэсіянізмам. Часта С. у аднаго аўтара і нават у адным творы спалучаецца з імпрэсіянізмам, эстэтызмам, натуралізмам, неарамантызмам.
У выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе і графіцы) узнік і развіваўся пад уплывам аднайм.літ. кірунку, зазнаў уплывы містычных і спірытуалістычных вучэнняў, дэкадэнцтва. У пошуках новага, неалегарычнага спосабу выяўлення эстэт. ідэалу імкнуўся даследаваць і адлюстроўваць няўлоўныя сэнсавыя адценні і псіхічны стан чалавека, яго непарыўную сувязь з прыродай, праяўленні звышнатуральных сіл, якія кіруюць лёсам. Адзінай стылістычнай сістэмы не распрацаваў, развіваўся ў рэчышчы асн.маст. кірункаў. Вытокі С. ў творчасці прэрафаэлітаў. Развіўся ў творчасці Г.Маро, А.Рэдона, П.Пюві дэ Шавана, П.Гагена (Францыя), М.Клінгера (Германія), Э.Мунка (Нарвегія), Э.Бёрн-Джонса (Вялікабрытанія), А.Бёкліна (Швейцарыя), Дж.Сеганціні (Італія), М.Чурлёніса (Літва), Л.Бакста, В.Барысава-Мусатава, А.Бенуа, І.Білібіна, В.Васняцова, П.Кузняцова, М.Рэрыха, М.Урубеля (Расія), мастакоў групы «Набі» і інш.
У тэатры С. узнік у Францыі (студыйныя т-ры сімвалісцкага кірунку ў Парыжы), распаўсюдзіўся ў Германіі і інш. краінах Зах. Еўропы, у пач. 20 ст. — у Расіі. Ідэі С. ў драм. творах Метэрлінка і Верхарна (Бельгія), А.Стрындберга (Швецыя), Пшыбышэўскага (Польшча), позняй творчасці Ібсена (Нарвегія), А.Блока, Іванава, Салагуба, Л.Андрэева (Расія). У драме слова ўспрымалася як матэрыяльная катэгорыя, асаблівая ўвага аддавалася падтэксту, недагаворкам герояў, іх маўчанню. У сцэн. мастацтве асн. намаганні скіроўваліся на дасягненне сінтэзу розных мастацтваў: муз., выяўл., пластычнага, якім адводзілася вял. месца ў спектаклі. Характэрна імкненне да стылізацыі драм. форм мінулага (стараж.-грэч. трагедый, сярэдневяковых містэрый і міракляў), устанаўленне на сцэне поўнага дыктату рэжысёра — паэт. атмасферу ў спектаклі прапаноўвалася ўзмацніць заменай акцёра марыянеткамі. С. праявіўся ў творчасці рэж. А.Апія (Швейцарыя), Г.Крэга (Англія), Г.Фукса і часткова М.Райнгарта (Германія), на асобных этапах творчасці У.Меерхольда (Расія) і інш.
У л-ры і мастацтве Беларусі С. не склаўся ў самаст. кірунак, аднак паўплываў на іх развіццё. У пач. 20 ст. творы рознанац. прадстаўнікоў С. актыўна абмяркоўваліся ў бел. друку (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Минский курьер», «Голос провинции», «Минское эхо», «Полесье», «Беларусь» і інш.). Мела месца вульгарна-сацыялагічнае тлумачэнне С. і памяркоўнае, дыферэнцыраванае стаўленне да яго. Найбольш эстэтыка С. паўплывала на творчасць М.Багдановіча, які яшчэ ў гімназічных паведамленнях звяртаўся да праблем, звязаных з новым кірункам («Новыя павевы ў літаратуры», «Сучасная літаратура і народны дух», «Сімвалізм і дэкадэнцтва»). Ён уважліва ставіўся да новых выданняў сімвалісцкай паэзіі, пераклаў на бел. мову творы Верлена (22 вершы), Верхарна (урывак «Паўстанне»), асобных рус. сімвалістаў.
Філас.-эстэт. прысутнасцю С. адметны яго паэт. цыкл «Думы» («Мы доўга плылі ў бурным моры...», «Мне снілася», «Шмат у нашым жыцці ёсць дарог...» і інш.), вершы, што суадносяцца з творчасцю Верлена, Ібсена, Бальмонга, Блока. Рысы С. выявіліся і ў творах Я.Купалы, З.Бядулі, К.Буйло, М.Гарэцкага, У.Жылкі, у літ. спадчыне Я.Драздовіча, у творчасці пісьменнікаў бел. эміграцыі (Н.Арсеннева, А.Салавей, Я.Юхнавец). Элементы. сімвалісцкай эстэтыкі ў розных формах праявіліся і ў сучаснай бел. л-ры (А.Разанаў, А.Кірвель і інш.). У бел.сцэн. мастацтве выкарыстоўваліся асобныя рысы і вобразна-маст. сродкі С. У пач. 20 ст.рас.тэатр. калектывы ставілі на Беларусі творы Андрэева, Ібсена і інш.Маст. сімвалы ўласцівы і відовішчам масавых дзействаў («Праца і капітал», паст. 1.5.1921 Е.Міровіча, Л.Літвінава і Бейтлера на Мінскім трэку). Прыёмы С. (наданне першаступеннага значэння пластыцы, музыцы, святлу ў спектаклі, стварэнне ў ім паэт. атмасферы, перадача метафарычнай знакавасці) актыўна выкарыстоўваюцца для пашырэння выяўл. сродкаў сцэн. мастацтва рэжысёрамі В.Катавіцкім («За зачыненымі дзвярыма» Ж.П.Сартра ў Дзярж. маладзёжным т-ры, 1992), М.Труханам («Распад» паводле У.Шэкспіраў Мінскім драм. т-ры «Дзе-Я?», 1997), В.Раеўскім («Чорная панна Нясвіжа» А.Дударава ў Нац. т-ры імя Я.Купалы, 2000), В.Баркоўскім («Зямля» паводле твораў Я.Коласа ў Нац. т-ры імя Я.Коласа, 2001) і інш.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985;
Обломиевский Д.Д. Французский символизм. М., 1973;
Ермилова Е.В. Теория и образный мир русского символизма. М., 1989;
Белый А. Символизм как миропонимание. М., 1994;
Васючэнка П. Славянскі сімвалізм: Нац.-адметнае і агульнае. Мн., 1998;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998;
Тарасюк Л.К. Мастацкія кірункі і плыні ў беларускай паэзіі XIX—пачатку XX ст.Мн., 1999;
Cassou J. Encyklopedia symbolizmu: Przekl. z fr. Warszawa, 1992.
