сіро́п, ‑у, м.

1. Канцэнтраваны раствор цукру (звычайна з фруктовым ці ягадным сокам). Вішнёвы сіроп. □ [Тамара:] — Зайдзі да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькі што прынеслі сіфон. І сіроп ёсць. Шамякін. / у перан. ужыв. Ты сам адмахнуўся ад лёскату славы. Сіроп усхваленняў табе не па густу. Чарнышэвіч.

2. Густы адвар, прыгатаваны з сокаў лекавых траў.

[Фр. sirop.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эсе́нцыя, ‑і, ж.

1. Канцэнтраваны раствор або моцны настой якога‑н. лятучага рэчыва, які ўжываецца ў харчовай, фармацэўтычнай і парфумернай прамысловасці. Воцатная эсенцыя. □ У будцы прыемна пахне грушавай эсенцыяй; на паліцах.. ляжаць каробкі з часткамі карціны, якую толькі паўгадзіны таму назад прывезлі ў калгас. Стаховіч.

2. перан. Сутнасць чаго‑н.; квінтэсенцыя. Эсенцыя пытанняў. Эсенцыя фактаў.

[Ад лац. essentia — сутнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канцэнтра́цыя

(лац. concentratio)

1) збіранне, засяроджанне ў адным месцы (напр. к. рабочай сілы);

2) ступень насычанасці раствору якім-н. рэчывам (раствор высокай канцэнтрацыі).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лак

(ням. Lack < ар. lakk, ад санскр. lākšā)

раствор смол у спірце, якім пакрываюць паверхню прадметаў, каб надаць ім бляск, засцерагчы ад псавання.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

жаве́ль

(фр. javel, ад eau de Javelle = вада Жавеля, мясціны пад Парыжам)

хлорысты раствор, едкая зеленавата-жоўтая вадкасць, якая выкарыстоўваецца для адбельвання тканін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пергідро́ль

(ад лац. per = праз, цераз + гр. hydor = вада)

водны раствор перакісу вадароду; выкарыстоўваецца для бялення тканін, воўны, для кансервацыі, дэзінфекцыі і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нейтра́льны, -ая, -ае.

1. Які захоўвае нейтралітэт у адносінах да дзяржаў, што ваююць.

Нейтральная краіна.

2. перан. Які не становіцца на чый-н. бок (у палітычнай барацьбе, спрэчках і пад.).

Заняць нейтральную пазіцыю.

3. Які не дае ні шчолачнай, ні кіслай рэакцыі (спец.).

Н. раствор.

4. Які не нясе ні адмоўнага, ні дадатнага зараду (спец.).

Нейтрон з’яўляецца нейтральнай, незараджанай часціцай.

○

Нейтральная зона (паласа), нейтральныя воды — такія, на якіх, згодна з пагадненнем, не павінны весціся ваенныя дзеянні, размяшчацца ваенныя сілы.

|| наз. нейтра́льнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

во́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да вады; звязаны з вадой. Водны шлях, рэжым. Водная перашкода, энергія. □ [Андрэй:] — За ноч вада паднялася на чатыры метры, заліла ўсю Кашыцкую нізіну. І цяпер такі водны прастор, проста мора. Шамякін. Мінскае возера зрабілася цэнтрам воднага спорту ў горадзе. «Беларусь». // Які ўтрымлівае ў сабе ваду. Водны раствор.

•••

Воднае пола гл. пола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замяша́ць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Размешваючы, расціраючы што‑н. у вадкасці, прыгатаваць аднародную масу. Замяшаць раствор. // Прыгатаваць корм, мешанку жывёле. [Мацвеіха] дастала з печы чыгун паранай бульбы, пасекла ў карыце і замяшала свінням. Чорны.

замяша́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго ў што.

Уцягнуць у якую‑н. (звычайна небяспечную, нядобрую) справу. Замяшаць у непрыемную гісторыю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

луг ​1, ‑у, М лузе, м.

Сенажаць, пераважна заліўная, накрытая шматгадовай травяністай расліннасцю. Мурожны луг. □ А луг зялёным аксамітам, Вянкамі кветак апавіты, Разлёгся ў роскашы-красе. Колас. Са смугі выступалі.. бяскрайнія лугі з крыху сумнымі стагамі. Карпаў.

луг ​2, ‑у, М лузе, м.

Едкі раствор, прыгатаваны з попелу, залітага варам (ужываўся для мыцця бялізны, галавы і інш.); шчолак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)