ВАЎЖЭ́ЦКІ (Тамаш) (паміж 1753—59, Браслаўскі пав. — 5.8.1816),
грамадска-паліт. і вайсковы дзеяч ВКЛ. З маладых гадоў, практыкуючы ў земскіх судах, набыў вядомасць як выдатны знаўца права. Пасол ад Браслаўскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, дзе далучыўся да дэмакр. плыні, быў прыхільнікам Канстытуцыі 3 мая 1791. У сваім маёнтку ліквідаваў паншчыну і даў сялянам волю. Адстойваў пашырэнне праў мяшчанства. Удзельнічаў у распрацоўцы рэформы мясц.адм. кіравання ў ВКЛ праз стварэнне ваяводскіх і павятовых парадкавых цывільна-вайск. камісій. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 быў саветнікам камандуючага арміяй ген.-лейт. Ю.Юдзіцкага; удзельнік бітвы пад Мірам (11.6.1792). У час паўстання 1794 уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду; з сярэдзіны мая 1794 адзін з кіраўнікоў паўстання на Жмудзі і ў Курляндыі; у канцы мая прызначаны А.Т.Б.Касцюшкам чл. Найвышэйшай нац. рады ў Варшаве — гал. органа паўстання. Атрымаў ад Касцюшкі званне ген.-лейтэнанта. У верасні пад націскам рас. войск вывеў рэшткі сваіх атрадаў пад Гродна. Пасля паланення Касцюшкі выбраны «вышэйшым начальнікам» — кіраўніком паўстання на ўсёй тэр. Рэчы Паспалітай. Пасля капітуляцыі Варшавы (6 ліст.) трапіў у палон, зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, дзе напісаў успамін пра паўстанне. У 1796 амнісціраваны і вярнуўся на радзіму. У 1812 узначаліў Літоўскі грамадз.к-т па забеспячэнні харчамі рас. войска. Пасля вайны 1812 міністр юстыцыі і пажыццёвы ваявода ў Каралеўстве Польскім. Пахаваны ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.
Літ.:
Szyndler B. Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania kościuszkowskiego. Warszawa, 1976;
Пракопчык Л. Генерал касінераў // Пракопчык Л. «Дрэмле памятка дзён...» Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЯВО́ДЗІНА (Bojboguna, Vojvodina),
тэрыторыя на Пн Саюзнай Рэспублікі Югаславія, у Рэспубліцы Сербія. Мяжуе з Харватыяй, Венгрыяй, Румыніяй. Пл. 21,5 тыс.км². Нас. 2013 тыс.чал. (1991), у т. л. сербы (54,4%), венгры (18,9%), група насельніцтва пад саманазвай югаславы (8,2%), а таксама харваты, славенцы, румыны, чарнагорцы і інш.Найб. горад Нові-Сад. Ваяводзіна размешчана ў межах паўд.ч. Сярэднедунайскай раўніны. На ПдЗ краж Фрушка-Гора (выш. да 539 м), на ПдУ адгор’і Паўд. Карпат (выш. да 641 м). Клімат умераны, кантынентальны. Цячэ р. Дунай з прытокамі. Пераважаюць ландшафты асвоеных чарназёмных стэпаў. Гал.с.-г. раён Югаславіі. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, каноплі, сланечнік, цукр. буракі. Садоўніцтва і вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Здабыча нафты і газу. Харч.прам-сць (мукамольная, алейная, масларобная, цукр., пяньковая). Развіта таксама тэкст., машынабуд. (с.-г. і электратэхн.), нафтахім., цэм.прам-сць. Вытв-сцьмінер. угнаенняў. Транспарт чыг., аўтамабільны, рачны (па Дунаі і яго прытоках).
Тэр. Ваяводзіны заселена славянамі ў 6—7 ст. З 10 ст. ў складзе Венг. каралеўства. У 1526—1918 пад уладай Габсбургаў (у 1849—60 у складзе іх аўстрыйскіх, у 1860—1918 — венг. зямель). Тут адбыліся антыгабсбургскія (1735) і антыфеад. (1848) выступленні сялян, развіваўся нац.-вызв. (19 ст.) і дэмакр. рух (у 1-ю сусв. вайну). У 1918 Ваяводзіна далучана да Каралеўства Сербаў, Харватаў і Славенцаў. У 1941 акупіравана ням.-фаш. і венг. войскамі. Вызвалена восенню 1944 Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. У 1945—63 аўт. вобласць, у 1963—74 аўт. край, у 1974—90 сацыяліст.аўт. край у складзе Сербіі. Аўтаномія Ваяводзіна скасавана ў 1990 сербскім урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ННІЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у складзе Украіны. Утворана 27.2.1932. Пл. 26,4 тыс.км². Нас. 2012 тыс.чал. (1995), гарадскога 45%. Цэнтр — г. Вінніца. Найб. гарады: Жмерынка, Магілёў-Падольскі, Хмяльнік.