Е.А.Лявонава, А.В.Сабалеўскі.
Да арт.Сімвалізм. П.Гаген. Страта цнатлівасці (Абуджэнне вясны).Да арт.Сімвалізм. Э.Бёрн-Джонс. Кола фартуны. 1883.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Калёсы ’конная чатырохколая гаспадарчая павозка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Грыг., Жд. 2, Касп., Кліх; Растарг., КЭС, лаг.; Маш.), палес. форма — калёса (Нас., Нік., Оч., Серб., Сержп. Грам., мазыр.; Сержп.)? — «перо скрыпіць, бы не мазаные калёса» (Сцяц. Нар.; Сцяшк. МГ, Радч.)? — «тарарай калёсы, тарарай Повезли Ганночку з пекла в рай»; Шат. (калёса); мін., Шпіл. («…телега в робѣ петербургскіхъ ломовыхъ…», 4, 27). Распаўсюджанне на палескай тэрыторыі гл. у Масленікавай, 172. Адзначаюць таксама Сл. паўн.-зах., ТС (у форме колёса). Вядома фактычна на ўсёй тэрыторыі. Укр. матэрыял нам невядомы, але Даль прыводзіў паўд.-рус.колёса ’воз’ у пагранічнай да беларускай зоне (смал., зах.-бран.) і ў глыбі моўнай тэрыторыі — маск., том. У польск. мове kolasa ’старажытны воз, карэта’, ’сялянскі воз’ і інш., звяртаюць на сябе ўвагу адзначаныя на Мазоўшы і ў Варміі формы kolosa, kolaski, як рэгіянальныя і адпаведныя беларускім. У іншых зах.-слав.: ст.-чэш.kolesa ’воз’, славац.kolesá ’воз для перавозу бярвенняў’. На поўдні: серб.-харв.kolèsa ’воз’. Слаўскі (2, 344) мяркуе аб прасл.*kolesa, мн. ліку ад kolo; па мадэлі ўтварэння аналагічнае лац.rotae ’воз’ (rota ’кола’). Польск. крыніцы XVI і асабліва XVII ст. даюць падставы выводзіць рэаліі з усх.-слав. тэрыторыі. Брукнер (245) меркаваў нават аб запазычанні ў польск. мову. Лінгвагеаграфія бел. слова сведчыць аб пазнейшым яго распаўсюджанні. Не выключай таксама ўплыў польскай лексемы; аб яе шырокай экспансіі гл. у Слаўскага, 2, 343–344 (у ням., франц., італ. і інш.), у тым ліку пры пасрэдніцтве розных моў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асе́тр, асяцё́р ’від рыбы Acipenser’ (БРС), асё́тр (Жук., 99). Рус.осётр, осётер, осете́р, укр.осете́р, осе́тр, польск.jesiotr, паморск.i̯asotär, i̯esotär, в.-луж.jasotr, н.-луж.jesotr, чэш., славац.jesètr, балг., макед.есетра, серб.-харв.јѐсетра, славен.jesèter, ст.-рус.осетръ. Зважаючы на выкарыстанне ў дапаўненні да Смален. граматы 1150 г. (XVI ст.) слова осетръ, няма патрэбы лічыць бел.асетр запазычаным з рускай мовы, як Крукоўскі, Уплыў, 71–73. Ст.-прус.ešketras ’асетр’, ст.-літ.ešketras ’кіт’, літ.eršketas і пад. ’асетр’ пераўтворана пад уплывам erškẽtis ’цёран, калючка’ (Фрэнкель, 122–123), літ.asẽtras з беларускай (Скарджус, Slav., 34; Фрэнкель, 122). Этымалогія не зусім ясная. Найбольш верагодна, хаця, як лічыць Фасмер, не даказана сувязь з і.-е. коранем *ak̑‑, праслав.*ostrъ ’востры’ (Лёвенталь, BB, 55, 317; Гараеў, Доп., 1, 31; Развадоўскі, Wybór, 2, 338; Ільінскі, Slavia, 2, 256 і наст.; Машынскі, JP, 37, 299), з гэтым звязана і сцвярджэнне пра роднасць кораня слоў асетр і акунь (Буга, 1, 328; Брукнер, 26; Бернштэйн, Очерк, 153), якое выклікала засцярогі ў Ваяна, RÉS, 41, 168. Сувязь назвы асятра са словам востры праз тыпы, якімі пакрыта рыба. Недастаткова высветлена сувязь з нямецкай назвай асятра Stör, франц.esturgeon. Неверагодна супастаўленне Бецэнбергера (BB, 27, 163) з грэчаскай назвай дробнай рыбы ἴχταρ, а таксама супастаўленне Траўтмана (Altpreuß., 331) з лац.excetra ’змяя’, на што ўказвалі ў першым выпадку Бернекер, 1, 265; Фасмер, 3, 158, у другім — Вальдэ-Гофман, 1, 426; Фасмер, там жа. Махэк₂ (223) адносіў слова да «праеўрапейскіх».
