КВА́НГА, Куангу (Kwango, Cuango),

рака ў Анголе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, левы прыток р. Касаі (бас. р. Конга). Даўж. каля 1200 км, пл. бас. 263,5 тыс. км². Пачынаецца на плато Лунда, цячэ на Пн у шырокай і глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады (Тваза, Франца-Іосіфа і інш.). Гал. прытокі — Вамба і Квілу (справа). Паводкі з вер. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 2700 м³/с. Рыбалоўства. Суднаходная ад парогаў Кінгушы да вусця (307 км) і часткова ў сярэднім цячэнні.

т. 8, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Кузбас. У Расіі, пераважна ў Кемераўскай, часткова ў Новасібірскай абласцях. Пл. 26,7 тыс. км². Займае Кузнецкую катлавіну і прымеркаваны да вугляносных адкладаў сярэдняга дэвону, карбону, пермі і юры. Балансавыя запасы да глыб. 600 м — 114,3 млрд. т, 120 рабочых пластоў. Вуглі пераважна каменныя, маркі ад Д да Т. Цеплатворная здольнасць 22,8—29,8 МДж/кг. Адкрыты ў 1721, шырокае асваенне з 1920-х г. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтры здабычы: гарады Анжэра-Суджанск, Кемерава, Новакузнецк, Ленінск-Кузнецкі, Пракоп’еўск.

т. 8, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУШЧЫ́ЛЬНІК,

прылада для лушчэння ржышча, перадпасяўной апрацоўкі глебы і закрыцця вільгаці на ржышчавым полі. Бываюць дыскавыя і лямешныя.

Дыскавыя Л. складаюцца з батарэй па 9—10 сферычных дыскаў, якія разразаюць глебу, рыхляць яе, часткова пераварочваюць верхні слой. Выкарыстоўваюцца для лушчэння ржышча на глыбіню 5—7 см і для перадпасяўной апрацоўкі глебы на глыбіню 4—10 см. Лямешныя Л. маюць адвальныя карпусы, выкарыстоўваюцца для лушчэння на глыбіню да 12 см і пераворвання глебы на глыбіню да 18 см.

Лушчыльнікі: 1 — дыскавы; 2 — лямешны.

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРШ (Marche),

гістарычная вобласць у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Кроз і Верхняя В’ена (часткова). Пл. каля 8,1 тыс. км². Нас. каля 300 тыс. чал. (1997). Адм. ц. — г. Герэ. Паверхня ўзвышаная (плато Марш выш. да 697 м; плато Мільваш выш. да 984 м). Рэкі бас. Луары цякуць у глыбокіх далінах. Пераважна аграрны раён. Гадоўля мясной буйн. раг. жывёлы (у т. л. племянной), свіней, авечак. Пасевы пшаніцы, ячменю, бульбы, фуражных культур. Прам-сць: тэкст. (Абюсон), харч., гарбарна-абутковая, маш.-буд., фарфора-фаянсавая.

т. 10, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАПЁРАПАДО́БНЫЯ (Polypteriformes),

атрад ганоідных рыб. Вядомы з эацэну (каля 40 млн. г. назад). 1 сям. (мнагапёравыя—Polypteridae), 2 роды (мнагапёры—Polypterus і каламаіхты—Calamoichthis), 11 відаў. Пашыраны ў прэсных стаячых вадаёмах трапічнай Афрыкі. Актыўныя ўначы.

Даўж. да 1,2 м. Цела падоўжанае, цыліндрападобнае. Луска ганоідная. Спінны плаўнік складаецца з асобных плаўнічкоў (да 18). Грудныя плаўнікі з мясістай лопасцю ў аснове. Плавальны пузыр вялікі, двухкамерны, часткова выконвае дыхальную функцыю. Кормяцца беспазваночнымі і рыбай. Лічынкі з вонкавымі шчэлепамі. Аб’ект промыслу.

