ДАБРО́ І ЗЛО,

нарматыўна-ацэначныя катэгорыі, якія ўвасабляюць адну з найб. фундаментальных праблем філасофіі, этыкі і рэлігіі — раздзяленне і супрацьпастаўленне маральна-пазітыўнага і этычна-адмоўнага ва ўчынках і матывах дзейнасці людзей, у з’явах сац. рэчаіснасці. Умоўна вылучаюць: канвенцыянальны тып дабра і зла, паводле якога прынцыпы добразычлівасці і ліхадзейства залежаць ад канкрэтнага жыццёвага, сац. і канфесійнага вопыту і ад умоў сац.-прыроднага асяроддзя, цывілізавана-культ. развіцця чалавека і грамадства; анталагічны, які зыходзіць з таго, што дабро і зло ўкаранёны ў самой структуры рэчаіснасці ці нараджаюцца абсалютным пачаткам сусвету; інтуітыўна-апрыёрны, паводле якога дабро і зло ёсць фундаментальныя інтуіцыі альбо прыроджаныя ідэі індывід. свядомасці і ў такой сваёй якасці не падлягаюць рацыянальнай рэфлексіі і канцэптуальна-тэарэт. абгрунтаванню.

Філас. асэнсаванне праблем дабра і зла пачалося ў стараж. Індыі, Кітаі, Грэцыі. Сакрат лічыў асн. сродкам супраць зла веды, Платон сцвярджаў, што дабро належыць да свету вечных ідэй, а зло — да ўсяго зменлівага, Арыстоцель надаваў дабру і злу статус найважнейшых этычных катэгорый. Гэтыя ідэі развіты ў творах Б.​Спінозы, Вальтэра, Д.​Дзідро, Г.​Гегеля, А.​Шапенгаўэра, Ф.​Ніцшэ і інш. філосафаў 17—18 ст. Найб. значны ўклад у распрацоўку гэтай праблематыкі зрабіў І.​Кант, які сцвярджаў магчымасць перамогі дабра над злом. Філас.-этычную праблематыку дабра і зла распрацоўвалі бел. мысліцелі М.​Гусоўскі, М.​Цішкевіч, Ф.​Скарына, А.​Волан, С.​Будны, С.​Лован, С.​Зізаній, М.​Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, К.​Нарбут, Г.​Каніскі, К.​Каліноўскі, Я.​Лучына, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч і інш.

Рэліг. варыянт асэнсавання дабра і зла зыходзіць з першаснасці боскага дабра, з наперадустаноўленай гармоніі сусветных і чалавечых першаасноў, разбураных грэхападзеннем. У хрысціянстве чалавек традыцыйна прадстае як носьбіт двух першаасноў: плоць імкнецца да зла, дух — да дабра. Выбар у карысць дабра сведчыць аб адзінстве з хрысц. супольнасцю праведных і пачатак індывід. выратавання, што і ўвасабляе сабой кардынальны сэнсавы матыў гіст. працэсу развіцця асобы і грамадства.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКЕ́МБРЫЙ,

найстаражытнейшыя тоўшчы зямной кары і час, адпаведны іх утварэнню. Папярэднічаў кембрыйскай сістэме (перыяду). Ахоплівае ​6/7 геал. гісторыі Зямлі. Працягласць фарміравання слаёў Д. — ад узнікнення найстаражытнейшых парод з радыеметрычным узростам (больш за 3,9 млрд. гадоў назад) да пачатку кембрыю (каля 540—530 млн. гадоў назад).

