ЭКАНАМІ́ЧНА АКТЫ́ЎНАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

частка насельніцтва, занятая грамадскай карыснай дзейнасцю, што прыносіць даход. Да Э.а.н. адносяць таксама занятых ва ўласнай падсобнай гаспадарцы і беспрацоўных, зарэгістраваных у органах дзярж. службы занятасці. У статыстыцы розных краін крытэрыі Э.а.н. адрозніваюцца гал. чынам у частцы аднясення да яго членаў сям’і, якія працуюць у сельскай гаспадарцы або ў рамёствах, але эканамічна несамастойныя. Часам да Э.а.н. адносяць асоб, якія маюць непрацоўныя даходы, т.зв. самадзейнае насельніцтва, у т. л. непрац. элементы, пенсіянеры і інш. Доля Э.а.н. залежыць ад удзельнай вагі ў структуры ўсяго насельніцтва працаздольных узростаў (дэмаграфічны фактар) і ад ступені іх занятасці (арганізацыйна-эканам. фактар). У розных краінах яна вагаецца, напр., у Егіпце 30%, Турцыі 37%, Ізраілі 38%, Італіі 40%, Мексіцы 41%, Іспаніі 42%, Аўстраліі 50%, ЗША 51%, Канадзе 52%, Японіі 54%, Кітаі 57%. У краінах СНД найменшая доля Э.а.н. ў Таджыкістане (29%), Узбекістане (37%) і Арменіі (39%); найб. — на Украіне (49%) і ў Расіі (48%).

На Беларусі паводле перапісу 1999 Э.а.н. ва ўзросце ад 15 гадоў і старэй складала 4743 тыс. чал., або 47,2% ад агульнай колькасці насельніцтва. У гар. паселішчах пражывала 3558 тыс. чал. Э.а.н., што складала 75% ад Э.а.н. рэспублікі і 63,8% ад гар. насельніцтва. Сярод сельскага насельніцтва дадзеная катэгорыя складала 47,3%. Найб. доля Э.а.н. ў Мінску (64,9%) і Мінскай вобл. (58,7%); у Брэсцкай і Гродзенскай абл. — па 57,6%, Гомельскай і Магілёўскай — па 57,3%, у Віцебскай — 55,7%. Больш як пал. (51,4%) Э.а.н. складаюць мужчыны.

Дз.​М.​Кудзелка.

т. 18, кн. 1, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНАСАЦЫЯЛО́ГІЯ,

галіна навукі, якая вывучае этнічныя і нац. супольнасці ў іх узаемасувязі з дынамікай сац. структуры грамадства. Вытокі Э. ў даследаваннях па псіхалогіі народаў (В.​Вунт, Х.​Штэйнталь, М.​Лацарус, Г.​Лебон, Г.​Тард), а таксама ў працах па культ. своеасаблівасці першабытных народаў (Р.​Бенедыкт, М.​Мід, Р.​Хінтан). Цэнтр. паняцце Э. — этнас як спецыфічная прыродна-сац. і антрапалагічнаўстойлівая супольнасць людзей, што ўзнікла і развівалася на аснове адзінства прыродна-ландшафтных умоў, мовы, асаблівасцей вонкавага выгляду, агульнай культуры і рэлігіі. Асн. задача Э. — высвятленне спецыфічных асаблівасцей этнасаў і нацый: устойлівасць і працягласць існавання, наяўнасць дакладных прыкмет, што адрозніваюць іх ад інш. сац. супольнасцей, сацыякультурная своеасаблівасць, наяўнасць нацыянальнай самасвядомасці, традыцый, абрадаў, звычаяў, спецыфічнага менталітэту (напр., памяркоўнасць, добразычлівасць, талерантнасць, працавітасць у беларусаў) і да т.п. Сучасныя прадстаўнікі Э. — Г.​Гарфінкель (ЗША), Ю.​В.​Аруцюнян, Л.​М.​Гумілёў, Л.​М.​Дробіжава (Расія), а таксама большасць бел. даследчыкаў этнасац. адносін (Я.​М.​Бабосаў. Л.​І.​Навуменка і інш.) лічаць, што этн. агульнасць мае першараднае значэнне як сац. архетып і яго ігнараванне ў сацыялогіі прыводзіць да сур’ёзных памылак. Пры этнасацыялагічных даследаваннях на мяжы апошніх стагоддзяў, асабліва ў Расіі, Беларусі і Украіне, вывучаліся прычыны і наступствы міжэтн. канфліктаў, асаблівасці нац. менталітэту гэтых народаў і нац. супольнасцей. Важную ролю ва ўмовах станаўлення і развіцця незалежнай бел. дзяржавы набывае вывучэнне і канструктыўная рэалізацыя такіх функцый этнанац. груп, якія ствараюць спрыяльныя перадумовы для нацыі як адзінага цэлага.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 18, кн. 1, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎРЭ́ЙСКАЯ НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ЯНРП),

арганізацыя яўрэйскіх рамесных рабочых і прыказчыкаў. Засн. ў ліп. 1901 у Мінску прыхільнікамі «паліцэйскага сацыялізму» М.​У.​Вільбушэвіч, Ю.​А.​Воліным, А.​Чамярыскім, Г.​І.​Шаевічам і інш. Створана па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам нач. Маск. ахоўнага аддзялення С.​В.​Зубатава з мэтай барацьбы супраць сацыял-дэмакратаў, эсэраў і Бунда, за поўнае адмаўленне яўр. рабочых ад рэв. барацьбы супраць царызму. Мела аддзяленні ў Адэсе, Вільні, Гродне. Члены ЯНРП разглядалі самадзяржаўе як надкласавую форму кіравання, арганізоўвалі культ. мерапрыемствы, касы ўзаемадапамогі, асв. клубы, лекцыі і інш.

