Гла́зіць ’глядзець; зяваць; сурочваць’ (Нас.). Рус. гла́зить ’тс’ (гл. СРНГ, 6, 187–188). Паколькі гэты дзеяслоў даволі шырока распаўсюджаны ў рус. мове, а ў бел., акрамя Насовіча, здаецца, больш нідзе не зафіксаваны і паколькі зыходная лексема глаз ’вока’ не характэрна для бел. мовы (глаз як запазычанне з рус. сустракаецца ў некаторых гаворках; параўн. Сл. паўн.-зах.), то можна меркаваць, што гэта запазычанне з рус. гла́зить. Адносна лексемы глазу́н ’разява, разявака’, зафіксаванай таксама толькі ў Насовіча, можна сказаць, што і яна ўзята з рус. глазу́н ’тс’ (гл. Даль), хоць і не выключаецца магчымасць самастойнага яе ўтварэння ў бел. мове на базе запазычанага гла́зіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гло́тка ’глотка’ (БРС., Касп., Бяльк.). Рус. гло́тка, укр. гло́тка ’тс’. Параўн. балг. глъ́тка ’глотка; глыток’, макед. голтка ’тс’. Фасмер (1, 415) адносіў да глото́к і параўноўваў з лац. glūtus ’глыток’, улічваючы магчымасць гукапераймання. Трубачоў (Эт. сл., 6, 159) лічыць вытворным ад асновы дзеяслова glъtati ’глытаць’. З пункту гледжання лінгвістычнай геаграфіі цікавым з’яўляецца той факт, што гэта лексема вядома толькі на абмежаванай тэрыторыі (няма ў зах.-слав. мовах) і яе можна аднесці да ліку праславянскіх дыялектызмаў. Гэта тым больш цікава, што дзеяслоў, ад якога ўтворана данае слова, вядомы на больш шырокай тэрыторыі (уключаючы і зах.-слав. мовы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гры́жа 1 ’грыжа’ (БРС). Рус. гры́жа, укр. гри́жа ’тс’ (агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 161–162). Да *gryz‑ti ’грызці’: *gryz‑ja. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 466.

Грыжа 2 ’сварка, лаянка і да т. п.’ (Нас.) ’згрызота’ (Шат., Сцяц.), ’грызня’ (Жд. 1). Належыць да слав. (прасл.) *gryža ’хваляванне, клопаты, гора, хвароба, рана, згрызота і г. д.’ (агляд у Трубачова, Эт. сл., 7, 161–162), якое паходзіць з *gryz‑ja (да *gryzti ’грызці’).

Гры́жа 3, грыжан, грыжына ’бручка’ (у паўночнай Беларусу гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 40). Запазычанне з літ. мовы (параўн. літ. gríežtas; Смулкова, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Налог ’дрэнная схільнасць, звычка’ (Нас.), ’звычка’ (міёр., Нар. сл.), налога ’тс’ (віл., Жыв, сл.), укр. налога ’звычка, звычай’, польск. nałóg ’схільнасць, прывычка, звычка да чаго-небудзь дрэннага’. Ст.-бел. налог ’прывычка’ (1598 г.) лічыцца запазычаннем з польск. nałóg (Булыка, Лекс. запазыч., 133); Булахаў (Развіццё беларускай літ. мовы ў XIX–XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі. Мн., 1958, 27) лічыць паланізмам у беларускіх творах Чачота, што зусім верагодна, улічыўшы значную колькасць дэрыватаў у польскай мове і адмоўнае сэнсавае адценне слова, што адсутнічае ў беларускім дзеяслове налажы́цца ’прызвычаіцца, прывыкнуць’ (гл.), які мог быць асновай утварэння аддзеяслоўнага назоўніка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́цыя ’нацыя, нацыянальнасць, народ’ (Яруш., Некр. і Байк., БРС, ТСБМ), на́цыя ’парода’ (Растарг.), нацая ’нацыя; мова; вёска’ (Ян.). Ст.-бел. нацыя (нацея, нация) ’народ, народнасць’ (1589 г.) са ст.