МІМІКРЫ́Я (англ. mimicry ад грэч. mimikos пераймальны),
адзін з тыпаў ахоўнай афарбоўкі, формы і паводзін; імітацыйнае падабенства неабароненага арганізма да абароненага або неядомага. Узнікненне М. шляхам натуральнага адбору звязана з выбіральным знішчэннем арганізмаў інш. арганізмамі, якія ў пошуках корму карыстаюцца зрокам.
У жывёл М. выяўляецца ў знешнім падабенстве неабароненых жывёл з прадметамі навакольнага асяроддзя і раслінамі (мімезія), або з неядомымі ці абароненымі жывёламі (міметызм). Адрозніваюць 2 формы М., названых па прозвішчах вучоных, што далі іх апісанне: Г.Бейтса (1862) і ням. заолага Ф.Мюлера (1864). Пры бейтсаўскай М. ядомыя і неядомыя для драпежнікаў жывёлы маюць падобную афарбоўку, як, напр., матылі бялянкі Dismorphia astynome i Perrhybris pyrrha падобны да неядомых ярка афарбаваных матылёў сям. геліканід, што маюць непрыемны пах і смак. Пры мюлераўскай М. некалькі абароненых відаў жывёл маюць падобны выгляд, імітуюць адзін аднаго па афарбоўцы і форме і ўтвараюць «кольца» М. (напр., восы, ядавітыя жукі і інш.). У раслін М. служыць пераважна для прываблівання або адпужвання жывёл і звычайна тычыцца асобных органаў, а не расліны цалкам.
Да арт.Мімікрыя: А — бугай, непрыкметны ў чароце (мімезія); Б — таракан прозаплекта семперы (1), падобны на божую кароўку (2; міметызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства мінскіх урачоў. Створана ў 1862 па ініцыятыве губ. ўрачэбнага інспектара Дз.В.Спасовіча з мэтай сан. вывучэння губерні, барацьбы з эпідэміямі, арг-цыі ўрачэбнай дапамогі насельніцтву, сан. асветы. У 1863 зачынена. У 1867 дзейнасць адноўлена намаганнямі доктара М.К.Берга. Т-ва праводзіла медыка-тапаграфічнае і сан.-стат. апісанне гарадоў і мястэчак Мінскай губ., лабараторныя сан.-гігіенічныя даследаванні вады і прадуктаў харчавання, арганізавала дэзінфекцыйную камеру, сан.-бактэрыялагічную лабараторыю. Засн.мед. б-ку (1867), метэаралагічную станцыю (1869), бясплатную лячэбніцу для бедных (1879), гар. бальніцу сан.к-та (1898), гар. амбулаторыю (1899), дачу-калонію для хворых на туберкулёз (1912). Т-ва выдавала свае «Пратаколы» і «Працы», у 1910—15 штомесячны час. «Минские врачебные известия»; удзельнічала ў стварэнні ў Мінску б-к — імя А.С.Пушкіна (1899), чыгуначнай (1902), імя Л.М.Талстога (1911). У 1919—21 і 1941—44 дзейнасць т-ва перапынялася. У 1929 пераўтворана ў навук. асацыяцыю, у 1933 — у профільныя т-вы, у 1940 — ва Усебел. мед.т-ва. У 1944 створаны шэраг спецыялізаваных мед. т-ваў.
