ПАЛАНЭ́З [польск. polonez ад франц. (danse) polonaise польскі танец],

старадаўні польскі танец-шэсце ўрачыстага характару. Жанрава вызначальныя рысы — 3-дольны тактавы памер, тыповая рытмаформула , каданс . Папярэднік П. —4-дольны павольны «пешы» танец, які вылучыўся з вясельных абрадавых танцаў, у 17 ст. адкрываў вясковыя святы або выконваўся ў час вяртання з палявых работ. У 18 ст. пад назвай «польскі танец» пашырыўся ў шляхецкім асяроддзі, дзе набыў ваяўнічы характар. У канцы 18 ст. атрымаў назву «П.» Адыграў прыкметную ролю ў фарміраванні нац. аблічча польскай прафес. музыкі. З 1790-х г., калі паявіліся «Паланэзы не для танца» М.​К.​Агінскага, і ў 19 ст., у перыяд рамантызму, П. узбагаціўся рысамі паэмнасці, значна пашырыўся яго эмац. дыяпазон. Вяршыні развіцця дасягнуў у творчасці Ф.​Шапэна. Да П. звярталіся І.​С.​Бах, В.​А.​Моцарт, К.​М.​Вебер, М.​Глінка, П.​Чайкоўскі, А.​Скрабін, А.​Лядаў і інш.

Найб. раннія звесткі пра П. на Беларусі адносяцца да 1780-х г. і звязаны з творчасцю Я.​Д.​Голанда (арыя Паляка з оперы «Чужое багацце нікому не на карысць», паст. 1780, Нясвіж) і Р.​Вардоцкага (арыя з оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас», паст. ў школьным т-ры Забельскага дамініканскага калегіума, Верхнядзвінскі р-н). У 19 ст. вядомы П. для канцэртнага выканання І.​Дабравольскага (для скрыпкі), Міхала Казіміра Агінскага (для скрыпкі і фп.), Міхала Клеафаса Агінскага і В.​Казлоўскага (для арк.), Н.​Орды, А.​Абрамовіча, С.​Манюшкі, К.​Ельскага, Ф.​Міладоўскага (для фп.) і інш. Асаблівую папулярнасць набыў П. «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага. З сучасных бел. кампазітараў П. пісалі Дз.​Лукас (з музыкі да кінафільма «Несцерка»), Ю.​Бяльзацкі (з сюіты на тэмы польск. нар. танцаў), Г.​Вагнер (з балета «Падстаўная нявеста») і інш.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАЗААЛО́ГІЯ (ад палеа... + заалогія),

навука аб выкапнёвых жывёлах; раздзел палеанталогіі і заалогіі. Падзяляецца на П. беспазваночных (палеаэнтамалогія, палеамалакалогія і інш.) і П. пазваночных (палеаіхтыялогія, палеаарніталогія, палеатэрыялогія і інш.). Звязана з інш. біял. навукамі, гіст. геалогіяй, стратыграфіяй.

Рэшткі выкапнёвых жывёл вядомы са стараж. часоў. Шмат іх сабрана і апісана ў 16—18 ст. (Г.Агрыкала, франц. вучоны Б.​Палісі, дацкі — Н.​Стэна, англ. — Дж.​Хантэр і інш.). Як навука П. ўзнікла ў канцы 18 — пач. 19 ст. (заснавальнік П пазваночных — Ж.Кюўе, беспазваночных — Ж.Б.Ламарк) і развівалася працамі А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучонага Ж.Л.​Р.​Агасіса, італьян. — Дж.​Брокі, ням. — Р.​І.​Фішэра фон Вальдгайма і інш. У пасля-дарвінаўскі перыяд уклад у развіццё П. зрабілі Л.Дало, М.Ноймайр, Р.Оўэн, амер. вучоныя Дж.​Лейдзі, О.​Ч.​Марш, Э.​Коп, Г.​Ф.​Осбарн, ням. — К.​А.​Цытэль, рас. — Ю.А.Арлоў, У.А.Кавалеўскі, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, У.​П.​Амаліцкі, А.​А.​Барысяк, А.​В.​Мартынаў, С.​М.​Нікіцін, Дз.​У.​Обручаў, М.​В.​Паўлава, А.​П.​Паўлаў і інш.

