Лагво ’логава, месца, дзе знаходзіцца воўчы вывадак’ (Сцяшк., Яўс., Мат. Гом., Др.-Падб., Бяльк., Янк. II; браг., Шатал.), укр. ло́гво, лі́гво, рус. ло́гво ’тс’ (Даль). Усходнеславянскі варыянт лексемы логава (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лажок ’лагчына’ (Сл. паўн.-зах.), ’лужок, упадзістае месца сярод поля’ (Нас., ТСБМ), ’лужок з вадою’ (Рам., 8). Памяншальнае да лог (гл.). Сюды ж жлоб. лажок ’паз у бервяне’ (Мат. Гом.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Права́дзіць ’праводзіць’ (Нас.; швянч., Сл. ПЗБ). Аўтары апошняга слоўніка параўноўваюць з польск. prowadzić, што, відаць, справядліва, улічваючы месца націску і арэал. Сюды ж правадзі́ны ’провады ў армію’ (лід., Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыхі́сціць ’захінуць, засланіць’ (ТС). Сюды ж аддзеяслоўныя назоўнікі: пры́хісць ’прытулак; месца, дзе можна прыхінуць галаву’ (Шат.), прыхі́сце ’часовы будан’; ’паветка’ (стол., Нар. сл.). Да хіста́ць (гл.). Параўн. укр. захист ’абарона’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туды́ліча ‘ў той старане’ (Сл. рэг. лекс.). Да туды́ (гл.), ускладненага часціцай ‑лі‑ (гл. ль), параўн. адсю́ліка, адсю́ль ‘з гэтага месца’ (Касп.), і часціцай ‑ча, варыянт ‑чы (параўн. тутачы, гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЛО́БА, Волаба,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 34 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 3,39 км², даўж. 4,62 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі 17,1 км. Пл. вадазбору 56,5 км².

Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічых азёр, аб’яднаных пратокамі з р. Дрыса. Схілы катлавіны выш. 5—15 м, пад лесам, на З разараныя. Берагі пясчаныя, на У зліваюцца са схіламі. 9 астравоў агульнай пл. 7 га. Прыбярэжная зона да глыб. 3—4 мзах. частцы да 5—7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў. Упадае р. Студзёніца, злучана шырокай і глыбокай пратокай з воз. Сіньша. Месца адпачынку і турызму.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРФАЛАМЕ́ЕЎСКАЯ НОЧ,

масавае знішчэнне гугенотаў католікамі ў Парыжы ў ноч на 24.8.1572 (свята св. Варфаламея). Арганізавана каралевай-маці Кацярынай Медычы і кіраўнікамі католікаў Гізамі, напалоханымі ўмацаваннем пазіцый гугенотаў, уплывам іх кіраўніка адмірала Каліньі на караля Карла IX. У час вяселля Генрыха Наварскага (будучага франц. караля Генрыха IV) з Маргарытай дэ Валуа — сястрой караля, на якое з’ехаліся дваране-гугеноты і іх кіраўнікі, Кацярына Медычы пераканала караля ў змове гугенотаў і дамаглася яго згоды на разню. Было забіта больш як 3 тыс. гугенотаў (у т. л. Каліньі). Генрых Наварскі і прынц Кандэ пазбеглі смерці, спешна перайшоўшы ў каталіцтва. Разня цягнулася некалькі дзён, мела месца і ў інш. гарадах. Варфаламееўская ноч прывяла да аднаўлення рэлігійных войнаў. У пераносным значэнні Варфаламееўская ноч — арганізаванае масавае знішчэнне людзей.

т. 4, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,

бел. рукапісны помнік 16 ст. Месца стварэння невядомае. Зробленая на кнізе ў 1751 прэсвітэрам «церкви Волковицкой» айцом Іаанам Савічам прыпіска дала магчымасць В.​Шматаву звязаць Евангелле з Ваўкавыскам, аднак, магчыма, кніга знаходзілася ў в. Ваўкавічы Навагрудскага пав. (у прыпісцы ўпамінаецца пан Казімір Корсак, навагрудскі гарадскі суддзя). У 19 ст. А.​Рачынскі вывез Евангелле з Віцебскага Маркавага манастыра ў Віленскую публічную б-ку. Ваўкавыскае евангелле — рэдкі ўзор рукапіснай бел. кнігі рэнесансавага стылю: шматколерныя раслінныя арнаменты ініцыялаў і заставак выходзяць на правыя і левыя палі рукапісу. Рукапіс пашкоджаны: няма пачатку Евангелляў ад Марка, Матфея, няправільна збрашураваны Саборнік 12 месяцаў і казанні евангелістаў на кожны дзень. Зберагаецца ў б-цы АН Літвы (Вільня).

М.​В.​Нікалаеў.

Фрагменты Ваўкавыскага евангелля.

т. 4, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІ́ЛАВА ЗАКО́Н,

вызначае залежнасць квантавага выхаду фоталюмінесцэнцыі ад даўжыні хвалі ўзбуджальнага святла. Адкрыты С.І.Вавілавым (1924), ляжыць у аснове тэорыі люмінесцэнцыі. Паводле Вавілава закона квантавы выхад фоталюмінесцэнцыі пастаянны ў шырокім інтэрвале даўжынь хваляў узбуджальнага святла і рэзка памяншаецца пры даўжынях хваляў, большых за тую, пры якой назіраецца максімум інтэнсіўнасці спектра люмінесцэнцыі.

Пастаянства квантавага выхаду абумоўлена квантавай прыродай святла, хуткім пераразмеркаваннем энергіі ва ўзбуджаным электронным стане па вагальных і інш. падузроўнях і перадачай энергіі навакольнаму асяроддзю. Вавілава закон выконваецца ў вадкіх і цвёрдых растворах; для складаных малекул у газавай фазе не мае месца, што тлумачыцца захаваннем лішку вагальнай энергіі, набытай у акце паглынання святла. Вавілава закон атрымаў тэарэт. тлумачэнне ў працах бел. вучоных Б.І.Сцяпанава і М.К.Барысевіча.

А.​М.​Рубінаў.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНІ́К,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)