ГЕАФІ́ЗІКА (ад геа... + фізіка),

навука аб фіз. палях Зямлі, фіз. уласцівасцях і будове рэчыва Зямлі і працэсах ва ўсіх геасферах. У вузкім сэнсе геафізіка — навука аб фіз. з’явах у цвёрдых сферах: зямной кары, мантыі Зямлі, ядры Зямлі. Фіз. працэсы ў гідрасферы вывучае гідрафізіка, у атмасферы — фізіка атмасферы.

Элементы натуральнай геафізікі вядомы з прац антычных вучоных. У 17—19 ст. адкрыты асн. законы макраскапічнай фізікі, створаны першыя геафізічныя абсерваторыі. Як комплексная навука геафізіка аформілася ў сярэдзіне 19 ст., у сучасным разуменні — з 1960-х г. Асновы тэорыі і прыкладной геафізікі распрацавалі Д.Ф.Араго, (Францыя), Б.​Гутэнберг (ЗША), Х.​Джэфрыс (Вялікабрытанія), рус. і сав. вучоныя А.​Дз.Архангельскі, Р.А.Гамбурцаў, М.​С.​Маладзенскі, А.​М.​Ціханаў, П.​П.​Лазараў, А.​І.​Забароўскі, У.​У.​Фядынскі, Э.​Э.​Фатыяды і інш. Геафізіка падзяляецца на фізіку Зямлі і пошукава-разведвальную геафізіку (гл. Геафізічная разведка). Фізіка Зямлі — тэарэт. навука, якая фіз. метадамі даследуе глыбінную будову і глыбінныя працэсы Зямлі. У ёй вылучаюцца буйныя раздзелы: геадынаміка, геатэрмія, гравіметрыя, сейсмалогія, геамагнетызм (гл. Зямны магнетызм), геаэлектрыка, даследаванні мінералаў і горных парод пры высокіх ціску і т-рах. Пошукава-разведвальная геафізіка — прыкладная навука, якая фіз. і матэм. метадамі даследуе будову верхняй часткі зямной кары з мэтай пошукаў і разведкі радовішчаў карысных выкапняў, для вырашэння задач гідрагеалогіі і інж. геалогіі. У ёй вылучаюцца структурная (пошукі нафтавых і газавых радовішчаў), рудная (радовішчаў руд і рудных вузлоў) і прамысл. геафізіка (даследаванні геал. разрэзу свідравін). У 1970-я г. вылучылася вылічальная геафізіка, мэта якой — назапашванне, захоўванне і аналіз інфармацыі з шырокім выкарыстаннем ЭВМ. Геафізіка цесна звязана з фіз.-матэм., тэхн. (аўтаматыка, электроніка, кібернетыка, касманаўтыка) і геал. навукамі (геалогія, геахімія, планеталогія, тэктоніка і інш).

На Беларусі геафізіка развіваецца з 1930-х г., калі пачалі праводзіць гравіметрычную і магнітную здымку. З 1950-х г. вядзецца планамернае геафіз. вывучэнне тэр. краіны. Даследаванні праводзяць з 1957 у Геолагаразведачным навукова-даследчым інстытуце, з 1960 у Плешчаніцкай геафізічнай абсерваторыі, з 1971 у Інстытуце геалагічных навук Нац. АН Беларусі, Геафізічнай экспедыцыі і інш. падраздзяленнях ВА «Беларусьгеалогія», а таксама ў Гомельскім дзярж. ун-це і БДУ.

Г.​І.​Каратаеў.

т. 5, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІ́МІЯ (ад геа... + хімія),

навука аб хім. саставе Зямлі, пашырэнні, размеркаванні і міграцыі хім. элементаў і іх ізатопаў у геасферах; частка касмахіміі. Даследуе колькасць і размеркаванне хім. элементаў і іх ізатопаў у мінералах, горных пародах, рудах, прыродных водах і газах, жывых арганізмах, зямной кары, мантыі і Зямлі цалкам, касм. аб’ектах, а таксама геахімічныя працэсы.