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Како́шка1, kakóška ’курыца’ (Федар., 6). Дэрыват яд прасл.kokǒsь, якое рэканструюе на базе ўкр.кокош ’певень’, рус.кокошь ’курыца’, польск.kokosz ’тс’, в.-луж., н.-луж.kokoš ’тс’, чэш., славац.kokoš ’певень’, славен.kokoš, серб.-харв.ко̏кош, балг.кокош ’курыца’. Прасл. лексема ўтворана суфіксам ošь ад той жа самай асновы, што і kokotъ (гл. кокат), гукапераймальнага паходжання. Параўн. лац.coco‑coco аб спеве пеўня, франц.coq ’певень’, англ.cock і інш. Што датычыцца функцыі суфікса, параўн. меркаванні Слаўскага, 2, 338, які параўноўвае ‑ošь з суф. ‑uša (рус.квакуша ’жаба’, балг.крекетуша і інш.). Бел. кантынуант ад гэтай прасл. формы прадстаўлен толькі ў тэрмінах, параўн. какош1, 2. Таксама мае паралелі ў слав. мовах (укр.дыял.кокошка, рус.кокошка ’поўная, круглая жанчына’, відавочны другасны перанос), польск.kokoszka, в.-луж., н.-луж.kokoška, славен.kokôška, серб.-харв.ко̀кошка, макед.кокошка, балг.кокошка сведчаць аб праславянскім яе характары, хоць рэгулярны характар памянш. суфікса дапускае і незалежнае ўтварэнне гэтых лексем у асобных мовах.
Како́шка2 ’?’ (Федар., 6, 8: «Дзве какошкі, дзве какошкі Да мліна насіць»). Значэнне няяснае, аднак фармальная сувязь з даўняй назвай курыцы відавочная. Этымалогія kokośь пад какошка1.
Како́шка3 ’своеасаблівы кранштэйн для пашырэння лаўкі, каб на ёй можна было паслаць пасцель’ (стаўб., З нар. сл.). Відаць, суадносіны з тэрмінам какош2 (гл.); рэаліі, відавочна, падобныя, аднак назва какош пашырана значна больш, ёсць і адпаведнікі за межамі бел. мовы для гэтага слова. Таму какошка3 разглядаецца як другаснае.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прыкла́д ’драўляны або каменны помнік на магіле; абчасаная гранямі калода’ (Зянк., Байк. і Некр., Сцяшк.), пры́кла́д, пры́кла́т ’тс’ (ганц., лях., Сл. ПЗБ), пры́клады ’надмагільная пліта’ (Мат. Маг.), параўн. словазлучэнне з рэдкім адсубстантыўным дзеясловам: прыкла́дваць чалавека ’ўстанаўліваць надмагільны помнік’ (лях., Сл. ПЗБ), таксама прыкла́дзіны ’абкладанне магілы драўляным зрубам; чатырохвугольная дошка, якую кладуць на магілу; памінальны абед (таксама і з прычыны абкладання магілы прыкла́дзінамі)’ (Дзмітр., Крачк., Нас.), ’старадаўні звычай — абед як памяць па нябожчыку’ (Янк. 2), прыкла́дзіны, прыкла́дзены ’ўпарадкаванне (магілкі)’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ). Сюды ж з іншай (сумежнай) семантыкай: прыкла́д, прыкла́дзіна, пры́кла́днік ’казёл на вільчыку’ (ТС), прыкла́дзіна ’стрэшка над стажком’ (ветк., ЛА, 2), прыкла́дзіна ’мянушка’ (Жд.), толькі мн. л. прыкла́дзіны ’(зямельныя) прырэзкі’ (віл., Сл. ПЗБ), мн. л. пры́кладні ’раскіданыя ў беспарадку, зваленыя ў кучу рэчы’ (ветк., Растарг.); прыкла́жа ’прыбаўленне, прыбаўка да паклажы’ (Нас.). Утварэнне ад прыклада́ць, гл. класці.
Пры́клад, рэдка прыкла́д ’канкрэтная з’ява, факт, які прыводзіцца для тлумачэння; узор для пераймання’ (Шпіл., Нас., Гарэц., ТСБМ). Паводле Кюнэ (Poln., 89), запазычана з польск.przykład, паводле Банькоўскага (2, 937), першапачаткова тэрмін цяслярства (пра прадмет для ўзору, які прыкладаўся да матэрыялу); ст.-бел.приклад ’узор, прыклад’, якое працягвае прасл.*prikladъ (Копечны, Zákl. zásoba, 291), параўн. і ст.-слав.прикладъ ’сімвал, эмблема, знак’, або запазычана з чэш.přiklad ’тс’. Вытворныя кшталту напры́клад (гл.), прыкла́дам ’напрыклад’ (Нас., Байк. і Некр., Яруш.) узніклі пазней на ўласнай глебе як еўрапейскія калькі, параўн. франц.parexemple, ням.zum Beispiel, рус.например ’тс’. Гл. наступнае слова, а таксама Фасмер, 3, 364.