У канцы 1901 у ЯНРП перайшлі 15 з 20 цэхавых саюзаў Мінскага сацыял-дэмакратычнага камітэта Бунда. З дапамогай нач. Мінскага губ. жандарскага аддзялення палк. Васільева яны прымусілі прадпрымальнікаў слясарных майстэрняў Мінска ўвесці 12-гадзінны рабочы дзень. ЯНРП актыўна супрацоўнічала з сіяністамі, выступала за ізаляцыю яўрэяў ад агульнарас. рабочага руху. Вясной 1903 у сувязі з уздымам паліт. рабочага руху царскі ўрад пачаў ліквідацыю легальных рабочых арг-цый, створаных Зубатавым. ЯНРП забаронена ў жн. 1903. Вільбушэвіч пераехала ў ЗША, потым у Палесціну, дзе была актыўным дзеячам сіянісцкага руху. Шаевіч пасля арганізацыі ў крас. 1903 забастоўкі на чыгуналіцейным з-дзе «Растэль» у Адэсе ў ліпені сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір.

Літ.:

Бухбиндер Н.А. Зубатовщина и рабочее движение в России. Мн., 1926;

Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг. Мн., 1983.

М.​В.​Біч, Э.​А.​Ліпецкі.

т. 18, кн. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТА (ням. Rakete ад італьян. rocchetta шпуля, верацяно),

лятальны апарат, які рухаецца ад дзеяння рэактыўнай цягі. Можа рухацца і ў беспаветранай прасторы, што дае магчымасць выкарыстоўваць Р. для палётаў у космас. Бываюць адна- і шматступеньчатыя ракеты, кіравальныя (маюць сістэму кіравання, якая забяспечвае палёт па зададзенай траекторыі, напр., балістычныя ракеты) і некіравальныя (звычайна баявыя тактычныя Р. з далёкасцю палёту да дзесяткаў кіламетраў). Выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (ракетная зброя), для навук. (напр., «Космас»), геафіз. (напр., «Вертыкаль») і метэаралаг. даследаванняў, а таксама для запуску касмічных апаратаў (гл. Ракета-носьбіт).

Асн. часткі Р.: корпус з адсекамі (злучае ўсе часткі Р. ў адзіную канструкцыю), адзін або некалькі ракетных рухавікоў, ёмістасці з ракетным палівам (запас рабочага цела), карысны груз (баявая частка, касм. апарат, метэапрылады), сістэма кіравання (на кіравальных Р.). Канструкцыя Р. залежыць ад яе прызначэння і тыпу выкарыстаных рухавікоў. Асн. тып рухавіка для Р.-носьбіта — вадкасны ракетны рухавік, для большасці баявых, метэаралаг. і геафіз. Р. — цвердапаліўны ракетны рухавік. На многіх Р. устанаўліваюць спец. разгонныя або стартавыя рухавікі (звычайна цвердапаліўныя). Органы кіравання — аэрадынамічныя (напр., паветраныя рулі, інтэрцэптары, элероны), газадынамічныя (газаструменныя рулі, паваротныя камеры і соплы, дэфлектары) і камбінаваныя; забяспечваюць дынамічную стабілізацыю Р., кіраванне ёю на ўсёй траекторыі ці на яе асобных участках. Некіравальныя Р. стабілізуюцца ў палёце хваставым апярэннем або вярчэннем вакол падоўжнай восі. Запускаюцца з пускавых установак, у т. л. шахтавага тыпу, караблёў, падводных лодак, самалётаў, верталётаў, касм. — са стартавага комплексу касмадрома. Састаўныя (шматступеньчатыя) Р. складаюцца з 2—4 ракетных ступеняў, размешчаных паслядоўна ці па т.зв. пакетнай схеме. На 1-м этапе актыўнага ўчастка дзейнічае І-я ступень, разгон працягвае 2-я і г.д. Асн. характарыстыкі Р.: сіла цягі рухавіка (да 10 МН) і скорасць выцякання рэактыўнага струменя (3000—4500 м/с). Стартавая маса ад некалькіх кілаграм да некалькіх тысяч тон. Баявыя Р. бываюць: стратэгічныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя; блізкага дзеяння, сярэдняй і вял. далёкасці (міжкантынентальныя); класаў «зямля—зямля», «зямля—паветра», «паветра—паветра», «паветра—зямля», «паветра—карабель», «карабель—зямля» і інш. Уваходзяць у наземныя, авіяц. і карабельныя ракетныя комплексы. Р. класа «зямля—паветра» — асн. зброя войск ППА (гл. Зенітны ракетны комплекс). Высокадакладным дальнабойным сродкам паветранага нападзення з’яўляецца крылатая ракета (ляціць больш за 2,6 тыс. км на выш. каля 30—100 м).

