тэрмі́чны

(ад гр. thermos = цёплы, гарачы)

звязаны з прымяненнем цеплавой энергіі (напр. т-ая апрацоўка металаў).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фра́нцый

(н.-лац. francium, ад фр. France = Францыя)

радыеактыўны хімічны элемент, які належыць да шчолачных металаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

штэйн

(ням. Stein = літар. камень)

прамежкавы або пабочны прадукт, які атрымліваецца пры плаўцы руд каляровых металаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

электраметалу́ргія

(ад электра- + металургія)

галіна металургіі, якая займаецца здабываннем металаў і розных сплаваў пры дапамозе электраэнергіі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЯКЕ́ТАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (13.1.1826, с. Алфер’еўка Пензенскай вобл., Расія — 13.12.1911),

рускі фізікахімік, заснавальнік рус. школы фізікахімікаў. Акад. Пецярбургскай АН (1886). Скончыў Казанскі ун-т (1848). З 1849 у Медыка-хірург. акадэміі, з 1855 у Харкаўскім ун-це (з 1859 праф.), з 1886 у хім. лабараторыі Пецярбургскай АН. Навук. працы па фіз. хіміі. Адкрыў здольнасць магнію і цынку выцясняць іншыя металы з іх соляў (1863). Атрымаў бязводныя аксіды шчолачных металаў (1870). Выявіў магчымасць аднаўлення металаў з іх аксідаў алюмініем, што дало пачатак алюмінатэрміі. Вызначыў фіз. хімію як самаст. навук. дысцыпліну.

Тв.:

Избранные произведения по физической химии. Харьков, 1955.

Літ.:

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецов Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 37.

М.М.Бякетаў.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́БКІН (Сяргей Іванавіч) (27.8.1898, С.-Пецярбург — 8.9.1955),

бел. вучоны ў галіне металургіі. Акад. АН БССР (1947). Д-р хім. н. (1936), праф. (1945). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Сын І.М.Губкіна. Скончыў Маскоўскую горную акадэмію (1928). З 1944 нам. дырэктара Ін-та металургіі АН СССР, у 1948—55 дырэктар Фіз.-тэхн. ін-та АН БССР, адначасова заг. кафедры БПІ. Працы па тэорыі пластычнай дэфармацыі і апрацоўцы металаў ціскам. Распрацаваў матэм. метады вывучэння працэсаў цячэння металу пры пракатцы, коўцы, штампоўцы. Стварыў навукова абгрунтаваную класіфікацыю відаў апрацоўкі металаў ціскам.

Тв.:

Теория обработки металлов давлением. М., 1947;

Фотопластичность. Мн., 1957 (разам з С.​І.​Дабравольскім, Б.​Б.​Бойкам);

Пластическая деформация металлов. Т. 1—3. М., 1961.

С.І.Губкін.

т. 5, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМА́ЗАЧНА-АХАЛАДЖА́ЛЬНЫЯ ВА́ДКАСЦІ,

шматкампанентныя сістэмы, якія выкарыстоўваюць пры апрацоўцы металаў рэзаннем або ціскам. Прызначаны для змазкі і ахаладжэння металаапрацоўчых інструментаў і дэталей, адначасова змяншаюць знос інструментаў, павышаюць дакладнасць апрацоўкі дэталей, засцерагаюць абсталяванне і дэталі ад карозіі, паляпшаюць санітарна-гігіенічныя ўмовы працы.

Паводле складу адрозніваюць вадкія сумесі нафтапрадуктаў (газа, нафтавае масла) з масларастваральнымі паверхнева-актыўнымі рэчывамі (ПАР) і інш. прысадкамі, водныя растворы электралітаў (соды, нітрату натрыю і інш.) у сумесі з арган. ПАР, эмульсолы (3—10%-ныя водныя эмульсіі індустр. масел з дабаўкамі ПАР і інш прысадак). Найб. пашыраны эмульсолы, якія выкарыстоўваюць пры ўсіх аперацыях апрацоўкі металаў, а таксама для абястлушчвання дэталей, пры тлушчаванні скуры, замасліванні шэрсці і інш.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ФШЫЦ (Ілья Міхайлавіч) (13.1.1917, г. Харкаў, Украіна — 23.10.1982),

украінскі і расійскі фізік-тэарэтык. Акад. АН СССР (1970, чл.-кар. 1960), АН Украіны (1967). Брат Я.М.Ліфшыца.