-польск. nacyja, што ў сваю чаргу з лац. natio (Булыка, Лекс. запазыч., 32); магчыма, паўторнае запазычанне ў сучасную беларускую літаратурную мову з рус. нация (Крукоўскі, Уплыў, 81), адкуль трапіла і ў гаворкі; падобным шляхам праніклі таксама нацыянальны, нацыяналіст, нацыяналізм і інш. з адпаведнай адаптацыяй да норм новай беларускай літаратурнай мовы (‑ыя‑ на месцы рус. ‑ио‑ і інш.). Цікава, што ў выніку самастойнага развіцця ў народнай мове ўзноўлена адно з першасных значэнняў лац. natio — ’парода’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Недаве́рак ’той, хто не верыць’ (Бяльк., ТСБМ): Niedawierki każuć, szto czerwiaka zubatocza niema na świeci (Пятк. 2), ’дысідэнт, не адной веры’ (Нас.), недавя́рак ’недаверлівы чалавек’ (Сцяц.), ’злыдзень, прахвост’ (дзярж., Нар. сл.), укр. недові́рок ’рэнегат; малаверны’, польск. niedowiarek ’няверны, ерэтык, адшчапенец; няверуючы, атэіст; малаверны чалавек’. Здаецца, што тут аб’ядналіся розныя па паходжанню словы; адны з іх утвораны ад не давяраць або з больш ранняга спалучэння не да веры (польск. nie do wiary) ’цяжка паверыць’, якія маглі з’явіцца самастойна ў кожнай з моў, іншыя запазычаны з польскай мовы, куды, як мяркуецца, трапілі з чэш. nedověrek ’ерэтык, адступнік’ (параўн. Урбаньчык, ZPSS, 1988, 457).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касы́нка, ’касынка, хустачка’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк.). Слова, вядомае толькі ва ўсх.-слав. мовах. Акрамя бел. мовы, гэта лексема ёсць у рус. і ўкр. Параўн. рус. косы́нка ’хустачка трохвугольнай формы на галаву, па шыю’ (зафіксавана ўжо ў Ганчарова, Ляскова і іншых пісьменнікаў). Укр. коси́нка, якое прыводзіць Шанскі без указання крыніц, можа быць русізмам. Паводле Бернекера, I, 585, звязана з прыметнікам *kosъ ’косы’. Шанскі (2, К, 356) удакладняе, што касы́нка — гэта непасрэднае вытворнае ад іменніка рус. косыня ’касынка, хустачка’, якое яшчэ сустракаецца ў дыялектах і з’яўляецца дэрыватам ад прыметніка косой суфіксам ‑ын‑я. Гл. яшчэ Трубачоў, Эт. сл., 11, 179–180.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касі́р ’касір’ (ТСБМ). Рус. касси́р, укр. каси́р. Бел. і ўкр. лексемы, здаецца, запазычаны з рус. мовы. У рус. мове гэта слова было запазычана з ням. у Пятроўскую эпоху. Гл. Фасмер, 2, 207; Шанскі, 2, К, 86. Зыходнай ням. формай было спачатку Kassierer, адкуль узята рус. касирер (у паперах Пятра I). Сучасная форма касси́р упершыню ў рус. мове фіксуецца ў Слоўніку Нордстэта 1780 г. (Шанскі, там жа). Усё ж такі не вельмі ясным, у высвятленні Шанскага, застаецца пытанне аб узаемадзеянні форм ням. і італ. паходжання. Паводле Шанскага атрымліваецца, што ням. Kassier (< італ. cassiere) не адлюстроўваецца ў старых рус. паперах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́чар ’самец качкі’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.), таксама ка́чур. Зафіксавалі ўжо ў ст.-бел. мове ў форме качоръ (XVI ст.); гл. Булыка, Запазыч., 144. Лічыцца запазычаннем з польск. мовы. Зыходным з’яўляецца польск. kaczor ’самец качкі’, вядомае ў помніках з XV ст. З польск. крыніцы ўзяты таксама рус. дыял. качу́р, укр. качур. У аснове ляжыць мяркуемае зах.-слав. *kača ’качка’, расшыранае суфіксам ‑erъ (параўн. прасл. *goserъ). Гл. Слаўскі, 2, 15; Кюнэ, Poln., 61, Фасмер, 2, 214 (Фасмер адзначае, што зах.-слав. слова ўтворана ад памяшнальнай формы ўласнага польск. імя Katarzyna); Брукнер, 216; Бернекер, 1, 465.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кашчу́нства ’адзін з відаў злачынства супраць веры ў праваслаўнай царкве і ў заканадаўстве царскай Расіі: знявага рэлігійнай святыні’; ’зневажальныя адносіны да таго, што паважаюць, чым даражаць і інш.’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кощу́нство, укр. кощу́нство. Бел. слова, здаецца, не мае даўняй гісторыі, таму можна меркаваць, што яно запазычана з рус. мовы. Параўн. у ст.-рус. мове: кощуна, коштюна, косщуна ’забаронены грэх’ (XII ст.), ’блазенства, кпіны’ (XV ст.), рус. кощу́н ’хто блюзнерыць’ (Даль), укр. кощу́н. Параўн. Фасмер, 2, 362; Трубачоў, Эт. сл., 11, 187. Прасл. *koščunъ, *košcuna з’яўляецца вытворным пры дапамозе суф. ‑junъ ад дзеяслова *kostiti ’лаяць, ганьбіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)