Вынайдзена ў Кітаі пасля адкрыцця пораху (каля 10 ст.); першае ўпамінанне пра Р. (трубкі з порахам) адносяцца да 1232. У Еўропе звесткі пра парахавыя Р. з’явіліся ў 13 ст., у канцы 14 — пач. 16 ст. існавала некалькі тыпаў Р. (рухаліся вертыкальна, па паверхні вады, па канаце). З канца 14 ст. сталі выкарыстоўвацца для феерверкаў (уяўлялі сабой кардонную гільзу з карысным грузам — зорачкамі ў верхняй частцы і порахам у ніжняй). Найб. раннія звесткі пра выкарыстанне Р. на Украіне адносяцца да 1516. У сярэдзіне 17 ст. лепшым ракетчыкам Еўропы лічыўся бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч, які апісаў (1650) розныя канструкцыі ракет, абгрунтаваў ідэю шматступеньчатай Р. і ракетных батарэй. Звесткі пра Р. ў Расіі адносяцца да 1675, у 1680-я г. створана маск. Ракетнае прадпрыемства. Даследаванні па розных тыпах Р. у канцы 18 ст. правялі франц. інжынеры. У пач. 19 ст. англ. канструктар У.​Конгрыў абагульніў вопыт ракетабудавання, правёў шэраг навук. даследаванняў у галіне ракетнай тэхнікі, распрацаваў новыя тыпы парахавых Р. (выратавальныя, гарпунныя, са стартавай масай да 450 кг і далёкасцю палёту больш за 3 км). Р. як зброя пашырылася ў многіх краінах Еўропы. З канца 1920-х г. распрацоўку вадкасных Р. і ракетных рухавікоў у СССР пачалі ў Газадынамічнай лабараторыі, Рэактыўным НДІ і Групе па вывучэнні рэактыўнага руху. У пач. 1940-х г. у Германіі створана Р. Фау-2 (з 1944 выкарыстоўвалася для абстрэлу Вялікабрытаніі). У 1948 у ЗША адбыўся запуск 2-ступеньчатай вадкаснай Р. «Бампер» (1-й яе ступенню была дапрацаваная Р. Фау-2). У 2-й пал. 1950-х г. адбыўся пераход ад адна- да шматступеньчатых Р. (у СССР Р-7), з дапамогай якіх пачаліся даследаванні касм. прасторы (гл. Касманаўтыка). У Расіі і СССР развіццё Р. звязана з імёнамі А.​Дз.​Засядка, К.​А.​Шыльдэра, К.​І.​Канстанцінава, М.І.Кібальчыча, К.Э.Цыялкоўскага, Ф.А.Цандэра, А.І.Шаргея (Ю.​В.​Кандрацюк), С.А.Косберга, С.П.Каралёва, В.П.Глушко і інш. Значны ўклад у развіццё ракетабудавання зрабілі інжынеры і вучоныя Г.​Гансвінт (Германія), Р.​Эно-Пельтры (Францыя), Р.Годард (ЗША), Г.Оберт і І.​Вінклер (Германія), В. фон Браўн (Германія, ЗША).

Літ.:

Ляпунов Б.В. Ракета. 2 изд. М., 1960;

Золин Б.И., Савин Н.В. Основы теории и конструкции ракет. М., 1971;

Киселев С.П. Физические основы аэродинамики ракет. М., 1976;

Князьков В.С., Рожков В.В. Боевые ракеты. М., 1977;

Колесников К.С. Динамика ракет. М., 1980;

Феодосьев В.И. Основы техники ракетного полета. 2 изд. М., 1981;

Бельск і А.М., Ткачоў М.А. Вялікае мастацтва артылерыі: Казімір Семяновіч. Мн., 1992.

У.​С.​Ларыёнаў, У.​М.​Сацута.

Схемы ракет: а, б — аднаступеньчатых на цвёрдым і вадкім паліве (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 і 5 — бакі акісляльніку і паліва, 4 — цвёрдае паліва, 6 — турбіна, 7 — камера згарання, 8 — стабілізатар); в — двухступеньчатай з папярочным дзяленнем (1 — карысны груз, 2 — пераходная ферма, РА — рухальны адсек, ПА — паліўны адсек); г — шматступеньчатай з пакетным размяшчэннем ступеняў (1 — баявая частка, 2 — сістэма кіравання, 3 — паліўныя бакі, 4 — ракетныя рухавікі); д — стратэгічнай сярэдняй далёкасці (1 — галоўка саманавядзення, 2 — баявая частка, 3 — электроннае абсталяванне, 4 — маршавы рухавік, 5 — крыло, 6 — аэрадынамічныя рулі).

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІ́З (Belize),

дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы, на ўсх. узбярэжжы п-ва Юкатан. На Пн мяжуе з Мексікай, на З і Пд — з Гватэмалай. Абмываецца Карыбскім морам. Пл. 23 тыс. км². Нас. 200 тыс. чал. (1994). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г. Бельмапан. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).

Дзяржаўны лад. Беліз — канстытуцыйная манархія. Чл. брыт. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны Нац. сход, што складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам (прызначаецца ген.-губернатарам).

Прырода. Рэльеф пераважна нізінны, шмат балотаў. На Пд горы Мая (выш. да 1122 м, пік Вікторыя). Клімат трапічны пасатны, вільготны. Т-ра паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў каля 2000 мм за год. Рэкі паўнаводныя, найбольшая Беліз. На б.ч. тэрыторыі вільготныя трапічныя лясы. Растуць чырвонае, ружовае, кампешавае, каўчукавае дрэвы, чыкле, кедр. На Пн лістападныя трапічныя лясы і ўчасткі саваннаў. Лясныя заказнікі, найбольшы Чыкібуль.

Насельніцтва. Жывуць негры і мулаты (44%), метысы (33%), індзейцы — мая і карыбы (у т. л. блізкія да іх негра-карыбскія метысы — «чорныя карыбы»), выхадцы з Індыі і інш. Найб. горад — Беліз. Паводле веравызнання 62% — католікі, 30% — пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,7 чал. на 1 км², б.ч. яго жыве паблізу ўзбярэжжа. Натуральны прырост каля 2% за год.

Гісторыя. Беліз вядомы як адно з месцаў ранніх паселішчаў плямёнаў мая. У пач. 16 ст. заваяваны іспанцамі. Паўн. ч. Беліза ўвайшла ў склад «Новай Іспаніі» (Мексіка), паўд. ч. — у ген.-капітанства Гватэмалы. У 17 ст. тут з’явіліся англ. пасяленцы, якія заснавалі першыя гарады, у т. л. Беліз (1638). Барацьба ісп. і англ. каланізатараў за тэр. Беліза скончылася ў 1798 на карысць англічан. З 1862 брыт. калонія, вядомая як Брыт. Гандурас (наз. 1840). У 1964 атрымаў поўную ўнутр. аўтаномію. У 1966 Гватэмала, якая лічыла Беліз сваёй тэр., аб’явіла яго сваім усх. дэпартаментам. З 1973 сучасная назва. З 1981 Беліз — незалежная дзяржава. Беліз — член ААН (з 1981), Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, Карыбскай супольнасці і інш. У 1991 Гватэмала прызнала незалежнасць Беліза і ўстанавіла з ім дыпламат. адносіны.

