БО́ЛІНА,
былы маёнтак у Віцебскай вобл. Існаваў у 15 — пач. 20 ст. на беразе р. Больнік паміж в. Кастрыца Лепельскага і Дзярэўня Чашніцкага р-наў на Пд ад аўтадарогі Лепель—Орша. Вядомы з пач. 1440-х г. як сяло Лукомскага княства. Належаў Лукомскім, П’яноўскім, Жабам і інш. Апошняй уладальніцай Боліна ў пач. 20 ст. была К.Дзевалтоўская-Гінтаўт. Пасля 1917 маёнтак спыніў існаванне. Рэшткі Боліна знішчаны ў 1970-я г. ў час меліярацыйных работ.
т. 3, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ПО́ЛЬШЧА (Wielkopolska),
гістарычная назва адной з абласцей Польшчы. Першапачаткова (9—11 ст.) Вялікай Польшчай называлася тэр. ў басейне рэк Варта і Нотаць, пазней — тэр., якая межавала на З з Сілезіяй і Любушскай зямлёй, на Пн з Памор’ем, на У з Мазовіяй, на Пд з Малой Польшчай. У 16—18 ст. ў Вялікую Польшчу ўваходзілі таксама Мазовія і Каралеўская Прусія. У 19 ст. тэрмін «Вялікая Польшча» выкарыстоўваўся як сінонім Пазнанскага вял. княства.
т. 4, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1794.
Адбыўся паміж 2-тысячным паўстанцкім атрадам С.Грабоўскага і рас. войскамі каля мяст. Любань Бабруйскага пав. ў час. паўстання 1794. Атрад накіраваны Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага ў рэйд па Мінскай губ. з мэтай актывізаваць там паўстанне. 4 вер. каля Любані паўстанцы сутыкнуліся з рэгулярнымі рас. войскамі князя П.Д.Цыцыянава, былі акружаны і пасля непрацяглага бою капітулявалі. Карнікі захапілі 250 палонных (у т. л. С.Грабоўскага) і 5 гармат.
т. 9, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Варшаўскае княства,
залежная ад Францыі дзяржава ў 1807—15. Утвораная паводле Тыльзіцкага міру 1807 з часткі польск. зямель Прусіі. Пашырана за кошт польскіх зямель, адваяваных польскай арміяй у Аўстрыі ў ходзе Аўстра-французскай вайны 1809 (тэр. з гарадамі Кракаў, Кельцы, Радам, Люблін і Седльцы). Пл. 142 тыс. км², нас. 4,3 млн. чал. (79% палякаў, 8% літоўцаў і беларусаў, 7% яўрэяў, 6% немцаў). Узначальваў саксонскі кароль Фрыдрых Аўгуст, прызначаны франц. імператарам Напалеонам I. Дзейнічала прапанаваная Напалеонам канстытуцыя, паводле якой створаны сейм і дзярж. савет, армія (да 40 тыс. чал.; камандуючы Ю.Панятоўскі), пацверджаны прывілеі шляхты, тэр. герцагства падзелена на 6 дэпартаментаў і 60 паветаў. Дэкрэтам 1807 сяляне вызвалены ад прыгоннай залежнасці, аднак сял. і абшчынныя землі пакінуты ў неад’емнай уласнасці памешчыкаў. Развіваліся здабыча вугалю, металургія і сукнаробства. У 1812 база франц. арміі пры ўварванні ў Расію, у якім удзельнічала польск. армія; пасля правалу паходу Напалеона ў Расію (гл. Вайна 1812) занята рас. войскамі (1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 з б.ч. герцагства ўтворана Каралеўства Польскае, Пазнанскі і Быдгашчцкі дэпартаменты вернуты Прусіі (з іх створана Вял. княства Пазнанскае), Кракаў і яго наваколле сталі «вольным горадам» (гл. Кракаўская рэспубліка).
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНСК,
горад у Расіі, цэнтр Бранскай вобласці, на р. Дзясна. 478,1 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка (с.-г., дарожныя і ірыгацыйныя машыны, цеплавозы, вагоны, рухавікі і інш.), хім., лёгкая (абутковая, швейная), дрэваапр., харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (сілікатная цэгла, жалезабетонныя вырабы). 4 ВНУ. 3 т-ры. Гіст.-рэвалюцыйны музей.
Засн. ў 985 як слав. ўмацаванае паселішча. Першапач. назва Брынь, потым Дзебранск. Як горад упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе каля 1146, належаў чарнігаўскім князям. З 1159 у складзе Вшчыжскага княства, у 1167 зноў адышоў да чарнігаўскіх князёў. З 1252 цэнтр Бранскага княства. У 1356 захоплены Альгердам і ўключаны ў ВКЛ. У 1500 Бранск занялі войскі Івана III, горад увайшоў у Маскоўскую дзяржаву. У часы Пятра I у Бранску закладзена суднаверф, дзе ў 1737—39 будаваліся судны Бранскай флатыліі для паходу ў Турцыю. З 1709 у складзе Кіеўскай губ., з 1778 павятовы горад Арлоўскай губ. У 19 ст. — цэнтр Бранскага прамысл. раёна; у 1870-я г. створана т-ва Бранскага рэйкапракатнага, жалезаапрацоўчага і мех. з-даў. У Вял. Айч. вайну моцна разбураны. У бранскіх лясах дзейнічала каля 60 тыс. партызан. Вызвалены ў выніку Бранскай аперацыі 1943.