Мнагапёрападобныя: 1 — каламаіхт; 2 — мнагапёр.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЗАВЕ́РШАНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

часткова гатовая прадукцыя, якая не прайшла поўны тэхнал. цыкл вытв-сці, неабходны, каб прадукцыю можна было накіраваць на склад гатовай прадукцыі, заказчыку, на рынак для продажу. Н.в. у буд-ве — буд. аб’ект, не ўведзены ў эксплуатацыю, не здадзены заказчыку. Н.в. у сельскай гаспадарцы — частка абаротных фондаў с.-г. прадпрыемства, якая забяспечвае бесперапыннасць вытв. працэсаў. У яе ўключаюць аб’ёмы працы і прадукцыю, якая знаходзіцца на прамежкавых стадыях вытв. працэсу: зяблівае ворыва, сяўбу азімых культур і шматгадовых траў, маладняк жывёлагадоўлі і інш.

т. 11, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́БАХА ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржаўнае ўтварэнне на тэр. Чада ў канцы 19 ст. Створана Рабахам, які ўварваўся з узбр. атрадам у раёны на У ад воз. Чад з Сенара (на тэр. сучаснага Судана). Да сярэдзіны 1890-х г. ён падпарадкаваў амаль усю тэр. Багірмі, ч. Вадаі, Канем-Борну. У заваяваных краінах часткова была захавана ўлада мясц. правіцеляў і правадыроў. У баі з французамі пры Кусеры 22.4.1900 войскі Рабаха былі знішчаны, сам ён загінуў, а тэр. Р. дз. ўключана ў склад франц. уладанняў.

т. 13, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЕ́КА (Rijeka),

горад у Харватыі, на беразе Рыжскага зал. Адрыятычнага мора. Вядомы з пачатку н.э. З прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (2000). Гал. порт краіны, абслугоўвае часткова Аўстрыю, Венгрыю, Чэхію. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабуд., маторабуд., нафтаперапр., хім., дрэваапр., папяровая, гарбарна-абутковая, харчасмакавая. Вышэйшыя марская і пед. школы, філіялы Заграбскага ун-та. Музеі. Захавалася стараж. забудова горада (15—18 ст.), рамана-гатычны сабор (перабудаваны ў 17—18 ст.), барочная царква св. Віта (1638—1742), гар. вежа (15—18 ст.).

т. 13, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКЛА́З (ад арта... + грэч. klasis трэшчына),

мінерал з групы палявых шпатаў, K[AlSi3O8]. Прымесі натрыю, радзей барыю, жалеза, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя (характэрны двайнікі), агрэгаты зярністыя. Бясколерны, белы, шэры, ружовы, чырванаваты і інш. Бляск шкляны. Цв. 5—6,5. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Празрыстыя крышталі артаклазу, найб. чыстыя паводле саставу, наз. адулярам. Паходжанне магматычнае, часткова метамарфічнае; пародаўтваральны мінерал гранітаў, сіенітаў, гнейсаў і інш. На Беларусі пашыраны ў антрапагенных адкладах розных генетычных тыпаў. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай прам-сці.

Артаклаз.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСВЕ́ЙСКАЕ БАЛО́ТА,

у Беларусі, на Пн Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл., у вадазборы Асвейскага возера. Нізіннага (37%), вярховага (35%), мяшанага (25%) тыпаў. Пл. 5,1 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,6 тыс. га. Глыб. торфу да 6,3 м, сярэдняя 2,8 м. Першапачатковыя запасы торфу 20,6 млн. т. На ПдЗ балота паклад сапрапелю магутнасцю да 3,5 м, агульныя запасы 7,4 млн. м³. Неасвоеная ч. балота ў складзе біял. заказніка Асвейскі, часткова выкарыстоўваецца пад сенажаць. Растуць бяроза, хвоя, вольха, месцамі травяное покрыва з асакі, касача, падвею.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)