Падзяляецца на архей, які ўключае глыбокаметамарфізаваныя і гранітызаваныя пароды (гнейсы, мігматыты, крышт. сланцы, амфібаліты, кварцыты, мармуры і інш.), і пратэразой, што аб’ядноўвае менш змененыя асадкавыя і вулканагенныя тоўшчы. Мяжа паміж імі праходзіла прыкладна 2,5 млрд. гадоў назад. З 1990 прынята больш дэталёвае стратыграфічнае расчляненне Д.: архей падзелены на ніжні і верхні (з раздзелам каля 3150 млн. гадоў); ніжні пратэразой — на ніжні і верхні (з раздзелам каля 1900 млн. гадоў); верхні пратэразой — на рыфей (ніжні, сярэдні, верхні) і венд (ніжні і верхні) з раздзелам каля 650 млн. гадоў. Адклады ранняга Д. (архей і ніжні пратэразой) складаюць фундамент стараж. платформаў. Яны выходзяць на паверхню шчытоў (Балтыйскага, Украінскага, Паўд.-Афрыканскага, Канадскага і інш.), а таксама знаходзяцца ў ядрах складкавых утварэнняў геасінклінальных абласцей. Д. — час павышанай тэктанічнай актыўнасці (гл. Дакембрыйская складкавасць). Мяркуюць, што з Д. звязаны пачатак працэсаў тэктонікі пліт, утварэнне асн. аб’ёму (60—80%) кантынентальнай зямной кары, узнікненне кіслароднай атмасферы, гідрасферы і зараджэнне жыцця, аб чым сведчаць шматлікія рэшткі блакітна-зялёных водарасцей, страматаліты, а таксама прыкметы існавання бесшкілетных жывёл. З Д. звязаны буйнейшыя радовішчы жалезных, уранавых, марганцавых, хромавых, сульфідных нікелевых, кобальтавых і інш. руд, радовішчы алюм. сыравіны, золата, поліметалаў. У верхніх слаях Д. трапляюцца паклады нафты.

На тэр. Беларусі ўтварэнні Д. развіты ўсюды. Тоўшчы ранняга Д. падзяляюцца на серыі, шчучынскую і кулажынскую (архей); аколаўскую і жыткавіцкую (ранні пратэразой) і складаюць крышт. фундамент, у якім выяўлены радовішчы рэдкіх металаў, 2 радовішчы буд. каменю, 2 праяўленні жалеза (Аколаўскае і Навасёлкаўскае) і шэраг дробных — жалеза, каляровых і рэдкіх металаў, валастаніту, графіту. У верхнім Д. выяўлены вял. запасы падземных вод.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 6, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

на ПдУ Украіны. Утворана 2.7.1932. Пл. 26,5 тыс. км². Нас. 5,2 млн. чал. (1996), гарадскога 90%. Цэнтр — г. Данецк. Найб. гарады: Марыупаль, Макееўка, Горлаўка, Краматорск, Славянск, Канстанцінаўка, Янакіева.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Большая ч. тэр. — Данецкі краж (выш. да 240 м) і Прыазоўскае ўзв., на ПнЗ — Прыдняпроўская нізіна. Карысныя выкапні: каменны вугаль (гл. Данецкі вугальны басейн), каменная соль, ртутныя руды, вогнетрывалыя гліны, даламіты, флюсавыя і буд. вапнякі, мергель, мел, кварцавыя пяскі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -5 °C да -8 °C, ліп. 21—23 °C. Гадавая колькасць ападкаў каля 500 мм. Гал. рэкі: Северскі Данец, Воўчая, Самара, Кальміус, Крынка, Кальчык. Вобласць размешчана ў межах стэпавай зоны. Глебы пераважна чарназёмныя. Пад лесам і лесапасадкамі каля 6% тэр. (дуб, ясень, клён, ліпа). Запаведнік Хамутоўскі стэп.