адзін з відаў муз. тэатра, у якім спалучаюцца вакальная і інструментальная музыка, танец, балет, элементы эстраднага мастацтва; твор для гэтага тэатра.
У 17 — 1-й пал. 19 ст. — невял., звычайна камічная опера з размоўнымі дыялогамі. На Беларусі гэта былі «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага на лібр. М.Цяцерскага (паст. 1789) і «Агатка, або Прыезд пана» Я.Д.Голанда на лібр. М.Радзівіла (паст. 1784), якія вызначаліся дэмакр. характарам, адлюстроўвалі перадавыя ідэі свайго часу. У сярэдзіне 19 ст. тэрмінам «аперэта» часта вызначаў свае п’есы В.І.Дунін-Марцінкевіч, задумваючы іх як лібрэта невял. опер. У супрацоўніцтве з ім С.Манюшка стварыў свае аперэты «Рэкруцкі набор» (1841), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» (1852). У 1861 паст. аперэта «Канкурэнты» Ф.Міладоўскага (лібр. М.Лапіцкага і У.Сыракомлі).
Сучасная аперэта — від тэатра, які займае прамежкавае становішча паміж операй і драмай. Аснову муз. драматургіі складаюць звычайна куплетная песня і танец, а таксама традыц. оперныя формы (арыя, ансамбль, хор, уверцюра), якія часцей маюць песенна-танц. характар і больш простыя, чым у оперы. У адрозненне ад вадэвіля і інш. відаў муз. камедыі з развітым драм. тэкстам, музыка ў аперэце нясе асн. сэнсавую нагрузку.
Як самаст. від муз. тэатра аперэта сфарміравалася ў 1850-я г. ў Францыі. Яе вытокі — камічная опера, франц. вадэвіль, аўстрыйскія і ням. зінгшпілі і інш. Вылучаюць некалькі нац.-гіст. разнавіднасцяў аперэты з устойлівымі жанрава-стылявымі прыкметамі: парыжская (1850—70-я г., заснавальнік — Ж.Афенбах; Ф.Эрвэ, Ш.Лекок, Р.Планкет), венская (Ф.Зупэ, К.Мілёкер, І.Штраус-сын, К.Цэлер), неавенская (1900—1920-я г., Ф.Легар, І.Кальман). У пач. 1920-х г. у ЗША зацвердзіўся новы від муз.т-ра — мюзікл, які ў некат. сваіх разнавіднасцях набліжаецца да аперэты (творы Ф.Лоу, Дж.Гершвіна, Р.Роджэрса, Л.Бернстайна і інш.). У Расіі пачатак аперэты пакладзены ў 1920-я г. І.Дунаеўскім і М.Стрэльнікавым, сярод майстроў Ю.Мілюцін, Б.Аляксандраў, К.Лістоў, В.Салаўёў-Сядой, А.Фельцман, В.Баснер і інш.
На Беларусі з 1-й пал. 20 ст. развіваліся блізкія да аперэты формы муз.-камедыйнага тэатра («Каваль-ваявода» Е.Міровіча з муз. У.Тэраўскага і Л.Маркевіча, 1925; «Простыя сэрцы» С.Заяіцкага, С.Розанава і М.Міцкевіча з муз. В.Сакалова-Фядотава, 1929; «Кок-сагыз» М.Чуркіна, 1939; «Цудоўная дудка» В.Вольскага з муз. М.Шчаглова, 1939), а таксама «Кухня святасці» («Мільён Антоніяў») Я.Цікоцкага (1931) і «Зарэчны барок» С-.Палонскага і М.Іванова (1940), якія вызначаліся сучаснікамі як «першыя сав. аперэты». У 1970-я г. з’явіліся творы, найб. адпаведныя жанру аперэты: «Паўлінка» Ю.Семянякі са шматпланавай муз. драматургіяй, скразнымі муз. тэмамі, разгорнутымі сольнымі нумарамі, ансамблямі, харамі і «Несцерка» Р.Суруса, якія дзякуючы зместу, народнасці муз. мовы і ўдалым масавым сцэнам сталі сапраўднымі аперэтамі буйной формы. Шэраг бел. твораў, блізкіх да жанру аперэты, класіфікуюць як «гераічная муз. камедыя» («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані, 1985), «муз. камедыя» («Мільянерка» Я.Глебава, 1987), мюзікл («Джулія», 1991, і «Шклянка вады», 1994, У.Кандрусевіча).
Сярод артыстаў аперэты: Г.Шнайдэр (Францыя), А.Жырардзі (Аўстрыя), Г.Марышка і Х.Хонці (Венгрыя), Р.Ярон, Т.Шмыга (Расія), М.Вадзяной (Украіна); у бел. т-ры Н.Гайда, В.Мазур, Р.Харык, А.Ранцанц, З.Вяржбіцкая, Г.Казлоў і інш.