На Беларусі П. развіваецца з 19 ст. Сістэм. даследаванні вядуцца з 1950-х г. у Бел. геолагаразведачным НДІ (да 1970 Геал. ін-т АН БССР), з 1970-х г. таксама ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (А.В.Фурсенка, В.​С.​Акімец, В.​К.​Галубцоў, С.​Ф.​Зубовіч, П.​Ф.​Каліноўскі, С.​А.​Кручак, А.​М.​Матузка, В.​М.​Мотуз, У.​І.​Назараў, В.​І.​Пушкін, В.​В.​Шчаглова і інш.). Вывучаюцца выкапнёвыя прасцейшыя, ракападобныя, малюскі, насякомыя, млекакормячыя і інш., у больш чым 250 месцах выяўлены рэшткі стараж. насякомаедных, рукакрылых, зайцападобных, грызуноў, драпежных, хобатных, няпарна- і парнакапытных.

Літ.:

Палеонтология беспозвоночных. М., 1962;

Антрапаген Беларусі. Мн., 1971;

Калиновский П.Ф. Териофауна позднего антропогена и голоцена Белоруссии. Мн., 1983;

Яго ж. Падарожжа ў мінулае да «братоў нашых меншых». Мн., 1999.

т. 11, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТАЛО́ГІЯ (ад паразіты + ...логія),

біялагічная навука пра паразітычныя арганізмы, выкліканыя імі хваробы жывёл, чалавека і раслін, метады і сродкі барацьбы з паразітозамі. Падзяляецца на агульную, мед., вет., экалагічную і агранамічную. Асн. метады даследавання — мікраскапічны, эксперым., клінічны. Зачаткі П. ўзніклі ў глыбокай старажытнасці. Сістэм. вывучэнне паразітаў пачалося ў 18 ст. (К.Ліней, П.С.Палас, К.І.Скрабін і інш.). На Беларусі пытанні П. сістэматычна вывучаюцца з 1920—30-х г.: даследавалася фауна паразітычных прасцейшых (П.​М.​Мардасаў, К.​Ф.​Расцягаева, С.​П.​Сузько, В.​Л.​Якімаў і інш.), кляшчоў (М.​А.​Аленеў, А.​Е.​Беліцэр, В.​Ф.​Гусеў), насякомых (Р.Я.Бей-Біенка, А.​У.​Бург, А.​Р.​Маеўскі і інш.), гельмінтаў (Х.С.Гарагляд, В.Ф.Чарвякоў і інш.), узбуджальнікаў хвароб раслін (В.Ф.Купрэвіч, М.А.Дарожкін). Даследаванні вядуцца ў ін-тах заалогіі, эксперым. батанікі, Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ аховы раслін, эксперым. ветэрынарыі, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, Брэсцкім пед. ун-це і інш. Асн. кірункі даследаванняў: арахнаэнтамалагічны, гельмінталагічны, протазаалагічны, паразітацэналагічны. У 1970—90-я г. высвятляліся асаблівасці і краявой П., распрацоўваліся метады дыягностыкі і ліквідацыі асн. паразітаў, вывучаўся іх патагенез і клініка, фауна, экалагічная і эпідэміял. значнасць гельмінтаў, крывасосных кляшчоў і насякомых у лясных біяцэнозах, урбаландшафтах, з 1986 у зоне аварыі Чарнобыльскай АЭС. Распрацаваны інтэгральны кантроль крывасосных мошак па прафілактыцы сімуліятаксікозу буйн. раг. жывёлы, практычныя рэкамендацыі па барацьбе з эймерыёзамі с.-г. жывёл, птушак і абмежаванні пашырэння асн. узбуджальнікаў хвароб. Найб. ўклад у гэтыя даследаванні зрабілі І.Ц.Арзамасаў, М.П.Карасёў, А.І.Ятусевіч, Н.​С.​Балагіна, Е.​І.​Бычкова, АС.​Гембіцкі, В.​М.​Капліч, К.​М.​Кірыенка, А.​Г.​Лабецкая, І.​В.​Меркушова, М.​М.​Трухан, Н.​В.​Цярошкіна, І.​В.​Чыкілеўская, Г.​А.​Яфрэмава.