Падзяляецца на агульную геахімію, бія-, гідра-, газа- (атма-), літа-, радыегеахімію, геахімію ландшафтаў, глеб, магматычных, асадкавых, гідратэрмальных, гіперагенных працэсаў, асобных хім. элементаў, ізатопаў, арганічную, рэгіянальную, аналітычную, геахімію тэхнагенезу і інш. Цесна звязана з мінералогіяй, крышталяхіміяй, петралогіяй, геалогіяй карысных выкапняў, тэктонікай, геафізікай і інш. Геахім. даследаванні шырока выкарыстоўваюцца пры пошуках карысных выкапняў, рашэнні практычных задач сельскай гаспадаркі і рацыянальнага прыродакарыстання, у медыцыне, ахове навакольнага асяроддзя. Звесткі пра хім. склад прыродных аб’ектаў назапашваліся да канца 19 ст. дзякуючы працам Л.​Элі дэ Бамона (Францыя), Г.​Бішафа (Германія), Р.​Бойля (Вялікабрытанія), І.​Я.​Берцэліуса (Швецыя) і інш. Ролю геахім. працэсаў у геалогіі падкрэслівалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.​І.​Мендзялееў, В.​М.​Севяргін, А.​Гумбальт. Тэрмін «геахімія» ўвёў у 1838 ням. вучоны К.​Ф.​Шонбайн. У 1889 амер. вучоны Ф.​Кларк вылічыў сярэднія колькасці элементаў у зямной кары, якія атрымалі назву кларкі. Як навука геахімія аформілася ў 1-й пал. 20 ст. Яе заснавальнікі: У.І.Вярнадскі, В.М.Гольдшміт, А.Я.Ферсман. Вял. ўклад у развіццё геахіміі зрабілі А.​П.​Вінаградаў, А.​А.​Саўкаў, В.​У.​Кавальскі (Расія), К.​Ранкама, Т.​Сахама (Японія) і інш.

На Беларусі геахім. даследаванні арганізаваны ў 1953 К.​І.​Лукашовым у БДУ, з 1957 у АН Беларусі. Сучасныя цэнтры даследаванняў — Ін-т геал. навук Нац. АН (К.І. і В.​К.​Лукашовы, У.​А.​Кузняцоў, В.​М.​Шчарбіна, А.С. і А.​А.​Махначы, Г.​В.​Багамолаў, А.​В.​Кудзельскі, А.​М.​Пап, І.​В.​Найдзянкоў), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (Т.​Н.​Кулакоўская, С.​Н.​Іваноў), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (В.​Б.​Кадацкі і інш.), БДУ (І.​С.​Лупіновіч, Я.​П.​Пятраеў) і інш. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінер.-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У.​А.​Кузняцоў.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНА́КІ МАТЭМАТЫ́ЧНЫЯ,

умоўныя абазначэнні (сімвалы), якімі карыстаюцца для запісу матэм. паняццяў, суадносін, выкладак і ніш. Напр., выраз «лік тры большы за лік два» з дапамогай З.м. запісваецца як 3 > 2.

Развіццё матэм. сімволікі цесна звязана з агульным развіццём паняццяў і метадаў матэматыкі. Першымі З.м. былі лічбы — знакі для абазначэння лікаў; мяркуюць, што яны папярэднічалі ўзнікненню пісьменнасці. З.м. для абазначэння адвольных велічынь з’явіліся 5—4 ст. да н.э. ў Грэцыі. Напр., плошчы, аб’ёмы, вуглы адлюстроўваліся адрэзкамі, а здабыткі велічынь — прамавугольнікамі, пабудаванымі на такіх адрэзках. У «Асновах» Эўкліда (3 ст. да н.э.) велічыні абазначаюцца дзвюма літарамі — пачатковай і канцавой літарамі адпаведнага адрэзка, а часам і адной. Пачаткі літарнага абазначэння і злічэння ўзніклі ў познаэліністычную эпоху (Дыяфант; верагодна 3 ст.) пры вызваленні алгебры ад геам. формы. Сучасная алг. сімволіка створана ў 14—17 ст.; яе развіццё і ўдасканаленне спрыяла ўзнікненню новых раздзелаў матэматыкі (гл. напр., Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Тэнзарнае злічэнне) і матэм. логікі (Алгебра логікі).

А.​А.​Гусак.

Асноўныя матэматычныя знакі
Знак Значэнне Кім і калі ўведзены
Знакі індывідуальных аперацый адносін, аб’ектаў
+ складанне Я.​Відман, 1489
− адніманне
× множанне У.​Оўтрэд, 1631
∙ множанне Г.​Лейбніц, 1698
: дзяленне Г.​Лейбніц, 1684
an ступень Р.​Дэкарт, 1637
na корань (радыкал) А.​Жырар, 1629
log лагарыфм Б.​Кавальеры, 1632
sin, cos сінус, косінус Л.​Эйлер, 1748
tg тангенс Л.​Эйлер, 1753
dx, d​2x, ... дыферэнцыял Г.​Лейбніц, 1675
∫y   dxy інтэграл
lim ліміт У.​Гамільтан, 1853
= роўнасць Р.​Рэкард, 1557
>< больш, менш Т.​Гарыёт, 1631
∥ паралельнасць У.​Оўтрэд, 1677
∞ бесканечнасць Дж.​Валіс, 1655
e аснова натуральных лагарыфмаў Л.​Эйлер, 1736
π адносіны даўжыні акружнасці да яе дыяметра
i уяўная адзінка −1 Л.​Эйлер, 1777
i→, j→, k→ адзінкавыя вектары У.​Гамільтан, 1853
f(x) Знакі пераменных аперацый і аб’ектаў функцыя Л.​Эйлер, 1734
x, y, z невядомыя (пераменныя) Р.​Дэкарт, 1637
a, b, c адвольныя пастаянныя
r→ вектар А.​Кашы, 1853

т. 7, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,

устойлівая сістэма выразных сродкаў харэаграфічнага мастацтва. У ёй распрацаваны пазіцыі ног, рук, корпуса, галавы, асн. позы, рухі (прысяданні, скачкі, вярчэнні) са строга вызначанымі правіламі выканання. Асн. прынцып К.т. — вываратнасць (свабодны разварот ног вонкі ад сцягна), якая садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю магчымасцей чалавечага цела. Тэрмін «К.т.» узнік у Расіі ў 19 ст. і стаў агульнапрынятым для абазначэння пэўнага віду харэаграфіі ў адрозненне ад інш. відаў (народны танец, характарны танец, танец мадэрн).

К.т. склаўся гістарычна шляхам адбору найб. выразных, рэалістычна ўмоўных рухаў. Тэарэтычна сістэма К.т. распрацоўвалася з 16 ст. ў Італіі (Ф.​Кароза, Ч.​Негры і інш), Францыі (П.​Башан, Р.​Фёе, Ж.​Ж.​Навер і інш.), адкуль прыйшла асн. тэрміналогія, і ў Расіі. К.г. цесна звязаны з прафес. музыкай, якая дае вобразную і часавую аснову, вызначае змест, настрой, метрарытм танца. Муз. харэаграфічная рэформа П.​Чайкоўскага і М.​Петыпа адкрыла неабмежаваныя магчымасці для развіцця балетнага мастацтва. Рус. школа К.т. з яе нац. акрэсленасцю, высакароднасцю і драм. асэнсаванасцю пластычнай мовы зрабіла вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі. На аснове яе традыцый фарміруюцца розныя нац. балетныя т-ры, у т. л. ў краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі і Афрыкі.