Літ.:
Владимирская А. Звездные часы оперетты. 2 изд. Л., 1991;
Трауберг Л. Жак Оффенбах и другие. М., 1987;
Музычны тэатр Беларусі, 1917—1959. Мн., 1993.
Б.С.Смольскі, Н.А.Юўчанка.
Да арт.Аперэта. Сцэна са спектакля «Паўлінка» Ю.Семянякі Дзярж. тэатра муз. камедыі Беларусі. 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІ́Ў (лац. archivum),
1) установа або яе аддзел, што захоўвае дакументы і арганізуе іх выкарыстанне.
2) Сукупнасць дакументаў, якія з’явіліся ў выніку дзейнасці ўстаноў, прадпрыемстваў і прыватных асоб. Як збор крыніц архіў служыць для навук. даследаванняў, практ. патрэб гаспадаркі і дзярж. кіравання.
Існуюць з глыбокай старажытнасці, іх з’яўленне падрыхтавана вынаходствам пісьменства. У Месапатаміі і М.Азіі археолагі раскапалі ў палацах правіцеляў, іх намеснікаў, дамах прыватных асоб і храмах архівасховішчы адм.-гасп. дакументаў, напісаных на гліняных таблічках. Знойдзены дыпламат. сховішчы стараж.-егіп. фараонаў. Уласна архівы, прыстасаваныя для захоўвання актаў, былі ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У 12—13 ст. у Францыі, Іспаніі, Англіі і інш. краінах узніклі т.зв. каронныя архівы пры дварах правіцеляў. Значную ч.гіст. крыніц у гэты час захоўвалі царк. ўстановы. З 16 ст. многія дзярж. ўстановы імкнуліся мець уласныя архівы. У выніку каланізацыі еўрапейцамі зямель і інш. Кантынентаў узніклі буйныя каланіяльныя архівы (напр., Гал. архіў Індый у Іспаніі). З 19 ст. матэрыялы многіх архіваў сталі даступныя даследчыкам, пачало складвацца міжнар. архіўнае супрацоўніцтва. У 1950 на 1-м Міжнар. кангрэсе архіваў зацверджаны статут Міжнар. савета архіваў. З ім супрацоўнічаюць архівісты амаль 120 краін (1994), выдаецца міжнар.час. «Archivum». Найб. архіўныя ўстановы свету: франц.Нац. архіў (Archives Nationales; у Парыжы, з 1794), у Англіі Дзярж. публічны архіў (Public Record Office; у Лондане, з 1838), у ЗША Нац. архіў (Nationales Archives; у Вашынгтоне, з 1934); у ФРГ Федэральны архіў (Bundesarchiv; у г. Кобленц, з 1952); у Польшчы архіў новых актаў (Archiwum Akt Nowych; з 1930) і Гал. архіў стараж. актаў (Archiwum Glówne Akt Dawnych; з 1867; абодва ў Варшаве), Дзярж. архіў Расійскай Федэрацыі (б.Цэнтр.дзярж. А. Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж кіравання СССР, Масква), Рас. дзярж гіст. архіў (б.Цэнтр.дзярж.гіст. архіў СССР, С.-Пецярбург) і інш.
На Беларусі першыя архівы ўтвараліся ў княжацкіх замках, манастырах, цэрквах. Пры канцылярыі вял. князёў ВКЛ існаваў архіў — Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свае архівы мелі гаспадарскія і гарадскія адміністрацыі, магнаты (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы), шляхта, некаторыя заможныя мяшчане. З 2-й пал. 19 ст. дакументы ВКЛ зберагаліся ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў і Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актаў. У Мінску з 1872 існаваў архіў скасаваных судовых месцаў Мінскай губ. 4.8.1922 створаны Цэнтр. архіў Беларусі (заг. З.Х.Жылуновіч), які кіраваў архіўнай справай у БССР. Праведзены Усебеларускія канферэнцыі архіўных работнікаў (Мінск, 1924, 1927), 1-ы з’езд даследчыкаў бел. археалогіі і археаграфіі (Мінск, 1926). У 1938—60 архіўныя ўстановы ўваходзілі ў сістэму НКУС (МУС) БССР. Навуковае і арганізац.-метадычнае кіраўніцтва архівам ажыццяўляла Гал. архіўнае ўпраўленне пры СМБССР, пераўтворанае ў 1992 у Камітэт па архівах і справаводстве. У 1994 прыняты закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь». На Беларусі 6 цэнтр.дзярж. Архіваў (1995): Нац. архіў Рэспублікі Беларусь, Нац.гіст. архівы Рэспублікі Беларусь у Мінску і Гродне, Бел.дзярж. архіў кінафотафонадакументаў, Бел.дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва, Бел.дзярж. архіў навукова-тэхн. дакументацыі. Абласныя архівы і іх філіялы захоўваюць дакументы мясц. устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў, калгасаў і інш. (гл. адпаведныя арт., напр., Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці). Існуюць таксама архівы АН Беларусі, КДБ Рэспублікі Беларусь. Рукапісы і гіст. дакументы захоўваюцца таксама ў бібліятэках, музеях і навук. установах. Буйныя комплексы дакументаў па гісторыі Беларусі знаходзяцца ў архівах Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, Германіі, Швецыі, ЗША і інш.