Прырода. Большая ч.тэр. размешчана ў межах Падольскага (выш. да 362 м) і Прыдняпроўскага (выш. да 323 м) узвышшаў. Паверхня — хвалістая раўніна, пераважаюць выш. 200—300 м. Карысныя выкапні: граніты, гнейсы, мергелі, вапнякі, кааліны, фасфарыты, мел, гіпс, гліны, пяскі, торф і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў каля 530 мм за год. Гал. рака Паўд. Буг з прытокамі Згар, Дзясна, Соб, Днестр (на мяжы з Малдовай) з прытокамі Лядава, Нямія, Мурафа. Мінер. крыніцы. Вінніцкая вобласць размешчана ў лесастэпавай зоне. Пашыраны чарназёмныя, шэрыя і светла-шэрыя глебы. Стэп узараны; пад невял. ўчасткамі лесу (з дубу, грабу, ясеню, ліпы, клёну) 12% тэрыторыі.
Гаспадарка. Развіта харчасмакавая прам-сць (цукровая — каля 40 заводаў, мяса-малочная, алейнатлушчавая, плодакансервавая, спіртавая і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (абсталяванне для харч. прам-сці; трактарныя агрэгаты, падшыпнікі, інструменты, прылады, электронная апаратура і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні), лёгкая (абутковая, швейная, трыкат., футравая), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя вырабы). Здабыча каалінаў, граніту, вапнякоў, глін. Ладыжынская ДРЭС. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, гародніну, з тэхнічных — цукр. буракі і сланечнік. Садаводства. Вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля. Свінагадоўля. Птушкагадоўля. Густая сетка чыгунак: Кіеў—Вінніца—Магілёў-Падольскі, Хмяльніцкі—Жмерынка—Адэса, Шапятоўка—Калінаўка—Умань, Жытомір—Вінніца—Першатравенск. Аўтадарогі Жытомір—Вінніца—Кішынёў, Хмяльніцкі—Вінніца—Умань. Суднаходства па Дняпры і Паўн. Бугу. Курорты Хмяльнік і Пячэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫУТО́ПІЯ,
плынь грамадскай думкі, прадстаўнікі якой адмаўляюць магчымасць стварэння дасканалага грамадства і лічаць, што любыя намаганні пабудаваць адвольна спраектаваны грамадскі лад прыводзяць да катастрафічных наступстваў. Гіст. антыутопія паходзіць ад сатыр. традыцыі Дж.Свіфта, Вальтэра, У.Ірвінга, С.Батлера, М.Е.Салтыкова-Шчадрына, Г.К.Чэстэртана, Г.Уэлса і інш. У раманах і публіцыст. творах Я.Замяціна («Мы»), О.Хакслі («Гэты цудоўны новы свет», «Малпа і сутнасць»), Дж.Оруэла («Ферма жывёл», «1984 год»), А.Кёстлера («Цемра ў поўдзень»), Л.Мэмфарда («Міф аб машыне») і інш. утапічныя праекты ўяўляюцца як насілле над чалавечай прыродай, якое вядзе да таталітарызму. Да твораў-антыутопій можна далучыць і раманы-папярэджанні Дж.Лондана, К.Чапека, А.Франса, Р.Брэдберы, А.Азімава, І.Яфрэмава і інш. Асаблівае пашырэнне антыутопія набыла пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі, якая практычна пацвердзіла немагчымасць ажыццяўлення сац. ідэалаў. Як і утопія, антыутопія гал. чынам канструюецца з дапамогай метаду ідэалізацыі, але з адваротным знакам. Пры гэтым у ёй могуць выкарыстоўвацца прадказанні, у т. л. і навук. прагнозы. Антыутопія заснавана на абсалютызацыі аб’ектыўных негатыўных тэндэнцый і ўяўляе сабой вобразатвор абсалютна недасканалага, дрэннага і суб’ектыўна непажаданага з пункту погляду безумоўных агульначалавечых каштоўнасцяў грамадскага ладу. Антыутопія ў пэўнай меры выконвае і функцыю рэгулятара дзейнасці і функцыю папярэджання, перасцярогі ад утопіі. Створаны ў ёй вобраз грамадскага будучага можа выкарыстоўвацца ў якасці ідэалізаванага аб’екта ў сац. пазнанні.