Паліт. партыі: Народная аб’яднаная і Аб’яднаная дэмакратычная. Прафсаюзы: Аб’яднаны ўсеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. Беліз — эканамічна адсталая агр. краіна. У сельскай і лясной гаспадарцы занята каля 40% эканамічна актыўнага насельніцтва. Гал. экспартныя культуры: цукр. трыснёг, цытрусавыя (пераважна апельсіны і грэйпфруты), бананы, какава, ананасы. На ўнутр. патрэбы сеюць рыс, кукурузу, маніёк, фасолю. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (пераважна на Пд), свіней, птушку. Нарыхтоўка кампешавага і чырвонага дрэва, карыбскай хвоі. У прыбярэжных водах рыбалоўства, промысел амараў, крэветак, чарапах. Прам-сць: лесапільныя з-ды і прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (вытв-сць цукру, патакі, рому, кансерваў, сокаў, мыла, дубільных экстрактаў). Вытв-сць мэблі, буд. матэрыялаў, невял. рыбалоўных і спарт. суднаў; каля Беліза невял. сталепракатны з-д. Развіты саматужныя промыслы (выраб адзення, абутку, сувеніраў). Значныя сродкі дае турызм і зімовы адпачынак пераважна жыхароў ЗША у шматлікіх атэлях і пансіянатах на ўзбярэжжы і прыбярэжных астравах. Унутр. транспарт аўтамабільны, знешнія сувязі пераважна марскія. Гал. порт — Беліз. Паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт: цукар-сырэц, цытрусавыя, амары і крэветкі, драўніна. Імпарт: паліва, трансп. сродкі, харч. прадукты, машыны, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія і інш. краіны Зах. Еўропы, ЗША, Японія, Мексіка. Грашовая адзінка — долар Беліза.

Герб і сцяг Беліза.
Да арт. Беліз. Адміністрацыйны будынак у г. Беліз.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІ́Ў (лац. archivum),

1) установа або яе аддзел, што захоўвае дакументы і арганізуе іх выкарыстанне.

2) Сукупнасць дакументаў, якія з’явіліся ў выніку дзейнасці ўстаноў, прадпрыемстваў і прыватных асоб. Як збор крыніц архіў служыць для навук. даследаванняў, практ. патрэб гаспадаркі і дзярж. кіравання.

Існуюць з глыбокай старажытнасці, іх з’яўленне падрыхтавана вынаходствам пісьменства. У Месапатаміі і М.​Азіі археолагі раскапалі ў палацах правіцеляў, іх намеснікаў, дамах прыватных асоб і храмах архівасховішчы адм.-гасп. дакументаў, напісаных на гліняных таблічках. Знойдзены дыпламат. сховішчы стараж.-егіп. фараонаў. Уласна архівы, прыстасаваныя для захоўвання актаў, былі ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У 12—13 ст. у Францыі, Іспаніі, Англіі і інш. краінах узніклі т.зв. каронныя архівы пры дварах правіцеляў. Значную ч. гіст. крыніц у гэты час захоўвалі царк. ўстановы. З 16 ст. многія дзярж. ўстановы імкнуліся мець уласныя архівы. У выніку каланізацыі еўрапейцамі зямель і інш. Кантынентаў узніклі буйныя каланіяльныя архівы (напр., Гал. архіў Індый у Іспаніі). З 19 ст. матэрыялы многіх архіваў сталі даступныя даследчыкам, пачало складвацца міжнар. архіўнае супрацоўніцтва. У 1950 на 1-м Міжнар. кангрэсе архіваў зацверджаны статут Міжнар. савета архіваў. З ім супрацоўнічаюць архівісты амаль 120 краін (1994), выдаецца міжнар. час. «Archivum». Найб. архіўныя ўстановы свету: франц. Нац. архіў (Archives Nationales; у Парыжы, з 1794), у Англіі Дзярж. публічны архіў (Public Record Office; у Лондане, з 1838), у ЗША Нац. архіў (Nationales Archives; у Вашынгтоне, з 1934); у ФРГ Федэральны архіў (Bundesarchiv; у г. Кобленц, з 1952); у Польшчы архіў новых актаў (Archiwum Akt Nowych; з 1930) і Гал. архіў стараж. актаў (Archiwum Glówne Akt Dawnych; з 1867; абодва ў Варшаве), Дзярж. архіў Расійскай Федэрацыі (б. Цэнтр. дзярж. А. Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання СССР, Масква), Рас. дзярж. гіст. архіў (б. Цэнтр. дзярж. гіст. архіў СССР, С.-Пецярбург) і інш.

На Беларусі першыя архівы ўтвараліся ў княжацкіх замках, манастырах, цэрквах. Пры канцылярыі вял. князёў ВКЛ існаваў архіў — Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свае архівы мелі гаспадарскія і гарадскія адміністрацыі, магнаты (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы), шляхта, некаторыя заможныя мяшчане. З 2-й пал. 19 ст. дакументы ВКЛ зберагаліся ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў і Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актаў. У Мінску з 1872 існаваў архіў скасаваных судовых месцаў Мінскай губ. 4.8.1922 створаны Цэнтр. архіў Беларусі (заг. З.​Х.​Жылуновіч), які кіраваў архіўнай справай у БССР. Праведзены Усебеларускія канферэнцыі архіўных работнікаў (Мінск, 1924, 1927), 1-ы з’езд даследчыкаў бел. археалогіі і археаграфіі (Мінск, 1926). У 1938—60 архіўныя ўстановы ўваходзілі ў сістэму НКУС (МУС) БССР. Навуковае і арганізац.-метадычнае кіраўніцтва архівам ажыццяўляла Гал. архіўнае ўпраўленне пры СМ БССР, пераўтворанае ў 1992 у Камітэт па архівах і справаводстве. У 1994 прыняты закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь». На Беларусі 6 цэнтр. дзярж. Архіваў (1995): Нац. архіў Рэспублікі Беларусь, Нац. гіст. архівы Рэспублікі Беларусь у Мінску і Гродне, Бел. дзярж. архіў кінафотафонадакументаў, Бел. дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва, Бел. дзярж. архіў навукова-тэхн. дакументацыі. Абласныя архівы і іх філіялы захоўваюць дакументы мясц. устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў, калгасаў і інш. (гл. адпаведныя арт., напр., Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці). Існуюць таксама архівы АН Беларусі, КДБ Рэспублікі Беларусь. Рукапісы і гіст. дакументы захоўваюцца таксама ў бібліятэках, музеях і навук. установах. Буйныя комплексы дакументаў па гісторыі Беларусі знаходзяцца ў архівах Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, Германіі, Швецыі, ЗША і інш.

