транспарцёр

(фр. transporteur, ад лац. transportare = перамяшчаць)

1) тое, што і канвеер;

2) ваенная машына павышанай праходнасці для перавозкі грузаў, зброі і людзей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГРУЗАВЫ́ АЎТАМАБІ́ЛЬ,

аўтамабіль для перавозкі грузаў. Характарызуецца грузападымальнасцю, тыпам кузава, колавай формулай і кампаноўкай — размяшчэннем кабіны адносна пярэдняй восі (гл. Аўтамабіль). Для буксіроўкі прычэпаў забяспечваюцца счэпнымі прыладамі, хуткадзейнымі злучальнымі прыстасаваннямі і інш. Адрозніваюць адзіночныя грузавыя аўтамабілі і аўтапаязды (у т. л. цягачы, седлавыя цягачы), звычайнай і павышанай праходнасці.

Бываюць агульнага прызначэння (кузаў неперакульны) і спецыялізаваныя (самазвалы, бензавозы, бетанавозы, кантэйнеравозы, панэлявозы, рэфрыжэратары, фургоны і інш.); паводле кампановачнай схемы — капотныя (кабіна за рухавіком) і бескапотныя (кабіна над рухавіком); паводле грузападымальнасці — асабліва малой (да 0,5 т; гл. Пікап), малой (да 2 т; напр., УАЗ), сярэдняй (да 5 т; ГАЗ), вялікай (да 15 т; ЗІЛ, КамАЗ, КрАЗ, МАЗ, «Урал») і пазадарожныя грузавыя аўтамабілі асабліва вял. грузападымальнасці (больш за 15 т; БелАЗ, «Волат»), Гл. таксама Аўтамабільная прамысловасць.

А.​С.​Рукцяшэль.

Першыя савецкія грузавыя аўтамабілі: 1 — АМО-Ф-15 (1924—31); 2 — АМО-3 (1931— 34).
Пазадарожныя грузавыя аўтамабілі «Волат»: 1 — 79092; 2 — седлавы цягач 74131.

т. 5, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАПО́РТ,

прадпрыемства, якое забяспечвае рэгулярныя перавозкі грузаў, пошты, пасажыраў сродкамі паветранага транспарту. Бывае міжнар., дзяржаўнага (нацыянальнага) і мясц. значэння. Уключае комплекс інж. збудаванняў і тэхн. сродкаў: аэрадром, аэравакзал, ангары, сістэмы кіравання паветр. рухам, радыёнавігацыі і пасадкі лятальных апаратаў (прыводныя радыёстанцыі, радыёлакацыйныя станцыі), метэаралагічнага забеспячэння і інш. Увесь комплекс часам займае тэрыторыю ў некалькі тысяч гектараў (напр., аэрапорт Унукава і Шарамецьева ў Маскве, Арлі ў Парыжы, Кенэдзі ў Нью-Йорку).

Пры буд-ве аэрапорта ўлічваюць зручнасць трансп. сувязяў паміж горадам і аэравакзалам, бяспеку адначасовых палётаў з суседніх аэрадромаў, дазволены ўзровень шумоў на заселеных тэрыторыях і інш. На Беларусі дзейнічаюць міжнар. аэрапорты Мінск-1 і Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне; нацыянальныя і мясцовыя — у абласных цэнтрах, а таксама ў Полацку, Пінску, Мазыры, Салігорску і інш.

Схема генеральнага плана аэрапорта Кенэдзі (Нью-Йорк, ЗША); 1 — узлётна-пасадачныя палосы; 2 — рулёжныя дарожкі; 3 — пероны; 4 — міжнародны аэравакзал; 5 — грузавыя аэравакзалы; 6 — ангары; 7 — прывакзальная плошча; 8 — аўтамагістраль; 9 — аэравакзалы асобных авіякампаній.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́ ТРА́НСПАРТ,

адзін з асн. відаў транспарту, які ажыццяўляе перавозкі грузаў і пасажыраў спец. марскімі суднамі па акіянах і морах. Шырока выкарыстоўваецца для міжнар. і ўнутр. перавозак (гл. Кабатаж). М.т. мае шэраг тэхн.-эканам. пераваг у параўнанні з інш. відамі транспарту: меншыя затраты працы на ажыццяўленне перавозак, неабмежаваная прапускная здольнасць, параўнальна высокая правазная здольнасць рухомага саставу, меншыя ўдзельныя затраты энергіі і паліва, адносна нізкі сабекошт перавозак. М.т. уключае судны розных відаў і прызначэння, марскія лініі і парты, суднарамонтныя прадпрыемствы і суднапад’ёмнае абсталяванне, сродкі сувязі і электрарадыёнавігацыі і інш.

М.т. вядомы ў стараж. краінах задоўга да н.э. Першыя марскія судны былі вёсельныя. Вынайдзены пазней ветразь на многія стагоддзі стаў гал. рухавіком суднаў. Паравая машына дазволіла стварыць першыя самаходныя судны з мех. рухавіком — параходы, рухавік унутр. згарання — цеплаходы, атамны рэактар — атамаходы. Сучасныя марскія судны — складаныя інж. збудаванні, грузападымальнасць асобных з іх дасягае 500 тыс. т, а магутнасць энергет. устаноўкі перавышае 74 тыс. кВт. Судны М.т. падзяляюцца на пасажырскія, сухагрузныя, наліўныя (танкеры) і службова-дапаможныя.

т. 10, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУХАГРУ́ЗНАЕ СУ́ДНА,

грузавое судна для перавозкі сухіх грузаў і вадкіх у тары. Адрозніваюць С.с. для штучных грузаў (перавозяць іх у стосах, пачках, цюках, бочках, скрынях) і навалачных грузаў (навалам і насыпам).

Да С.с. адносяцца рэфрыжэратары, лесавозы, грузавыя паромы, ліхтэравозы, кантэйнерныя судны і інш. Бываюць самаходныя і несамаходныя. Грузы на С.с. размяшчаюцца ў трумах, твіндэках і дыптанках, штучныя грузы — на верхняй палубе. Пагрузка-выгрузка робіцца праз грузавыя люкі верхняй палубы або праз бартавыя, насавыя і кармавыя адтуліны. Грузападымальнасць марскіх С.с. да 200 тыс. т, рачных да 8 тыс. т.

Сухагрузнае судна.
Марское сухагрузнае судна: 1 — грабны вінт; 2 — руль; 3 — верхняя палуба; 4 — грузавая страла; 5 — дымавая труба; 6 — антэна радыёлакацыйнай станцыі; 7 — рулявая рубка; 8 — грузавы люк; 9 — фок-мачта; 10 — брашпіль; 11 — якар; 12 — пераборкі; 13 — насціл другога дна; 14 — другая палуба; 15 — днішчавы стрынгер; 16 — палубны набор; 17 — грузавы трум; 18 — дызель-генератар; 19 — галоўны рухавік; 20 — валапровад валаправод*.

т. 15, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рэга́лы ’калёсы для перавозкі снапоў і сена’ (брасл., Сл. ПЗБ), рыґалы ’спецыяльная рама на возе’ (пух., Жыв. сл.). Рус. ре́гель ’падпорка, перакладзіна; даўгая тонкая планка’. Відаць, з польск. rygiel ’бэлька’ < сяр.-н.-ням. regel ’рычаг, падпорка’, першакрыніца нар.-лац. regula ’кій, планка’ (Фасмер, 3, 457). Форма дры́галы ’жэрдкі, прымацаваныя да калёсаў вазіць бярвёны’ (Стан.) утварылася паводле народнай этымалогіі ад дрыгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таксі́ ’аўтамабіль, прызначаны для перавозкі пасажыраў або грузаў з аплатай па таксометру’ (ТСБМ), ’легкавы аўтамабіль’ (швянч., воран., Сл. ПЗБ), адаптаванае таксо́ н. р., такся́ ж. р. ’таксі’ (Мат. Маг. 2). Запазычанне савецкага часу з заходнееўрапейскіх моў са скарачэння taxi на французскай глебе слова taximètre, першапачаткова ’аўтаматычны лічыльнік для машын гарадскога транспарту з указаннем кошту праезду’, пазней ’аўтамашына з такім лічыльнікам’ (Чарных, 2, 226).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ры́кша, ‑ы.

1. ж. У некаторых краінах Усходняй і Паўднёвай Азіі і Афрыкі — невялікая двухколая каляска на рысорах, прызначаная для перавозкі пасажыраў і грузаў.

2. м. Чалавек, які, запрогшыся ў такую каляску, перавозіць пасажыраў і грузы. Стаю. Ужо трэці трамвай празвінеў, І вось падбягае з павозкаю рыкша, Павезці па вуліцы хоча мяне. Прыходзька.

[Япон.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цяле́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Спец. Ручная ці механічная павозка для перавозкі грузаў. Высокая чарнявая жанчына падкаціла цялежку да стала, пачала згружаць дэталі. Асіпенка.

2. Спец. Рухомая частка некаторых машын, тэхнічных канструкцый. Кранавыя цялежкі.

3. толькі мн. (цяле́жкі, ‑жак). У калёсах — пярэднія колы на восі з аглоблямі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бага́ж

(фр. bagage)

1) рэчы, упакаваныя для перавозкі поездам, самалётам, параходам, а таксама спосаб адпраўкі рэчаў асобна ад пасажыра;

2) перан. запас ведаў, звестак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)