САМЦЭ́ВІЧ (Пётр Андрэевіч) (6.3.1899, в. Дакудава Крупскага р-на Мінскай вобл. — жн. 1941),

бел. лінгвіст і фалькларыст. Брат В.​А.​Самцэвіча, С.​А.​Самцэвіча. Скончыў Горы-Горацкі с.-г. ін-т (1922), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1937—41). З 1923 настаўнічаў, збіраў матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, геалогіі Барысаўшчыны. Друкаваўся ў час. «Наш край». Адзін з арганізатараў Барысаўскага краязнаўчага музея, якому перадаў калекцыю прадметаў археалогіі і этнаграфіі. У 1924 перадаў Інбелкульту больш за 300 тэкстаў замоў, казак, песень, прыпевак (запісаў больш за 1000 фальклорных твораў). Паводле даручэння камісіі Інбелкульта па складанні гіст. слоўніка бел. мовы збіраў і апрацоўваў лінгвістычны матэрыял. Складаў слоўнік тапонімаў і мікратапонімаў Барысаўшчыны і Крупшчыны.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 14, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНТАХО́ЎСКІ (Пётр Уладзіміравіч) (н. 19.3.1939, в. Зубачы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). З 1966 выкладаў у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, у 1971—77 і з 1986 — у Бел. АМ. Працуе ў жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Творам уласцівы лаканізм выяўл. сродкаў, эпічнае гучанне, унутраны драматызм: «Трывога» (1966), «Вартавы» і «Пагранічнікі» (1970), «Вартавыя спакою» (1973), «Навальніца» (1980), «Вяселле ў Міры» (1984), «Подых стагоддзяў», «Развітанне з маці», «Ліпеньскі ранак» (усе 1990), «Танкавы бой» (1994), «Стары гасцінец» (1999), «Грамадскае прызнанне» (2000). Аўтар партрэтаў Ц.​Гартнага (1983), Л.​Шчамялёва (1986), Л.​Геніюш і Ефрасінні Полацкай (1992).

Г.​А.​Фатыхава.

т. 14, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛУ́ЕЎ (Пётр Сямёнавіч) (3.7.1857—1923),

расійскі ваенны дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1915). Скончыў Акадэмію Ген. штаба (1882). Удзельнік руска-тур. вайны 1877—78. У 1885—1900 служыў у Данскім казацкім войску, потым камандзір пях. батальёна, палка, брыгады. На пач. 1-й сусв. вайны камандзір корпуса. Удзельнік Галіцыйскай і Лодзінскай аперацый 1914, аперацыі рус. войскаў па ліквідацыі Свянцянскага прарыву 1915. У час Нарачанскай аперацыі 1916 нач. паўд. ударнай групы. З 2.8.1917 галоўнакамандуючы арміямі Паўд.-Зах., з 17.8.1917 — Зах. фронту. Адмовіўся выконваць дырэктывы Сав. ўрада пра перагаворы з камандаваннем герм. войскаў аб перамір’і. 25.11.1917 ВРК Зах. фронту адхіліў яго ад пасады галоўнакамандуючага. З 1918 на штабной рабоце ў Чырв. Арміі. У 1919 у Рэўваенсавеце Рэспублікі.

Тв.:

Военно-топографический обзор Бобро-Наревского района. Ломжа, 1909.

т. 2, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САВЫ,

удзельнікі рэв. руху дзекабрыстаў у Рас. імперыі, браты. Нарадзіліся ў Сумскай вобл., Украіна.

Андрэй Іванавіч (1798—12.10.1854) — адстаўны падпаручнік (1823), Пётр Іванавіч (1800—12.10.1854) — падпаручнік (1825). Атрымалі хатнюю адукацыю. З 1816 служылі ў 26-й, з 1820 у 8-й артыл. брыгадах. У 1818 заснавалі асв. Т-ва першай згоды, якое неўзабаве пераўтварылі ў тайнае Т-ва сяброў прыроды. Заснавальнікі (разам з Ю.​К.​Люблінскім) і кіраўнікі Таварыства з’яднаных славян 1823—25. У час Чарнігаўскага палка паўстання прымалі захады па яго пашырэнні. У 1826 арыштаваны і асуджаны. Адбывалі катаргу ў Нерчынскіх рудніках, з 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Андрэй Іванавіч скончыў самагубствам пасля раптоўнай смерці брата.

Літ.:

Декабристы: Биогр. справ. М., 1988. С. 28—29, 229.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНО́ХІН (Пётр Кузьміч) (26.1.1898, Валгаград — 6.3.1974),

рускі сав. фізіёлаг. Акад. АН СССР (1966), акад. АМН СССР (1945). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1973). Скончыў Ленінградскі ін-т мед. ведаў (1926). У 1921—30 працаваў у У.​М.​Бехцерава і І.​П.​Паўлава (Ленінград), пазней у біял. і мед. установах АМН СССР, з 1950 у Ін-це нармальнай і паталаг. фізіялогіі АМН СССР і інш. Адзін з заснавальнікаў нейракібернетыкі. Навук. працы па нейрафізіял. механізмах вышэйшай нерв. дзейнасці. Ленінская прэмія 1972. Залаты медаль імя І.​П.​Паўлава АН СССР 1968.

Тв.:

Кибернетика и интегративная деятельность мозга // Вопр. психологии. 1966. № 3;

Биология и нейрофизиология условного рефлекса. М., 1968.