На Беларусі К.т. пачаў развівацца з сярэдзіны 18 ст. ў буйных прыватнаўласніцкіх т-рах, пры якіх існавалі школы, дзе зах.-еўрап. харэографы Л.Дзюпрэ, Ф.Г.Ле Ду, Г.Петынеці, А.Пуціні, Ф.Марыні, бел. балетмайстар А.Лойка і інш. навучалі прыгонных (гл. Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Слуцкая балетная школа, Шклоўская балетная школа, Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза). Пазней бел. артысты паспяхова працавалі ў буйных прафес. балетных трупах Варшавы, Пецярбурга і інш. Авалоданне сродкамі К.т. ляжыць у аснове сучаснай харэаграфічнай адукацыі, якая пачалася ў 1928 у харэаграфічным класе Бел. муз. тэхнікума, працягвалася ў 1930-я г. ў Бел. студыі оперы і балета і балетнай школе пры Дзярж. т-ры оперы і балета БССР, з 1945 у Дзяржаўным харэаграфічным каледжы Рэспублікі Беларусь, выпускнікі якога складаюць аснову трупы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Ваганова А.Я. Основы классического танца. 4 изд. Л.;

М., 1963.

Ю.​М.​Чурко.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАЛО́ГІЯ (ад марфа... + ...логія) у мовазнаўстве 1) сістэма механізмаў мовы, якая забяспечвае пабудову і разуменне яе словаформ.

2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці функцыянавання і развіцця гэтай сістэмы. Цесна звязана з марфаналогіяй, словаўтварэннем, сінтаксісам. Адрозніваюць агульную (тэарэт.) М. і прыватную М. пэўнай мовы.

Кожная словаформа членіцца на меншыя знакавыя адзінкі — марфемы, морфы. М. забяспечвае «памарфемнае» суаднясенне кампанентаў унутр. (змястоўнага) боку словаформы з кампанентамі яго знешняга (гукавога) боку. Яна накіравана на перадачу значэнняў менавіта службовымі элементамі (а не каранямі), што адрознівае яе ад лексікалогіі, у цэнтры ўвагі якой значэнні каранёў і цэлых слоў. М. вызначае марфалагічныя (граматычныя) асаблівасці цэлых класаў слоў (часцін мовы), незалежна ад іх прыватнага значэння. Кожная часціна мовы мае сваю сістэму граматычных значэнняў, катэгорый і агульных дадатковых (фармальных) адзнак, якія служаць для выражэння адносін паміж словамі ў словазлучэнні або сказе. Так, назоўнікам уласцівы значэнні роду, ліку, склону; дзеясловам — стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку і інш.; прыметнікам — роду, ліку, склону, ступеней параўнання, а для якасных — формы суб’ектыўнай ацэнкі. Напр., назоўнікі «станок», «лес», «бярэзнік» пры розных лексічных (рэальных) значэннях маюць агульныя граматычныя значэнні м.р., адз. л., назоўнага, вінавальнага склонаў; дзеясловы «паедзем», «напішам» аб’ядноўваюцца граматычнымі значэннямі закончанага трывання, простага будучага часу. 1-й асобы мн. л. і інш. Граматычныя значэнні могуць быць выражаны сінтаксічна (з дапамогай афіксаў) і аналітычна (апісальна, спалучэннем слоў). Напр., у назоўніку «вясна» значэнне ж.р., адз. л. і назоўнага склону выражана канчаткам «-а», у дзеяслове «гаворым» значэнне 1-й асобы мн. л. абвеснага ладу — канчаткам «-ым». Аналітычны спосаб выкарыстоўваецца пры выражэнні граматычнага значэння ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («больш далёкі», «самы далёкі». «найбольш далёка»), будучага часу, загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў («буду чытаць», «чытаў бы», «давайце чытаць»), Сродкамі выражэння марфал. значэння выступаюць таксама націск у слове («скалы́ — ска́лы»), чаргаванне асноў (суплетывізм, «чалавек — людзі») і інш. Марфал. змяненне слова не ўплывае на яго лексічнае значэнне.

Літ.:

Шуба П.П. Лекцыі па беларускай марфалогіі. Мн.. 1975;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Русская грамматика. Т. 1. М., 1980.