Гаспадарка. Буйны раён вугальнай прам-сці (шахты ў Данецку, Макееўцы, Горлаўцы, Янакіева, Шахцёрску, Вуглягорску і інш.), здабыча каменнай солі (Славянск, Арцёмаўск), руд ртуці. Развіты чорная (чыгун, сталь, пракат, стальныя трубы і інш.) і каляровая (цынк, ртуць) металургія, коксахім., хім. (мінер. ўгнаенні, кіслоты, сода, сінт. смолы, пластмасы і інш.) прам-сць, цяжкае машынабудаванне (горнашахтавае і металургічнае абсталяванне, чыг. вагоны, станкі, прэсы). Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вогнетрывалыя матэрыялы і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, швейная), харч. (рыбныя і агароднінныя кансервы, шампанскія віны, кухонная соль) прам-сць. ДРЭС: Вуглярская, Старабешаўская, Славянская, Курахоўская, Міронаўская і інш. Пасевы пшаніцы, ячменю, кукурузы. Вырошчванне соі, сланечніка, кармавых культур, агародніны. Пладаводства. Вінаградарства. Малочная і малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, авечкагадоўля. Буйныя масівы арашальных зямель. У вобласці самая густая чыг. сетка на Украіне; праходзяць чыгункі Данецк—Харкаў, Ясінаватая—Крывы Рог; аўтадарогі Харкаў—Растоў-на-Доне, Бярдзянск—Марыупаль—Таганрог, Данецк—Марыупаль. Марскі порт Марыупаль. Курорты: Славянск, Славянагорск, Марыупаль.

С.​І.​Сідор.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫГАВІЧЫ́,

адно з племянных аб’яднанняў усх. славян, вядомых па пісьмовых крыніцах і археал. помніках. Займалі тэр. на У да Дняпра, на Пн да лініі Барысаў—Лагойск—Заслаўе—вярхоўе Нёмана; на Пд мяжа пераходзіла за Прыпяць, на З — за Зах. Буг (паводле інш. даных да Выганашчанскага балота, на Пн ад Пінска). У 6—8 ст. папярэднікамі Д. на сярэдняй Прыпяці былі славянскія плямёны пражскай культуры. На Пн ад Прыпяці ў гэты час жылі балцкія плямёны (гл. Балты). На тэр. рассялення Д. захаваліся археал. помнікі: гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспалення, з 10 ст. — могільнікі з пахавальным абрадам трупапалажэння на гарызонце або падкурганнай яме. Зрэдку ў курганах трапляюцца збудаванні ў выглядзе невысокага драўлянага зруба, накрытага дахам. Пахавальны інвентар: гліняныя гаршкі, спражкі, крэсівы, сякеры, наканечнікі коп’яў і інш.; у жаночых пахаваннях пераважаюць упрыгожанні: шкляныя каляровыя разнастайныя па памерах і форме пацеркі, бронзавыя скроневыя кольцы з заходзячымі канцамі, пярсцёнкі, бранзалеты і інш. Характэрныя племянныя адзнакі — вял. медныя або сярэбраныя пацеркі, аздобленыя зерню, і скроневыя кольцы-завушніцы з круглага дроту, на якіх замацаваны па 3 металічныя пацеркі невял. памераў.

Упершыню Д. названы ў «Аповесці мінулых часоў» у сувязі з падзеямі, якія папярэднічаюць 9 ст. У 10 ст. (948) іх упамінае візантыйскі гісторык Канстанцін Багранародны, у 12 ст. (1149) стараж-рус. летапісы. Д. належалі да найб. развітых у сац. адносінах плямён, знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі сваё паліт. аб’яднанне — «княжанне». Займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам, былі развіты промыслы і гандаль. Найб. гарады: Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Брэст, Мінск, Мазыр, Клецк, Слуцк, Капыль, Рагачоў, Камянец, Кобрын. У 10 ст. землі Д. увайшлі ў склад Кіеўскай Русі, з канца 10 ст. на іх землях узнікла Тураўскае княства, у канцы 12 ст. з яго вылучыліся ўдзельныя Пінскае княства, Клецкае, Дубровіцкае, верагодна, Нясвіжскае княства. Частка паўн.-ўсх. зямель Д. увайшла ў Полацкае княства, а паўд.-ўсх. — у Кіеўскае княства.

П.​Ф.​Лысенка.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАРО́ЖСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПдУ Украіны. Утворана 10.1.1939. Пл. 27,2 тыс. км². Нас. 2078 тыс. чал., гарадскога 76% (1996). Цэнтр — г. Запарожжа. Найб. гарады: Мелітопаль, Бярдзянск, Арэхаў, Прыморск.

