засцерагальны складанарэфлекторны акт, які ўзнікае пры раздражненні слізістай абалонкі дыхальных шляхоў, пашкоджанні цэнтр.нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм. Найчасцей К. — сімптом захворвання органаў дыхання; іншы раз бывае пры ўзбуджэнні ц. н. с. і раздражненні перыферычных рэцэптараў (неўратычны і рэфлекторны К.) без раздражнення дыхальных шляхоў: Адрозніваюць К. сухі (без макроты) і вільготны. Сухі бывае пры запаленчых хваробах глоткі, гартані, трахеі, іншародных целах у дыхальных шляхах, раздражненні плеўры, фіброзных і аб’ёмных працэсах у лёгкіх (рак, калагенозы і інш.), пач. стадыях бранхіту і пнеўманіі, мокры — сімптом хвароб з гіперсакрэцыяй, эксудацыяй і распадам (бранхіты, пнеўманіі, абсцэсы і інш.).
Пач. фаза К. — глыбокі ўдых, за ім — фаза напружанага выдыху пры замкнутай галасавой шчыліне, рэзкім павышаным унутрыгрудзінным ціску (да 140 мм рт. сл. і вышэй). Пры размыканні галасавой шчыліны паветра праз рот з сілай вырываецца і захоплівае макроту, часцінкі пылу і інш. з гартані, трахеі і бронхаў. Такі К. мае спрыяльны ўплыў. Пры доўгім і частым К. павышаецца ўнутрыбранхіяльны і ўнутрыгрудзінны ціск, што выклікае эмфізему лёгкіх, сардэчна-лёгачную недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПЕ́ННЕ,
пераход вадкасці ў пару, які адбываецца з утварэннем у аб’ёме вадкасці бурбалак пары; адзін з фазавых пераходаў I роду. Пры К. бурбалкі павялічваюцца ў аб’ёме ў выніку выпарэння вадкасці ў поласць бурбалак, усплываюць на паверхню вадкасці, а насычаная пара, што ў іх знаходзіцца, пераходзіць у паравую фазу над паверхняй вадкасці. К. пачынаецца, калі ціск насычанай пары ў бурбалках дасягае значэння знешняга ціску, і можа адбывацца ва ўсім тэмпературным інтэрвале раўнавагі вадкасці і пары (паміж трайным пунктам і крытычным станам).
Для падтрымання К. да вадкасці неабходна падводзіць некаторую колькасць цеплаты, якая ідзе на параўтварэнне і на работу пары супраць знешняга ціску. Значэнне тэмпературы кіпення вадкасці залежыць ад яе хім. прыроды і знешняга ціску, з павелічэннем якога т-ра К. павялічваецца. К. можна выклікаць таксама памяншэннем знешняга ціску пры пастаяннай т-ры, што тлумачыцца з’явай кавітацыі. Залежнасць т-ры К. ад знешняга ціску ляжыць у аснове вызначэння бараметрычнага ціску. Выкарыстоўваецца ў розных тэхн. і тэхнал. працэсах (атрыманне вадзяной пары ў паравых катлах, выпарванне, рэктыфікацыя, кансерваванне, атрыманне нізкіх т-р і інш.).
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
вірыя́льны
(ад лац. vires = сілы);
в-ая тэарэма — тэарэма аб суадносінах кінетычнай і патэнцыяльнай энергій часціц фізічнай сістэмы, якія ўзаемадзейнічаюць паводле пэўнага закону;
в-ае ўраўненне стану — ураўненне стану рэальнага газу, у якім ціск газу пададзены па ступенях шчыльнасці газу.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ГА́ЗЫ КРЫВІ́,
газы, якія ўтрымліваюцца ў крыві чалавека і жывёл у раствораным стане і ў хімічна звязаным выглядзе.
У чалавека складаюцца з газаў, якія паступаюць з навакольнага асяроддзя, і тых, што ўтвараюцца ў арганізме. Найб. важныя — кісларод, вуглякіслы газ, азот. Кісларод і азот паступаюць у кроў з атм. паветра, вуглякіслы газ прадуцыруецца ў клетках арганізма. Кісларод звязваецца з гемаглабінам эрытрацытаў і ўтварае аксігемаглабін, потым пераходзіць з крыві ў тканкі і ўключаецца ў цыкл метабалічных працэсаў; вуглякіслы газ узаемадзейнічае з вадой, асновамі і бялкамі крыві. У выніку газаабмену колькасць газаў у вянознай і артэрыяльнай крыві розная і залежыць ад парцыяльнага ціску ў альвеалярным паветры і каэфіцыента іх растваральнасці ў крыві. Пры значным змяненні ціску паветра (напр., у гарах, кесонах) парцыяльны ціск кіслароду і азоту рэзка мяняецца, што выклікае вышынную і дэкампрэсійныя хваробы і інш. парушэнні. Акрамя пастаянных газаў крыві ў кроў могуць паступаць наркатычныя і інш. газы. Гл. таксама Газаабмен.