Я.​М.​Камароўскі.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРАЛО́ГІЯ (ад позналац. minera руда + ...логія),

навука аб прыродных хім. злучэннях — мінералах. Вывучае састаў, уласцівасці, марфалогію, структуру, працэсы ўтварэння і змянення мінералаў, заканамернасці сумеснага знаходжання ў прыродзе, а таксама ўмовы і метады штучнага атрымання з мэтай іх практычнага выкарыстання. Уваходзіць у комплекс геал. навук і цесна звязана з петраграфіяй, крышталяграфіяй, геахіміяй, вучэннем аб карысных выкапнях і інш. Аб’ект даследавання ў М. — асобныя крышталі, іх агрэгаты, генетычныя сукупнасці і інш. У 2-й пал. 20 ст. сфарміраваліся раздзелы М. касмічнай і М. мантыі. Вял. значэнне мае эксперыментальная М., якая займаецца мадэліраваннем фіз.-хім. працэсаў утварэння мінералаў, іх сінтэзам.

М. — найстаражытнейшая з навук геал. цыкла. Тэрмін «М.» ўведзены ў 1636 італьян. натуралістам Б.​Цэзіем. М. развівалася паралельна з горнай справай і металургіяй. Элементы мінер. ведаў трапляюцца ў натурфілосафаў (з сярэдзіны 4 ст. да н.э.). Арыстоцель вылучаў у мінер. свеце 2 класы: камяні і руды. Класіфікацыяй мінералаў займаліся Тэафраст, Пліній Старэйшы, у 10—12 ст. Біруні, Ібн Сіна, Альберт Вялікі. Накапленне ведаў аб мінералах (у 17 ст. ў працах дацкіх вучоных Э.​Барталіна, Н.​Стэна, англ. Р.​Бойля, Р.​Гука, галандскага К.​Гюйгенса, у 18—19 ст. — франц. Ж.​Б.​Рамэ дэ Ліля, Р.​Ж.​Гаюі, англ. У.​Воластана, ням. А.​Г.​Вернера, рус. М.​В.​Ламаносава, В.​М.​Севергіна і інш.) прывяло да дыферэнцыяцыі М. і вылучэння з яе крышталяграфіі (18 ст.), петраграфіі (19 ст.), вучэння аб карысных выкапнях, геахіміі і металагеніі (канец 19 — пач. 20 ст.), вучэння аб каўстабіялітах (20 ст.), крышталяхіміі (сярэдзіна 20 ст.). Вял. ўклад у развіццё М. зрабілі рус. вучоныя М.​І.​Какшараў, П.​У.​Ерамееў, А.​П.​Карпінскі, Я.​С.​Фёдараў, сав. вучоныя А.​Г.​Бяцехцін, А.​К.​Болдыраў, У.​І.​Вярнадскі, А.​М.​Заварыцкі, У.​М.​Лодачнікаў, С.​С.​Смірноў, А.​Я.​Ферсман і інш.

На Беларусі мінералагічныя даследаванні праводзяцца паралельна з літалагічнымі, петраграфічнымі, з вывучэннем карысных выкапняў і стратыграфіі. Імі займаюцца ў ВА «Белгеалогія», Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це, Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і інш.

Я.​І.​Аношка.