Літ.:

Квасов Д.Г., Федорова-Грот А.К. Физиологическая школа И.​П.​Павлова. Л., 1967.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙКО́ Пётр Міхайлавіч (31.10.1895, г. Бельск-Падляскі, Польшча — 15.10.1943, Герой Сав. Саюза (1944). Д-р мед. н., праф. (1938). Беларус. Скончыў Кіеўскі мед. ін-т (1922). У 1918 удзельнічаў у студэнцкім узбр. паўстанні ў Кіеве. З 1933 дырэктар Кіеўскага НДІ педыятрыі, акушэрства і гінекалогіі (у 1965—92 ін-т яго імя). У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, вядучы хірург медсанбата, паранены трапіў у палон, уцёк. З 1942 працаваў у бальніцы г. Фастаў Кіеўскай вобл., адзін са стваральнікаў падп. арг-цыі і партыз. груп, урач партыз. атрада.

13.10.1943 у час бою схоплены гітлераўцамі, пасля катаванняў спалены жывым разам з інш. партызанамі-заложнікамі. На магіле Б. ў с. Тамашоўка Фастаўскага р-на помнік. Яго імем названа вуліца ў Кіеве.

П.М.Буйко.

т. 3, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЬКЕ́ВІЧ (Пётр Іларыёнавіч) (27.1.1907, Мінск — 28.5.1992),

бел. вучоны ў галіне хіміі торфу. Чл.-кар. АН Беларусі (1953), д-р хім. н., праф. (1952). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1928). З 1936 у Ін-це хіміі АН БССР. З 1952 дырэктар, у 1960—87 заг. лабараторыі Ін-та торфу АН БССР. Навук. працы па хім. перапрацоўцы торфу. Прапанаваў новыя шляхі выкарыстання торфу (вытв-сць з торфу воску, прэс-парашковых пластычных мас, тарфашчолачных рэагентаў, напаўняльнікаў для фенапластаў), тэхналогію вылучэння з торфу стэарынаў і метад сінтэзу на іх аснове гарманальных прэпаратаў.

Тв.:

Торфяной воск и сопутствующие продукты. Мн., 1977 (у сааўт.).

Літ.:

П.​И.​Белькевич // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1977. № 1.

М.​У.​Токараў.

П.І.Бялькевіч.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАСІМО́ВІЧ (Пётр Мікалаевіч) (12.3.1912, в. Танежыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 20.4.1990),

бел. мастацтвазнавец і графік. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). Выкладаў у Мазырскім пед. тэхнікуме (1933—41), у 1945—82 працаваў у Дзярж. маст. музеі Беларусі. Аўтар прац пра бел. выяўл. мастацтва, манаграфій пра мастакоў Я.​А.​Зайцава (М., 1958) і А.​М.​Тычыну (Мн., 1961). Асн. творы станковай графікі: «Год 1919», «Год 1930» (абодва 1968), «Памятай, таварыш», «Пасля навальніцы» (абодва 1970), партрэты Я.​Коласа і Я.​Купалы (абодва 1982).

Тв.:

Изобразительное искусство Белорусской ССР. М., 1957 (з П.​П.​Нікіфаравым);

Изобразительное искусство Белоруссии (з ім жа) // Искусство, рожденное Октябрем. М., 1967;

Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1976 (з А.​К.​Рэсінай);

Нацюрморт: [Альбом]. Мн., 1982.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ХАЎ (Уладзімір Паўлавіч) (н. 8.2.1933, С.-Пецярбург),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1960). У 1967—95 мастак шклозавода «Нёман». Працуе ў галіне маст. шкла. У творчасці выкарыстоўвае прыём гіпербалізацыі форм, аб’ёмаў, асацыятыўную вобразнасць спалучае з дызайнерскімі рашэннямі: дэкар. кампазіцыі «Белавежская пушча» (1969), «Кветкі» (залаты медаль на міжнар. выстаўцы шкла і фарфору 1973 у г.

Ябланец, Чэхія), «Шкляныя метамарфозы» (1973), «Птушкі» (1980), «Акулы» (1983), «Сёння на світанні» (1984), «Венерыны чаравічкі» (1993); камплекты посуду «Мядзведзі» (1967), «Марыя Сцюарт» (1993), дробная пластыка «Пеўні» (1972), «Дэльфіны» (1977); блюда «Дуб» (1974), куфель з партрэтам У.​С.​Высоцкага (1990) і інш. Аўтар вітражоў-карцін «Пётр I», «Карэта» (абедзве 1973). Іл. гл. таксама да арт. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

У.Жохаў. Кветкі. 1973.

т. 6, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНА́Ч (Пётр Аляксеевіч) (1.5.1932, в. Клінок Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 25.8.1996),

бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1967). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1955). З 1961 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследаваў пытанні тэорыі і практыкі тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва. Аўтар тэксту і складальнік альбома «Мастацтва беларускіх дэкаратараў» (1989), манаграфій пра бел. мастакоў: «С.​Ф.​Нікалаеў» (1970), «П.​В.​Масленікаў» (1973), «Я.​Чамадураў» (1984) і інш., артыкулаў для «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 8—9, 1977—82), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 3—6, 1989—94). Працаваў у пейзажным жывапісе: «Лагойскі матыў» (1975), «Сонечны дзень» (1980), «Зімовы пейзаж» (1981), «Напрадвесні» (1988). Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Дэкарацыйнае мастацтва музычнага тэатра БССР. Мн., 1973.

Р.​Ф.​Шаура.

т. 8, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)