ГАЙ (Гая Дзмітрыевіч) (сапр. Бжышкян Гайк; 18.2.1887, г. Тэбрыз, Іран — 11.12.1937),

савецкі ваенны дзеяч, камкор (1935). Праф. (1933). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). Удзельнік 1-й сусв. вайны, прапаршчык. З 1918 камандзір 1-й зводнай Сімбірскай пях. дывізіі, з 1919 камандуючы 1-й арміяй Усх. фронту. У 1920 на Зах. фронце, камандзір 3-га коннага корпуса. З 1922 нарком па ваен. справах Арменіі. З 1923 камандзір і ваенком 7-й Самарскай кав. дывізіі, якая размяшчалася на Беларусі. У 1924 адрадзіў 3-і конны корпус, названы імем БССР (штаб знаходзіўся ў Мінску). З 1933 выкладчык, нач. кафедры Ваенна-паветр. акадэміі. Чл. ЦВК БССР у 1924—25. Аўтар прац і нарысаў па гісторыі грамадз. вайны. У 1935 арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны.

Г.​Дз.Гай.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУК ((Hooke) Роберт) (18.7.1635, в-аў Уайт, Вялікабрытанія — 3.3.1703),

англійскі прыродазнавец, вучоны-энцыклапедыст, архітэктар. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1663). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1653—54), дзе ў 1655—60 быў асістэнтам Р.Бойля. З 1665 праф. Лонданскага ун-та, адначасова ў 1677—83 сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва. Адкрыў закон, які названы яго імем (гл. Гука закон). Пабудаваў паветр. помпу (1659), сканструяваў і ўдасканаліў многія прылады, напр., мікраскоп, з дапамогай якога ўстанавіў клетачную будову тканак (увёў тэрмін «клетка»). Устанавіў (разам з К.Гюйгенсам) пастаянныя пункты тэрмометра — раставанне лёду і кіпення вады. У «Трактаце аб руху Зямлі» (1674) выказаў гіпотэзу прыцягнення і даў агульную карціну руху планет.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 5, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МБАЛЬТ ((Humboldt) Аляксандр фон) (14.9.1769, Берлін — 6.5.1859),

нямецкі натураліст, географ і падарожнік; адзін з заснавальнікаў краіна- і ландшафтазнаўства, геаграфіі раслін. Чл. Берлінскай АН (1800), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1818). Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, у Гамбургскай гандлёвай і Фрайбергскай горнай акадэміях (1787—92). У 1799—1804 з франц. батанікам Э.​Банпланам даследаваў Цэнтр. і Паўд. Амерыку, у 1829 ажыццявіў паездку на Урал, Алтай і Каспійскае мора. У працы «Космас» зрабіў спробу падсумаваць усе веды пра Сусвет і прыроду Зямлі. Яго творы значна паўплывалі на развіццё прыродазнаўства. Імем Гумбальта названы хрыбты ў Цэнтр. Азіі і Паўн. Амерыцы, гара на в-ве Новая Каледонія, ледавік у Грэнландыі, акіянскае цячэнне каля берагоў Перу, шэраг раслін, мінерал (гумбальтыт), кратэр на Месяцы.

А.Гумбальт.

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́МПІР ((Dampier) Уільям) (8.6.1652, Іст-Кокер, Вялікабрытанія — сак. 1715),

англійскі мараплавец, пірат. Здзейсніў 3 кругасветныя плаванні. Некалькі гадоў правёў на в-ве Тарцю (на Пн ад Гаіці) у Вест-Індыі (гал. база піратаў у Атлантыцы), удзельнічаў у рабаванні ісп. гарадоў і паселішчаў на берагах Амерыкі. Плаваў да берагоў паўн.-зах. Аўстраліі, дзе адкрыў шмат невял. астравоў, у т. л. архіпелаг Дампір. Склаў апісанне і карты для паўд. раёнаў Ціхага ак. На аснове сваіх дзённікаў напісаў шэраг кніг, у якіх прывёў звесткі пра велічыні магн. нахілу ў розных пунктах Сусветнага ак., салёнасці марскіх вод, сувязі паміж пануючымі цячэннямі і вятрамі. Яго імем названы п-аў Дампіра Зямля у Аўстраліі, некалькі астравоў і праліваў у паўд.-зах. ч. Ціхага ак. і ў Малайскім архіпелагу.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́НГЕР ((Sänger) Эйген) (22.9.1905, г. Прэсніц, Чэхія — 10.2.1964),

нямецкі вучоны ў галіне ракетна-касм. тэхнікі.

Чл.-заснавальнік Міжнар акадэміі астранаўтыкі, першы прэзідэнт Міжнар. астранаўтычнай федэрацыі (1950—53). Скончыў вышэйшую тэхн. школу ў Вене (1925). З 1936 кіраўнік Ракетнага НДІ у Траўэне. У 1942—45 у н.-д. цэнтры планетарызму ў Айнрынгу. З 1954 кіраўнік НДІ фізікі рэактыўных рухавікоў у Штутгарце (ФРГ). З 1963 праф. Тэхнал. ун-та ў Зах. Берліне. Навук. працы па тэхніцы ракетных палётаў, ракетных самалётаў, фатонных ракет, тэорыі касм. палёту. Аўтар праектаў арыгінальных лятальных апаратаў з вадкаснымі ракетнымі рухавікамі. Медаль Ю.​Гагарына Міжнар. т-ва «Чалавек у космасе». Імем З. названы кратэр на Месяцы.