Літ.:

Каплич В.М., Усова З.В. Кровососущие мошки лесной зоны. Мн., 1990;

Ятусевіч А.І., Карасёў М.П., Якубоўскі М.В. Паразіталогія і інвазійныя захворванні жывёл. Мн., 1998;

Клещи (Acari) фауны Беларуси: Кат. М., 1998.

Г.​А.​Яфрэмава.

т. 12, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАЯ РА́ДА, Няспынная рада (польск. Rada Nieustająca),

вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай у 1775—89, 1793—94. Першы пастаянна дзеючы паміж сесіямі сойма цэнтр. ўрад, створаны на сойме 1773—75 пасля ратыфікацыі ўмоў 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) для замацавання пераважнага ўплыву Рас. імперыі на ўнутр. справы дзяржавы. Функцыі П.р. аформлены Статутам 1775. Складалася з караля, 18 сенатараў і 18 паслоў ад ваяводстваў са шляхты. Членаў П.р. выбіралі на сойме тайным галасаваннем на 2 гады, пасля чаго праводзіліся перавыбары ​1/3 яе складу. Старшынстваваў у радзе кароль (пры яго адсутнасці — прымас), які меў права заканад. ініцыятывы. Падзялялася на дэпартаменты замежных спраў, скарбу, паліцыі, войска, справядлівасці, якія ўзначальваліся сенатарамі. Стварэнне П.р. зафіксавала кампраміс паміж каралём і магнатамі. Кароль мог прызначаць сенатараў і міністраў з 3 кандыдатаў, прапанаваных соймам, страціў права аднаасобна раздаваць староствы, афіцэрскія чыны і прымаць рашэнні па кіраванні арміяй без згоды гетманаў. П.р. атрымала права склікаць звычайныя і надзвычайныя соймы нават без згоды караля, кантраляваць дзярж. скарб без справаздачы перад соймам. Пры падтрымцы Расіі П.р. ўвяла эмфітэтычнае (абмежаванае 50 гадамі) трыманне старостваў, адзінае мыта, вэксальнае права, градацыю падымнага падатку, пераўтварыла панцырныя і гусарскія харугвы ў брыгады нац. кавалерыі, увяла падзел арміі на 6 дывізій, удзельнічала ў заснаванні Адукацыйнай камісіі. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 апазіцыя дамаглася 14.1.1789 ліквідацыі П.р. як «сродку замежнага дыктату і пагрозы ўкаранення нязвыклага дынастычнага абсалютызму». Таргавіцкая канфедэрацыя аднавіла П.р. для склікання Гродзенскага сойма 1793 з мэтай ратыфікацыі 2-га падзелу Рэчы Паспалітай. Сойм абраў П.р. з 24 чал. Мела дэпартаменты скарбу, войска, паліцыі, справядлівасці, адукацыі і замежных спраў, наглядала за парадкавымі цывільна-вайсковымі камісіямі ў ваяводствах і паветах. Праіснавала да стварэння ў час паўстання 1794 Найвышэйшай нацыянальнай рады ў Варшаве і Найвышэйшай літоўскай рады ў Вільні.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ РЭЙН-ВЕСТФА́ЛІЯ (Nordrhein-Westfalen),