Скончыў Харкаўскі ун-т (1936) і Харкаўскі політэхн. ін-т (1938). У 1937—68 у Харкаўскім фіз.-тэхн. ін-це АН Украіны. З 1969 у Ін-це фіз. праблем АН СССР. Навук. працы па квантавай тэорыі цвёрдага цела, электроннай тэорыі металаў, фіз. кінетыцы, статыст. тэрмадынаміцы палімераў. Устанавіў сувязь паміж назіранымі ўласцівасцямі металаў і геаметрыяй іх паверхні Фермі, абгрунтаваў магчымасць аднаўлення энергет. спектра кандэнсаваных цел па эксперым. даных. Ленінская прэмія 1967.

Тв.:

Электронная теория металлов. М., 1971 (у сааўт.).

Літ.:

И.М. Лифшиц, 1917—1982. М., 1989.

І.М.Ліфшыц.

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАТЭХНІ́ЧНЫЯ САСТА́ВЫ,

сумесі, гарэнне якіх адбываецца адначасова са светлавымі, гукавымі, дымавымі і рэактыўнымі піратэхн. эфектамі (гл. Піратэхніка). Пры гарэнні П.с. вылучаецца вял. колькасць цеплаты; т-ра гарэння ад 400 °C (дымавыя саставы) да 3000 °C (асвятляльныя саставы).

Аснова большасці П.с. — сумесі акісляльніку з гаручым. У якасці акісляльнікаў выкарыстоўваюць нітраты, хлараты шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, аксіды некаторых металаў; у якасці гаручага — пераважна парашкі магнію, алюмінію і іх сплаваў, а таксама вуглевадародныя сумесі (газа, бензін, мазут), драўняны вугаль і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці боепрыпасаў (гл. Запальныя саставы), для зваркі рэек, труб, эл. правадоў, пры даследаваннях верхніх слаёў атмасферы, кіназдымках, арганізацыі феерверкаў, у сельскай гаспадарцы (барацьба са шкоднікамі, рассейванне граду і інш.).

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛО́ТНІЦТВА,

выраб рэчаў з каштоўных металаў; від ювелірнага мастацтва. Шырока вядома ў Стараж. Егіпце, Грэцыі, Амерыцы, краінах Усходу, сярэдневяковых Індыі і Кітаі, краінах Еўропы 15—18 ст. На Беларусі вядома з часоў жал. веку (7—6 ст. да н.э. — 8—9 ст. н.э.). Найб. пашырана як гар. рамяство ў 12—18 ст. Бел. майстры-злотнікі валодалі рознымі тэхнікамі апрацоўкі (ліццё, коўка, чаканка, гравіраванне) і аздаблення металаў, пераважна серабра (залачэнне, чарненне, зярненне, пацініраванне). Выраблялі посуд, абклады кніг і абразоў, крыжы, дарахавальніцы і інш. Шэдэўр З. часоў сярэдневякоўя — крыж Ефрасінні Полацкай работы Лазара Богшы (1161). У 16—17 ст. майстэрні і цэхі злотнікаў існавалі ў Віцебску, Брэсце, Кобрыне, Гродне, Магілёве, Нясвіжы, Слуцку і інш. У 2-й пал. 17 ст. больш за 50 бел. злотнікаў, пераважна з Віцебска, Полацка, Магілёва, працавалі ў Залатой, Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, у т. л. П.​Заборскі, В.​Карпаў, М.​Логінаў, Я.​Магілёвец і інш. Яны выраблялі посуд, абклады абразоў і кніг, зброю. Пашырэнне мех. апрацоўкі металаў у сярэдзіне 19 ст. прывяло да заняпаду 3.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Злотніцтва. Абклад абраза. Пач. 17 ст.
Да арт. Злотніцтва. Пацір з Навагрудка. 16 ст.

т. 7, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)