Прырода. Большая ч. тэр. вобласці раўнінная, на ПдУ Прыазоўскае ўзв. з ізаляванымі ўзгоркамі (выш. да 324 м, г. Магіла-Бельмак), на Пд Прычарнаморская нізіна, якая абмываецца Азоўскім м. Карысныя выкапні: жал. і марганцавыя руды, буры вугаль, граніт, каалін, графіт. Мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -4 °C, ліп. 22—24 °C. Гадавая колькасць ападкаў 350—450 мм. Гал. рака — Дняпро з прытокам Конка; да бас. Азоўскага м. належаць рэкі: Малочная, Абіточная, Берда, Кахоўскае вадасх. На ўзбярэжжы Азоўскага м. шэраг ліманаў і салёных азёр. Глебы чарназёмныя, цёмна-каштанавыя, каштанавыя і саланцы. Стэпы разараныя, участкі драўнінна-хмызняковай расліннасці ўздоўж рэк. Філіял Укр. стэпавага запаведніка («Каменныя Магілы»).

Гаспадарка. З.в. — развіты прамысл. раён. Асн. галіны прам-сці: чорная (чыгун, сталь, пракат) і каляровая (вытв-сць алюмінію, тытану, магнію) металургія, маш.-буд. і металаапрацоўка (сілавыя трансфарматары, высакавольтная электраапаратура, кабель, электрапрыборы, легкавыя аўтамабілі, рухавікі, с.-г. машыны і агрэгаты), коксахім., хім. і нафтахім. (палімеры, сінт. смолы, тэхн. масла, шкловалакно, лакі і інш.). Лёгкая (трыкатажная, швейная, абутковая), харчасмакавая (маслабойна-тлушчавая, мукамольная, мясная, малочная, рыбная, кансервавая), камбікормавая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча жал. руды (Белазерскі жалезарудны раён). Днепрагэс, Запарожская ДРЭС, Запарожская АЭС. С.-г. ўгоддзі займаюць 2210 тыс. га, у т. л. пад ворывам 1893 тыс. га (1996). Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень), кармавых, тэхнічных (сланечнік, соя, клешчавіна) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя. Пладаводства і вінаградарства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, авечка- і птушкагадоўля. Шаўкаводства. Рыбалоўства. Значныя масівы арашальных зямель. Суднаходства па р. Дняпро. Марскі порт — г. Бярдзянск. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Масква—Сімферопаль, Запарожжа—Валнаваха, Запарожжа—Бярдзянск, аўтадарогі Масква—Сімферопаль, Запарожжа—Марыупаль, Запарожжа—Днепрапятроўск. Курорты: Бярдзянск, Кірылаўка.

В.​М.​Сасноўскі.

т. 6, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРЫ́НЫ СТЫЛЬ,

у мастацтве, умоўная назва шырока распаўсюджанага ў стараж. мастацтве стылізаванага ўвасаблення жывёл, частак іх цела ці кампазіцый з некалькіх жывёл. Узнік у бронзавым веку, найб. пашыраны ў жал. веку і мастацтве раннекласавых дзяржаў. Першапачаткова звязаны з культам жывёлы (гл. Татэмізм). Найб. стараж. ўзоры З.с. вядомы ў Егіпце і Месапатаміі, Закаўказзі і Паўн. Каўказе (3-е тыс. да н.э.), у Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, Індыі, Кітаі, Паволжы, Паўд. Сібіры (2-е тыс. да н.э.). Найб. развіты ў скіфа-сармацкім мастацтве Паўн. Прычарнамор’я і мастацтве плямён Паўд. Сібіры 1-га тыс. да н.э. і першых стагоддзяў н.э. Скіфскі З.с. склаўся пад уплывам мастацтва Ірана і Пярэдняй Азіі, Прычарнамор’я — стараж.-грэч. мастацтва. Для яго характэрны дынамічнасць кампазіцыі, рэаліст. перадача форм і рухаў жывёл. Найб. пашыраны зааморфныя выявы. Прыёмы ўвасаблення разнастайныя: гравіроўка па метале, ліццё, разьба па дрэве і косці, аплікацыі са скуры і лямцу; вядома таксама татуіроўка чалавечага цела ў З.с. Пераплеценыя целы жывёл, што ўтваралі арнаментальныя кампазіцыі, аздабляліся каляровымі ўстаўкамі з эмалі, шкла і інш. З часам рэаліст. пачатак быў выцеснены рысамі дэкар. умоўнасці і стылізацыі. З.с. мастацтва нарманаў (8 ст.) характарызуецца экспрэсіўнасцю, надзвычай стылізаваным адлюстраваннем звяроў, птушак і змей, што губляюцца ў складаных перапляценнях геам. ўзору. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. З.с. паступова страціў сваё значэнне. Дэкар. выявы жывёл, пазбаўленыя свайго першапачатковага магічнага сэнсу, працягвалі існаваць у сярэдневяковым мастацтве (ювелірныя вырабы, кніжная мініяцюра, разьба па дрэве, косці і камені, каменны арх. дэкор і інш.) і нар. творчасці.