т. 3, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́Т,
горад у Афганістане, у аазісе, які арашае р. Герыруд. Адм. ц. правінцыі Герат. Каля 200 тыс. ж. (1994). Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Эканам. цэнтр зах. ч. краіны. Бавоўна-ачышчальныя, тэкст. і харч. прадпрыемствы. Саматужныя промыслы (тканіны, дываны). Гандаль каракулем і інш. с.-г. прадукцыяй. Арх. помнікі 12—15 ст. — цытадэль, маўзалеі, мячэці. У Гераце ў 15 ст. ўзнікла Герацкая школа мініяцюрнага жывапісу.
Заснаванне Герата прыпісваюць Аляксандру Македонскаму (адсюль назва ў грэч. крыніцах Александрыя-Арыяна ці Александрыя Арыйская, сучасная назва з часоў праўлення Сасанідаў). Пасля смерці Аляксандра Македонскага паслядоўна ў складзе стараж. і сярэдневяковых дзяржаў Сярэдняга Усходу. Пры Сасанідах і ў эпоху Халіфата значны горад, пры Саманідах — адзін з гал. гарадоў Харасана. У 1221 зруйнаваны манг. войскамі, да 1236 адноўлены. У 13—14 ст. Герат — сталіца дзяржавы Куртаў. Росквіт прыпадае на 15 ст. пры Цімурыдах, калі Герат стаў буйнейшым гандл., рамесніцкім і культ. цэнтрам на Сярэднім Усходзе. У 16 ст. заваяваны Сефевідамі, з 1716 у складзе Герацкага княства. У 1732 захоплены Надзір-шахам, з 1747 у складзе Дуранійскай дзяржавы. У 19 ст. цэнтр Герацкага княства, прадмет спрэчкі паміж Афганістанам і Іранам, Англіяй і Іранам. У 1863 Дост Мухамед канчаткова далучыў Герат да Афганістана.
т. 5, с. 171
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗАРЫ,
шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ. З літ. баяр, у 18 ст. прэтэндавалі на княжацкі тытул, выводзячы сябе ад князёў Празароўскіх. Найб. вядомыя:
Юзаф (14.3.1723, Бобцін у Жамойці — 22.10.1788), сын Станіслава, ген.-маёр (1762), віцебскі кашталян ў 1774—81 і ваявода ў 1781—87; чл. Пастаяннай Рады з 1776, староста ковенскі з 1762. Кароль (паміж 1759 і 1761—1.11.1841), сын Юзафа, вял. абозны ВКЛ у 1787—92, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1787. У час паўстання 1794 прызначаны Т.Касцюшкам намеснікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх дывізіях войска ВКЛ (яму падпарадкавана Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага). Пасля задушэння паўстання да 1802 у эміграцыі. У 1812 падтрымаў Напалеона, увайшоў у Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага (старшыня Скарбовага к-та). Да 1814 у эміграцыі. З 1821 у Патрыятычным таварыстве, чл. правінцыяльнага к-та Літвы. У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў (вызвалены ў 1829). Ігнацы Каэтан (да 1769 — каля мая 1807), сын Юзафа. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1788. Ротмістр войска ВКЛ (1791), удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 ген.-маёр у Ковенскім пав.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 13, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ра́да
(польск. rada, ад ням. Rath)
1) савет прадстаўнікоў у розныя гістарычныя перыяды ў Польшчы і Беларусі (напр. паны-рада Вялікага княства Літоўскага);
2) сумеснае абмеркаванне якіх-н. пытанняў, нарада;
3) парада;
4) сродак, паратунак, выйсце (напр. няма рады, не даць рады).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
БАГРЫ́НАВА,
вёска на Беларусі, у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобласці. За 13 км ад Талачына. 108 ж., 53 двары (1995). Узнікла на мяжы 15—16 ст. на тэр. Друцкага княства. У розны час належала Друцкім, Багрынаўскім, Адзінцэвічам, Сангушкам. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Багрынава ўвайшло ў Аршанскі пав. У пач. 20 ст. ў Багрынаве 192 ж., 25 двароў. Побач з вёскай група археал. помнікаў: гарадзішча, замчышча, курганны могільнік крывічоў (11 ст.).
т. 2, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫ́КУЛЫ ВАЙСКО́ВЫЯ (гетманскія),
вайсковыя законы, пастановы і распараджэнні, якія дзейнічалі ў ВКЛ у 16—18 ст. Зацвярджаліся соймам або асабіста гетманамі. Былі першымі дысцыплінарнымі і баявымі статутамі арміі, а таксама зборнікамі вайскова-крымінальнага права. У артыкулах і інш. юрыд. актах пра вайск. службу вызначаўся парадак камплектавання, размяшчэння, забеспячэння і падпарадкавання арміі. Першая спроба кадыфікаваць нормы вайск. права Беларусі зроблена пры складанні Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. У 1754 у Нясвіжы зроблена першае сістэматызаванае выданне актаў па вайск. праве Беларусі.
т. 1, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)