Тв.:

Рус. пер. — Техника ракетного полета. 2 изд. М., 1947;

К механике фотонных ракет. М., 1958.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЛАВЕ́Ц (Міхаіл Паўлавіч) (25.10.1914, в. Скрыгалаў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 6.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў БДУ (1937), курсы мал. лейтэнантаў пры Харкаўскім танк. вучылішчы (1941). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Сталінградскім, 2-м Укр. франтах. Камандзір танк. батальёна капітан К. вызначыўся ў студз. 1944 у баі за ст. Лялекаўка каля Кіраваграда, калі батальён пад яго камандаваннем за дзень адбіў 6 контратак, і ў час прарыву абароны праціўніка на румына-венг. граніцы 5.10.1944, калі батальён знішчыў 5 гармат, больш за 100 павозак з боепрыпасамі, узяў у палон 130 гітлераўцаў. Загінуў у баі. Яго імем названы вуліцы ў Мазыры, Ціраспалі, в. Лешня, 8-гадовая школа ў в. Лешня, дзе ён вучыўся.

М.П.Катлавец.

т. 8, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕНО́Н (лац. Xenon),

Xe, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 54, ат. м. 131,29; адносіцца да інертных газаў. Прыродны К. (вылучаны з паветра) складаецца з 9 ізатопаў, найб. колькасць (у % па аб’ёме): ​129Хе (26,44%), ​131Xe (21,18%), ​132Хе (26,89%). У атмасферы 0,8610​−5% па аб’ёме. Адкрыты ў 1898 (гл. Крыптон), названы ад грэч. xenos — чужы.

Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп-108,1 °C, шчыльн. 5,85 кг/м³ (0 °C). Першае злучэнне інертных газаў XePtF6 атрымаў амер. хімік Н.​Бартлет (1962). Непасрэдна К. узаемадзейнічае толькі з фторам, утварае фтарыды XeF2, XeF4, XeF6, з якіх атрымліваюць інш. хім. злучэнні. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, магутных газаразрадных і імпульсных крыніц святла; фтарыды — як моцныя акісляльнікі і для фтарыравання ў неарган. і арган. сінтэзах.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТКЕ (Фёдар Пятровіч) (28.9.1797, С.-Пецярбург — 20.8.1882),

расійскі географ, мараплавец, даследчык Арктыкі. Ганаровы чл. (1855, чл.-кар. 1829) Пецярбургскай АН; з 1864 яе прэзідэнт. Адмірал (1855). У 1817—19 удзельнік кругасветнага плавання В.​М.​Галаўніна. У 1826—29 кіраваў кругасветнай экспедыцыяй на шлюпе «Сянявін»; апісаў зах. ўзбярэжжа Берынгава м., астравы Прыбылова, Банін, Каралінскі архіпелаг, дзе адкрыў 12 астравоў. Адзін з арганізатараў і -кіраўнік (у 1845—50, 1857—72) Рускага геагр. т-ва. Яго імем названы шэраг астравоў, мыс, заліў, паўвостраў, праліў, цячэнне ў Паўн. Ледавітым і Ціхім ак. і інш.

Тв.:

Путешествие вокруг света на военном шлюпе «Сенявин», 1826—1829. 2 изд. М., 1948.

Літ.:

Марич М. Жизнь и плавание флота капитан-лейтенанта Федора Литке. М.; Л., 1949.

т. 9, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ВЕЛ ((Lovell) Джэймс Артур) (н. 25.3. 1928, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 1-га рангу ВМС ЗША у адстаўцы. Скончыў Вісконсінскі ун-т і Ваенна-марскую акадэмію ў Анапалісе (1952). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 4—18.12.1965 з Ф.Борманам здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Джэміні-7», 11—15.11.1966 з Э.Олдрынам — на КК «Джэміні-12» (як камандзір), 21—27.12.1968 з Борманам і У.Андэрсам — першы ў свеце палёт да Месяца на КК «Алалон-8» з выхадам на селенацэнтрычную арбіту (як пілот асн. блока), 11—17.4.1970 з Дж.​Суіджэртам і Ф.​Хейсам — палёт да Месяца на КК «Апалон-13» (як камандзір). Правёў у космасе 29,8 сут. Імем Л. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЛУ́ХА-МАКЛА́Й (Мікалай Мікалаевіч) (17.7.1846, с. Раждзественскае Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 14.4.1888),

расійскі падарожнік, прыродазнавец, антраполаг, этнограф. У 1867—69 зрабіў падарожжы на Канарскія а-вы, у Марока, на ўзбярэжжа Чырвонага м. З 1871 ажыццявіў шэраг падарожжаў на Новую Гвінею, п-аў Малака, Філіпіны, Малайскі архіпелаг, у Зах. Мікранезію, Аўстралію, дзе некалькі гадоў жыў сярод карэннага насельніцтва, вывучаў яго побыт, культуру, збіраў разнастайныя калекцыі. На аснове сабранага матэрыялу даказваў відавое адзінства і роднасць усіх рас, першы падрабязна апісаў меланезійскі антрапал. тып і яго пашырэнне. Яго імем названы бераг у Новай Гвінеі, заліў у Антарктыдзе.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М.; Л., 1950—54;

Бел. пер. — Падарожжы. Мн., 1954.

Літ.:

Колесников М.С. Миклухо-Маклай. М., 1965.

М.М.Міклуха-Маклай.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)