Літ.:

Тяжелов В.Н. Искусство средних веков в Западной и Центральной Европе. М., 1981.

Да арт. Звярыны стыль. Арліны грыфон раздзірае казла. Аплікацыя.
Да арт. Звярыны стыль. Залатая бляха — грыф з казлом у кіпцюрах.
Да арт. Звярыны стыль. Паясная зашпілька — скурчаная пантэра. Золата.
Да арт. Звярыны стыль. Паясная зашпілька — скурчаная пантэра. Золата.

І.​М.​Каранеўская.

т. 7, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУІЗІЯ́НА (Louisiana),

штат на Пд ЗША, на Прымексіканскай нізіне. На Пд абмываецца Мексіканскім залівам. Пл. 125,7 тыс. км². Нас. 4350,6 тыс. чал. (1996), у т. л. 30,8% негры. Адм. ц. — Батан-Руж, найб. горад Новы Арлеан. Прыморская частка — забалочаная нізіна з азёрамі, на У — даліна і дэльта р. Місісіпі. На ПнЗ рэльеф узгорысты (выш. да 163 м). Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэднія месячныя т-ры ад 12 °C у студз.—лютым да 27,5 °C у ліпені. Ападкаў каля 1500 мм за год. Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, прыроднага газу, каменнай солі, серы. Буйная нафтаперапр. і хім. прам-сць (Батан-Руж, Лейк-Чарльз, Новы Арлеан). Развіты алюмініевая, нафтахім. (вытв-сць сінт. каўчуку, пластмас), дрэваапр., папяровая, харч. (цукр., алейная, апрацоўка трапічных прадуктаў), суднабуд. і суднарамонтная, аўтазборачная, металаапр. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства (больш за 60% даходаў). Асн. культуры: рыс, бавоўнік, цукр. трыснёг, соя, кукуруза, батат. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Рачное і марское рыбалоўства. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачны, марскі.

Тэр. Л., якую здаўна насялялі індзейцы, у 1539—42 адкрылі іспанцы, з 1682 даследавалі і з 1699 каланізавалі французы (у 1718 засн. г. Новы Арлеан). У канцы 17 — пач. 19 ст. Л. наз. вялізная тэр. басейна р. Місісіпі. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Францыя перадала зах. частку Л. пад уладу Іспаніі, усходнюю — Англіі. Пасля ўтварэння ЗША усх. частка Л. ўвайшла ў іх склад (1783), а заходняя зноў адышла (1800) да Францыі, якая ў 1803 прадала сваю частку Л. ЗША за 15 млн. дол. З 1804 паўд. частка Л. — тэрыторыя (адм. адзінка), з 30.4.1812 штат ЗША (астатнія часткі Л. ўвайшлі ў інш. штаты ЗША), які ў грамадз. вайну 1861—65 удзельнічаў на баку паўд. (канфедэратыўных, рабаўладальніцкіх) штатаў. У Л. працяглы час адбываліся сац. і расавыя хваляванні, асабліва ў канцы 1920 — пач. 1930-х г.