Літ.:
Общий курс физиологии человека и животных. Кн. 2. М., 1991;
Эккерт Р., Рэндэлл Д., Огастин Дж. Физиология животных: Механизмы и адаптация: Пер. с англ.Т. 2. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,
установа, якая праводзіць рэгулярныя метэаралагічныя назіранні за станам атмасферы і атмасферных працэсаў. Пры дапамозе метэаралагічных прылад вызначаюць сонечную радыяцыю, атм.ціск, напрамак і скорасць ветру, тэмпературу і вільготнасць паветра і глебы, атм. ападкі, снегавое покрыва, воблачнасць, атм. з’явы (раса, іней, шэрань, туман, мяцеліца, навальніца і інш.). Складаецца з метэаралагічнай пляцоўкі, дзе размешчаны метэаралагічныя прылады, і памяшканні, дзе ўстаноўлены аўтам. прылады-рэгістратары і вядзецца апрацоўка даных назіранняў. У залежнасці ад аб’ёму назіранняў і работ падраздзяляюцца на 3 разрады. М.с. 1-га разраду праводзіць і апрацоўвае даныя, ажыццяўляе тэхн. кіраўніцтва станцыямі 2-га і 3-га разрадаў, а таксама абслугоўвае зацікаўленыя ўстановы і прадпрыемствы звесткамі аб метэаралагічных умовах і матэрыяламі па клімаце. М.с. 2-га разраду праводзіць назіранні, апрацоўвае і перадае даныя па выніках назіранняў. М.с. 3-га разраду выконвае назіранні па скарочанай праграме. На некаторых станцыях дадаткова праводзяцца аэралагічныя, актынаметрычныя і градыентныя назіранні. На Беларусі першыя М.с. з’явіліся ў пач. 19 ст. (у 1809 у Магілёве, 1810 у Віцебску, 1834 у Брэсце, 1841 у Горках, у 1849 у Мінску). У 1999 назіранні па праграме М.с. праводзіліся ў 51 пункце Беларусі (гл. карту-схему).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯў біялогіі,
уласцівасць біялагічных сістэм аўтаматычна ўстанаўліваць і падтрымліваць на пэўным, адносна пастаянным, узроўні біял. (фізіял.) паказчыкі. Да сістэм, што самарэгулююцца, адносяцца тыя, у якіх параметры, што рэгулююцца, канстантныя, а вынікі — стэрэатыпныя (напр., стэрэатыпныя, таму «бессэнсоўныя» ў некат. умовах паводзіны насякомага), таксама адаптыўныя сістэмы, што саманастройваюцца, саманавучаюцца і аўтаматычна прыстасоўваюцца да змен навакольнага асяроддзя. Пры С. кіруючыя фактары фарміруюцца ў самой сістэме, а не ўздзейнічаюць на яе звонку. Механізмы С. разнастайныя. Напр., рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі на малекулярным узроўні — ферментатыўныя рэакцыі, у якіх канчатковы прадукт уплывае на актыўнасць ферменту; на клетачным узроўні — самазборка клетачных арганел з біял. макрамалекул, на надклетачным — самаарганізацыя разнародных клетак ва ўпарадкаваныя клетачныя асацыяцыі. Большасць органаў здольныя да ўнутрыарганнай С. функцый. Напр., унутрысардэчныя рэфлекторныя дугі забяспечваюць заканамерныя суадносіны ціску ў поласцях сэрца. На арганізмавым узроўні С. забяспечвае і падтрымлівае пэўныя паказчыкі ўнутр. асяроддзя (гамеастаз): т-ру, крывяны і асматычны ціск, узровень цукру ў крыві. Відавы (папуляцыя) і надвідавы (біяцэноз) узроўні С. — старэнне і смерць біял. асобін, суадносіны полаў, рэгуляцыя колькасці папуляцый і інш.
Літ.:
Общая физиология нервной системы.
Л., 1979; Пальцев М.А., Иванов А.А. Межклеточные взаимодействия. М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЫЛО́ГРАФ (ад лац. oscillum ваганне + ...граф),
вымяральная прылада для графічнага назірання і запісу функцыянальных сувязяў паміж эл. велічынямі, што характарызуюць які-н. фізічны працэс. З дапамогай асцылографа вызначаюць змены сілы току і напружання ў часе, вымяраюць частату, зрух фазаў, характарыстыкі электравакуумных і паўправадніковых прылад, а з дапамогай спец. датчыкаў (напр., тэрмапары) неэл. велічыні: т-ру, ціск, паскарэнне і інш. Асцылографы бываюць нізка- (да 1 МГц) і высокачастотныя (да 100 МГц і вышэй), адна- і многапрамянёвыя, імпульсныя, запамінальныя, спец. тэлевізійныя і інш.
Святлопрамянёвы асцылограф складаецца з люстранага гальванометра (шлейфа), святлоаптычнай сістэмы і прыстасаванняў для працягвання святлоадчувальнага носьбіта запісу (напр., фотапаперы) і непасрэднага назірання, вызначальніка часу. Бывае з фатаграфічным, электраграфічным, ультрафіялетавым і камбінаваным запісам адхілення светлавога праменя, адбітага ад шлейфа, скорасць працягвання носьбіта запісу да 5000 мм/с. Можна адначасова даследаваць да 64 розных працэсаў, напрыклад пры вывучэнні вібрацый і дэфармацый у самалётах, турбінах. Электроннапрамянёвы асцылограф прызначаны для непасрэднага назірання і фатаграфавання эл. працэсаў на экране электронна-прамянёвай трубкі (ЭПТ). Сігнал падаецца на вертыкальна адхіляльныя пласціны (шпулі) ЭПТ, напружанне разгорткі пры назіранні часавай залежнасці — на гарызантальна адхіляльныя.