Літ.:
Архивное дело в БССР (1918—1968): Сб. законодательных и руководящих документов. Мн., 1972;
Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАБІ́ЛЬ (франц. automobile ад грэч. autos сам + лац. mobilis рухомы),
самаходная бязрэйкавая машына, якая прыводзіцца ў рух уласным рухавіком. Бываюць аўтамабілі: пасажырскія (легкавыя аўтамабілі, аўтобусы); грузавыя аўтамабілі (у т. л.аўтапаязды), грузапасажырскія (для адначасовай перавозкі пасажыраў і грузаў); спецыяльныя (аўтакраны, пажарныя машыны, санітарныя аўтамабілі, аўтамабілі для ачысткі і палівання вуліц, перасоўныя рамонтныя майстэрні і інш.); спецыялізаваныя (самазвалы, седлавыя цягачы, бензавозы, бетанавозы, аўтапагрузчыкі, кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, аўтамабілі-цыстэрны, фургоны, леса-, панэля- і фермавозы і інш.); спартыўныя аўтамабілі (у т. л. гоначныя аўтамабілі). Усе віды аўтамабіляў аснашчаюцца бензінавымі ці дызельнымі аўтамабільнымі рухавікамі. Пэўны час выкарыстоўваліся газагенератарныя аўтамабілі, набываюць пашырэнне газабалонныя аўтамабілі, распрацоўваюцца розныя варыянты электрамабіляў. Для цяжкіх дарожных умоў існуюць усюдыходы, «амфібіі», для перавозкі асабліва каштоўных грузаў, вайсковых патрэб — бронеаўтамабілі. Тэндэнцыяй у легкавым аўтамабілебудаванні з’яўляецца пераход на выпуск тэхнічна і экалагічна бяспечных аўтамабіляў.
Асн. элементы аўтамабіля — рухавік, шасі і кузаў. Шасі ўключае хадавую частку (рама, масты, падвескі, колы), трансмісію (счапленне, каробка перадач, карданная перадача, галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі) і сістэмы кіравання (рулявое кіраванне, тармазная сістэма). Кузаў грузавога аўтамабіля складаецца з кабіны, капота і платформы для размяшчэння грузу; у легкавых да кузава мацуюцца агрэгаты аўтамабіля. Усе аўтамабілі па агульнай колькасці колаў і колькасці вядучых колаў маюць адну з колавых формул: 4×2, 4×4, 6×2, 6×4, 6×6, 8×8.
Першы аўтамабіль з паравым рухавіком пабудаваны Н.Ж.Кюньё (1769—70, Францыя). Датай нараджэння аўтамабіля лічыцца 1886, калі К.Бенц (Германія) запатэнтаваў трохколавы аўтамабіль з рухавіком унутранага згарання. У Расіі аўтамабілебудаванне пачалося перад 1-й сусв. вайной на Руска-Балтыйскім з-дзе ў Рызе, у СССР — у 1924, калі на з-дзе АМО (Масква) выпусцілі першыя грузавікі АМО-Ф15.
Вытворчасць аўтамабіляў на Беларусі пачалася ў 1947 на Мінскім аўтазаводзе (самазвал МАЗ-205 грузападымальнасцю 6 т). У 1995 МАЗ выпускаў аўтамабілі 5-га пакалення: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 т (МАЗ-54323), да 44 т (МАЗ-54321, -54326, -64229), да 50 т (МАЗ-64221, -64226, -63031), грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці (МАЗ-6317, -63171), самазвалы (МАЗ-5551), лесавозы (МАЗ-5434), аўтобусы гарадскія (МАЗ-101) і турысцкія (МАЗ-151). Беларускі аўтазавод (г. Жодзіна) працуе з 1958, у 1995 асн. прадукцыю яго складалі кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 т (адпаведна БелАЗ-7540, -7548, -7549, -7512, -75215 і -7530), шлакавозы (БелАЗ-7920) і аэрадромныя цягачы (БелАЗ-74211). Магілёўскі аўтазавод у 1959 пачаў выпускаць аднавосевыя цягачы, у 1995 вырабляў самазвалы грузападымальнасцю 23 т (МаАЗ-75051), самазвальныя аўтапаязды (МаАЗ-7405-9586) для работ у шахтах і тунэлях, аўтабетоназмяшальнікі (СМБ-49). У 1992 на базе вытв-сці спец. колавых цягачоў МАЗа абсталяваны Мінскі з-д колавых цягачоў, які ў 1995 выпускаў сям’ю пазадарожных аўтамабіляў «Волат» (7909) з колавай формулай 8×8, што працуюць у складзе аўтапаяздоў для перавозкі розных грузаў, лесавозы, трубавозы (для трубаў да 36 м, агульнай масай да 40 т), цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т, чатырохвосевыя шасі (69232) пад кранавае абсталяванне з вылетам стралы да 50 м і шасцівосевыя (79191) пад абсталяванне для бурэння нафтагазавых свідравін. У 1994 пачаты выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус-28033» акц. т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда і зборка мікралітражных аўтамабіляў ВАЗ-1111 «Ака» на Гродзенскім з-дзе карданных валоў. Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць, Аўтамабільны транспарт, Аўтамабільны спорт.
Літ.:
Автомобиль: Основы конструкции. 2 изд. М., 1986;
Боровских Ю.И., Буралев Ю.В., Морозов К.А. Устройство автомобилей: [Практ. пособие]. М., 1988;
Анохин В.И. Отечественные автомобили. 4 изд. М., 1977.
А.С.Рукцешэль.