Літ.:

Архивное дело в БССР (1918—1968): Сб. законодательных и руководящих документов. Мн., 1972;

Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.

А.​М.​Міхальчанка (архівы Беларусі).

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ВА,

асноўны інстытут сістэмы грамадства, які з’яўляецца гал. сродкам паліт. улады, арганізоўвае, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і ўзаемаадносіны людзей, сац. суполак, слаёў, класаў і асацыяцый. Першапачаткова азначала супольнасць людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, аб’ядноўваюцца і кіруюцца органамі ўлады, утворанымі з мэтай абароны жыцця, свабоды і маёмасці грамадзян, забеспячэння дзярж. суверэнітэту краіны. У такім сэнсе Дз. трактавалася да 17 ст., калі Н.​Макіявелі, Т.​Гобс, Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо абгрунтавалі дакладную размежаванасць Дз. і грамадства.

Асн. адзнакі Дз.: адасабленне публічнай улады ад грамадства, яе несупадзенне з арганізацыяй усяго насельніцтва, з’яўленне слоя прафес. кіраўнікоў; наяўнасць пэўнай тэрыторыі, суверэнітэту, г. зн. вярхоўнай улады над пэўнай тэрыторыяй, якая мае права выдаваць законы і ўтвараць нормы, абавязковыя для ўсяго насельніцтва; функцыянаванне асобай сістэмы органаў і ўстаноў, што складаюць механізм Дз., спецыфічнае месца ў якім займаюць праваахоўныя ін-ты (суд, пракуратура, а таксама армія, міліцыя і інш.); наяўнасць права, г. зн. абавязковых правіл паводзін, якія ўстанаўліваюцца і санкцыянуюцца, кантралююцца Дз.; існаванне падаткаў, якія неабходны для матэрыяльнага забеспячэння дзярж. палітыкі: эканам., сац., абароннай і інш.; абавязковасць членства ў Дз., грамадзянства. якое чалавек атрымлівае з моманту нараджэння ці па адпаведнай просьбе (у выніку эміграцыі і інш.).

Істотнае значэнне мае тыпалогія Дз. з пункту гледжання класавай прыроды дзярж. улады (якому сац. класу яна служыць). Існуе падзел (гал. чынам у марксісцка-ленінскай тэорыі) на рабаўладальніцкую, феад., бурж., пралетарскую Дз. Паводле формы праўлення адрозніваюць Дз. манархічную (абсалютную ў Саудаўскай Аравіі, Амане ці канстытуцыйную ў Англіі, Швецыі, Іспаніі) і рэспубліканскую (прэзідэнцкую ў ЗША, Расіі, Беларусі, Францыі і інш. ці парламенцкую ў Германіі, Ізраілі, Турцыі і інш.); паводле формы дзярж. ўладкавання — унітарную (Беларусь), канфедэратыўную (Швейцарыя), федэратыўную (Расія, ЗША, Мексіка); паводле паліт. рэжыму — дэмакратычную, аўтарытарную, таталітарную.

У сучасным грамадстве шырока абмяркоўваюцца праблемы станаўлення і развіцця прававой і сацыяльнай Дз. Для прававой Дз. характэрны: наяўнасць грамадз. супольнасці; абарона правоў і свабод асобы, грамадз. парадку, стварэнне прававых умоў для гасп. дзейнасці ўсім яе суб’ектам; прававая роўнасць усіх грамадзян, прыярытэт правоў чалавека над законамі Дз.; усеагульнасць права, яго распаўсюджанне на ўсіх грамадзян, усе арганізацыі і ўстановы, у т. л. і органы дзярж. улады; раздзяленне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад; суверэнітэт народа як канчатковага вытоку ўлады, падначаленасць яму дзярж. суверэнітэту. Сацыяльная Дз. — гэта такі сац.-паліт. ін-т, які забяспечвае кожнаму грамадзяніну дастойныя ўмовы існавання, сац. абароненасці, аднолькавыя магчымасці для самарэалізацыі кожнага чалавека ў грамадстве, саўдзельніцтва ў кіраванні вытв-сцю і інш. сферамі грамадскага жыцця, у т. л. палітычнага.

На тэр. Беларусі першыя дзярж. ўтварэнні існавалі ў 9—13 ст. у выглядзе буйных княстваў — Полацкага, Тураўскага, Мінскага (Менскага), Гродзенскага (Гарадзенскага), Навагрудскага (гл. адпаведныя арг.). Далейшае развіццё дзяржаўнасць набыла ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1569 ВКЛ уступіла ў канфедэратыўны саюз з Польшчай і стварыла разам з ёй адзіную Дз. Рэч Паспалітую. У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі былі далучаны да Расійскай імперыі. Адраджэнне бел. дзяржаўнасці адбылося ў пач. 20 ст. з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) і ўтварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919). 27.7.1990 прынята Дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце БССР. На сесіі Вярхоўнага Савета БССР 19.9.1991 зацверджана назва Дз. — Рэспубліка Беларусь. Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994, зацверджанай рэферэндумам 1996, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакр. сацыяльна-прававой Дз.

