раздзел анатоміі чалавека і жывёл, які вывучае індывідуальныя і групавыя варыяцыі памераў, формы чэрапа і яго асобных частак. У антрапалагічных даследаваннях матэрыялы К. выкарыстоўваюць пры вывучэнні этапаў фіз. эвалюцыі, шляхоў фарміравання расавых тыпаў чалавека, высвятлення этнагенезу розных плямён і народаў. Краніялагічнымі даследаваннямі займаюцца краніяметрыя (метады вымярэнняў), краніяскапія (апісанне асаблівасцей і дэталей будовы чэрапа), краніяграфія (атрыманне замалёвак формы чэрапа ў розных праекцыях з дапамогай спец. прылад). Антраполагі рэканструююць твар па чэрапе паводле методыкі М.М.Герасімава. Краніялагічнае вывучэнне стараж.ўсх.-слав. насельніцтва пачаў А.П.Багданаў, працягвалі В.В.Бунак, Г.Ф.Дэбец, В.П.Аляксееў і інш. У Беларусі калекцыі краніялагічных матэрыялаў са стараж. пахаванняў пачалі стварацца ў 2-й пал. 19 ст. Частка іх захоўваецца ў НДІ і Музеі антрапалогіі пры Маскоўскім ун-це (160 чарапоў), у Віленскім (67 экз.) і Кракаўскім (81 экз.) ун-тах. Матэрыялы з раскопак А.М.Ляўданскага і І.А.Сербава ў 1920-я г. стварылі першую краніялагічную калекцыю АНБССР (100 экз. знішчана ў Вял.Айч. вайну, адноўлена ў пасляваен. гады, у калекцыі больш за 300 экз.). Краніялаг. даследаванні ў сувязі з пытаннямі этнагенезу беларусаў праводзяць супрацоўнікі ІМЭФНац.АН Беларусі І.І.Салівон, А.І.Кушнір, І.У.Чаквін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГАВАРО́Т РЭ́ЧЫВАЎ на Зямлі, працэсы ператварэння і перамяшчэння рэчываў у прыродзе, якія шматразова паўтараюцца. Маюць розны маштаб і цыклічны характар у межах кожнай асобнай геасферы (біясферы, атмасферы, гідрасферы, літасферы) і паміж імі. Агульны кругаварот складаецца з асобных працэсаў (кругаварот вады, газаў, хім. элементаў), якія не поўнасцю абарачальныя (адбываецца рассейванне рэчыва, змена яго складу і інш.). У сучасны перыяд абмен рэчываў паміж геасферамі па вертыкальным напрамку назіраецца ў межах 10—20 км ад паверхні Зямлі (месцамі да 50—60 км). Вял. ролю ў К.р. адыгрываюць жывыя арганізмы, што ўдзельнічаюць у кругавароце асобных хім. элементаў (кіслароду, вугляроду, кальцыю і інш.). Глабальнае ўздзеянне на К.р. аказвае дзейнасць чалавека, у выніку якой узнікаюць новыя шляхі міграцыі рэчываў, і мяняюцца тыя, што склаліся ў прыродзе, з’яўляюцца рэчывы з новымі ўласцівасцямі. Вял. ўклад у вывучэнне К.р. зрабіў У.І.Вярнадскі, які вылучыў геахім. групу т.зв. цыклічных хім. элементаў (да іх адносяцца вельмі пашыраныя і многія рэдкія хім. элементы); В.Р.Вільямс і інш. разглядалі біял. цыклы азоту, вуглекіслаты. фосфару і інш. ў сувязі з вывучэннем урадлівасці глеб. Гл. таксама Ахова прыроды, Прыродакарыстанне.
