ДУБЯ́ГА (Дзмітрый Іванавіч) (3.10.1849, с. Соіна Смаленскай вобл., Расія — 22.10.1918),
расійскі астраном. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1872). Працаваў у Пулкаўскай астр. абсерваторыі. У 1884—1918 дырэктар Казанскай абсерваторыі, з 1901 дырэктар заснаванай ім паблізу г. Казань абсерваторыі імя В.П.Энгельгарта. У 1899—1905 рэктар Казанскага ун-та. Навук. працы па тэарэт. астраноміі, астраметрыі і гравіметрыі. Даследаваў арбіту спадарожніка Нептуна, стварыў тэорыю руху малой планеты Дыяны. Па назіраннях казанскіх астраномаў склаў каталог 4281 зоркі.
Літ.:
Библиография русской астрономической литературы 1800—1900 гг.М., 1968 (Тр. Гос. астрономического ин-та. Т. 37);
Баранов В.А. Памяти Д.И.Дубяго (3 октября 1849—22 октября 1918). Казань, 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДКО́Ў (Дзяніс Аляксандравіч) (23.6.1904, г.п. Круглае Магілёўскай вобл. — 23.3.1948),
бел. гісторык. Канд.гіст.н. (1935). Скончыў БДУ. З 1931 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККП(б)Б, Ін-це гісторыі АНБССР, БДУ, Мінскім пед. ін-це. Удзельнік Вял.Айч. вайны. Аўтар прац па гісторыі Беларусі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Даследаваў развіццё капіталізму, рабочы і сял. рух і інш.
Тв.:
Сталыпінская рэформа ў Віцебскай губерні. Мн., 1931;
Аб развіцці капіталізма ў Беларусі ў 2-й палове XIX і пачатку XX ст.Мн., 1932.
Літ.:
Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫКЕА́РХ (грэч. Dikaiarchos; каля 347, г. Месена, цяпер г. Месіна, Італія — 278 да н.э.),
старажытнагрэчаскі вучоны. Вучань Арыстоцеля і Тэафраста. Большую ч. жыцця правёў у Спарце, адкуль ажыццяўляў падарожжы з навук. мэтамі. Аўтар тв. «Жыццё Элады», у якім выкладаў гісторыю стварэння грэч. дзяржаў, іх дасягненні ў галіне л-ры, музыкі і інш. мастацтваў. Пісаў гісторыка-літ., біягр. і філас. творы, выступаў як аратар: У творы «Трыпалітыкон» крытычна падышоў да вучэння Платона аб дзяржаве. Стараж. крыніцы называюць Д. аўтарам твора «Апісанне Зямлі» і карты, на якой межы айкумены значна пашыраны ў параўнанні з картамі папярэдняй эпохі. На падставе ўласных вымярэнняў даволі дакладна для свайго часу вызначыў акружнасць Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМІ́ЧНАЯ РАЎНАВА́ГАў жывой прыродзе,
стан адноснай раўнавагі біясістэм. Накіраваны на падтрыманне іх асноўных характарыстык у пэўных межах, якія забяспечваюць існаванне гэтых сістэм. Уздзеянне знешніх і ўнутраных сіл (у т. л. антрапагеннага паходжання) на біясістэмы розных узроўняў (арганізм, біяцэноз) пры Д.р. не выклікае рэзкіх якасных змен асобных экалаг. сістэм (падсістэм біясферы) і пераходу іх да тэрмадынамічнай раўнавагі, уласцівай сістэмам неарганічнай прыроды. Вывучэнне заканамернасцей, механізмаў і ўмоў падтрымання Д.р. пры пастаянным росце антрапагеннага ўздзеяння на біятычнае і абіятычнае асяроддзе — цэнтр. задача аховы прыроды. На Беларусі вывучаецца ў некат. запаведніках.
Літ.:
Водопьянов П.А. Устойчивость и динамика биосферы. Мн., 1981, Динамическое равновесие человека и природы. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСІМІЛЯ́ЦЫЯў мовазнаўстве,
распадабненне ў межах аднаго слова або словазлучэння аднаго з двух артыкуляцыйна блізкіх ці аднолькавых гукаў іншым, менш падобным. Узнікае паміж гукамі аднаго тыпу — галоснымі (вакальная Д.) ці зычнымі (кансанантычная Д.)і звычайна скіравана на аблягчэнне вымаўлення. Бывае Д. сумежных гукаў (кантактная Д., напр., «трахтар» з «трактар») і гукаў, раздзеленых інш. гукамі (дыстактная Д., напр., «більзін» з «бензін»), Адрозніваецца Д. прагрэсіўная (змяненне гука пад уплывам папярэдняга: «пролубка» з «прорубка») і рэгрэсіўная (змяненне гука пад уплывам наступнага: «канбайн» з «камбайн»). Пашырана Д. ў гаворках, прастамоўі, дзіцячым маўленні, сустракаецца ў літ. мове, дзе асобныя яе формы замацаваліся як нарматыўныя: «калідор» з «карыдор» і г.д. Д. процілеглая асіміляцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬВІГ (Антон Антонавіч) (17.8.1798, Масква — 26.1.1831),
рускі паэт, крытык, журналіст. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817), дзе зблізіўся з А.С.Пушкіным. Дэбютаваў одай «На ўзяцце Парыжа» (1814). Выдаваў альманах «Северные цветы» (1825—31) і з Пушкіным «Литературную газету» (1830—31). Аўтар зб. «Вершы барона Дэльвіга» (1829). Асн. жанры яго лірыкі — перайманні стараж.-грэч. паэтаў (ідыліі) і вершы ў духу рус.нар. песень, элегіі, рамансы, пасланні. Адзін з першых распрацаваў у рус. паэзіі форму санета. Некат. тэксты Д. пакладзены на музыку: «Салавей» (муз. А.Аляб’ева) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРЭ́ГУС (Міхаіл Гардзеевіч) (5.12.1904, с. Вясёлае Харкаўскай вобл., Украіна — 31.7.1997),
украінскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1963), чл.-кар.АМСССР (1958). Вучыўся ў Харкаўскім маст. ін-це (1923—30). Сярод твораў: цыклы афортаў «Па дарогах Украіны» (1941), «Па дарогах вайны» (1941—42), «Вяртанне» (1943—44), «Украінскія народныя думы і гістарычныя песні» і «Маруся Багуслаўка» (абодва 1947); трыпціх «Дума пра казака Галоту» (1960), цыкл «Стэп» (1970—80-я г.). Аўтар ілюстрацый да твораў І.Катлярэўскага, М.Гогаля, Т.Шаўчэнкі, Л.Талстога і інш.Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎЧАНКА (Надзея Іванаўна) (30.9 1905, г. Керч, Украіна — 5.7.1990),
бел. графік. Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1931) і Маскоўскі маст.ін-т імя Сурыкава (1948). Выкладала ў Мінскім маст. вучылішчы (1950—60). Працавала пераважна ў тэхніцы акварэлі. Аўтар твораў, якія вылучаюцца актыўным, дасканалым малюнкам, гарманічным колерам, дакладнасцю характарыстыкі персанажаў: аўтапартрэт (1944), партрэты «Лётчык», «Герой Савецкага Саюза» (абодва 1946), «Брыгадзір Макаранка» (1953), Я.Маўра (1956), І.Мележа (1957), П.Глебкі, М.Міхалапа (абодва 1958) і інш. Сярод інш. работ: «Ліст ад унука», шэраг пейзажаў.
Літ.:
Н.І.Галоўчанка / Аўтар тэксту Т.Ф.Ляўкова. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУА́ ((Galois) Эварыст) (26.10.1811, г. Бур-ла-Рэн, Францыя — 30.5.1832),
французскі матэматык, заснавальнік сучаснай алгебры. Вучыўся ў ліцэі Луі-дэ-Гран, к моманту заканчэння якога ўжо вёў творчую працу па матэматыцы. У 1830 паступіў у Вышэйшую нармальную школу; у 1831 выключаны з яе за ўдзел у паліт. барацьбе супраць каралеўскага рэжыму Францыі. Загінуў на дуэлі. Стварыў агульную тэорыю рашэння алг. ураўненняў; Галуа тэорыю. Увёў паняцці групы, поля. Ідэі Галуа пачалі разумець толькі ў 1870-я г.
Літ.:
Инфельд Л. Эварист Галуа. Избранник богов: Пер. с англ.М., 1965;
Дальма А. Эварист Галуа, революционер и математик: Пер. с фр. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМО́НЫ (ад грэч. gamos шлюб),
рэчывы палавых клетак, якія ўдзельнічаюць у працэсах асемянення і апладнення. Вылучаны амер. вучоным Ф.Лілі ў 1912—21. Знойдзены ў водарасцей, грыбоў, многіх жывёл (у т. л. чарвей, малюскаў, ігласкурых). Паводле хім. прыроды падзяляюцца на ўласна гамоны (відаспецыфічныя, павышаюць рухомасць сперматазоідаў), глікапратэіны (забяспечваюць узаемадзеянне са спецыфічнымі паверхневымі рэцэптарамі палавых клетак, выклікаюць аглюцінацыю сперміяў), лізіны (выдзяляюцца пры акрасомнай рэакцыі). Адрозніваюць жаночыя гамоны, або гінагамоны (гінагамон I, гінагамон II, яйцавы антыферылізін), і мужчынскія гамоны, або андрагамоны (андрагамон I, андрагамон II, андрагамон III, спермалізіны — рэчывы, які раствараюць абалонкі яйца).