Літ.:
Молчанов А.П. К истории научных медицинских обществ в Белоруссии // Научные медицинские общества БССР: Сб. справ. сведений. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НКЕ (Ranke) Леапольд фон (21.12.1795, г. Віе, Германія — 23.5.1886),
нямецкі гісторык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1860). Настаўнік караля Баварыі Максіміляна II. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1818). У 1825—71 праф. Берлінскага ун-та, адначасова гістарыёграф прускай дзяржавы (з 1841) і старшыня Гіст. камісіі пры Баварскай АН у г. Мюнхен (з 1858). У 1832—36 выдаваў кансерватыўны «Historisch-politische Zeitschrift» («Гістарычна-палітычны часопіс»). Найб. значны прадстаўнік новай ням.гіст. навукі, у аснове якой ляжала строгая крытыка крыніц. Для Р. характэрны аб’ектыўнае апісанне гісторыі, выяўленне «агульнай ідэі», што вызначае ход падзей, пры пільнай увазе да дэталей. Аўтар прац «Гісторыя раманскіх і германскіх народаў з 1494 да 1535 г.» (1824), «Рымскія папы, іх царква і дзяржава ў XVI і XVII стст.» (т. 1—3, 1834—36), «Нямецкая гісторыя ў эпоху Рэфармацыі» (т. 1—6, 1839—47), «Дзевяць кніг прускай гісторыі» (т. 1—3, 1847—48; потым пашырана і выдадзена пад назвай «Дванаццаць кніг прускай гісторыі», т. 1—5, 1874), «Французская гісторыя, пераважна ў XVI і XVII стст.» (т. 1—5, 1852—61), «Англійская гісторыя, пераважна ў XVI і XVII стст.» (т. 1—7, 1859—68), «Сусветная гісторыя» (т. 1—16, 1881—88) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНІ́ЦКІ Іван Францавіч (1856 або 1861, Смаргоншчына, Гродзенская вобл. — 2.5.1939),
бел. мемуарыст, падарожнік. Юнацтва правёў на Украіне. У 1893 вярнуўся ў г. Смаргонь, уключыўся ў рэв. барацьбу, арганізаваў б-ку, прапагандаваў творы Л.Талстога і М.Горкага, пісаў карэспандэнцыі ў віленскія газеты. З 1901 падарожнічаў за мяжою, напісаў кнігу «Новая Зеландыя — Еўропа» — першае на рус. мове апісанне Новай Зеландыі (забаронена цэнзурай, карэктурны адбітак зберагаецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі). Перад рэвалюцыяй 1905—07 вярнуўся на радзіму. За актыўны ўдзел у рэв. падзеях арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ. У турме і ссылцы напісаў па просьбе М.Рубакіна ўспаміны «З майго жыцця ў вёсцы», прысвечаныя рэв. падзеям у Смаргоні ў канцы 19 — пач. 20 ст. (рукапіс зберагаецца ў Дзярж. б-цы Расіі, Масква). З ссылкі ўцёк у Фінляндыю. Вярнуўшыся на радзіму, устанавіў сувязі з газ. «Наша ніва», пісаў у яе карэспандэнцыі (магчыма, пад псеўданімам Смаргонец). У 1920—30-я г. падтрымліваў сувязь з Т-вам бел. школы.
Літ.:
Дридзо А. Путешественник из Сморгони // Нёман. 1984. №4;
Каранеўскі А. Па слядах рэвалюцыянера і публіцыста // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕ́САРАЎ Андрэй Яўгенавіч (13.12.1865, с. Старая Калітва Расашанскага р-на Варонежскай вобл., Расія — 4.12.1937),
расійскі і сав. военачальнік, вучоны-ўсходазнавец, праф. (1921). Герой Працы (1928). Ген.-лейт. (1917). Скончыў Маскоўскія ун-т (1888), кансерваторыю, ваен. вучылішча (1890) і Акадэмію Генштаба (1899); валодаў 14 мовамі. З 1888 на ваен. службе ў Туркестане, дзе вёў ваенна-геагр.апісанне Сярэдняга Усходу; здзейсніў паездкі па Індыі, Афганістане, Тыбеце, Кашгарыі. З 1904 у Генштабе, адначасова выкладаў у ваен. вучылішчах. З 1910 нач. штаба казацкай дывізіі. У 1-ю сусв. вайну камандаваў палком, брыгадай, дывізіяй, корпусам. У Чырв. Арміі з 1918. З вер. 1918 нач.Заходняга раёна абароны (гл. таксама Заходні ўчастак атрадаў заслоны). З 15.11.1918 па 31.5.1919 камандуючы Заходняй арміяй 1918—19 (з 13.3.1919 наз.Беларуска-літоўскай арміяй, з 7.6.1919—16-й арміяй Заходняга фронту 1919—24). У 1919—21 нач. Акадэміі Ген.штаба. У 1921—30 рэктар і праф. Ін-та ўсходазнаўства, адначасова (з 1924) праф. Ваенна-паветр. і з 1926 Ваенна-паліт. акадэмій. У 1930—34 знаходзіўся пад арыштам па лжывым абвінавачанні. Аўтар прац па ваен. геаграфіі.