зямля (адм. адзінка) на З Германіі. Пл. 34 тыс. км². Нас. каля 18 млн. чал. (2000). Адм. ц.г. Дзюсельдорф, найбуйнейшыя гарады: Кёльн, Дортмунд, Бохум, Эсэн, Гельзенкірхен, Дуйсбург, Мюльгайм, Вуперталь, Бон утвараюць Рэйнска-Рурскую агламерацыю з насельніцтвам больш за 12 млн. чал. Знаходзіцца ў межах Паўн.-Германскай нізіны (на Пн і З) і Рэйнскіх Сланцавых гор (на Пд і У). Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 17 °C, студз. каля 1 °C, ападкаў 600—700 мм за год. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць каменны (Рурскі і Ахенскі басейны) і буры (Ніжнярэйнскі бас.) вуглі. Канцэнтруе каля 30% валавога нац. прадукту і прадукцыі апрацоўчай прам-сці Германіі. Здабыча каменнага (каля 70 млн. т штогод) і бурага (каля 100 млн. т) вугалю. На электрастанцыях вырабляецца каля 40% электраэнергіі краіны. Буйныя цэнтры нафтаперапрацоўкі (Кёльн, Гельзенкірхен) перапрацоўваюць імпартную нафту, якая паступае па нафтаправодах з партоў Паўн. мора. У Руры і яго наваколлі сканцэнтравана чорная і каляровая металургія. Развіты цяжкае машынабудаванне (абсталяванне для горназдабыўной прам-сці, доменнае і пракатнае, вагоны, станкі, рачныя судны, аўтамабілі), энергамашынабудаванне і электроніка, хім. (вытв-сць пластмас, сінт. валокнаў, каўчуку, асн. хімія), тэкст. (баваўняная, шаўковая), харч. (асабліва піваварная) прам-сць. Буйнейшая ў краіне вытв-сць цэменту і шкла. Сельская гаспадарка мае дапаможнае значэнне. Развіты агародніцтва, малочная жывёлагадоўля. Густая сетка чыгунак, аўтастрад, водных шляхоў (Рэйн, суднаходныя прытокі і каналы), нафта-, газа- і прадуктаправодаў. Міжнар. аэрапорт Кёльн—Бон.

Зямля ўтворана брыг. акупац. ўладамі 23.8.1946 з б. прускай прав. Вестфалія і паўн. часткі Рэйнскай правінцыі. Канчаткова аформілася тэрытарыяльна (далучаны раён Ліпе-Дэтмальд) 21.1.1947. З 1949 у складзе ФРГ. 11.7.1950 набыла сілу канстытуцыя зямлі. У 1978—98 урад зямлі ўзначальваў сацыял-дэмакрат І.​Рау (з 1999 прэзідэнт ФРГ).

т. 12, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЗІКЛ (ад англ. musical музычны, меладычны),

музычна-сцэнічны жанр, які спалучае разнастайныя сродкі эстр. і быт. музыкі, драм., харэаграфічнага і опернага мастацтваў. У адрозненне ад аперэты мае скразную пластычную драматургію, уключае вак.-харэаграфічныя ансамблі, можа быць і камедыяй і драмай.

Як жанр сфарміраваўся ў 1920—30-я г. ў ЗША. Яго вытокі ў традыцыях англа-амер. баладнай оперы і муз. камедыі канца 19 — пач. 20 ст. Перыяд росквіту — 1940—60-я г.: «Аклахома» Р.​Роджэрса (1943), «Цалуй мяне, Кэт» К.​Портэра (1948), «Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу (1956), «Вестсайдская гісторыя» Л.​Бернстайна (1957), «Скрыпач на даху» Дж.​Бока і «Хэло, Долі!» Дж.​Германа (1964), «Чалавек з Ламанчы» М.​Лі (1965) і інш. З канца 1960-х г. адбываецца крызіс жанру, звязаны з развіццём поп-музыкі і рок-оперы. У той жа час М. пашырыўся ў Еўропе. Вядомы экранізацыі М.: «Старыя на ўборцы хмелю» І.​Бажанта, І.​Маласека і В.​Галы (Чэхаславакія, 1964), «Дзяўчаты з Рашфора» М.​Леграна (Францыя, 1966), «Смешная дзяўчына» Дж.​Стайна (ЗША, 1969), «Олівер» Л.​Барта (Вялікабрытанія, 1970) і інш. У М. рас. кампазітараў выкарыстоўваюцца нац. традыцыі муз. т-ра, элементы рок-музыкі, песенныя жанры: «Мой брат іграе на кларнеце» А.​Фельцмана (1968), «Вяселле Крачынскага» А.​Колкера (1973), «Тры мушкецёры» М.​Дунаеўскага, «Тыль» Г.​Гладкова, «Бумбараш» У.​Дашкевіча (усе 1974), «Прыгоды Бураціна» А.​Рыбнікава (1975) і інш.

