РУ́ДАЎ (Веньямін Сямёнавіч) (17.12.1914, с. Долінскае Ананьеўскага р-на Адэскай вобл., Украіна — 25.6.1999),
бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшую афіцэрскую школу пагран. войск (1946). Вучыўся ў Азербайджанскім ун-це (1.949—53). У 1936—62 у Сав. Арміі. З 1965 на Бел. радыё, у 1970—77 у газ. «Вячэрні Мінск». Друкаваўся з 1954. Пісаў на рус. мове. Першая аповесць «Прыгода на N-скай заставе» (1957; на ўкр. мове). Пра жыццё пагранічнікаў раман «Чорная Ганча» (1973), аповесці «Мабілізаваны партыяй» (з П.Емяльянавым, 1970), «Завіруха» (1977). Раман «Чужыя вятры» (1969) пра падзеі ў Зах.Украіне ў канцы Вял.Айч. вайны. Аўтар раманаў «Скрыжаванне» (1978), «Пераправа» (1988), «На кругі свае» (нап. 1999), аповесцей «Вішнёвая люлька» (1959), «Цьмянае золата» (1961), апавяданняў, нарысаў і інш.
Тв.:
Капкан. Мн., 1984;
Временно исполняющий: Роман и док. повесть. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЧА́КАЎ,
горад на Украіне, цэнтр раёна ў Мікалаеўскай вобл., на беразе Дняпроўскага лімана Чорнага м. 19 тыс.ж. (1992). Марскі порт. Харч.прам-сць. Кліматычны курорт. 4 музеі. Паблізу Ачакава — рэшткі антычнага горада-дзяржавы Ольвія.
У 7—6 ст. да нашай эры ў раёне сучаснага Ачакава існавалі грэч. калоніі з г. Алектар. У канцы 14 — пач. 15 ст. вял князь ВКЛ Вітаўт заснаваў тут форт Дашаў, а крымскі хан Менглі-Гірэй у 1492 пабудаваў крэпасць Кара-Кермен, якая адышла Турцыі і названа Ачы-Кале (адсюль назва Ачакаў). У рус.-тур. вайну 1787—91 крэпасць 6.12.1788 штурмам узята рус. войскамі на чале з Р.А.Пацёмкіным і паводле Яскага мірнага дагавору 1791 далучана да Расіі. У 1792 на месцы крэпасці закладзены горад. У Ачакаве ў 1906 адбыўся суд над удзельнікамі паўстання на крэйсеры «Ачакаў» на чале з П.П.Шмітам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЫЛЬЯ́НСКІЯ ШКО́ЛЫ,
навучальныя ўстановы ў 17 — 1-й пал. 19 ст., якія ствараліся, утрымліваліся і кіраваліся манаскім ордэнам базыльянаў. Дзейнічалі на Беларусі, Украіне, у Літве, Латвіі і Польшчы. Папа Павел V 2.12.1615 зацвердзіў базыльянскія школы і дазволіў весці ў іх навучанне свецкай моладзі. На Беларусі першыя школы ўзніклі да 1637 у Мінску, Навагрудку, мяст. Баруны, Жыровічы, Чарэя і інш. У базыльянскіх школах вучылася моладзь розных веравызнанняў. Настаўнікаў для школ рыхтавалі ў езуіцкіх калегіумах, Віленскай акадэміі (універсітэце), замежных універсітэтах. Выкладаліся: грэч., лац., царкоўнаслав., польск., рус., ням., франц. мовы, метафізіка, рыторыка, логіка, паэтыка, права, асновы хрысц. веравучэння і абраднасці, гісторыя агульная і Рэчы Паспалітай, з 19 ст. — гісторыя Рас. імперыі, фіз. і паліт. геаграфія, арыфметыка, алгебра, геаметрыя, фізіка, астраномія, заалогія. У 1820—30-я г. базыльянскія школы зачынены ўрадам Рас. імперыі або пераўтвораны ў семінарыі і духоўныя праваслаўныя школы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЦЕБСК»,
рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які вызначыўся ў абарончых баях на Беларусі і Украіне летам — восенню 1941 у Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску, прайшоў некалькі мадэрнізацый. Да 24.10.1939 наз. «Warszawa» («Варшава»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—22) і Пінскай (1922—39) флатылій ВФМ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі з дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. Вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска і в. Новая Беліца Светлагорскага р-на), Дзясне (каля г. Асцёр Чарнігаўскай вобл.), Дняпры (каля нас. пунктаў Дамантава і Сухалучча Кіеўскай вобл. і каля Кіева). Летам 1941 карабель прадстаўлены ваен. саветам Паўд.-Зах. фронту да ўзнагароды ордэнам Чырв. Сцяга. Узарваны экіпажам 18.9.1941 у сувязі з адыходам сав. часцей на У ад Дняпра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙНІЧ (Міхаіл Леанардавіч) (падп.псеўд.Кяльчэўскі Іван Міхайлавіч, Вільфрэд і інш.; 31.10.1865, г. Цяльшай, Літва — 17.3.1930),
дзеяч народніцкага і польскага сацыяліст. руху. Муж Э.Л.Войніч. Вучыўся ў Шаўляйскай і Сувалкаўскай гімназіях, Віленскім рэальным вучылішчы. Вёў рэв. работу ў Расіі, Польшчы, на Беларусі і Украіне. Разам з гродзенскімі нарадавольцамі і дзеячамі польскай рабочай партыі «Пралетарыят» удзельнічаў у падрыхтоўцы плана ўцёку паліт. зняволеных з варшаўскай цытадэлі. У 1885 арыштаваны, высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. З 1890 у Англіі. Удзельнічаў у выданні час. «Free Russia» («Свабодная Расія»), адзін з заснавальнікаў у 1891 Фонду вольнай рускай прэсы. Перапісваўся з Г.В.Пляханавым, В.І.Засуліч, П.Л.Лаўровым. У 1894 разам з жонкай стварыў «Саюз кніганош» з мэтай дастаўкі рэв. л-ры ў Рас. імперыю. У канцы 1890-х г. адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1920 у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛУ́ШТА,
горад на Украіне, у горнай даліне на Паўд. беразе Крыма. За 45 км ад чыг. ст. Сімферопаль. 33 тыс.ж. (1992). Прыморскі кліматычны курорт. Развіваецца з 19 ст. Адметны надзвычай спрыяльнымі для паўнацэннага адпачынку, лячэння лёгачных і нерв. хвароб умовамі: клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу з мяккай зімой, цёплым малавоблачным летам, цёплай і працяглай восенню; марскія купанні з чэрвеня да кастрычніка; багатая вечназялёная расліннасць у далінах рэк, букавыя і хваёвыя лясы, вінаграднікі на схілах велічных горных масіваў Дэмерджы; адзін з найлепшых у Крыме пясчана-галечны пляж працягласцю каля 5 км. Шмат санаторыяў, пансіянатаў, турбаз і дамоў адпачынку. Прыродныя і архю-гіст. помнікі (пячоры Чатырдага, «Даліна прывідаў», рэшткі візант. і генуэзскіх крэпасцяў, умацаванняў і паселішчаў, палацы, маёнткі і сядзібы Раеўскіх, Гагарыных і інш.рус. вяльможаў). Музеі краязнаўчы і С.М.Сяргеева-Цэнскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙВАЗО́ЎСКІ (Гайвазоўскі) Іван Канстанцінавіч
(29.7.1817, г. Феадосія — 2.5.1900),
расійскі мастак. Марыніст. У 1833—37 вучыўся ў Пецярбургскай АМ, з 1887 яе ганаровы член. З 1845 жыў у Феадосіі. Творы Айвазоўскага вылучаюцца рамантычным бачаннем, багатай колеравай гамай, паказам складаных і эфектных з’яў прыроды, імкненнем да гераізацыі. Аўтар каля 6 тыс. карцін, малюнкаў, акварэляў, у т. л. «Дзевяты вал» (1850), «Бура на Паўночным моры» (1865), «Вясёлка» (1873), «Сярод хваляў» (1898) і інш. Пісаў таксама батальныя кампазіцыі: «Чэсменскі бой», «Наварынскі бой» (абедзве 1843); жанравыя палотны («Вяселле на Украіне», 1891); партрэты [А.М.Айвазоўская, 1882, «Развітанне Пушкіна з морам» (з І.Рэпіным), 1887] і інш. У 1880 заснаваў карцінную галерэю ў Феадосіі. У Нац. мастацкім музеі Беларусі зберагаюцца «Пётр I каля Краснай Горкі» (1846), «Ноч на востраве Родас» (1850), «Бура» (1852), «Месячны пейзаж» (1855), «Раніца на моры» (1883) і інш.