Літ.:
А.Е.Снесарев. Жизнь и науч. деятельность. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ХАДЖЭ́ННЕ Ў ЦА́РГРАД»,
помнік стараж.-рус. і бел. літаратуры 14 — пач. 15 ст. Напісана смаленскім дзякам Ігнаціем, які ў 1389 суправаджаў у вандроўцы ў Царград (Канстанцінопаль) рус. мітрапаліта Пімена і пасля абрання мітрапалітам Кіпрыяна быў пакінуты ў складзе дыпламат. місіі пры Канстанцінопальскай патрыярхіі. Помнік дайшоў у 2 рэдакцыях: кароткай (15 ст.) і летапіснай (16 ст.) і ў шэрагу іх варыянтаў. Складзены паводле загаду смаленскага епіскапа Міхаіла як працяг летапісу, які, магчыма, Ігнацій вёў з 1370 (пазней названы «Сказание летом въ кратце»). У «Хаджэнні» апісаны прылеглыя да горада мясціны. барацьба паміж Іаанам IV Калуянам і Мануілам II Палеалогам за візант. пасад у 1390, землетрасенне 1391, каранацыя Мануіла II у 1393. Твор вызначаецца высокімі маст. якасцямі і багатай інфармацыяй пра шлях на Усход, насельніцтва Прычарнамор’я, грамадска-паліт. жыццё Візантыі. У ім ёсць унікальныя звесткі пра помнікі архітэктуры і мастацтва, манастыры, хрысц. святыні і інш. Спалучае летапісны стыль і традыцыі паломніцкай л-ры; твор пераходны да свецкага апавядання пра падарожжы, ён адзін з першых узораў аўтабіягр.бел. прозы.
Да тэксту Ігнація ў летапіснай рэдакцыі памылкова далучана ананімнае «Апісанне Іерусаліма», выпадкова пераплеценае ў 16 ст. разам з «Хаджэннем».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
тэхнало́гія
(ад гр. techne = майстэрства + logos = навука, вучэнне)
1) сукупнасць метадаў апрацоўкі матэрыялаў у працэсе вытворчасці і іх навуковае апісанне (напр. т. зваркі);
2) перан. сукупнасць прыёмаў, якія выкарыстоўваюцца ў якой-н. справе, майстэрстве (напр. т. творчасці).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
дэклара́цыя, ‑і, ж.
1. Афіцыйная заява аб чым‑н.; урачыстае абвяшчэнне ўрадам або партыяй якіх‑н. прынцыпаў сваёй палітыкі, а таксама дакумент, у якім яны выкладзены. Выступіць з дэкларацыяй. Урадавая дэкларацыя. Дэкларацыя аб утварэнні СССР.
2. Назва некаторых афіцыйных дакументаў з паведамленнем якіх‑н. патрэбных звестак. Гандлёвая дэкларацыя.
3.перан. Немастацкае, абстрактнае апісанне, якое не выклікае эмоцый, або чыё‑н. выказванне такога характару. Некаторыя.. паэты павярхоўна падыходзілі да з’яў жыцця, мастацкае адлюстраванне жыцця падмянялі дылетанцкімі, верхаглядскімі дэкларацыямі.Навуменка.Дэкларацыя, якая б яна ні была.., ніяк не можа замяніць актыўнасць уласна-мастацкай, актыўнасць вобразнага пазнання.Бярозкін.
[Ад лац. declaratio — заява, аб’ява.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сістэматы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтварае пэўную сістэму; пабудаваны паводле пэўнага плана. Сістэматычнае апісанне. Сістэматычны каталог.// Які заснаваны на пэўнай сістэме; строга паслядоўны, планамерны. Сістэматычныя заняткі па замежнай мове. □ Выхадзец з сацыяльных нізоў, чалавек, пазбаўлены магчымасці атрымаць сістэматычную адукацыю, [Купала] змог узняцца да вяршынь класічнай мастацкай думкі.Ярош.
2. Пастаянны, рэгулярны. Сістэматычнае павышэнне жыццёвага ўзроўню працоўных. Сістэматычнае наведванне заняткаў па фізкультуры. □ Аднак, калі трохі абціхла шуміха вакол гэтай справы, Таня і Вера наладзілі сістэматычную перапіску з Надзяй.Машара.
3. Які мае адносіны да сістэматыкі (у 2 знач.). Від — гэта ніжэйшая сістэматычная адзінка сучаснай класіфікацыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
інвента́р
(п.-лац. inventarium = вопіс)
1) сукупнасць рэчаў, прылад, якія складаюць маёмасць прадпрыемства, установы, арганізацыі;
2) дакладны спіс гэтай маёмасці; вопіс, рэестр;
3) апісанне феадальных уладанняў у Польшчы, Вялікім княстве Літоўскім, Венгрыі ў 16 — першай пал. 19 ст.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)