Літ.:

Доўнар-Запольскі М.В. Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі. Мн., 1994;

Пугачев В.П., Соловьев А.И. Введение в политологию. 3 изд. М., 1997;

Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;

Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТМАДЭРНІ́ЗМ (ад пост... + мадэрнізм),

мнагазначнае паняцце для характарыстыкі новага перыяду і тыпу культуры, новых маст. стыляў, кірункаў, сістэм, што склаліся ў архітэктуры, жывапісе, л-ры і г.д. у 2-й пал. 20 ст., стылю навук. мыслення і тэарэт. рэфлексій на гэтыя з’явы ў філасофіі, эстэтыцы. Тэрмін «П.» — вытворнае ад паняцця постмадэрн (літар. тое, што пасля мадэрну). У значнай ступені з’яўляецца вынікам развіцця найноўшых сродкаў масавай камунікацыі (тэлебачання, відэа- і камп’ютэрнай тэхнікі). Тэорыя П. пачала складвацца ў ЗША, куды ў 1970-я г. праніклі філас., постфрэйдысцкія і літ.-знаўчыя канцэпцыі франц. постструктуралістаў (Ж.​Бадрыяр, Ж.​Дэрыда, Ж.​Ф.​Ліятар). 1980-я г. лічаць часам узлёту П. Паняцце «П.» суадносіцца таксама з паліт. ладам, стандартамі паводзін, сродкамі масавай інфармацыі, мараллю (гуманіст. бок культуры і яе парадыгма), тыпам усведамлення, які рэалізуе пэўную сістэму духоўных каштоўнасцей. Для П. характэрна адмаўленне ўстаноўкі на строга навук. мысленне, успрыманне свету як самаарганізаванага хаосу, як тэксту, што прыводзіць да плюралізму ідэалогій у культуры, дэанталагізацыі мыслення. Культура П. характарызуецца адмаўленнем усякіх абмежаванняў — нарматыўнасці, традыцыі, рэгламенту, парадку. Постмадэрнісцкія творы ствараюцца пры дапамозе мадэліравання штучнай рэальнасці і дэканструкцыі т.зв. інтэртэксту культуры. У літаратуры вызначальнымі рысамі паэтыкі П. з’яўляюцца: «шматадраснасць» л-ры (зварот адначасова да розных чытачоў: ад высокаінтэлектуальнага да масавага), гібрыднасць (у аснове якой — кадзіраванне, што параджае прынцыпова новую літ. мову), мутантная змена жанраў, інтэртэкстуальнасць, дэкананізацыя, іронія, безасабовасць, карнавалізацыя, прынцып множнасці ісціны і множнасці яе інтэрпрэтацый. Сярод прадстаўнікоў П.​Дж.​Барнс, Дж.​Барт, К.​Вонегут, Х.​Картасар, Г.​Мюлер, М.​Павіч, Т.​Пінчан, С.​Рушдзі, Т.​Стопард, Дж.​Фаўлс, У.​Эка, А.​Бітаў, В.​Ерафееў, У.​Набокаў і інш. Элементы постмадэрнісцкай паэтыкі сустракаюцца ў творчасці паэтаў-маладнякоўцаў М.​Танка, А.​Вярцінскага, А.​Разанава, некат. маладых пісьменнікаў. У выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе) і архітэктуры для П. характэрна аб’яднанне ў адным творы сродкаў розных стыляў, гіст., традыцый і нац. школ. У жывапісе П. адвяргае імкненне мадэрнізму да захавання чысціні маст. форм і метадаў, проціпастаўляе абнаўленню маст. мовы перайманне і змешванне асобных элементаў з існуючых маст. сістэм (С.​Кія, Ф.​Клементэ, Э.​Кукі, М.​Паладзіна ў Італіі, Г.​Базеліц у Германіі і інш.). У архітэктуры П. — супастаўленне элементаў гіст. стыляў у нязвыклым кантэксце стварае тэатралізаванае эстэт. асяроддзе, часта з элементамі іроніі і гратэску. З канца 1970-х г. будаваліся грамадскія цэнтры, акружаныя ярка расфарбаванымі аркадамі і калонамі, дзе арх. формы пераасэнсаваны і дапоўнены нетрадыц. матэрыяламі: анадзіраваны алюміній, нержавеючая сталь, неонавыя трубкі і інш. («П’яцца д’Італія ў г. Нью-Арлеан, ЗША, арх. Ч.​Мур); гарады-спадарожнікі з восевай планіроўкай, забудаваныя дамамі з цяжкімі карнізамі і франтонамі, магутнымі дэкар. калонамі на руставаных стылабатах (гарады-спадарожнікі Парыжа, ісп. арх. Р.​Банфілья); асабнякі з развітымі схільнымі дахамі і звісаючымі карнізамі, дахавымі вокнамі і дымавымі трубамі (праекты амер. арх. Р.​Вентуры) і інш. У кінематографе ў рознай ступені да прадстаўнікоў П. належаць П.​Грынуэй, Д.​Джармен, Р.​В.​Фасбіндэр, Ф.​Феліні, А.​Сакураў, А.​Таркоўскі; у музыцы — Л.​Доўсан, Р.​Хайнарэ, А.​Шнітке; у тэатры — А.​Хэйге, Р.​Вікцюк, Б.​Юханаў.