Б.А.Лазука.
І.К.Айвазоўскі.І.Айвазоўскі. Пётр I каля Краснай Горкі... 1846. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАРАДЗІ́ШЧА»
(«Horodyszcze»; з 1939 «Бабруйск»),
рачны манітор, які вызначыўся ў абарончых баях на Беларусі і Украіне летам 1941 у Вял.Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску пад назвай «Гарадзішча», прайшоў некалькі мадэрнізацый, уваходзіў у склад Віслінскай (1920—26) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены камандай у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь (1939). Пасля падняцця з дна Прыпяці сав. маракамі ўключаны ў склад Дняпроўскай ваен. флатыліі (1939—40), перайменаваны 24.10.1939 у «Бабруйск», затым у Пінскай ваен. флатыліі (1940—41). Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. У пач. вайны вёў баі на Прыпяці (у Давыд-Гарадку ноччу 11—12.7.1941 знішчыў да 200 ням.-фаш. салдат і афіцэраў, больш за 50 аўтамашын, 4 гарматы) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). 31.8.1941 патануў. Падняты 12.6.1944. Далейшы лёс карабля невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЫ́НІЯ,
традыцыйная назва некалькіх відаў буйных лістападных дравяністых ліян з роду вістэрыя (Wisteria) сям. бабовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і на УПаўн. Амерыкі. Звычайна гліцынію называюць вістэрыю кітайскую (W. sinensis), якая трапляецца ў лясах правінцый Хубэй і Сычуань у Кітаі, японскую (W. floribunda) з Японіі і інш. віды. Культывуюць у розных трапічных і субтрапічных краінах, таксама на Чарнаморскім узбярэжжы Крыма, Каўказа, у Сярэдняй Азіі і на Украіне. У Беларусі вырошчваюць у аранжарэях.
Расліны з трывалымі лазячымі сцёбламі даўж. да 20 м і паніклымі галінамі. Лісце няпарнаперыстае, даўж. да 30 см, з 7—13 лісцікамі. Кветкі духмяныя, блакітныя, сабраныя ў звіслыя гронкі. Плод — шматнасенны струк. Прыгожаквітучыя дэкар. расліны. Выкарыстоўваюць у дэкар. садоўніцтве. У культуры створаны садовыя формы гліцыніі з белымі, светла- і цёмна-фіялетавымі кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВА́Я БАТЛЕ́ЙКА, батлея,
выкананне асобных сцэн ці цэлых паказаў батлейкі жывымі ўдзельнікамі. Паказы Ж.б. вядомы на Беларусі, Украіне (жывы вяртэп) і ў Польшчы. Належыць да каляднага цыкла нар. паказаў. Узніклі са спробы «ажывіць» асобныя батлеечныя сцэны, найчасцей самую папулярную «Мацей і доктар». У Ж.б. часам па традыцыі выкарыстоўвалі і ўласна батлейку: яе ўносілі і ставілі на стол у пачатку ці ў канцы паказу. Усяго ў паказах Ж.б. ўдзельнічала каля 10 персанажаў. У іх захоўвалася характэрная для Каляд і ўсяго гэтага цыкла асаблівая вольная карнавальная атмасфера, святочны вясёлы настрой удзельнікаў і гледачоў. П’еса «Цар Ірад» Ж.б. была першай нар. драмай, на ўзор якой складзена папулярная нар. драма «Цар Максімілян». Гэта пацвярджае блізкасць паказаў лялечнай, Ж.б. і нар. драмы: формай, зместам і выканальніцтвам паказы пра цара Ірада і цара Максіміляна фактычна не адрозніваліся.