т. 9, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОПТАЭЛЕКТРО́НІКА,

галіна электронікі, якая вывучае і выкарыстоўвае ўласцівасці ўзаемадзеяння эл.-магн. хваль аптычнага дыяпазону з электронамі ў цвёрдых, вадкіх і газападобных рэчывах для генерацыі, перадачы, захоўвання, апрацоўкі і адлюстравання інфармацыі. Як самастойная галіна навукі і тэхнікі пачала фарміравацца ў 1960-я г. Грунтуецца на дасягненнях фіз. оптыкі, малекулярнай фізікі, фізікі і тэхнікі паўправаднікоў, лазераў, схематэхнікі і інш.

Умоўна падзяляецца на фатоніку (даследуе метады стварэння прылад захоўвання, перадачы, апрацоўкі і адлюстравання інфармацыі, выяўленай у выглядзе аптычных сігналаў), радыёоптыку (дастасоўвае прынцыпы і метады радыёфізікі да оптыкі) і аптроніку (даследуе метады стварэння аптронных схем — электронных прылад з унутр. аптычнымі сувязямі). Оптаэлектронныя прылады адрозніваюцца неўспрымальнасцю аптычных каналаў сувязі да ўздзеянняў эл. магн. палёў, поўнай гальванічнай развязкай у прыладах з унутр. аптычнымі сувязямі, падвойнай (прасторавай і часавай) мадуляцыяй святла, што дазваляе апрацоўваць вял. масівы інфармацыі. Перавагі оптаэлектронных прылад (у параўнанні з вакуумнымі і паўправадніковымі) грунтуюцца на эл. нейтральнасці квантаў аптычнага выпрамянення (фатонаў), высокай частаце аптычных ваганняў, малой разбежнасці светлавых прамянёў і магчымасці іх дастаткова вострай факусіроўкі.

На Беларусі даследаванні па праблемах О. вядуцца з пач. 1970-х г. у ін-тах фізікі, электронікі, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной оптыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, фіз.-тэхн. Нац. АН, БДУ, БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш. Развіты метады і створаны прыстасаванні для захоўвання, перадачы і апрацоўкі інфармацыі на эл.-аптычных, фотахромных, фотатэрмапластычных і оптавалаконных структурах; развіта тэорыя аптычных хваляводаў і створаны прылады інтэгральнай оптыкі; распрацаваны дыфракцыйныя прыстасаванні з эл. кіраваннем; тэхналогія знакасінтэзавальных індыкатараў на вадкіх крышталях; метады і сістэмы для атрымання відарысаў, аптычнай памяці з выкарыстаннем бістабільнасці паўправадніковых структур, многаканальнай перадачы інфармацыі і інш.

Літ.:

Осинский В.И. Интегральная оптоэлектроника. Мн., 1977;

Интегральная оптоэлектроника: Элементы, устройства, технология. М., 1990.

Л.​І.​Гурскі.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТЭРДАМ (Rotterdam),

горад на З Нідэрландаў. Знаходзіцца на паўн. рукаве дэльты р. Рэйн; каналам Новы водны шлях злучаны з Паўн. морам, інш. каналамі — з Амстэрдамам і Гаагай. 1105 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Найб. марскі порт свету (штогадовы грузаабарот каля 300 млн. т), аванпарты на Паўн. моры — Улардынген, Східам, Хук-ван-Холанд, Еўрапорт; вузел суднаходства ў бас. р. Рэйн. Абслугоўвае трансп. сувязі Нідэрландаў (каля 60% знешнегандл. абароту краіны), Германіі, Бельгіі, Швейцарыі і інш. краін. Паромная сувязь з Вялікабрытаніяй. Нафта- і прадуктаправодамі злучаны з прадпрыемствамі Германіі і Бельгіі. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-прамысл. цэнтр краіны (праўленні транснац. манаполій, банкаў). Прам-сць базіруецца гал. ч. на прывазной сыравіне. У Р. і яго ваколіцах буйныя нафтахім. і нафтаперапр. прадпрыемствы (штогод перапрацоўваюць больш за 100 млн. т нафты). З інш. галін прам-сці найб. развіты металаапрацоўка і машынабудаванне (судна- і аўтамабілебудаванне, абсталяванне для партоў, эл.-тэхн. і інш.), хім., лёгкая (асабліва тэкст. і швейная), харч. і харчасмакавая (вытв-сць кармоў, маргарыну, перапрацоўка чаю, какавы, кавы). Метрапалітэн. Ун-т імя Эразма, Акадэмія, мастацтваў, Нац. ін-т навігацыі і караблебудавання і інш. Музеі: гіст., марскі, горада, этналогіі. Карцінная галерэя. Гатычныя цэрквы (15 ст.), у т. л. царква Сінт-Лаўрэнскерк, дамы і ветраныя млыны (17—18 ст.).