Літ.:

Иконников А.В. Зарубежная архитектура: От «новой архитектуры» до постмодернизма. М., 1982;

Дженкс Ч.А. Язык архитектуры постмодернизма: Пер. с англ. М., 1985;

Барт Р. Избр. работы: Семиотика. Поэтика: Пер. с фр. М., 1994;

Философия эпохи постмодерна. Мн., 1996;

Ильин И.П. Постмодернизм от истоков до конца столетия: Эволюция науч. мифа. М., 1998;

Лиотар Ж.Ф. Состояние постмодерна. СПб., 1998;

Скоропанова И.С. Русская постмодернистская литература. М., 1999;

Курицын В. Русский литературный постмодернизм. М., 2000;

Эпштэйн М. Постмодерн в России: Лит. и теория. М., 2000.

А.​М.​Андрэеў, В.​В.​Халіпаў.

т. 12, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРТЫФІКА́ЦЫЯ (позналац. fortificatio умацаванне),

галіна ваенна-інжынернай справы, якая займаецца тэорыяй і практыкай будаўніцтва фартыфікацыйных аб’ектаў, іх выкарыстаннем у мірны і ваенны час. Ф. падзяляецца на вайск. (палявую, або часовую) і доўгатэрміновую. Вайсковая Ф. распрацоўвае пытанні (звычайна ў ваен. час) абсталявання пазіцый, палос, рубяжоў абароны і інш. фартыфікацыйных збудаванняў, доўгатэрміновая — займаецца фартыфікацыйным абсталяваннем тэатра ваен. дзеянняў і тэр. краіны (у мірны і ваен. час).

Абарончыя ўмацаванні вядомы з глыбокай старажытнасці. Са з’яўленнем дзяржаў і армій яны выкарыстоўваліся для забеспячэння баявых дзеянняў войск і абароны населеных пунктаў. З развіццём ваен. майстэрства, ваен. і буд. тэхнікі ўмацаванні ўдасканальваліся: ствараліся крэпасці з дрэваземлянымі і мураванымі сценамі. Больш складаныя ўмацаванні будавалі вакол нас. пунктаў ці ўздоўж дзярж. граніцы; з іх найб. вядомыя рымскія валы, Вялікая кітайская сцяна і інш. Для абароны войск у палявых умовах ствараліся палявыя ўмацаванні (гл. Лагер, Лагер рымскі, Умацаваны лагер). У 10—11 ст. гарады Еўропы, у т. л. Беларусі, мелі розныя ўмацаванні. якія ў 11—12 ст. сталі больш дасканалымі: апрача земляных валоў і равоў узводзілі зрубы, вежы (баявыя, вартавыя), умацаваныя брамы і інш. У 13 ст. на бел. землях пачалі будаваць мураваныя вежы-данжоны (у Брэсце, Камянцы. Навагрудку, Тураве, Гродне, Полацку, Шклове), амаль адначасова ў сувязі з нападамі на бел. землі крыжакоў (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.) узводзіліся мураваныя замкі ў Лідзе, Крэве, Навагрудку, Гродне. З 15 ст. ў ВКЛ пачалося будаўніцтва прыватных замкаў, пераважна драўляных крэпасцей (каля 40). Некат. магнаты і ваяводы будавалі мураваныя замкі (у Міры, Геранёнах. Любчы, Іказні. Гайцюнішках).

З 16 ст. на землях Беларусі сталі ўзводзіць бастыённыя замкі, у буд-ве якіх увасобіліся перадавыя ідэі еўрап. ваен. інжынераў [Нясвіж, Заслаўе, Слуцк, Ляхавічы, Гальшаны, Каралін, Жабер (Драгічынскі р-н), Маладзечна, Высокае, Мядзел]. Развіццё Ф. ў ВКЛ, Расіі, ЗША і інш. краінах у 18—20 ст. звязана з імёнамі вядомых ваен. інжынераў Я.Ясінскага (стваральнік Корпуса інжынераў літоўскіх), Т.Касцюшкі (стваральнік найвялікшых цытадэлей і Ф. у ЗША), К.​І.​Вялічкі (аўтар праектаў умацаванняў Петраграда, Уладзівастока і інш.; з 1910 гал. рэд. ваен. энцыклапедыі), К.А.Шыльдэра, Э.І.Татлебена, Н.​А.​Буйніцкага, А.​З.​Целякоўскага, Дз.М.Карбышава і інш. Да пач. 20 ст. асн. сродкам умацавання мясцовасці былі крэпасці (гл. Бабруйская крэпасць, Брэсцкая крэпасць). З’яўленне масавых армій, узброеных магутнай артылерыяй, танкамі, авіяцыяй, хім. сродкамі і інш., патрабавала стварэння сістэмы суцэльных умацаваных ліній (палос; гл. «Мажыно лінія»; «Манергейма лінія»; у СССР — т.зв. «Лінія Сталіна» і «Лінія Молатава»), якія часткова былі пабудаваны або будаваліся ў 1920 — пач. 40-х г. (гл. Умацаваны раён). Пасля 2-й сусв. вайны прыкрыццё дзярж. граніцы выконвалі ў асн. агульнавайск. часці і злучэнні, таму характар і формы абсталяваных пазіцый у прыгранічнай паласе былі блізкія да вайск. (палявой) абароны. З сярэдзіны 20 ст. ў сувязі з распрацоўкай манеўраных аперацый з выкарыстаннем ядз. зброі і інш. сучасных узбраенняў, скарачэннем часу на падрыхтоўку баявых дзеянняў войск, фартыфікацыйныя збудаванні набылі новыя якасці: яны сталі высокатранспартабельныя, шматразовага выкарыстання, маюць высокія ахоўныя магчымасці ад сродкаў паражэння, хутка ўзводзяцца і інш.

Літ.:

Карбышев Д.М. Избранные научные труды. М., 1962;

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978;

Яго ж. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Чекалин В.С., Варенышев Б.В. Фортификационное оборудование местности. М., 1974;

Шперк В.Ф. История фортификации. М., 1957;

Кумпф В. Организация Тодта в войне // Итоги Второй мировой войны: Пер. с нем. СПб.;

М., 1998;

Rawski T. Kościuszko — wódz // Studia materjały do historii wojskowości. Warszawa, 1968. T. 14, cz. 1.