Да арт.Кругаварот рэчываў на Зямлі. Схема кругавароту фосфару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУКІ́, знамёны, стаўпы,
знакі стараж.-рус. безлінейнага нотнага пісьма. Выкарыстоўваліся з 11 ст. для запісу знаменнага спеву. Уяўлялі сабой камбінацыі дыякрытычных знакаў (рысачак, кропак, косак), а таксама літар грэч. і араб. алфавітаў. Напачатку відавочна пераемная сувязь крукавой натацыі са стараж.-візантыйскай. У працэсе эвалюцыі яна папаўнялася знакамі стараж.-рус. паходжання. Знамёны былі цесна звязаны са слоўным тэкстам і паказвалі напрамак руху мелодыі, колькасць гукаў папеўкі, тэмпавыя і дынамічныя змены, спосаб гуказдабывання і інш. Інтэрвальныя сувязі паміж знакамі не фіксаваліся, таму К. маглі служыць толькі напамінкам пры выкананні знаёмай мелодыі і былі непрыдатныя для запісу незнаёмай. У канцы 16 ст. распрацавана сістэма кінаварных памет. У 2-й пал. 17 ст.бел.муз. тэарэтык А.Мезянец удасканаліў К. ў бок больш дакладнай фіксацыі гукавышынных суадносін. На Беларусі з пашырэннем партэсных спеваў у 16 ст. пачалі выкарыстоўваць 5-лінейную квадратную натацыю, аднак да пач. 20 ст. К. карысталіся ў манастырскім побыце і царк. харах. Выдаваліся азбукі крукавога пісьма (напр., у Віцебску на мяжы 19—20 ст.). К. захаваліся ў старавераў, якія запісвалі імі і канты. Бел. традыцыя знаменнага спеву дала К. новую трактоўку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВІЧА́НІН»,
бел. палітычна-літ. часопіс. Выдадзены ў кастр. 1918 у Вільні на бел. мове (лацініцай). Выйшаў 1 нумар. Рэдактар-выдавец В.Ластоўскі. Меў на мэце тэарэт. распрацоўку бел.нац. пытання і яго папулярызацыі сярод грамадзянства. Увага акцэнтавалася на эканам. аспекце пазнання Беларусі і духоўнай сферы, у т. л. прыгожага пісьменства і мастацтва. Апублікаваў арт. «Нацыянальнае пытанне», гіст. нарыс «Тураўскае княства», стат. агляд тэр. і насельніцтва Беларусі ў яе этнагр. межах, кароткі аналіз этнічнай сітуацыі на Віленшчыне, маст. творы (прытчу Ластоўскага «Прыповесць аб старым мужу і гожай дзеве», ананімную паэму «Энеіда навыварат», апавяданне «Русалкі» З.Бядулі, «Санет» М.Багдановіча і яго пераклад оды Гарацыя «Помнік»), Змясціў аналіт. разбор легенды «Жалезны воўк» пра заснаванне Вільні і нататак пра герб «Пагоня», пра наданне ў 1274 на 2-м Ліёнскім саборы імя патронкі Беларусі Праксэдзе-Ефрасінні Полацкай. Апублікаваў інфарм. матэрыял пра заснаванне ў Вільні арг-цыі «Сувязі культурна-нацыянальнага адраджэння беларускага народу», пра з’езд каталіцкіх святароў Дзісенскага дэканата. На вокладцы час. змешчаны графічны і тэкставы план эвакуацыі з У ад Бярэзіны герм.акупац. войск паводле Брэсцкага міру 1918. «К.» — правобраз час.«Крывіч».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВО́ШЫН,
вёска ў Ляхавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Ліпнянка. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдЗ ад і Ляхавічы, 216 км ад Брэста, 18 км ад чыг. ст. Райтанаў. 782 ж., 338 двароў (1998).
У 17 ст. належаў кн. Радзівілам. У 1772 перададзены літ. падскарбію А.Тызенгаўзу, потым належаў Патоцкім. У 1670 нясвіжскія езуіты заснавалі ў К. касцёл. З 1793 у Рас. імперыі. У 1800—09 у маёнтку Рэпіхава каля К. (цяпер парк у межах вёскі) жыў паэт Я.Чачот. 9.6.1863 у Рэпіхаўскім лесе ў час паўстання 1863—64 адбыўся бой паміж паўстанцамі і царскімі войскамі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав., 290 ж., 18 двароў, царква. З 1921 у складзе Польшчы. у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Ляхавіцкага р-на Баранавіцкай вобл. У 1972—783 ж., 280 двароў.
Лясніцтва, цэх перапрацоўкі драўніны. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, 2 бальніцы, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз.сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, мемарыяльны знак Я.Чачоту, курган Памяці ў гонар паўстанцаў 1863. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (гл.Крывошынскі касцёл езуітаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПІЧЫ,
вёска ў Асіповіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля Асіповіцкага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПнЗ ад г. Асіповічы, 186 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Лапічы. 1012 ж., 406 двароў (1998).
Вядома з 16 ст. У 1560 упамінаецца як сяло дзярж. Свіслацкай вобласці ў ВКЛ, 38 двароў. Паводле адм.-тэр. падзелу 1565—66 уваходзіла ў Мінскі пав. Належала Радзівілам, Незабытоўскім. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1795 мястэчка, 50 двароў, царква, млын, карчма. У 1831 за ўдзел Незабытоўскіх у паўстанні 1830—31 маёнтак Л. канфіскаваны, перададзены ў дзярж. ўласнасць. Пасля 1861 у Пагарэльскай вол. Ігуменскага пав. У 1909 Л. складаліся з 2 частак: у сяле 138, у мястэчку 90 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета ў Асіповіцкім р-не У Вял.Айч. вайну ў 1942 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі вёску. Пасля вайны адбудавана. У 1972—625 ж., 216 двароў.
