АКТ (лац. actus),

1) учынак, дзеянне.

2) Дакумент, які ўстанаўлівае пэўныя прававыя адносіны паміж юрыд. бакамі або паміж аўтарам і адрасатам акта (акт дыпламатычны, акт юрыдычны, акт на права валодання (карыстання) зямлёй, акты органаў дзяржаўнага кіравання, акты органаў дзяржаўнай улады, акты цывільнага стану і інш.).

3) Закончаная частка драм. твора, спектакля; тое, што і дзея. Акты ў спектаклі раздзяляюцца перапынкамі (антрактамі). Можа падзяляцца на з’явы, эпізоды, сцэны, карціны. Падзел на акты існуе з часоў рымскага тэатра (п’еса мела абавязкова 5 актаў).

4) У выяўл. мастацтве — выява аголенага чалавечага цела; гл. Ню.

т. 1, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫСЕ́Й, Уліс,

у грэч. міфалогіі цар вострава Ітака, гал. герой паэмы «Адысея». Праславіўся як удзельнік Траянскай вайны. Вызначаўся адвагай, хітрасцю, розумам. Існуюць 2 версіі смерці Адысея: паводле адной яго смяротна параніў сын Тэлегон, па другой Адысей памёр у Этоліі ці Эпіры, дзе шанаваўся як герой, надзелены дарам прароцтва. Прыгоды Адысея адлюстраваны ў л-ры (Гамер, Сафокл, Эўрыпід і інш.) і выяўл. мастацтве (малюнкі на ант. вазах, фрэскі ў Пампеі і інш.).

Галава Адысея. фрагмент скульптурнай групы э грота ў Сперлонгу. Канец 2 ст. да н.э.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРФЕ́Й,

у грэчаскай міфалогіі фракійскі спявак, сын музы Каліопы. Цудоўнымі спевамі і ігрой на кіфары ён зачароўваў багоў і людзей, утаймоўваў дзікія сілы прыроды. Паводле міфаў, Арфей удзельнічаў у паходзе арганаўтаў, лічыўся заснавальнікам арфічных культаў. Калі раптоўна памерла яго жонка Эўрыдыка, Арфей адправіўся за ёю ў царства мёртвых. Міф пра Арфея — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны П.​Рубенса, Я.​Тынтарэта), л-ры (Авідзій, Вергілій), музыцы (К.​Глюк, Ф.​Ліст, І.​Стравінскі) і інш.

Арфей, які іграе на ліры. Мазаіка. 3 ст.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЯ́ДНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка крыцкага цара Мінаса і Пасіфаі, унучка бога сонца Геліяса. Дапамагла афінскаму герою Тэсею, які забіў Мінатаўра, выбрацца з лабірынта пры дапамозе клубка нітак («нітка Арыядны»). Пакінутая Тэсеем, стала жонкай Дыяніса; вянок, падораны Дыянісам, пасля смерці Арыядны трапіў на неба і прыняў форму сузор’я (сузор’е Паўночная Карона). Міф пра Арыядну — часты сюжэт у выяўленчым мастацтве (антычныя вазы, фрэскі, рэльефы рымскіх саркафагаў, карціны Тыцыяна, Я.​Тынтарэта, А.​Каўфман), літаратуры (Лопэ дэ Вэга, І.​Гундуліч), музыцы (Г.​Ф.​Гендэль, І.​Гайдн, І.​К.​Бах) і інш.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЧАРЭ́НКА (Аляксандр Іванавіч) (28.1.1922, с. Грыгор’еўка Ісык-Кульскай вобл., Кыргызстан — 20.7.1988),

рускі літаратуразнавец. Д-р філал. н. (1958), праф. (1965). Скончыў Маскоўскі абл. пед. ін-т (1942). Даследаваў творчасць М.​Горкага, сацыяліст. рэалізм, суадносіны нацыянальнага і інтэрнацыянальнага ў мастацтве. Аўтар артыкулаў пра творчасць рус., бел. і ўкр. пісьменнікаў. У кн. «Сучасны беларускі раман» (1971, 2-е выд. 1978) разглядаў творы І.​Мележа, А.​Адамовіча, Я.​Брыля, В.​Быкава, А.​Кулакоўскага, І.​Навуменкі, І.​Шамякіна, І.​Чыгрынава і інш. У 1969—88 старшыня савета па бел. л-ры Саюза пісьменнікаў СССР.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭДА́Л І ІКА́Р,

