патрапа́ць, ‑траплю, ‑трэплеш, ‑трэпле; зак., каго-што.
1. Трапаннем ачысціць (валакно ад кастрыцы). Лісавета была рада, што лён сцёрты, а патрапаць яго яна і сама здолее. Чарнышэвіч.
2. і без дап. Трапаць некаторы час. Кончыцца кананне бульбы, мо’ хто на дзень-другі пазаве лён паслаць ці патрапаць. Гартны.
3. Разм. Працяглым або неахайным карыстаннем знішчыць, зрабіць бруднай, непрыгоднай якую‑н. рэч. Патрапаць адзежу. Патрапаць кнігу.
4. Злёгку, ласкава паляпаць, пагладзіць рукой, пальцамі. Раман злёгку, з любасцю, патрапаў па шыі коніка і прамовіў: — Эх ты, конік, мой конік! Колас. Настаўніца патрапала мяне па шчацэ і сказала ўсміхаючыся: — Добра. Пішы. Таўлай.
5. перан. Панесці вялікія страты баявымі дзеяннямі. З-за цемені камандзір не мог устанавіць, ці знішчыў ён дэсант, ці так патрапаў яго. Чорны.
6. Абл. Пайсці. Басанож [сябры] патрапалі далей, пахвальваючы і дарогу, і расу, і гэтую прыемнасць ступаць босымі нагамі па мяккай дарозе. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
настро́іць, ‑строю, ‑строіш, ‑строіць; зак., каго-што.
1. Надаць музычнаму інструменту пэўную вышыню гуку. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Тым часам Віктар настроіў гітару і прыемным барытонам пачаў спяваць. Ваданосаў.
2. Падрыхтаваць да работы, наладзіць, адрэгуляваць (пра механізмы). Настроіць станкі. // Прыстасаваць для прыёму хваль (радыё, магнітных і пад.). [Сенатар] настроіў тэлевізар на другую хвалю. Гамолка.
3. Выклікаць які‑н. настрой. Простая, знаёмая з.. маленства, работа дала [Сіротку] асалоду, дзіўна хораша настроіла, зрабіла добрым, лагодным, вясёлым. Шамякін. Багатая кватэра настроіла Дземідзецкага на вясёлы лад. Новікаў. На філасофскі часам лад Настроіш думкі ты ў самоце. Колас.
4. Выклікаць у каго‑н. якія‑н. пачуцці, думкі (у адносінах да каго‑, чаго‑н.). Настроіць усіх супроць сябе. □ Бацька навучыў мяне чытаць буквар і разам з маці так настроіў на вучобу, што я з радасцю пераступіў школьны парог. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наво́кал,
1. прысл. Усюды, з усіх бакоў. Цішыня, спакой, сон панавалі навокал. Колас. Нада мною блакітны шацёр, А навокал — лясы і лясы. Астрэйка. // Кругом. З зямлі, хістаючыся, падняўся Цярэшка і агледзеўся навокал. Шчарбатаў.
2. прысл. Апісваючы круг, па кругу. [Віктар:] — Гэтак мы абыдзем навокал і зноў прыйдзем на стар[о]е месца. Маўр.
3. прыназ. з Р. Ужываецца для вырашэння прасторавых адносін пры назве асобы, прадмета або месца, з усіх бакоў якога адбываецца пэўнае дзеянне ці размяшчаецца што‑н. Навокал рыначнай плошчы стаяць драўляныя і нават цагляныя дамы. Брыль. Знізу камень аброс мохам, жоўтая трава навокал яго была вільготная. Чорны.
4. прыназ. з Р. Ужываецца для выражэння аб’ектных адносін: указвае на асобу, прадмет ці паняцце, якое з’яўляецца аб’ектам пэўнага працэсу або дзеяння. Гутарка ўвесь час вялася навокал старшыні. □ Каля .. [калектывізацыі] згуртаваны ўсе думкі, пачуцці і разрахункі практычнага сялянскага розуму, навокал яе вядзецца самая дзейсная агітацыя. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыле́гчы, ‑лягу, ‑ляжаш, ‑ляжа; пр. прылёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; заг. прыляж; зак.
1. Легчы на кароткі час. Пакуль маці гатавала снедаць, Андрэй прылёг адпачыць. Чарнышэвіч. Максім зноў заняў сваю варту, а дзед Талаш і Мартын Рыль прыляглі не раздзяючыся. Колас. // Хаваючыся, прыняць ляжачае становішча. [Мінёры], толькі дабегшы да першых кустоў прылеска.., прылеглі. Брыль. Мікола ціха прылёг на сухі грудок, за густым альховым кустом, і стаіўся. Краўчанка.
2. Прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. Гукамер [доктар] прыклаў да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало. Крапіва.
3. Шчыльна прыстаць. Сукенка добра прылягла да таліі.
4. Прыгнуцца. Ніжэй к сядлу казак прылёг, Махнуў стралою у вароты. Колас. // Пахіліцца дадолу ад ветру, дажджу і пад. (аб раслінах). Пахла сырой зямлёй; густая, мокрая ад расы маладая мятліца на дарозе прылягла да зямлі і парылася на сонцы. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разма́шысты, ‑ая, ‑ае.
