РЭГРАДА́ЦЫЯ ГЛЕБ,

вяртанне глебаўтваральных працэсаў да папярэдняй стадыі. Напр., пад уздзеяннем асушальнай меліярацыі ў мінер. глебах працэсы забалочвання спыняюцца, іх змяняюць працэсы, якія фарміруюць аўтатрофныя глебы, але пры іх паўторным устойлівым залішнім увільгатненні зноў развіваецца забалочванне. Р.г. адбываецца на ўзараных схілавых эрадзіраваных глебах пры іх залужэнні; эрозія глебы спыняецца, урадлівасць яе аднаўляецца. Аднак некат. асушальныя мерапрыемствы і няправільнае с.-г. выкарыстанне зямель часам прыводзяць да неабарачальных працэсаў дэградацыі глебы, і ворныя землі ператвараюцца ў непрыдатныя (Р.г. не адбываецца).

т. 13, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гной, гно́ю, М гнаі, м.

1. Перапрэлая сумесь памёту і подсцілу свойскай жывёлы, якая ўжыв. для ўгнаення глебы.

Конскі г.

Вывесці г. з хлява.

2. Вадкасць жоўтага або шэрага колеру з непрыемным пахам як прадукт гніення, запалення тканак жывога арганізма.

|| прым. гнаявы́, -а́я, -о́е і гно́йны, -ая, -ае (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

біялагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да біялогіі. Біялагічная навука. Біялагічная актыўнасць глебы. Біялагічная каштоўнасць кармоў. // Такі, дзе займаюцца даследаваннямі з галіны біялогіі. Біялагічная станцыя. Біялагічны кабінет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паве́рхневы, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца на паверхні, недалёка ад паверхні. Паверхневыя пароды. Паверхневыя слаі глебы. // Які адбываецца на паверхні. Паверхневае выпарэнне. Паверхневы сцёк вады. // Неглыбокі. Паверхневае дыханне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́йсміка, ‑і, ДМ ‑міцы, ж.

Галіна геафізікі, якая вывучае ваганні глебы якой‑н. пэўнай мясцовасці; большая ці меншая схільнасць да землетрасенняў або інтэнсіўнасць апошніх. Сейсміка Таджыкістана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

электраво́рыва, ‑а, н.

Узорванне глебы сельскагаспадарчымі прыладамі, якія рухаюцца сілай электраэнергіі. Электрычная энергія пачынае шырока ўжывацца і ў паляводстве: злектраворыва, малацьба, абвадненне палёў у засушлівых раёнах. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гру́бер

(англ. grubber)

устарэлая назва культыватара для глыбокага рыхлення глебы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

чы́зель

(англ. chisel = долата)

цяжкі культыватар для глыбокага рыхлення глебы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КУЛЬТЫВА́ТАР,

прылада для рыхлення глебы, знішчэння пустазелля, акучвання і падкормкі раслін (гл. Культывацыя). Падзяляюцца на папарныя (для суцэльнай апрацоўкі глебы) і прапашныя (для міжрадковай апрацоўкі прапашных культур); прычапныя, навясныя і паўнавясныя.

Папарныя К. бываюць лапавыя (палявыя, садовыя, ягаднікавыя, лясныя, рыхліцелі і проціэразійныя са стральчатымі лапамі), штангавыя (з франтальна размешчанай штангай, якая пры вярчэнні вырывае пустазелле) і пласкарэзы (для апрацоўкі глебы, схільнай да ветравой эрозіі). Прапашныя К., у т. л. К.-раслінасілкавальнікі, К.-акучнікі выкарыстоўваюць для рыхлення глебы і знішчэння пустазелля ў міжрадкоўях, падкормкі раслін і іх акучвання, наразання барознаў для паліву. У залежнасці ад велічыні прасвету пад рамай (для праходу над раслінамі) бываюць для апрацоўкі пасеваў нізкасцябловых (буракоў і інш. караняплодаў) і высокасцябловых (кукурузы, бульбы, капусты і інш.) культур. Універсальныя К. прыстасаваны для суцэльнай апрацоўкі глебы і догляду за пасевамі. К. забяспечваюцца зменнымі рабочымі органамі.

На Беларусі найб. выкарыстоўваюць К. з палольнымі лапамі (аднабаковыя, стральчатыя пласкарэзныя і універсальныя), з разрыхляльнымі лапамі (долата- і коп’епадобныя), акучвальныя карпусы.

Культыватары: 1 — для суцэльнай апрацоўкі глебы; 2 — культыватар-раслінасілкавальнік-акучнік; 3 — лясны; 4 — фрэзерны.
Рабочыя органы культыватара: 1 — аднабаковая пласкарэзная лапа; 2 — коп’епадобная лапа; 3 — пласкарэзная стральчатая лапа; 4 — універсальная лапа; 5 — акучвальны корпус; 6 — ігольчасты дыск; 7 — разрыхляльная зваротная лапа з спружыновым стаяком; 8 — нож для падкормкі.

т. 9, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫ АНА́ЛІЗ,

даследаванне складу і ўласцівасцей глебавых гарызонтаў, іх колькасных характарыстык і хім. саставу. Пры глебавым аналізе вызначаюць грануламетрычны і агрэгатны састаў, структуру глебы, гумус (перагной), колькасць хім. элементаў і іх назапашванне (валавы аналіз), састаў і колькасць водарастваральных рэчываў глебы і яе рэакцыю, паглынальную здольнасць, забяспечанасць злучэннямі азоту, фосфару, калію і інш. рэчывамі, даступнымі для жыўлення раслін, даследуюць склад элементаў глебы, дынаміку размеркавання ў ёй пажыўных рэчываў і дынаміку глебавых працэсаў. На аснове глебавага аналізу складаюць глебавыя карты і картаграмы.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)