геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж. каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЛЬНІК,
сапанарыя (Saponaria), род кветкавых раслінсям. гваздзіковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 2 віды: М. лекавы — мыльны корань, ці сабачае мыла (S. officinalis), і інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН — М. базілікападобны (S. ocymoides). Трапляецца ў хмызняках, на лясных палянах, па берагах рэк.
Адна-, двух- і шматгадовыя травы. Сцёблы голыя ці апушаныя, прамастойныя, ляжачыя або прыўзнятыя. Карані пры расціранні ў вадзе мыляцца і даюць пену (адсюль назва). Лісце шырокалінейнае ці лопасцевае. Кветкі двухполыя ў мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — каробачка. Карэнішча і карані М. лекавага (т.зв.чырв. мыльны корань) маюць сапаніны, слізь і выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі, для мыцця шэрсці і шоўку, вырабу халвы, шыпучых напіткаў, піва. У кветкаводстве вырошчваюць махровыя формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАФІ́ТЫ [ад макра... + ...фіт(ы)],
раслінныя арганізмы, прыстасаваныя для жыцця ў вадзе, незалежна ад іх арганізацыі і сістэматычнага становішча. Растуць у вадаёмах, утвараюць палосы ўздоўж берагоў, вакол астравоў, падводных меляў. Існуе некалькі класіфікацый М. (біял., марфал., экалагічная, жыццёвых форм і інш.), іх аснова — падзел водных раслін на 3 катэгорыі: паглыбленыя ў ваду (напр., харавыя водарасці, імхі), плаваючыя (наводныя, напр., гарлачыкі, рдзест) і што ўзвышаюцца над вадой (надводныя, напр., стрэлкаліст, трыснёг, чарот). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (напр., касач сібірскі, лабелія Дортмана, палушнік азёрны). М. садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў, добра растуць у забруджаных водах, акумулююць мінер., баластныя і таксічныя рэчывы, выкарыстоўваюцца для ачысткі сцёкавых вод, у меліярацыі, як лек. расліны і інш. У зоне прыбярэжных М. кормяцца і нерастуюць рыбы, селяцца птушкі, млекакормячыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАЧА́Й (Euphorbia),
род кветкавых раслінсям. малачайных. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 12 дзікарослых, каля 20 інтрадукаваных і вял. колькасць відаў у пакаёва-аранжарэйнай культуры. У лясах, на лугах і як пустазелле найчасцей трапляюцца М. санцагляд (E. helioscopia, нар. назва заячы скок, малатчак), глянцаваты (E. lucida), кіпарысавы (E. cyparissias), лозны (E. virgata).
Адна- і шматгадовыя травы, кусты (часта сукулентныя, кактусападобныя), радзей дрэвападобныя формы. Маюць у сабе млечны сок (адсюль назва). Лісце суцэльнае, чаргаванае, супраціўнае або кальчаковае. Кветкі аднаполыя, у складаным суквецці — цыятыі (складаецца з песцікавай кветкі, абкружанай 4—5 моцна рэдукаванымі тычынкавымі суквеццямі, выконвае ролю асобнай двухполай кветкі). Лек., тэхн., дэкар. расліны. Амаль усе ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛАНКАНІЯ́ЛЬНЫЯ (Melanconiales),
парадак недасканалых грыбоў. 1 сям. — меланконіевыя. Каля 120 родаў і 1000 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 150 відаў з родаў глеяспорый, калетатрыхум, кабатыела, карынеў, марсаніна, меланконій, паліспора, песталоцыя, цыліндраспорый, энтамаспорый. Сапратрофы і паразіты, узбуджальнікі небяспечных хвароб с.-г.раслін (выклікаюць плямістасці і язвы, або антракнозы).
Міцэлій грыбоў добра развіты, септаваны, галінасты, гаплоідны, складаецца са шмат’ядравых клетак. Канідыяносцы кароткія, адна-і шматклетачныя, бясколерныя або афарбаваныя, сабраныя разам на ложы (асн. прыкмета парадку). Ложа мае выгляд падушачкі або дыска, з асновай са шчыльнага спляцення гіфаў міцэлію і зверху прыкрыта кутыкулай, эпідэрмісам або перыдэрмай. Канідыі аднаклетачныя, размешчаныя на канідыяносцах адзіночна ці ланцужкамі. У цыкле развіцця некат. відаў назіраюцца сумчатыя стадыі (у асн.пірэнаміцэты і дыскаміцэты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З АХО́ВЫ ПРЫРО́ДЫ І ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ (МСАП; International Union for Conservation of Nature and Natural Resources). Засн. ў 1948. Уключае больш за 500 устаноў з 130 дзяржаў і 24 міжнар. арг-цыі. Задачы МСАП: наладжванне міжнар. кантролю за станам аб’ектаў прыроды і выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, улік і ахова рэдкіх і знікаючых відаў жывёл і раслін (Міжнар.Чырв. кніга), каардынацыя міжнар. супрацоўніцтва па ахове прыроды. Супрацоўнічае з ЮНЕСКА (праграма «Чалавек і біясфера»), Сусв. фондам аховы дзікай прыроды і інш. Вышэйшы орган МСАП — Ген. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады. Штаб-кватэра ў Швейцарыі (г. Моржэ). МСАП прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні 1-га Міжнар. кангрэса па біясферных запаведніках у Мінску (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАЦВЕ́Т, прымула (Primula),
род кветкавых раслінсям. першакветных. Больш за 500 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды П.: веснавы, або баранчыкі, ці ключыкі (P. veris), і высокі (P. elatior), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца ў мяшаных лясах, на палянах, сухіх лугах, у далінах рэк. Інтрадукавана 5 відаў П.: Воранава (P. woronovii), вушкавы (P. auriculata), дробназубчасты (P. denticulata), звычайны (P. vulgaris), японскі (P. japonica).