Лясніцтва. Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз.сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. На паўд. ускраіне вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎРЫШАЎСКІ МАНАСТЫ́Р,
адзін са старажытных манастыроў Беларусі. Існаваў у 13—19 ст. у в.Лаўрышава каля г. Навагрудка Гродзенскай вобл.Засн. ў 13 ст.вял.кн.ВКЛВойшалкам — у манастве Лаўрыш (паводле царк. версіі, заснавальнікам манастыра лічыцца прападобны Елісей Лаўрышаўскі, якому ў 1996 у Лаўрышаве пастаўлены помнік). У 13 ст. быў адным з цэнтраў летапісання Беларусі. Каля 1329 тут створана Лаўрышаўскае евангелле. У 14—15 ст. манастыр атрымаў ад бел. феадалаў і шляхты зямельныя падараванні, вёскі з сялянамі, права збору царк. дзесяціны. У 16 ст. пры манастыры працавала правасл. школа. У 1569 манастыр стаў уніяцкім, з 1615 належаў базыльянам. У сувязі са скасаваннем мітрапалітам І.Руцкім архімандрыі ў Лаўрышаве і адбіраннем свецкімі асобамі падараванняў у сярэдзіне — 2-й пал. 17 ст. манастыр збяднеў і заняпаў. Манастырскі комплекс адбудаваны ў 1775—80. У канцы 18—1-й трэці 19 ст. тут дзейнічала Брэсцкая епархіяльная уніяцкая семінарыя, былі б-ка (каля 500 т., 1824) і архіў з вял. зборам дакументаў 14—19 ст. Пры царкве існавала брацтва. У 1816 манастыр валодаў 3 вёскамі з 18 валокамі зямлі і 588 сялянамі. У 1824 было 5 манахаў. У 1834—36 скасаваны, збудаванні не зберагліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,
раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ ПРАРЫ́Ў 1920,
прарыў Паўн. атрада Дняпроўскай ваеннай флатыліі (5 кананерскіх лодак, 2 тральшчыкі, 2 пасыльныя судны) праз умацаваны раён праціўніка на Дняпры каля г.п.Лоеў у савецка-польскую вайну 1920. Мэта аперацыі — прайсці ад Гомеля (вусце р. Сож) уніз па Дняпры і забяспечыць пераправу ўдарнай групы 1-й арміі Паўд.-Зах. фронту каля сутокаў Прыпяці і Дняпра. Каб увесці праціўніка ў зман адносна сапраўднага месца прарыву, маракі разам з партызанамі і падпольшчыкамі папсавалі яго лініі сувязі, разведалі праходы, напалі на суседнія польск. гарнізоны, наладзілі несапраўдную пераправу на Пн ад Лоева. Ноччу 2 чэрв. атрад пад агульным кіраўніцтвам каманд. флатыліяй П.І.Смірнова па Сажы ад в. Карпаўка (па рацэ вышэй Лоева) падышоў да Лоева і на світанку з боем прарваўся праз умацаваны раён і ўчастак з разбураным мостам. Пры падтрымцы 57-й дывізіі кананеркі (2 з іх страчаны) дасягнулі вусця Прыпяці каля в. Печкі, дзе адбылася пераправа войск Чырв. Арміі.
Літ.:
Паўловіч Р.К. Баявыя дзеянні Дняпроўскай флатыліі на тэрыторыі Беларусі ў 1919—1920 гт. і ў верасні 1939 г. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1997. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́ЧНІКІ,
у старажытнасці і сярэдневякоўі пешыя і конныя воіны, узброеныя лукамі. Уваходзілі ў склад армій многіх краін, у т. л.Стараж. Усходу (напр., ў Персіі дзейнічалі на сланах і вярблюдах, у Індыі — на сланах); у большасці краін складалі аснову армій. Са з’яўленнем у 6 ст. да н.э.фалангі выкарыстоўваліся пераважна наперадзе баявога парадку ці на флангах: распачыналі бітву, прычынялі ворагу страты, парушалі яго баявыя парадкі, стваралі выгадныя ўмовы для ўступлення ў бой сваіх асн. сіл — цяжкай пяхоты і кавалерыі. У Еўропе ў часы рыцарства Л. ўваходзілі ў склад кап’я (4—10 воінаў), найб. вызначыліся англійскія Л. ў перыяд Стогадовай вайны 1337—1453. Пешыя і конныя Л., якія дзейнічалі сумесна з цяжкай пяхотай і кавалерыяй, былі ў дружынах Кіеўскай Русі, Маскоўскага княства, з канца 14 ст. — у войску ВКЛ (у сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вельмі пашыраны былі коннікі з лукамі). З 16 ст. з развіццём агнястрэльнай зброі значэнне Л. у арміях зменшылася. У Расіі ў часцях ірэгулярных войск і лёгкай кавалерыі, якія камплектаваліся з башкіраў і калмыкаў, Л. захоўваліся да пач. 19 ст. Ілюстрацыю гл. таксама да арт.Грэка-персідскія войны.
Літ.:
Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.