В.​В.​Балута, В.​А.​Юшкевіч.

т. 16, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГУ́НАЧНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,

галіна транспартнага машынабудавання, прадпрыемствы якога займаюцца вытворчасцю рухомага саставу для чыгункі (лакаматывы, электравозы, вагоны, абсталяванне для іх рамонту).

Лакаматывабудаванне пачалося ў Вялікабрытаніі, дзе ў 1823 пачаў працаваць першы ў свеце паравозабуд. з-д. У Расіі першыя серыйныя паравозы выпусцілі ў 1840-я г. на Аляксандраўскім заводзе ў Пецярбургу. У 1860—1900-я г. рухомыя саставы для чыгунак выраблялі Каломенскі, Неўскі, Людзінаўскі, Воткінскі, Брагінскі, Пуцілаўскі, Сормаўскі, Харкаўскі, Луганскі паравозабуд., вагоны — Верхняволжскі, Мыцішчынскі і інш. з-ды. У СССР першы манеўровы цеплавоз пабудаваны ў 1924, электравоз — у 1932. З 1956 вытв-сць паравозаў у СССР пачала паўсюдна спыняцца, з-ды перайшлі на выпуск цеплавозаў і электравозаў. Ч.м. на тэр. СНД найб. развіта ў Расіі і Украіне. У Расіі пасажырскія, манеўровыя і прамысл. цеплавозы вырабляюць у Каломне, Мураме, Людзінаве, Бранску, Ніжнім Тагіле, Барнауле; электравозы — у Новачаркаску; грузавыя вагоны — у Ніжнім Тагіле, Алгайску, Абакане, Калінінградзе; пасаж. вагоны — у Цверы і С.-Пецярбургу; вагоны для метро — у Мыцішчах і С.-Пецярбургу; двух’ярусныя вагоны для перавозкі легкавых аўтамабіляў — у Цверы; ізатэрмічныя вагоны — у Бранску. На Украіне магістральныя грузавыя цеплавозы выпускае Луганскі з-д; электравозы для вывазкі руды з кар’ераў — Днепрапятроўскі з-д, грузавыя магістральныя вагоны — з-ды ў Крукаве, Днепрадзяржынску, Марыупалі (цыстэрны і паўвагоны). З-д па вытв-сці электравозаў працуе ў Тбілісі. З 1990 у сусв. Ч.м. вядуцца работы па праектаванні і стварэнні новых тыпаў лакаматываў і вагонаў. У Расіі з-д «Трансмаш» (г. Ціхвін) у 1993 выпусціў высокаскарасны (да 250 км/гадз) электрацягнік «Сокал». На Людзінаўскім цеплавозабуд. з-дзе сумесна з Цвярскім вагонабуд. з-дам у 2000 створаны доследны ўзор дызель-цягніка на 1100 пасажыраў, сумесна з карпарацыяй «Джэнерал мотарс» (ЗША) у 2001 — аднасекцыйны 8-восевы цеплавоз серыі ТЭРА-І з дызелем магутнасцю 4150 к.с. і макс. скорасцю 100 км/гадз. На з-дзе «Метровагонмаш» (г. Мыцішчы) у 2000 пабудаваны сучасны метроэкспрэс «Яўза», на Дземіхоўскім машынабуд. з-дае ў 2001 — прынцыпова новы тып электрацягніка — экспрэс ЭД-6 з асінхронным цягавым рухавіком магутнасцю 8000 кВт і інш. Сярод зах. фірм, якія выпускаюць чыг. рухомы састаў, найб. вядомыя: «Джэнерал мотарс» (ЗША), «Бомбардзье» (Канада), «Альстам» (Францыя), «АДтранц» (Швейцарыя), «Сіменс» (Германія) і інш., якія маюць свае з-ды ў многіх краінах Еўропы, Амерыкі і Азіі. У лакаматыўным парку гэтых фірм пераважаюць скарасныя (140, 160, 250 км/гадз) грузавыя і пасаж. электравозы (4200—6000 кВт), дызель-цягнікі (1650—3000 кВт), цеплавозы магутнасцю да 4000 к.с. і інш. У 2000 фірма «Бомбардзье» выпусціла доследны ўзор газатурбавоза магутнасцю 5000 к.с.

На Беларускай чыгунцы эксплуатуюцца пераважна дызель-цягнікі Рыжскага і Дземіхоўскага з-даў, цеплавозы Ніжнетагільскага, Барнаульскага, Каломенскага, Бранскага і інш. з-даў, электравозы з Новачаркаска, пасаж. вагоны з Цверы, паязды метрапалітэна з Мыцішчанскага і Пецярб. з-даў. На Беларусі да спецыялізаваных прадпрыемстваў Ч.м. адносяцца Гомельскі вагонарамонтны завод (займаецца рамонтам і пераабсталяваннем вагонаў, выпускае запчасткі да іх) і Мінскі вагонарамонтны завод (ажыццяўляе рамонт пасаж. вагонаў, фарміраванне колавых пар для грузавых і пасаж. цягнікоў). На Магілёўскім рэгенератарным з-дзе вырабляюць запчасткі для рухомага саставу чыгунак, у Гомелі — абсталяванне для рамонту чыг. пуцей, мацаванні для рэльсаў рэек*. У Баранавіцкім дэпо рамантуюць электравозы Вл-80 і электрацягнікі ЭР-9, у Лідскім — дызель-цягнікі ДР-І і прамысл. цеплавозы ТГМ, у Ваўкавыскім і Брэсцкім — цеплавозы М62, у Жлобінскім — цеплавозы 2ТЭ10 і ЧМЭЗ, у Аршанскім — цеплавозы ТЭП 70, у Віцебскім — цеплавозы 2ТЭ10, ТЭЛ60, М62.

П.​І.​Рогач.

т. 17, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)