Шматгадовыя ранаквітучыя (адсюль назва) травяністыя карэнішчавыя расліны. Лісце суцэльнае, чаранковае ці сядзячае, у прыкаранёвай разетцы. Кветкі правільныя ў парасонавых, галоўчатых або кальчаковых суквеццях жоўтага, бэзавага, белага, ружовага, пурпуровага, фіялетавага колеру. Плод — каробачка. Маладое лісце спажываюць як салату, кветкі і лісце выкарыстоўваюць у лікёра-гарэлачнай вытв-сці. Харч., лек., дэкар., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІВО́НЯ (Paeonia),
род кветкавых раслінсям. півоневых. Каля 40 відаў. Пашыраны ва ўмераных і горных абласцях Еўразіі, Пн Афрыкі і на ЗПаўн. Амерыкі. Трапляюцца ў светлых лясах, на субальпійскіх лугах, а таксама ў лесастэпах і стэпах. На Беларусі інтрадукаваны 3 травяністыя віды П.: адваротнаяйцападобная (P. obovata), адхіленая (P. anomala), малочнакветкавая (P. lactiflora) — родапачынальніца мноства культурных сартоў, і 1 дрэвападобны — П. паўкустовая (P. suffruticosa).
Шматгадовыя (у культуры без перасадкі жывуць да 100 гадоў) травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты з бульба- або верацёнападобнымі каранямі. Лісце чаргаванае, двойчы-, тройчы- або шматрассечанае. Кветкі буйныя, адзіночныя, белыя, ружовыя, чырв., радзей жоўтыя, простыя або махрыстыя. Плод — шматлістоўка. Лек., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВАЯ ГНІЛЬ, манілёз,
хвароба пладовых дрэў, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду манілія. Найб. пашырана на вішні, чарэшні, сліве, грушы і яблыні. Пашкоджвае плады, кветкі, лісце, парасткі і інш. Пашырана ўсюды, моцна праяўляецца ў вільготныя і цёплыя гады.
Інфекцыя разносіцца ветрам, дажджом, насякомымі (пладажэрка, казарка), пранікае ў органы раслін праз мех. пашкоджанні. На пладах паяўляюцца невял. бурыя плямы, якія хутка разрастаюцца, тканкі плода размякчаюцца. На паверхні заражаных пладоў утвараюцца белавата-шэрыя, жаўтаватыя канцэнтрычныя падушачкі. Некат. пашкоджаныя плады не ападаюць, муміфікуюцца, робяцца чорнымі, зімуюць, праз іх адбываецца першаснае заражэнне дрэў наступным летам. Страты ўраджаю пладоў ад П.г. дасягаюць 50—70%. Меры барацьбы: знішчэнне ападу, перакопванне глебы вакол ствалоў, апырскванне бардоскай вадкасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫВУНЕ́Ц (Utricularia),
род кветкавых насякомаедных раслінсям. плывунцовых. Каля 250 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 4 віды П.: звычайны (U. vulgaris), малы (U. minor), паўднёвы (U. australis), прамежкавы (U. intermedia). Трапляюцца ў старыцах, азёрах, забалочаных лясах, канавах, на балотах.
Шматгадовыя, травяністыя, наземныя, водныя, некат. эпіфітныя, бескаранёвыя расліны. На лісці размешчаны празрыстыя лоўчыя пухіркі — мяшочкападобныя ўздуцці з клапанамі, якія лёгка адкрываюцца толькі ўнутр (дробныя беспазваночныя, напр., дафніі, трапляюць разам з вадой і не могуць выйсці назад). Ферменты, што выдзяляюць сценкі пухірак, ператраўліваюць здабычу. Расліны растуць на бедных азоцістымі злучэннямі субстратах, таму іх недахоп папаўняецца за кошт жывёльнай ежы. Кветкі няправільныя, у рыхлай гронцы на верхавінцы кветаноса над вадой. Плод — каробачка.