т. 10, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАМЕ́РНЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел матэматычнай статыстыкі, які аб’ядноўвае метады вывучэння стат. даных пра аб’екты з некалькімі якаснымі і колькаснымі адзнакамі. Яго задачы — даследаванне структуры сувязей паміж пераменнымі, зніжэнне размернасці характэрных адзнак, пабудова класіфікацый, даследаванне прычынных сувязей. Для выяўлення структуры сувязей паміж рознымі пераменнымі звычайна выкарыстоўваецца матрыца карэляцый. Яе аналіз, які заключаецца ў вылучэнні падмностваў пераменных, што цесна карэліруюць адно за адным, ажыццяўляецца «ўручную» (напр., пры дапамозе графа, які адлюстроўвае найб. істотныя сувязі паміж пераменнымі, або метадамі камп’ютэрнага аналізу (напр., метад гал. кампанент, фактарны аналіз, кластэрны аналіз пераменных). Задачы і метады класіфікацыі, у залежнасці ад умоў, уключаюць: класіфікацыю па зададзеных фармальных крытэрыях, класіфікацыі аўтаматычную і з абучэннем. Класіфікацыя па зададзеных крытэрыях заключаецца ў групоўцы аб’ектаў па адным або некалькіх паказчыках. Класіфікацыя па некалькіх паказчыках наз. перакрыжаванай (лінгвістычнай; напр., полаўзроставая структура насельніцтва). Аўтаматычную класіфікацыю выкарыстоўваюць у выпадках, калі крытэрыі групоўкі невядомыя і адсутнічаюць апрыёрныя ўяўленні аб колькасці і характары класаў. Для яе пабудовы ўжываюць метады кластэрнага аналізу, якія дазваляюць вылучыць групы аб’ектаў, блізкіх адзін аднаму па значэннях пераменных, што вымяраюцца. Класіфікацыя з абучэннем выкарыстоўваецца, калі крытэрыі класіфікацыі невядомыя, але вядомы колькасць класаў і іх тыпалагічныя асаблівасці; такая класіфікацыя ажыццяўляецца некаторымі метадамі кластэрнага аналізу і метадам дыскрымінантнага аналізу. Аналіз стат. прычынных сувязей ажыццяўляецца пры дапамозе дысперсійнага аналізу, а таксама метадамі множнай лінейнай рэгрэсіі, лагістычнай рэгрэсіі, дыскрымінантнага аналізу і інш., якія прадугледжваюць наяўнасць адзінай залежнай пераменнай і не даюць магчымасці даследаваць структуру сувязей паміж незалежнымі пераменнымі (прэдыкатарамі). Структура сувязей паміж прэдыкатарамі можа быць улічана ў мадэлях пуцявога аналізу. Найб. агульным з’яўляецца метад лінейных структурных ураўненняў, што дае магчымасць будаваць складаныя мадэлі з вял. колькасцю залежных і незалежных пераменных, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой; яго прыватнымі формамі з’яўляецца рэгрэсійны, дысперсійны, пуцявы і фактарны аналіз.

Літ.:

Афифи А., Эйзен С. Статистический анализ: Подход с использованием ЭВМ: Пер. с англ. М., 1982;

Айвазян С.А., Енюков И.С., Мешалкин Л.Д. Прикладная статистика: Исслед. зависимостей. М., 1985;

Прикладная статистика: Классификация и снижение размерности: Справ. изд. М., 1989.

В.​В.​Цярэшчанка.

т. 10, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЧАІ́СНАСЦЬ,

аб’ектыўна рэальнае, актуальнае і наяўнае быццё. Р. адрозніваюць ад ідэальнага, нерэчаіснага зместу чалавечых вобразаў і паняццяў і патэнцыяльнага, магчымага быцця, якое яшчэ не ўзнікла, не стала наяўным. Складаецца са шматлікай колькасці матэрыяльных прадметаў, з’яў, рэчаў з іх уласцівасцямі і адносінамі, якія знаходзяцца ў працэсах развіцця і змен. Да Р. адносяцца і прыродныя, і грамадска-гіст. з’явы, у т. л. каштоўнасці матэрыяльнай і духоўнай культуры. Таксама ўключае псіхафізіял. ўласцівасці людзей (магчымасць адлюстроўваць з’явы свету ў форме адчуванняў і звязаныя з імі ўспрыняцце, уяўленні, паняцці, меркаванні, тэорыі і інш.), але ідэальны змест гэтых уласцівасцей да Р. не адносіцца: ён можа адпавядаць Р. ці скажаць правільнае ўяўленне аб ёй. Крытэрыем правільнага адлюстравання Р. ў ідэях з’яўляецца практыка.