Сярод бел. кампазітараў у жанры М. працуюць А.​Залётнеў («Валенсіянскія вар’яты» паводле Лопэ дэ Вэгі, 1983; «Дапытлівы слонік» паводле Р.​Кіплінга, 1993; «Драўляны рыцар», 1994; «Сцяпан — вялікі пан» паводле А.​Вольскага, 1995), А.​Мдывані («Мес Менд», 1987), У.​Кандрусевіч («Нявеста для Марціна», 1988; «Джулія» паводле С.​Моэма, паст. 1990; «Шклянка вады», паст. 1994, усе Мінск; «Залёты» паводле В.​Дуніна-Марцінкевіча, паст. 1992, Віцебск), С.​Бельцюкоў («Сцяпан — вялікі пан», 1989), А.​Будзько («Пітэр Пэн», паст. 1990, Мінск) і інш.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ЛЬ (франц. morale ад лац. moralis маральны, духоўны),

асаблівая форма грамадскай свядомасці і від грамадскіх адносін (маральныя адносіны); адзін з асн. спосабаў нарматыўнай рэгуляцыі дзеянняў чалавека ў грамадстве. Узнікла на ранніх ступенях развіцця чалавечага грамадства і выяўлялася ў розных маральных сістэмах, якія развіваліся і змянялі адна адну. Рэгулюе паводзіны чалавека ва ўсіх сферах яго грамадскага жыцця — у працы, побыце, палітыцы, навуцы, сям’і, унутрыгрупавых, міжнар. адносінах, а таксама яго адносіны з прыродай. Адлюстроўвае цэласную сістэму поглядаў на сац. жыццё, якая змяшчае разуменне сутнасці грамадства, гісторыі, чалавека і яго быцця. Уяўляе сабой усведамленне людзьмі грамадска неабходнага тыпу паводзін і іх рэалізацыю ў свабодных дзеяннях з апорай на ўласныя перакананні і грамадскую думку. Нормы М. пастаянна абнаўляюцца з улікам гіст. традыцый, духоўнай і нац.-культ. спадчыны, жаданняў людзей. У М. вял. роля належыць індывід. свядомасці (уласныя перакананні, матывы, самаацэнка), якія дазваляюць чалавеку кантраляваць свае дзеянні, самастойна вызначаць сваю лінію паводзін у грамадстве. У разнастайнасці грамадскай дзейнасці чалавека спецыфічна маральны бок паводзін можна адрозніць толькі паводле спосабу, якім рэгулююцца ўчынкі. Напр., эканам. рэгуляванне ажыццяўляецца праз матэрыяльныя інтарэсы людзей; ‘нормы права замацоўваюцца ў афіц. заканадаўстве; адм. формы кантролю здзяйсняюцца праз размеркаванне абавязкаў і афіц. паўнамоцтваў паміж асобамі; у паўсядзённым жыцці патрабаванні М. кантралююцца грамадскай думкай. Аўтарытэт чалавека ў пытаннях М. з’яўляецца духоўным аўтарытэтам і залежыць ад таго, наколькі правільна чалавек разумее сэнс маральных патрабаванняў і выконвае іх. Ён не звязаны з афіц. паўнамоцтвамі, рэальнай уладай або грамадскім становішчам. У адрозненне ад звычаяў, нормы М. набываюць сэнс агульначалавечых каштоўнасцей і прынцыпаў і падтрымліваюцца ў выніку заведзенага і агульнапрынятага парадку.

Літ.:

Мораль, сознание и поведение. М., 1986;

Библер В.С. Нравственность. Культура. Современность. М., 1990;

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992;

Моральные ценности и личность. М., 1994.