персанажы старажытнагрэчаскай міфалогіі. Дэдал — выдатны вынаходнік, механік, будаўнік, скульптар. Ікар — яго сын. Паводле міфа, Дэдал па загадзе крыцкага цара Мінаса пабудаваў лабірынт для Мінатаўра і дапамог Арыядне вызваліць з лабірынта Тэсея, за што разам з Ікарам быў зняволены. Д. і І. зрабілі з пер’я і воску крылы, бацька даляцеў да Сіцыліі, а сын занадта наблізіўся да сонца, воск на крылах растапіўся, Ікар зваліўся ў мора і загінуў. Вобраз Ікара, чалавека, які ўзляцеў да сонца, часта выкарыстоўваецца ў л-ры, выяўл. мастацтве, музыцы.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́Д (11 ст. да н.э., г. Віфлеем, Іарданія — 965 ці 964 да н.э.),

2-і цар Ізраільска-Іудзейскай дзяржавы. Паводле Старога запавету, юнак-пастух Давід перамог у адзінаборстве волата Галіяфа. Пасля гібелі цара Саула ў 1004 ці 1003 да н.э. быў абвешчаны царом Іудзеі, далучыў да яе тэр. ізраільскіх плямён і стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, правёў перапіс насельніцтва, зрабіў сталіцай г. Іерусалім. Біблейскі вобраз Давіда (юнак, пастух, палкаводзец, цар, складальнік псалмоў, музыкант, месія) атрымаў адлюстраванне ў л-ры, выяўл., тэатр., муз. мастацтве.

Давід. Скульптар Мікеланджэла. 1501—04.

т. 5, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́КТАР,

герой у грэчаскай міфалогіі, сын Прыяма і Гекубы, муж Андрамахі. Галоўны траянскі герой у «Іліядзе», правадыр у Траянскай вайне, вылучаўся сілай і геройствам. Двойчы ўступаў у адзінаборства з найб. магутным пасля Ахіла ахейскім героем Аяксам. Траянцы на чале з Гектарам уварваліся ва ўмацаваны лагер ахейцаў і падпалілі адзін карабель. Загінуў у адзінаборстве з Ахілам, які помсціў яму за забойства Патрокла. Лёс Гектара адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (творы вазапісу, рэльефы саркафагаў, скульптуры А.​Кановы, Б.​Торвальдсена), л-ры (Ф.​Шылер, Ж.​Жыраду) і інш.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РА У грэчаскай міфалогіі царыца багоў, дачка Кронаса і Рэі, жонка і сястра Зеўса. Лічылася ўладаркай хмар, маланкі і грому, пазней — багіня шлюбу і сямейнага шчасця, апякунка жанчын. Уяўлялі яе з яблыкам (сімвал шлюбу і ўрадлівасці), дыядэмай, скіпетрам царыцы, пакрывалам і ахвярнай чашай. Вылучалася жорсткасцю, раўнівым норавам. Міф пра Геру — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, скульптуры, карціны Карэджа, П.​П.​Рубенса, Дж.​Цьепала, Н.​Пусэна). У рым. міфалогіі Геры адпавядае Юнона.

Л.​М.​Драбовіч.

Гера і Ірыда. Фрагмент фрэскі з дома ў Пампеях. 50—79.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГА́НТЫ,

у грэчаскай міфалогіі пачварныя волаты са змяіным целам. Гіганты нарадзіла Гея з кропель крыві, што пралілася пры лягчанні бога неба Урана. Яны паўсталі супраць алімп. багоў, у бітве (гігантамахія) багі з дапамогай Геракла перамаглі гігантаў і скінулі іх у змрочную бездань тартар. Бітва гігантаў з багамі — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (размалёўка храмаў, скульптуры, творы вазапісу), л-ры (эпас Клаўдзіяна), музыцы (опера К.​В.​Глюка) і інш.

Да арт. Гіганты. Бітва багоў і гігантаў. Фрагмент паўночнага фрыза Пергамскага алтара. 180—160 да н.э.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)