Катэгорыя Р. выкарыстоўвалася яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі. Дэмакрыт проціпастаўляў Р. як «свет па ісціне» «свету па меркаванні». Платон разглядаў Р. як свет ідэальных сутнасцей, процілеглы пачуццёваму свету. У філасофіі 16—18 ст. Р. тлумачылася як сукупнасць матэрыяльных цел, якія аб’ектыўна існуюць у прасторы і часе і наглядна дадзены чалавеку ў адчуваннях. Г.В.​Ф.​Гегель прызнаваў у якасці Р. абсалютныя паняцці, якія аб’ектыўна існуюць і дыялектна развіваюцца ў сусв. розуме. Рас. філосафы М.​А.​Бярдзяеў, С.​Л.​Франк разглядалі Р. як абсалютнае (Божае) быццё і лічылі, што яго нельга даказаць, але трэба першапачаткова зыходзіць з яго; разам з тым яны прызнавалі першаснасць прадметнага быцця і сцвярджалі, што ўкаранёнасць чалавека ў гэтым быцці робіць магчымай яго свядомасць. Прадстаўнікі экзістэнцыялізму разглядалі Р. як перажыванне чалавекам свайго існавання. Бельг. фізік і філосаф І.​Р.​Прыгожын распрацаваў сінергетычны падыход у разуменні Р., якую разглядаў як самарэгулюемую сістэму, што грунтуецца на ўзаемапераходных працэсах хаосу і парадку, няўстойлівасці і ўстойлівасці, дэзарганізацыі і арганізацыі. Паняцце «Р.» цесна звязана з катэгорыяй магчымасці, якая з’яўляецца патэнцыяльнай Р., перадумовай Р. У развіцці пэўных з’яў Р. змешчана мноства нерэалізаваных магчымасцей. Іх рэалізацыя залежыць ад канкрэтных умоў, а часта ад выпадковых абставін развіцця Р. (гл. Магчымасць і рэчаіснасць). Працэсы рэалізацыі магчымасцей у Р. як самарэгулюемай сістэме даследуюцца ў сінергетыцы.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАМАРО́ХІ,

народныя акцёры, вядомыя ўсх.-слав. народам са старажытнасці да пач. 20 ст. Першыя прафес. акцёры, дзейнасць якіх грунтавалася на нар. творчасці, выступалі як музыкі, спевакі, выканаўцы сцэнак, дрэсіроўшчыкі, акрабаты, фокуснікі, лялечнікі і інш. на плошчах гарадоў, мястэчак, вёсак, у замках, корчмах. Тэрмін «С.» паявіўся ва ўсх. славян у балг. перакладах з грэч. мовы ў 8—9 ст. Першае летапіснае ўпамінанне ў 1068, выява прадстаўлення С. — на фрэсках Сафійскага сабора ў Кіеве (1039). На Беларусі першае ўпамінанне тэрміна «С.» ў пропаведзях Кірылы Тураўскага, а выявы зафіксаваны ў археал. знаходках 12 ст. з Навагрудка (вухавёртка з выявай музыкі) і Ваўкавыска (шахматная фігурка ў выглядзе барабаншчыка). Захаваліся выявы С. у Аршанскім (13 ст.) і Мсціжскім (14 ст.) евангеллях, на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу 15 ст. Вядомы С. аселыя і вандроўныя. Аселыя жылі ў гарадах і мястэчках, часта мелі зямельныя надзелы і былі цесна звязаны з пэўнай гульнёвай нар. традыцыяй, удзельнічалі ў каляндарных і сямейных святах і абрадах, спрыялі развіццю тэатральна-гульнёвага пачатку. Вандроўныя С. не былі звязаны з якой-небудзь рэгіянальнай маст. традыцыяй. На Беларусі вядомы С.-музыкі, бахары (казачнікі, апавядальнікі баек і інш.), штукары (гімнасты, ілюзіяністы), мядзведнікі, лялечнікі і інш. Існавалі спец. вучэльні-школы, у т. л. Смаргонская акадэмія. У параўнанні з Маскоўскай дзяржавай, дзе С. зазналі ўціск з боку царк. і свецкіх улад і нават забарону дзейнасці (1648 і 1657), на Беларусі яны мелі адносна больш спрыяльныя ўмовы для свайго мастацтва і праіснавалі да пач. 20 ст. Апошні паказ С. «Велікодныя яйкі» зафіксаваны ў 1925 у в. Астроўна Віцебскай вобл. С. ўзбагачалі і плённа развівалі нар. тэатральнае мастацтва. Традыцыі мастацтва С. выразна адчуваюцца ў разнастайных формах нар. гульнёвай культуры.