Першыя аўтамабілі: а — «Форд» (ЗША); б — «Руса-Балт» (Расія); в — «Сітраэн» (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛО́ГІЯ (ад бія... + ...логія),
сістэма навук пра жывую прыроду. Даследуе ўсе праяўленні жыцця: будову і функцыю жывых істот і іх прыродных згуртаванняў, пашырэнне, паходжанне і развіццё, сувязі паміж імі і з нежывой прыродай. Тэрмін «біялогія» прапанаваны франц. прыродазнаўцам Ж.Б.Ламаркам і ням. вучоным Г.Р.Трэвіранусам (1802). Адны з першых у біялогіі склаліся комплексныя навукі па аб’ектах даследавання: пра жывёл — заалогія, расліны — батаніка, бактэрый — мікрабіялогія, вірусы — вірусалогія, прасцейшых — пратысталогія. Будову арганізмаў вывучаюць цыталогія, гісталогія, анатомія, функцыі жывых сістэм — фізіялогія жывёл, раслін, чалавека, узаемаадносіны жывых істот паміж сабой і з умовамі навакольнага асяроддзя — экалогія, заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці — генетыка, індывід. развіццё — біялогія развіцця, гіст. развіццё жывога — эвалюцыйнае вучэнне. На стыку біялогіі з іншымі навукамі ў 20 ст. ўзніклі і развіваюцца біяхімія, біяфізіка, біёніка, біягеаграфія, радыебіялогія і інш.
Першыя працы па сістэматыцы жывёл вядомы з 4 ст. да н.э. (Арыстоцель), раслін — з 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст), пра ўнутр. будову жывёл і чалавека — з 5—2 ст. да н.э. (Гіпакрат, Гален). У сярэднія вякі ішло паступовае назапашванне біял. ведаў. У эпоху Адраджэння праведзена анатаміраванне чалавечага цела (А.Везалій, 1543), у 17 ст. апісаны кругі кровазвароту чалавека (У.Гарвей, 1628), шырока разгарнуліся мікраскапічныя даследаванні раслін (Р.Гук, 1665, М.Мальпігі, 1675—79) і жывёл (А.Левенгук, 1673). У 1735 упершыню ўведзена бінарная наменклатура і найб. поўная штучная класіфікацыя жывёл і раслін (К.Ліней). Пазней былі адкрыты цытаплазма (Я.Пуркіне, 1825) і ядро (Р.Броўн, 1837) клетак, а ў 1839 сфармулявана клетачная тэорыя (Т.Шван), якая мела вял. значэнне ў развіцці тэорыі эвалюцыі арган. свету. Эвалюцыйная тэорыя распрацавана Ламаркам («Філасофія заалогіі», 1809) і Ч.Дарвінам («Паходжанне відаў...», 1859). Сфармуляваныя ў 1865 Г.Мендэлемасн.генет. заканамернасці наследавання атрымалі пацвярджэнне і тлумачэнне на аснове храмасомнай тэорыі спадчыннасці (Т.Морган, 1911). Вызначэнне структуры малекулы ДНК (Дж.Уотсан, Ф.Крык, 1953) прывяло да развіцця малекулярнай біялогіі. У галіне фізіялогіі жывёл І.П.Паўлавым (1903) распрацавана вучэнне аб умоўных рэфлексах і вышэйшай нерв. дзейнасці. У 1920—30-я г. створана эвалюцыі сінтэтычная тэорыя (С.С.Чацверыкоў, Дж.Холдэйн, Р.Фішэр, С.Райт, Ф.Г.Дабржанскі). Вял. дасягненне біялогіі — стварэнне вучэння пра біясферу (У. І.Вярнадскі, 1926) і біягеацэнозы (У.М.Сукачоў, 1942). Значныя заслугі ў развіцці біялогіі належаць рус. вучоным К.А.Ціміразеву, У.А.Кавалеўскаму, А.А.Кавалеўскаму, І.І.Мечнікаву, І.М.Сечанаву, А.М.Северцаву, І.І.Шмальгаўзену і інш.
Развіццё біял. навукі на Беларусі пачалося пасля 1917. Тэарэт. і практычныя праблемы біялогіі распрацоўваюць навук. ўстановы Аддз.біял. навук АН Беларусі, ВНУ, НДІ Мін-ваў аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной і рыбнай гаспадаркі Беларусі. Даследаваліся ферменты глебы і іх уплыў на рост раслін (В.Ф.Купрэвіч), працэс фотасінтэзу і роля інш. пігментаў у раслін (Ц.М.Годнеў, М.М.Ганчарык). Распрацаваны навук. асновы гетэрозісу і вынікі ўздзеяння іанізавальнымі выпрамяненнямі (М.В.Турбін), колькасныя заканамернасці спадчыннасці і механізм хім. мутагенезу (П.Ф.Ракіцкі). Вывучалася будова перыферычнай нерв. сістэмы і знойдзены шляхі аднаўлення функцыі ўнутр. органаў пры яе пашкоджаннях (Д.М.Голуб), даказана існаванне асобнага тыпу адчувальных нерв. праваднікоў, якія з’яўляюцца асновай вегетатыўных рэфлексаў (І.А.Булыгін). Праведзены даследаванні ў галіне аграхіміі (А.К.Кедраў-Зіхман, С.Н.Іваноў, Т.Н.Кулакоўская), зялёных угнаенняў (Я.К.Аляксееў), меліярацыі (С.Г.Скарапанаў), селекцыі раслін (П.І.Альсмік, А.І.Лапо) і жывёл (М.М.Замяцін). Распрацоўваюцца спосабы аховы насельніцтва ад уздзеяння выпрамяненняў радыенуклідаў на тэрыторыях, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.Ф.Канапля).