На тэр. сучаснага Р. паселішча вядома з 9 ст., у пісьмовых крыніцах — з 1282. З 1 340 горад. У 1572 захоплены і разрабаваны іспанцамі, далучыўся да паўстання Нідэрландаў супраць ісп. панавання. Пасля адмены ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598 у Р. перасялілася шмат франц. пратэстантаў (гандляры і рамеснікі). У 17—18 ст. цэнтр гандлю (у асн. з Францыяй і Англіяй), караблебудаўніцтва і сукнаробства. Пасля злучэння ў 1882 Р. каналам з Паўн. морам — адзін з найб. партоў свету. У 2-ю сусв. вайну моцна пацярпеў ад ням. бамбардзіровак.

т. 13, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКСО́НІЯ (Sachsen),

зямля (адм. адзінка) на У Германіі. Пл. 18,4 тыс. км². Нас. каля 4,7 млн. чал. (2000). Адм. ц. — г. Дрэздэн, найб. гарады Лейпцыг, Хемніц, Цвікаў, Гёрліц. Пераважаюць нізкагор’і (каля 400—500 м); на Пд на граніцы з Чэхіяй Рудныя горы (выш. да 1214 м), на Пн ускраіна Паўн.-Германскай нізіны. Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў за год ад 700—800 мм на Пн да 1000 мм у гарах. Лясы (хвоя, дуб, граб, бук) лепш захаваліся ў гарах. Эканоміка індустр.-агр. характару. Здабыча бурага вугалю каля Лейпцыга і Гёрліца, паблізу ЦЭС, прадпрыемствы па брыкетаванні вугалю, коксахіміі і хіміі. Развіты машынабудаванне (Дрэздэн, Лейпцыг, Хемніц), металургія і выраб трансп. сродкаў (Гёрліц і інш.), электратэхніка і электроніка (Дрэздэн, Хемніц), тэкст., фарфоравая, паліграф. прам-сць. У Рудных гарах традыц. выраб цацак і муз. інструментаў. У раўнінных і нізінных раёнах, у далінах рэк пераважае вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, агародніны. У даліне р. Эльба — вінаградарства. У горных раёнах пераважае жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны. Турызм (Рудныя горы, «Саксонская Швейцарыя», Дрэздэн, Лейпцыг і інш.).

Да 1945 частка гіст. вобласці Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны ў крас.—маі 1945 занята амер. (Заходняя С.), у маі — чэрв. 1945 і сав. (акрамя акругі Шварцэнберг) войскамі. Пасля вываду адсюль амер. акупац. войск (13.6—1.7.1945) уся тэр. сучаснай С. перайшла пад кантроль Сав. ваен. адміністрацыі ў Германіі і стала аднайм. зямлёй. З кастр. 1949 у складзе ГДР. У ліп. 1952 падзелена на акругі Хемніц (у 1953—90 наз. Карл-Маркс-Штат), Дрэздэн і Лейпцыг; невял. частка зямлі далучана да акруг Котбус і Гера. З кастр. 1990 новаўтвораная зямля ў складзе аб’яднанай Германіі (ФРГ), у яе ўвайшлі б. акругі ГДР Лейпцыг (б.ч.), Котбус (частка), Хемніц, Дрэздэн. Першая з новых (усх.) зямель ФРГ займела ўласную канстытуцыю.

т. 14, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)