1. Які вызначаецца шырокімі, свабоднымі ўзмахамі рук, ног. Нічыпар Сідаравіч павярнуўся і, убачыўшы, хто зайшоў да яго, размашыстымі крокамі падаўся насустрач. Сіўцоў. Касцістая, шырокая фігура, размашыстыя рухі, рэзкая хада, грамавы голас, велізарныя боты, — усім гэтым .. [Мальвіна] зразу зварочвае на сябе ўвагу. Колас. // Буйны, разгоністы (пра почырк). Двайны лісток з вучнёўскага сшытка ў клетачку густа спісаны размашыстым почыркам Сяргея Барсука. Жычка.
2. Раскідзісты, з вялікім размахам (у 3 знач.). Размашыстыя галіны дуба. Размашыстыя рогі. □ Аж колы сакочуць, не ўгледзіш за дышл[е]м, за размашыстым вобадам. Лынькоў. // Які шырока раскінуўся на вялікую адлегласць, шырокі.
3. Які вызначаецца шырынёй, паўнатой праяўлення. Такая, брат Алесь, туга — балючая, размашыстая, што кліча ў даль. Брыль. Вацік сядзеў на трактарным крэсле, глядзеў на бягучы пас, на яго размашыстую сілу. Баранавых. // Які вызначаецца смелым характарам, шырокай натурай. Перш за ўсё Саўка Мільгун размашысты чалавек, шырокая натура і гультай. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сваво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
1. Гарэзаваць, дурэць. [Брат Зосі] куляўся па пасцелі, сваволіў. Чорны. Хацелася бегаць, сваволіць, але першы дзень заняткаў заўсёды прымушаў вучняў трымацца, як у гасцях. Колас. // перан. Бушаваць (пра стыхію). Хто спявае ў чыстым полі, Між аўсяных ніў, далін? Гэта вецер там сваволіць, Ліст страсаючы з калін. Пушча. Сваволіць стане Сож радзей, Заўважыўшы ў здзіўленні Агні сігнальныя раней, Чым першыя лілеі... Грачанікаў.
2. Рабіць у адпаведнасці са сваёй воляй, не зважаючы ні на што. У воласці Магілёўскай сваволіла шляхта, у горадзе ад яе не адставалі паны бурмістры. Шынклер. // Выступаць супраць каго‑, чаго‑н. Не з тых ён [Сомік] быў, каб сваволіць, каб выступаць супраць пэўнага парадку. Лынькоў. [Казацкі афіцэр:] — Крамольнікі! Бунтаўшчыкі! Для вас ужо царскія законы — не законы?! Сваволіць? Бунтаваць? Колас.
3. Весці сябе несур’ёзна, легкадумна; бушаваць, буяніць. [Пятрусь да Таісы:] — Ты навучылася жыць лёгка. Ты ўмееш кружыцца, сваволіць, не ведаць ніякіх турбот — як птушка. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаму́ 1, прысл.
1. пытальнае. З якой прычыны? І мне зноў успомніўся Галас. Чаму ён не згадзіўся ісці са мною праз лес? Колас.
2. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова ў дапаўняльных сказах і адпавядае словам: па якой прычыне. Калі Марыя даведалася, чаму брат адмовіўся ад выгаднага месца, дык залямантавала. С. Александровіч.
3. у знач. злучн. Далучае сказы са значэннем выніку і адпавядае словам: таму, у выніку гэтага. І я ў захапленні, радасны і горды За свой край, народ, Убіраю ў сэрца дзіўныя акорды, Творчай сілы ўзлёт... Вось чаму я сёння не тужу па леце, Па сваёй вясне. Колас. На чым толькі мог [Даніла] ашчаджаўся, не траціў лішняе капейкі.. Вось чаму, калі часам дзеці ці жонка прасілі купіць селядца да бульбы ці алею да шаткаванай капусты, Даніла заўсёды знаходзіў што сказаць. Пальчэўскі.
чаму́ 2,
гл. што 1 (у 1, 8 і 9 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бу́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Невялікая, часцей драўляная пабудова для вартаўніка, паставога і інш. Сябры тым часам сквер мінулі, Налева ўгору павярнулі; Тут з будкі стораж іх спыняе: — Куды ідзяце? — сяброў пытае. Колас.
2. Збітае з дошак жыллё для сабакі. Юрка пастукаў у вароты. З будкі выскачыў і, рвучыся з ланцуга, кінуўся да весніц калматы ваўкадаў з ашчэранай пашчай. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бюракра́т, ‑а, М ‑раце, м.
1. Уст. Прадстаўнік бюракратычнай сістэмы кіравання, буйны чыноўнік.
2. Зневаж. Службовая асоба, якая выконвае свае абавязкі фармальна, не ўнікаючы ў сутнасць справы; валакітчык, фармаліст. Другія ж, наадварот, даводзілі, што .. [інспектар] — прыдзіра, з кожнага глупства робіць цэлую справу і, наогул, страшэнны бюракрат. Колас. Пад старасць вочы адкрыліся [у Івана Іванавіча], што няправільна на свеце жыў, што стаў сапраўдным бюракратам, адарваўся ад людзей і дачку-нікчэмніцу выгадаваў! Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца белым. Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў. Чорны. Ноч яшчэ спала, хоць на ўсходзе пачынала ўжо бялець неба. Дамашэвіч.
2. Вылучацца сваім белым колерам, віднецца (пра што‑н. белае). Зараз жа за Выганамі па шырокім пляцы, што раздзяляў дзве вёскі, Выганы і Высокае, паказалася школа.. прыветна бялеючы шырока раскрытымі аканіцамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)