АРХІКА́РП (ад архі... + грэч. karpos плод),
жаночы палавы орган у многіх сумчатых грыбоў (аскаміцэтаў). Складаецца з 2 частак: ніжняй, акругла-ўспушанай (аскагон), у якой адна ці некалькі буйных, часта мнагаядзерных клетак, і верхняй больш-менш выцягнутай цыліндрычнай (трыхагіна), праз якую мужчынскія палавыя клеткі пранікаюць у аскагон. Пасля гэтага з архікарпа вырастаюць гіфы, на канцах якіх утвараюцца сумкі (аскі) са спорамі.
т. 1, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТЭЛІ́НЫ (ад лац. gluten клей),
простыя бялкі насення злакаў і зялёных частак раслін. Раствараюцца ў разбаўленых к-тах і шчолачах, не раствараюцца ў нейтральных растваральніках. З’яўляюцца запаснымі бялкамі, якія разам з праламінамі назапашваюцца ў эндасперме насення. Найб. вывучаны глутэнін пшаніцы і ячменю, арызепін рысу і глутэліны кукурузы. Глутэліны багатыя астаткамі глутамінавай к-ты і лізіну; добра засвойваюцца арганізмам чалавека і жывёл.
т. 5, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВЯДА́ННЕ РАСЛІ́Н,
1) фізіялагічны працэс, што выклікаецца нястачай вады ў органах раслін (гл. Водны рэжым раслін).
2) У фітапаталогіі — хвароба, якая характарызуецца панікласцю розных органаў раслін, што звязана са стратай тургару. Часта на лісці ўтвараюцца характэрныя плямы. Назіраецца пры пашкоджанні раслін або іх частак патагеннымі мікраарганізмамі пры мех. пашкоджанні каранёў, інтэнсіўным выпарэнні вады лісцем, лішку вады ў глебе і ўздзеянні інш. неспрыяльных фактараў.
т. 6, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ВЯЗЬ,
ніжняя, расшыраная частка песціка ў кветцы раслін, складаецца з аднаго ці некалькіх пладалісцікаў, мае семязавязь і дыферэнцыруецца ў плод. У залежнасці ад узаемаразмяшчэння З. і інш. частак кветкі адрозніваюць верхнюю (размяшчаецца свабодна на кветаложы, утворана толькі пладалісцікамі, напр., у люцікавых і злакаў), ніжнюю (цалкам абрастае тканкамі кветкавай трубкі або кветаложа, напр., у складанакветных, архідных, кактусавых) і прамежкавую (напр., у каменяломнікавых).
т. 6, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЛЕМЕНТА́РНАСЦЬ,
узаемная адпаведнасць у хім. будове дзвюх макрамалекул або іх частак, што забяспечвае іх узаемадзеянне і ўтварэнне другасных сувязей паміж імі. Прынцып К. ляжыць у аснове самазборкі біял. структур (напр., біямембран), спец. ўзаемадзеяння ферменту з субстратам або антыгену з антыцелам, спец. спалучэння азоцістых асноў у малекулах нуклеінавых кіслот і інш. К. забяспечвае універсальнасць механізму перадачы спадчыннай інфармацыі ў працэсах рэплікацыі і транскрыпцыі.
т. 7, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУМІФІКА́ЦЫЯ (ад мумія + лац. facio раблю),
высыханне трупа ці асобных адмерлых частак жывога арганізма. Натуральная М. адбываецца пры пераходзе вільгаці з мёртвай тканкі ці трупа ў навакольнае асяроддзе і адсутнасці ўмоў для гніласнага распаду тканак (напр., высокая т-ра). Пры штучнай М. труп насычаецца спец. рэчывамі, якія яго кансервуюць. Пасля М. труп ці яго ч. захоўвае форму, страта масы дасягае 75%.
т. 11, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАПАРА́ДАК,
адна з асноўных састаўных частак грамадскага парадку, якая складваецца ў выніку ажыццяўлення розных відаў сац. норм, што рэгулююць разнастайныя сферы грамадскага жыцця. Рэгламентуецца прававымі нормамі, прынятымі ва ўстаноўленым парадку ў пэўнай дзяржаве. Як пэўнае становішча рэгулюемых правам грамадскіх адносін П. характарызуецца рэальным узроўнем выканання законнасці, забеспячэння і рэалізацыі суб’ектыўных правоў, выканання юрыд. абавязкаў усімі грамадзянамі, органамі і арг-цыямі.
т. 12, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІРАКЕ́ТА,
разнавіднасць кіроўнай ракеты для паражэння на траекторыях палёту ракет стратэгічнага, аператыўна-тактычнага і тактычнага прызначэння і іх галаўных частак. Мае звышгукавую скорасць палёту, аснашчана асколачна-фугаснымі і ядзернымі баявымі часткамі. П. маюць універсальныя зенітныя ракетныя комплексы, якія забяспечваюць проціракетную і процісамалётную абарону, агнявыя комплексы проціракетнай абароны. У якасці П. выкарыстоўваюць міжкантынент. балістычныя ракеты з многазараднымі галаўнымі часткамі.
З.А.Валевач.
т. 13, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
каге́зія
(лац. cohaesus = звязаны)
зліпанне частак цвёрдага цела або вадкасці пры іх кантакце.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
кампанава́ць
(лац. componere = складаць)
складаць цэлае з асобных частак (напр. к. нумар часопіса).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)