Літ.:
Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1960;
Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
История биологии с начала XX века до наших дней. М., 1975;
Кемп П., Армс К. Введение в биологию: Пер. с англ.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВА́Я МУ́ЗЫКА,
музыка, якая функцыянуе ў штодзённым прыватным і грамадскім жыцці людзей, выконваецца па-за канцэртнай залай, прафес. т-рам, царквой. У шырокім разуменні ўключае спецыфічна бытавыя паводле зместу і ўмоў выканання жанры нар.-песеннага і нар.-інстр. мастацтва, у больш вузкім значэнні — музыка гар. побыту. Займае прамежкавае становішча паміж традыц.сял. фальклорам і творчасцю прафес. кампазітараў. Па змесце і стылі бытавая музыка вызначаецца прастатой, выразнасцю, агульнадаступнасцю муз. мовы, павышанай экспрэсіўнасцю. Прафес. кампазітары выкарыстоўваюць інтанацыі і рытмы бытавой музыкі як сродак дэмакратызацыі сваіх твораў, канкрэтызацыі іх вобразнага зместу, узвышаючы банальнае да ўзроўню высокамастацкага, а каштоўныя ўзоры класікі, часта ў адаптаваным выглядзе, пранікаюць у бытавую музыку.
Вытокі бытавой музыкі ў глыбокай старажытнасці, калі музыка была неаддзельная ад інш. відаў мастацтва. Пышны росквіт быт. музіцыравання характэрны для эпохі Адраджэння, калі склалася мноства свецкіх быт.вак. жанраў (фроталы, віланелы, вільянсіка, шансон і інш.), пашырылася сольная і ансамблевая ігра на розных інструментах (лютня, віёла, скрыпка, інстр. ансамблі). Нар.-быт. аснова яскрава выступала ў разнастайных пратэстанцкіх гімнах. У 17—18 ст. пашырыліся і паглыбіліся сувязі паміж музыкай побыту, першаснымі жанрамі і прафес. кампазітарскай творчасцю (напр., з сюіты быт. танцаў развіўся высокі жанр сімфоніі). Новыя рысы ў сферу бытавой музыкі ўнесла Франц. рэвалюцыя 1789—94, калі рэв.песні, гімны, маршы сталі неад’емнай часткай рэв. часу; яны ператварыліся ў актыўны сродак грамадз. выхавання. У 19 ст. ўзнік гар.раманс, блізкі да песні, разлічаны на спевакоў-аматараў. На жанравы і інтанацыйны склад бытавой музыкі моцна ўплываюць разнастайныя жанры муз.-тэатр. мастацтва і эстрады, у т. л.джаз, поп-музыка, рок-музыка, аўтарская песня. Найб. уплывовы жанр бытавой музыкі сав. часу — масавая песня.
На Беларусі з 2-й пал. 16 ст. вядомы канты і псальмы, якія да канца 18 ст. заставаліся асн. жанрамі быт. музіцыравання. Рэфармац. рух 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. абумовіў пранікненне разнастайных пратэстанцкіх гімнаў. Пра характар тагачаснай бытавой музыкі дае ўяўленне т.зв.«Полацкі сшытак». З пач. 17 ст. пры асобных калегіумах і дварах магнатаў узнікалі капэлы, якія выконвалі пераважна зах.-еўрап. і польск. танцы. Розныя быт. функцыі ўскладаліся ў 18 ст. на касцельныя і уніяцкія інстр. ансамблі (ігралі на балях, паляваннях, абедах), прыкладное прызначэнне мелі рагавыя аркестры, «янычарская музыка» і інш. віды аркестраў пры дварах магнатаў (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы). У 1-й пал. 19 ст. пашырылася дамашняе і салоннае камернае музіцыраванне (скрыпічнае і квартэтнае выканальніцтва). У дэмакратызацыі муз. жыцця значную ролю адыгралі музычныя таварыствы. Рэв. і нац.-вызваленчы ўздым пач. 20 ст. адбіўся на дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў і на змесце бытавой музыкі. У муз. побыце Беларусі выразна прасочваюцца агульныя тэндэнцыі бытавой музыкі, у т. л. павышэнне муз. культуры ўсяго народа, далучэнне да актыўнага музіцыравання ў калектывах маст. самадзейнасці, выхаванне эстэт. густаў, уключэнне ў штодзённы муз. побыт сферы высокай музыкі дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, камунікацыі і грамзапісу, цесныя інтанац. сувязі паміж бытавымі, у т. л. масавай песняй, і «сур’ёзнымі» жанрамі. Многія прафес.бел. кампазітары працуюць у галіне бытавой музыкі — масавай і лірычнай песні, быт. танца, марша і інш.
Літ.:
Асафьев Б.В. Русская музыка, XIX и начало XX века. Л., 1968;
Яго ж. Бытовая музыка после Октября // Новая музыка. Л., 1927. Вып. 1(5);
Сохор А.Н. Эстетическая природа жанра в музыке // Сохор А.Н. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1981. Вып. 2;
Щербакова Т. Быт — бытовой диалект — классика // Сов. музыка. 1986. № 4;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;