Літ.:
Бердяев Н. ...Смысл истории. М., 1990;
Утопия и утопическое мышление. Антол. зарубеж. лит.: Пер. с англ., нем., фр. и др. М., 1991.
рускі мастак, гісторык мастацтва, мастацкі крытык. Сын М.Л.Бенуа. Вучыўся самастойна. Адзін з арганізатараў і ідэйны кіраўнік аб’яднання «Свет мастацтва». З 1908 як тэатр. мастак працаваў у антрэпрызе С.П.Дзягілева ў Парыжы. Як крытык і гісторык мастацтва выступаў і супраць акадэмізму, і супраць эстэтыкі рэв. дэмакратаў; гал. крытэрыем ацэнкі твораў мастацтва лічыў «мастацкасць». Прапагандыст класічнай спадчыны мастацтва 18 — 1-й чвэрці 19 ст. Ініцыятар стварэння шэрагу мастацтвазнаўчых выданняў (рэд. зб-каў «Мастацкія скарбы Расіі» ў 1901—03; час. «Старые годы») і музеяў. З 1917 актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі аховы помнікаў гісторыі і культуры і перабудовы музейнай справы (у 1917—26 заг. карціннай галерэі Эрмітажа). У жывапісе і графіцы звяртаўся да «вечных» духоўных і эстэтычных ідэалаў, стварыў своеасаблівую разнавіднасць рэтраспектывісцкага жанру, дзе спалучыў эстэтызацыю кволай прыгажосці і гратэскнай элегантнасці дваранскай культуры з сумна-іранічнымі адносінамі да яе (серыя «Апошняя прагулка Людовіка XIV», 1897—98; «Версальская серыя», 1905—06). Адзін з рэфарматараў мастацтва кнігі і тэатр.-дэкарацыйнага жывапісу пач. 20 ст. (іл. да «Меднага конніка» А.С.Пушкіна, выд. 1923; дэкарацыі, эскізы касцюмаў да опер «Гібель багоў» Р.Вагнера, 1903; балета «Павільён Арміды» М.Чарапніна, 1907, Марыінскі тэатр у Пецярбургу). З 1926 жыў у Парыжы. Пісаў пейзажы, гіст. кампазіцыі на рус. тэмы.
Тв.:
Мои воспоминания. [Т. 1—2), кн. 1—5,2 изд. М., 1990.
Літ.:
Эткинд М. А.Н.Бенуа и русская художественная культура конца XIX — начала XX века. Л., 1989.
А.Бенуа. Эскіз дэкарацыі да трагедыі У.Шэкспіра «Венецыянскі купец». 1920.А.Бенуа. Эскіз заслоны да балета «Пятрушка». 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МЧЫК (Вячаслаў Уладзіміравіч) (н. 1.11.1933, в. Варакомшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1952—57). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1965). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1982 гал. рэдактар час. «Бярозка». Дэбютаваў вершамі ў 1952. Майстэрства апавядальніка засведчыў кн. «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972). Лірычнае самавыяўленне асобы з пакалення «дзяцей вайны» саступае месца эпічнаму адлюстраванню жыцця ў Зах. Беларусі. У тэтралогіі з раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1977, Літ. прэмія імя І.Мележа 1980), «Год нулявы» (1982), «І скажа той, хто народзіцца» (1985, за гэтыя раманы Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1988), «Голас крыві брата твайго» (1990) стварыў вобраз зах.-бел. вёскі ва ўмовах даваен. польскай дзяржавы і ў час змагання з фашызмам. Лёс герояў гэтага нар. эпасу вельмі трагічны: іх імкненне жыць па нормах агульнапрынятай маралі, прага лепшых і найб. здольных быць карыснымі свайму народу ў абставінах, калі нац. ідэя не мае магчымасці вольна развівацца і самасцвярджацца, завяршаецца асабістым паражэннем. Пісьменнік зарэкамендаваў сябе як выдатны псіхолаг, знаўца чалавечай душы і традыц. вясковага побыту. Маст. канцэпцыя эпохі і гіст. руху народа, зямля якога стала арэнай сутыкнення Захаду і Усходу, утрымлівае многія элементы «новага мыслення» з апорай на нац. і агульначалавечыя каштоўнасці. Аўтар фантаст. аповесці «Падарожжа на Буцафале» (1991), гіст. п’есы «Раіна Грамычына» (1991), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Іван Мележ» (1977), «Валянцін Таўлай» (1978), «Якуб Колас» (1981) і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983.
Літ.:
Лецка Я. Хараство і боль жыцця: Нарыс творчасці Вячаслава Адамчыка. Мн., 1985.
кіргізскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Кыргызстана (1968). Акад.АН Кыргызстана (1974). Скончыў Кіргізскі с.-г.ін-т (1953). У 1965—86 старшыня праўлення Саюза кінематаграфістаў Кыргызстана, з 1986 — Саюза пісьменнікаў Кыргызстана; адначасова з 1988 гал. рэдактар час. «Иностранная литература». З 1990 на дыпламат. службе. Вострыя этычныя і сац. праблемы сучаснасці, прасторавыя карціны дыялектычнай узаемасувязі свету і чалавека ўздымае ў аповесцях «Твар у твар» (1957), «Джаміля» (1958), «Таполька мая ў чырвонай касынцы», «Вярблюджае вока», «Першы настаўнік» (усе 1961), «Матчына поле» (1963), «Бывай, Гюльсары» (1966), «Белы параход» (1970), «Рабы сабака, які бяжыць уздоўж мора» (1977); у раманах «І вякуе дзень даўжэй за век» (асобн. выд. пад назвай «Буранны паўстанак», 1980), «Плаха» (1986), «Божая маці ў снягах» (1988). У творах спалучае псіхал. аналіз з традыцыямі фальклору, міфічнай вобразнасцю, імкнецца да жанру прытчы. Амаль усе яго творы экранізаваны. Ленінская прэмія 1963. Дзярж. прэміі СССР 1968, 1977, 1983. Літ. прэмія «Этрурыя» (Італія, 1980), міжнар. прэмія імя Дж.Нэру (1985). Правадзейны чл.Еўрап. акадэміі навук, мастацтваў і л-ры (1983), Сусв. акадэміі навук і мастацтваў (1987). На бел. мову творы Айтматава перакладалі І.Сакалоўскі, С.Міхальчук, М.Стральцоў.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1982—84;
Бел.пер. — Джаміля. Мн., 1962;
Бывай, Гюльсары! Мн., 1971;
Першы настаўнік. Мн., 1974;
Буранны паўстанак: І вякуе дзень даўжэй за век. Мн., 1987.
Літ.:
Базаров Г. Прикосновение к личности. 3 изд. Фрунзе, 1988;
Гачев Г. Чингиз Айтматов. Фрунзе, 1989;
Акматалиев А. Чингиз Айтматов и взаимосвязи литератур.Бишкек, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́Ў (Іван Аляксандравіч) (18.6.1812, г. Сімбірск, цяпер г. Ульянаўск, Расія — 27.9.1891),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). Служыў у Мін-ве фінансаў, быў цэнзарам Пецярбургскага цэнзурнага к-та (1855—60), гал. рэдактарам газ. «Северная почта» (1862—63) і інш. У ранніх аповесцях «Ліхая болесць» (1838) і «Шчаслівая памылка» (1839) адчуваецца ўплыў пушкінскай і гогалеўскай прозы. У аснове першага рамана «Звычайная гісторыя» (1847) сутыкненне марнай летуценнасці правінцыяльнага дваранства з практыцызмам бурж. дзелавітасці, якая і перамагае. У 1852—54 прыняў удзел у экспедыцыі на ваен. фрэгаце «Палада» ў якасці сакратара адмірала Я.В.Пуцяціна. Яго пуцявыя нататкі, напісаныя з трапнай назіральнасцю, дасціпным гумарам і яскравай мовай, склалі цыкл нарысаў «Фрэгат «Палада» (1858). У рамане «Абломаў» (1859) Ганчароў вывеў вельмі характэрны тып рас. дваранства, жыццё якога няўмольна паглынаецца прыгонніцкім укладам, што падпарадкоўвае не толькі грамадскія адносіны, але і лёс асобнага чалавека. «Абломаўшчына» стала абагульняльным паняццем для такіх з’яў жыцця, як бяздзейнасць, марнатраўства, разлад паміж словам і справай. Своеасаблівую трылогію рус. жыцця 1840—60-х г. завяршае раман «Абрыў» (1869), прысвечаны лёсу новага пакалення, што шукае свайго шляху ў жыцці. У творах Ганчарова глыбінныя фундаментальныя працэсы — разбурэнне патрыярхальнага ўкладу і непазбежная замена яго новым стылем жыцця, новымі адносінамі — перадаюцца праз сутыкненне характараў герояў, кожны з якіх з’яўляецца носьбітам сваёй праўды. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў «Мільён пакут» (1872), «Лепш позна, чым ніколі» (1879) і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены раманы Ганчарова «Абломаў» (1939) і «Звычайная гісторыя» (1955).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1977—80.
Літ.:
Недзвецкий В.А. И.А.Гончаров — романист и художник. М., 1992.