Літ.:

Барщевский И. Несколько слов из истории искусства скоморохов. Ростов-Ярославский, 1914;

Белкин А.А. Русские скоморохи. М., 1975;

Каладзінскі М. Скамарохі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.

Да арт. Скамарохі. Прадстаўленне скамарохамі русаллі. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу. 15 ст.
Да арт. Скамарохі. Музыка іграе на псалтырыуме. Наверша вухавёрткі з раскопак у Навагрудку. 12 ст.

т. 14, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНІ́СТЫКА (франц. bonistique),

дапаможная гіст. дысцыпліна, якая вывучае папяровыя грашовыя знакі як крыніцу эканам. і паліт. гісторыі грамадства. Узнікла ў пач. 20 ст., цесна звязана з нумізматыкай.

Першыя папяровыя грошы вядомы ў Кітаі з пач. 9 ст.; з 1690 вядомы ў Паўн. Амерыцы, з 1769 — у Расіі, З 1794 — V Рэчы Паспалітай. На Беларусі вядомы з часоў далучэння да Рас. імперыі (на тэр. Віцебскай і Магілёўскай губ. пасля 1772, у зах. губернях Беларусі — з 1794). У 1843—1917 абарачаліся крэдытныя білеты наміналам ад 50 кап. да 500 руб. У 19 ст. заменнікі папяровых грошай («ярлык», «квітанцыя», боны, чэкі і да т.п.) абмежавана выпускалі ўладальнікі магазінаў, фірмаў, фабрык, рэліг. суполак у Брэсце, Ваўкавыску, Зэльве, Кобрыне, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме, Слуцку і інш. У час 1-й сусв. вайны ўлады Расіі павялічылі выпуск папяровых грошай і іх заменнікаў (чэкаў, сертыфікатаў, купонаў і інш.). Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцыі 1917, у час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі працягвалі абарачацца «раманаўскія» і «мікалаеўскія» банкноты, «керанкі», узаконена выкарыстанне аблігацый дзярж. пазыкі і іх купонаў. У часы герм. і польск. акупацыі Беларусі (1915—20) у абарачэнні былі боны, квітанцыі, талоны, аблігацыі з наддрукоўкамі. Іх выпускалі ў Бабруйску, Гомелі, Гродне, Ігумене (Чэрвень), мяст. Колышкі (Віцебская вобл), Лідзе, Лагойску, Мінску, Магілёве, Мазыры, Навагрудку, Пінску, Рагачове, Слуцку і інш. У абарачэнні былі рас. рублі, фінскія маркі, ням. пфенінгі, рэйхсмаркі, острублі, укр. карбованцы. У Зах. Беларусі абарачаліся польск. маркі, з 1924 — злотыя. На тэр. БССР у абарачэнні адначасова былі «саўзнакі» і чырвонцы, з 1922 — казначэйскія білеты (рублі) дробных наміналаў. У Вял. Айч. вайну на акупіраванай тэр. Беларусі абарачаліся часовыя заменнікі грошай (сав. рублі, акупац. маркі, рэйхсмаркі). Пасля вайны адноўлена сав. грашовае абарачэнне. У 1992 Нац. банк Рэспублікі Беларусь выпусціў у якасці самаст. плацежнага сродку разліковыя білеты вартасцю ў 50 кап., 1, 3, 5, 10, 25 (усе зняты з абарачэння ў 1995), 50 (зняты з абарачэння ў 1996), 100, 200, 1000, 5000, з 1994 — 20 000, з 1995 — 50 000 руб.

Да арт. Баністыка. Бона, выпушчаная ў час паўстання 1794.
Да арт. Баністыка. Агульнагарадская бона, выпушчаная Гомельскім гарадскім самакіраваннем у 1918.
Да арт. Баністыка. Разліковая квітанцыя, выпушчаная для абарачэння ў лагерах асобага прызначэння. 1929.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)