В.​В.​Краснова.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАЛО́ГІЯ РАСЛІ́Н,

раздзел батанікі, які вывучае форму і будову раслін, заканамернасці іх морфагенезу ў індывідуальным (антагенез), гіст. (філагенез) развіцці і пад уплывам фактараў знешняга асяроддзя. Уключае анатомію раслін, карпалогію, паліналогію, тэраталогію, цыталогію, эмбрыялогію раслін, арганаграфію (уласна М.р., апісвае знешнюю будову) і інш. Асн. метады даследаванняў: апісанне, параўнанне, эксперымент. Цесна звязана з сістэматыкай, філагенетыкай, фізіялогіяй і экалогіяй раслін, генетыкай, раслінаводствам. Даныя М.р. выкарыстоўваюць у геалогіі, лясной, сельскай гаспадарцы і інш.

М.р. зарадзілася ў 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст) і да сярэдзіны 18 ст. мела пераважна апісальны характар. Першыя тэарэт. абагульненні зроблены ў працах Н.Гру, М.Мальпігі, А.​Чэзальпіна і інш. У 18 ст. К.Ліней удасканаліў марфал. тэрміналогію і выкарыстаў яе ў мэтах сістэматыкі раслін. Станаўленне М.р. як самаст. навукі звязана з працамі І.В.Гётэ (вучэнне аб метамарфозе, 1790; тэрмін «марфалогія») і А.П.Дэкандоля (заснавальнік параўнальнай М.р., 1-я пал. 19 ст.). З сярэдзіны 19 ст. развіваюцца антагенетычны (В.Ф.Б.Гофмайстэр, І.М.Гаражанкін, С.Г.Навашын, Э.Страсбургер, І.​Д.​Чысцякоў і інш.) і філагенетычны (А.Л.Тахтаджан, Ф.Э.Л. ван Тыгем, А.В.Эйхлер, В.​Цымерман і інш.), кірункі параўнальнай і эксперыментальная М.р. (А.М.Бякетаў, К.І.Э. фон Гебель, Г.​А.​Клебс, М.П Крэнке, М.​Ф.​Левакоўскі і інш.). У пач. 20 ст. ўзнікла экалагічная М.р. (І.Э.Вармінг, Гебель, Клебс, К.​Раўнкіер), якая атрымала развіццё ў працах Б.А.Келера, Р.​Я.​Левінай, І.​Р.​Серабракова, Т.​І.​Серабраковай і інш.

На Беларусі марфал. даследаванні звязаны пераважна з удакладненнем таксанамічных прыкмет розных таксонаў раслін. Асобныя пытанні М.р. асвятляюцца ў працах супрацоўнікаў Ін-та эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. пед. ун-це, Брэсцкім ун-це і інш.

Літ.:

Тахтаджян А.Л. Основы эволюционной морфологии покрытосеменных М.; Л., 1964;

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972;

Щербакова А.А., Базилевская Н.А., Калмыков К.Ф. История ботаники в России (дарвиновский период, 1861—1917 гг.). Новосибирск. 1983.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРШ,

музычны жанр. Склаўся ў інстр. музыцы. Яго вызначальныя рысы: дакладны рытм з вострымі пункцірнымі фігурамі і сінкопамі, мелодыка з «фанфарнымі» інтанацыямі, скачкамі, паўторамі гукаў, квадратнасць пабудовы, устойлівы тэмп. Памер пераважна ​2/4, ​4/4.

М. сфарміраваўся ў далёкім мінулым на аснове інстр. сігналаў (гл. Сігнальная музыка), паходнай салдацкай песні, некат. форм танц. музыкі (напр., паланэза). Разнастайнасць характару і зместу М. абумоўлена яго канкрэтным прызначэннем (страявы, жалобны, канцэртны і інш.), сац.-грамадскімі ўмовамі эпохі і традыцыямі нац. муз. культур. М. — адзін з вядучых жанраў духавой музыкі, які садзейнічае арганізацыі руху і стварэнню адзінага эмац. настрою. Сярод ваен. М. вылучаюць страявы (парадны), цырыманіяльны (калонны і фанфарны), паходны, або «хуткі», сустрэчны, пахавальны (жалобны), кожны з якіх мае свае муз.-стылявыя асаблівасці. На ранняй ступені развіцця М. стаў таксама жанрам тэатр., канцэртнай і быт. музыкі. Развіваецца ў пастаяннай сувязі яго прыкладной і «мастацкай» форм.

На Беларусі М. выкарыстоўваецца ў нар. і прафес. муз. практыцы; абавязковы кампанент традыц. вясельнага рытуалу, дзе стварае атмасферу ўсеагульнай радасці і ўрачыстасці. У кожнай мясцовасці ёсць свае традыц. папулярныя маршы, у т. л. рус. ваен. М. «Развітанне славянкі», «Туга па Радзіме», «Егерскі марш», «Парыжскі марш 1814 г.», бел. нар. песня «Бывайце здаровы», польск. застольная песня «Сто год» і інш., розныя па месцы і па часе ўзнікнення. У 2-й пал. 19 ст. да жанру М. звярталіся І.​Глінскі, Я.​Ёдка і інш. М. зрабіў вял. ўплыў на развіццё масавай песні. У 20 ст. М. пісалі бел. кампазітары Р.​Бутвілоўскі, Ю.​Бяльзацкі, Я.​Глебаў, І.​Лучанок, П.​Падкавыраў, Р.​Сурус, Я.​Цікоцкі, М.​Чуркін. М.-парафразы створаны на тэмы песень У.​Алоўнікава, Лучанка, Ю.​Семянякі і інш. М. распрацоўваецца ў бел. сімф., опернай, балетнай, фп. музыцы і інш.

Літ.:

Городецкая 3., Магазинер Л. Типичные черты жанра, композиции и музыкального языка маршей // В помощь военному дирижеру. М., 1955. Вып. 2.

І.​Дз.​Назіна.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ МАДЭЛІ́РАВАННЕ,

метад даследавання аб’ектаў (з’яў, працэсаў, сістэм) шляхам пабудовы і вывучэння іх матэм. мадэлей; адзін з гал. спосабаў навук. пазнання, прагназавання, кіравання і тэхн. праектавання. Уключае 3 асн. этапы: стварэнне мадэлі аб’екта, пераўтварэнне яе ў алгарытм, а алгарытму — у праграму для ЭВМ.

Мадэль аб’екта запісваецца ў матэм. форме з дапамогай законаў прыродазнаўчых і тэхн. навук. У ёй адлюстроўваюцца найважнейшыя ўласцівасці аб’екта, сувязі паміж яго часткамі і інш. Метадамі выліч. матэматыкі мадэль пераўтвараюць у вылічальна-лагічны алгарытм, а затым у праграму для рэалізацыі на ЭВМ, з дапамогай якой праводзяць «доследы» патрэбных якасных і колькасных характарыстык аб’екта. Працэс М.м. пастаянна паляпшаюць і ўдакладняюць ва ўсіх звёнах і паўтараюць да дасягнення патрэбнай дакладнасці супадзення рэальных і імітацыйных даных. Элементы М.м. выкарыстоўвалі з часу паяўлення дакладных навук. Шырокае развіццё яго пачалося ў 1940-я г. і звязана ў асн. са стварэннем ЭВМ (гл. Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы). У канцы 20 ст. М.м. становіцца інтэлектуальным ядром інфарм. тэхналогій, працэсу інфарматызацыі грамадства. Яно выкарыстоўваецца ў ядз. і касм. тэхніцы, авія-, судна-, машынабудаванні, хім. вытв-сці, эканоміцы, сацыялогіі, біялогіі, медыцыне. а таксама там, дзе прамы натурны эксперымент немэтазгодны або немагчымы. Адзін з заснавальнікаў М.м. — рас. вучоны А.А.Самарскі.

На Беларусі М.м. развіваецца ў ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Самарский А.А., Михайлов А.П. Математическое моделирование: Идеи. Методы. Примеры. М., 1997;

Самарский А.А., Михайлов А.П. Компьютеры и жизнь: (Мат. моделирование). М., 1987;

Матус П.П., Рычагов Г.П. Математическое моделирование в биологии и медицине: (Аннотацион. справ.). Мн., 1997;

Математическое моделирование: Пер. с англ. М., 1979;

Самарский А.А., Вабищевич П.Н., Матус П.П. Разностные схемы с операторными множителями. Мн., 1998.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

Да арт. Матэматычнае мадэліраванне.

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)