рускі і бел. этнограф, фалькларыст, педагог. Скончыў Гал.пед.ін-т у Пецярбургу (1853). З 1853 настаўнік дваранскага вучылішча, пасля дырэктар гімназіі ў Навагрудку. Першы дырэктар (1867—73) Гродзенскай дырэкцыі нар. вучылішчаў. Чл.Рус.геагр.т-ва. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру бел. народа, запісваў бел. фальклор. Зрабіў апісанне шматлікіх нар. абрадаў і звычаяў, побыту («Вясельны абрад у вёсках Навагрудскага павета», 1861, «Апісанне пахаванняў і дзядоў у Навагрудскім павеце Мінскай губерні», 1867, «Норавы і звычаі заходнярускага народа», 1868, і інш.). Бел. казкі дасылаў рус. фалькларысту А.М.Афанасьеву, які публікаваў іх па-беларуску ў сваіх «Народных рускіх казках». Запісваў бел. тапанімічныя і міфалагічныя легенды («Возера Свіцязь», 1860, «Паданне пра Лоўчыцы», 1861). У зб. «Спроба збірання песень і казак сялян Паўночна-Заходняга краю» (1868) апубл. урывак з твора Я.Баршчэўскага «Рабункі мужыкоў», бел. ананімны верш «Кінуў-рынуў паўстанне». У «Зборы песень, казак, абрадаў і звычаяў сялян Паўночна-Заходняга краю» (1869) змясціў 277 каляндарна-абрадавых, сямейна-бытавых песень, 8 казак, апісанні абрадаў, нар. гульняў, забаў, танцаў. Частка рукапіснай спадчыны Дз. зберагаецца ў архівах Геагр.т-ва і Б-кі Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу і ў Цэнтр.гіст. архіве Літвы (Вільнюс).
Тв.:
Несколько слов краткого исторического обозрения русско-литовского Новогрудка... // Вестн. имп. Рус. геогр. об-ва. 1858. Ч 24;
Собрание дальнейших исторических сведений о Новогрудке со смерти Свенторога (1270) // Там жа. 1859. Ч. 26;
Обряды и обычаи западнорусских крестьян // Памятная книжка Гродненской губернии на 1869 г Гродно, 1869;
Воскресные школы в Гродненской губернии // Циркуляр по Московскому Учебному округу. 1868. № 12.
Пачаў дзейнасць у Мінску ў 1930 як Бел.дзярж. ансамбль нар. інструментаў (створаны на аснове ансамбля нар. інструментаў Бел.муз. тэхнікума, 1928). Першы маст. кіраўнік Дз.Захар (1930—35), з 1946 маст. кіраўнік і гал. дырыжор І.Жыновіч, з 1975 — М.Хазінец. У 1937 ператвораны ў Аркестр бел.нар. інструментаў у складзе Бел. філармоніі, з 1948 наз.Дзярж.нар. аркестр БССР, імя І.Жыновіча з 1974, акадэмічны з 1987. Аркестр унікальны па складзе інструментаў і па гучанні. Асн. месца належыць бел. цымбалам, уключае таксама дудкі і ліры, баяны, флейты, габоі, кларнеты, групу ўдарных. У рэпертуары больш за 1000 арыгінальных твораў і пералажэнняў бел. кампазітараў, у т. л. У.Алоўнікава, А.Багатырова, Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, Жыновіча, Э.Зарыцкага, В.Іванова, С.Картэса, У.Кур’яна, А.Мдывані, В.Помазава, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Р.Суруса, К.Цесакова, Я.Цікоцкага, М.Чуркіна і інш., кампазітараў-класікаў, сучасных замежных аўтараў. З аркестрам выступалі майстры бел. сцэны Л.Александроўская, Л.Аляксеева, З.Бабій, І.Балоцін, М.Ворвулеў, С.Данілюк, М.Дзянісаў, С.Друкер, В.Малькова, Р.Млодак, Т.Ніжнікава, І.Пятроў, І.Сарокін, Н.Ткачэнка, а таксама спевакі Расіі, Украіны, Зах. Еўропы і інш. Калектыў гастраліруе за мяжой, удзельнік шматлікіх фестываляў і конкурсаў. У розны час у аркестры працавалі цымбалісты А.Астрамецкі, В.Бурковіч, С.Навіцкі, Х.Шмелькін, М.Шмелькін і інш.; працуюць (1997) салісты А.Курмакін, С.Лясун, А.Рудкоўскі.
Літ.:
Жинович И.И. Государственный белорусский народный оркестр. Мн., 1958;
Ракова Е.Я. Государственный народный оркестр БССР имени И.И.Жиновича. Мн., 1978.
А.Я.Ракава.
Дзяржаўны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь.