аднаўленне цэласнасці зубных радоў з дапамогай зубных пратэзаў. Аднаўляе таксама дыкцыю, эстэт. выгляд чалавека.
У залежнасці ад дэфектаў зубных радоў існуюць розныя канструкцыі зубных пратэзаў (няздымныя, здымныя, умоўна здымныя). Няздымныя (каронкі, мостападобныя пратэзы) робяць пры дэфектах каронак зуба або пры страце 1—3 зубоў. Здымныя пратэзы (пласціністыя, бюгельныя) выкарыстоўваюць пры значных дэфектах зубных радоў. З укараненнем у стаматалогію імплантантаў магчымасці П.з. значна пашырыліся. Праводзіцца дэнтальная імплантацыя (пры недастаткова надзейнай фіксацыі пратэзаў у поласці рота). Выкарыстанне ўнутрыкасцявых імплантантаў дазваляе пазбегнуць здымных пратэзаў або значна палепшыць іх фіксацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУСА́К, таракан рыжы (Blattella germanica),
насякомае атр. тараканавых. Пашыраны ўсюды; сінантропны від, жыве пераважна ў жыллі чалавека. Актыўны ўначы. Можа пашкоджваць харч. прадукты, скураныя вырабы, пераплёты кніг, пакаёвыя і цяплічныя расліны. Пераносчык узбуджальнікаў шэрагу хвароб (напр., дызентэрыі) і яец гельмінтаў. Цеплалюбівы, гіне пры т-ры ніжэй за -5 °C.
Даўж. да 13,3 мм. Цела пляскатае. Пярэднія крылы (надкрылы) скурыстыя, заднія — тонкія. Вусікі доўгія. Ротавыя органы грызучыя. Усёедныя. Яйцы адкладваюць (да 40 шт.) у аптэку — хіцінавую капсулу, якую да 40 дзён выношваюць на канцы брушка. Ператварэнне няпоўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРОДААХО́ЎНЫЯ НО́РМЫ,
эколага-прававыя патрабаванні да прыродакарыстальнікаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны ў сферы ўзаемадзеяння чалавека і прыроды. Накіраваны на задавальненне патрэб грамадства ў ахове прыроды і забеспячэнні аптымальнай якасці навакольнага асяроддзя. Замацаваны ў прыродаахоўным заканадаўстве, дапаўняюцца экалагізаванымі нормамі гасп., адм., грамадз., крымін. і інш. заканадаўстваў, якія канкрэтызуюць матэрыяльныя, арганізац. і прававыя гарантыі выканання П.н. У адпаведнасці з імі ўстанаўліваюцца ліміты здабычы прыродных рэсурсаў або нормы выкідаў у навакольнае асяроддзе забруджвальнікаў. Пры парушэнні П.н. ужываюцца пэўныя санкцыі (штрафы, прыпыненне ці забарона эксплуатацыі абсталявання, цэхаў, вытв-сцей і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДНАЕ РАЯНАВА́ННЕ,
сістэма тэрытарыяльнага падзелу, заснаваная на выяўленні прыродных асаблівасцей і супадпарадкаванні індывід.тэр. адзінак рознага рангу па адной або некалькіх адзнаках. Стварае аснову для распрацоўкі і ажыццяўлення рэгіянальных мерапрыемстваў па рацыянальным прыродакарыстанні, ахове прыроды і планаванні гасп. дзейнасці чалавека. Адлюстроўваецца на картасхемах, якія суправаджаюцца тлумачальнай запіскай або манаграфіяй з сістэматызаваным апісаннем кожнага прыроднага рэгіёна па пэўнай схеме. На Беларусі распрацаваны агракліматычнае раянаванне, геабатанічнае раянаванне, геамарфалагічнае раянаванне, гідралагічнае раянаванне, глебава-геаграфічнае раянаванне, зоагеаграфічнае раянаванне, ландшафтнае раянаванне, фізіка-геаграфічнае раянаванне, таксама геахім., гідрагеал., інжынерна-геал., прыродна-меліярац. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАЕ́ДЫсапраўдныя
(Aviculariidae),
сямейства членістаногіх атр. павукоў. Каля 600 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, а таксама ў Паўд.-Усх. Азіі, Усх. Афрыцы, у трапічных лясах. Актыўныя на змярканні і ўначы. Віды родаў акантаскурыя (Acanthoscurria), тэрафоза (Theraphosa) і інш. небяспечныя для чалавека (яд паражае ц. н. с.).
Даўж. да 11 см. Цела і ногі ўкрыты шматлікімі валаскамі. Хеліцэры заканчваюцца кіпцікамі з адтулінамі ядавітых залоз на канцы. Лёгкіх 2 пары. Кормяцца буйнымі насякомымі, дробнымі пазваночнымі, у т. л. птушанятамі (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУРЫ́НЫ,
група арганічных гетэрацыклічных рэчываў, вытворных пурыну (араматычнага біцыклічнага злучэння, утворанага кандэнсаванымі ядрамі пірымідзіну і імідазолу). Найб. пашыраны амінапурыны або пурынавыя асновы (адэнін, гуанін) і гідраксіпурыны (мачавая кіслата, гіпаксанцін, ксанцін), якія з’яўляюцца прадуктамі распаду амінапурынаў. Да П. адносяцца таксама алкалоіды кафеін і тэабрамін (метыліраваныя вытворныя ксанціну) і адэназінтрыфосфарная кіслата. Утвараюцца ў арганізме і паступаюць з прадуктамі харчавання. Біясінтэз П. пачынаецца з рыбоза-5-фасфату — прадукту пентозафасфатнага цыкла. Прыгнечанне біясінтэзу пурынавых нуклеатыдаў прыводзіць да тармажэння росту. Канчатковым прадуктам распаду П. у чалавека і большасці жывёл з’яўляецца мачавая к-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭ́ДНІ МО́ЗГ,
пярэдні аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Развіваецца з пярэдняга мазгавога пузыра. У кругларотых і рыб — мазгавая ч. нюхальнага аналізатара, выконвае пераважна ролю цэнтр. рэгулятара дзейнасці органаў нюху. У земнаводных і паўзуноў П.м. ускладняецца, падзяляецца на прамежкавы і канечны мозг; уключаецца ў кіраванне складанымі формамі паводзін. У птушак і млекакормячых падзел П.м. найб. выразны. У наземных жывёл з развіццём П.м. як органа вышэйшай нерв. дзейнасці ўзнікае дзяленне рэфлекторнай дзейнасці на сістэму складаных безумоўных (інстынктаў) і ўмоўных (мазгавая кара) рэфлексаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМЕ́ННЕ,
універсальная аперацыя мыслення, якая характарызуецца засвойваннем новых ведаў і іх уключэннем у сфарміраваную сістэму светапогляду; здольнасць усвядоміць сэнс і значэнне аб’ектаў сацыякульт. і прыроднай рэчаіснасці. Вызначаецца лагічнай упарадкаванасцю, асэнсаваннем прычынна-выніковых сувязей навакольных з’яў. Развіваецца ў працэсе зносін паміж людзьмі і засваення культ.-гіст. спадчыны. Гал. функцыя Р. — каардынацыя дзеянняў чалавека і ўсіх відаў камунікацыі. Да псіхал. механізмаў Р. адносяцца ідэнтыфікацыя, інсайт, інтуіцыя, каузальная атрыбуцыя, праекцыя, сац. перцэпцыя і эмпатыя. Р. даследуецца ў псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі, літ.-знаўстве і інш.; з’яўляецца асн. катэгорыяй навукі аб Р. тэкстаў — герменеўтыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДЫМЕНТА́РНЫЯ О́РГАНЫ,
недаразвітыя, спрошчаныя органы, якія выконвалі пэўныя функцыі ў эвалюцыйных продкаў, але страцілі сваё значэнне ў арганізме патомкаў у працэсе гіст. развіцця. Закладваюцца ў час зародкавага развіцця і поўнасцю не развіваюцца. Напр., малая галёначная косць у птушак, вочы ў некат. жывёл, што жывуць пад зямлёй (краты, слепакі і інш.), рэшткі валасянога покрыва і тазавых касцей шэрагу кітападобных. У чалавека да 100 Р.о., у т. л. хваставыя пазванкі, валасяное покрыва тулава, вушныя мышцы, апендыкс і інш. У адрозненне ад атавізмаў Р.о. ёсць ва ўсіх асобін віду.