Разгара́чыцца ’раскірачыцца’, разгара́ка ’раскірака’ (слонім., Нар. словатв.), розґара́ґа ’скрыўлены ад хваробы чалавек’ (драг., Нар. лекс.), разгіра́чыцца ’шырока расставіць ногі’ (ваўк., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’расхінуцца’ (Сцяшк.). Не зусім яснае слова. Хутчэй за ўсё, гэта фанетычны варыянт слова раскара́чыцца ’шырока расставіць ногі’, раскара́ка ’чалавек з няўклюдна расстаўленымі нагамі’, ’нешта няўклюднае, нязграбна выгнутае, растапыранае’ (гл.) са зменай к — г у інтэрвакальным становішчы. Сюды ж розґірэ́йда ’чалавек вуглаваты, няскладны, з крывымі нагамі’ (драг., Нар. лекс., пра словаўтваральную мадэль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 271), разґірэ́ка ’раскірэка’ (ваўк., Сл. ПЗБ), разгірэ́ня ’разявака’ (Сцяшк.), разгірэ́к ’беспарадак’ (Юрч. СНЛ). Гл. разгірака.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пава́л 1 ’дзеянне паводле значэння дзеяслова паваліць; тое, што павалена; павалены лес, буралом’ (ТСБМ, Яруш., Касп.), пава́ла (Шат.), пава́лка ’тс’ (Мат. Гом.). Гл. валіць.
Пава́л 2 ’столь’ (Сцяшк. Сл., Шатал.), ’гара на хаце’ (Шатал.), пава́ла ’столь’ (Тарн.), пова́л ’тс’ (Шушк., ДАБМ, 116). Запазычанне з польск. powała ’столь з бярвення’, на што паказвае геаграфія слова. Муж. род, відавочна, пад уплывам павал 1. Польск. слова ад прасл. valiti (параўн. Брукнер, 599; Махэк, 676).
Пава́л 3 ’эпідэмія, мор’ (Сцяшк.). З рус. пова́л ’эпідэмія, чума, мор’ (ср. повальная болезнь). Далей да вал, валіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гамёлка ’луста, кавалак’ (Сцяшк. МГ). Няяснае слова. Магчыма, першапачатковым значэннем было ’штосьці тоўстае, вялікае, нязграбнае’. Тады можна параўнаць з укр. дыял. гаме́ла ’тоўсты, непаваротлівы чалавек’ (Грынч.), чэш. дыял. gámeľa ’дурны, нехлямяжы’ (гл. Махэк₂, 149, дзе даецца вельмі няпэўная этымалогія). Для ўкр. слова Рудніцкі (554–555) прапануе з запытаннем сувязь з гам!, га́мати ’есці’. Што можа быць сувязь з ’есці’ і ’луста’ параўн. у Насовіча: га́мзаць, гамзі́ць ’есці’, гамзу́ля ’вялікая луста хлеба’. Да чэш. дыял. gámeľa і да магчымых сувязей гэтай групы слоў з лексемамі са значэннем ’есці’ параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 253–254 (пад gamajda).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гарба́та ’чай’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк., Сцяшк. МГ). Укр. дыял. зах. герба́та, гарба́та ’тс’. Запазычанне з польск. herbata (дыял. harbata) ’чай’. У першай частцы гэтага слова лац. назва расліны наогул (herba), у другой бачаць паўд.-кіт. назву чаю tē. Як думаюць некаторыя даследчыкі (агляд гл. у Слаўскага, 1, 416), у польск. мову назва трапіла праз гал. herba thee (адсюль і іт. erba tè). Гл. Слаўскі, там жа; Брукнер, 171. Паводле іншай версіі (Слаўскі, там жа), у другой частцы слова трэба бачыць лацінізаваную форму назвы чаю ‑thea (такая форма засведчана даўно).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дакла́дны ’дакладны’ (БРС). Укр. докла́дний ’тс’. Запазычанне з польск. dokładny ’тс’. Параўн. дакла́днасць, дакла́дна. Польск. слова з такім значэннем вядома ў помніках з XVIII ст. і звязана з дзеясловам dokładać (się), dokład. Слаўскі (1, 154) прыводзіць як паралель ст.-польск. dołożny ’дакладны’ (< dołożyć) і рус. приле́жный (< прилега́ть).
Дакладны́ (БРС): дакладна́я запіска < рус. докладна́я записка (а гэтыя словы да докла́д > бел. дакла́д). Адносна рус. докладна́я (уласна дакладная записка) падрабязна ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 157. Ужо ў сярэдзіне XV ст. ужывалася слова докладная («а докладную писал чернец Иринарх…»), якое ўзнікла на базе словазлучэння докладная грамота.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
До́ўбня ’доўбня’, ’дурны, цурбан’ (БРС). Слова, вядомае ў многіх слав. мовах. Параўн. ст.-рус. Долбня (уласнае імя), рус. долбня́, укр. до́вбня, ст.-чэш. dlubna, чэш. dlubna, dlubně, балг. длъ́бня (з іншым значэннем ’штосьці выдзеўбанае, заглыбленне; дзёўбанне’), балг. дыял. длъбня́ ’драўляны молат’, славен. dȏlbnja ’даўбанне, выдзёўбванне’. Прасл. *dьlbьna (паводле Трубачова, Эт. сл., 5, 207). Цікава, што ў некаторых слав. мовах гэтага слова няма (напр., у польскай, славацкай, сербскахарвацкай), што сведчыць аб дыялектным яго характары ў праславянскі час. Лічыцца вытворным з суфіксам ‑ьna (‑ьnʼa) ад дзеяслова *dьlbti ’дзяўбаць’ (Трубачоў, там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ве́йка (БРС, Шатал., Сцяшк. МГ). Укр. ві́я, ст.-чэш. vějička, povějе ’павека’, славен. vejice ’вейкі’. Прасл. *věi̯a ’тс’. Гэта апошняе можа быць метафарычным ужываннем слова *věi̯a ’галінка’ (ст.-слав., ст.-рус. вѣя), рус. вея, балг. ве́йка, славен. vẹ̑ja ’галінка’, чэш. vějice, vějička ’прыманка (лазінка, змазаная клеем, каб лавіць птушак і мух)’, «вейка» ’штосьці пушыстае, касматае, з бахрамой, быццам галінка з лісцем’. Але можна думаць і пра непасрэднае ўтварэнне ад *věi̯ati ’веяць, дуць’. Гл. Махэк₂, 681 (але няма неабходнасці параўноўваць гэта слова з прасл. *vědi̯a ’павека’, ст.-рус. вѣжа, ст.-слав. вѣжда ’павека’ і г. д.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Весажо́р ’сузор’е ў сем зор’, вісажы́р, вісыжа́р ’сузор’е’ (Бяльк.), зах.-палес. высожа́р ’Плеяды’ (Маш., Atlas, 3); рус. кур., дан., тул., калуж. весожа́ры ’сузор’е’, дан. весожа́ры, висожа́ры ’Плеяды’, калуж. висожа́ры, урал. висожа́р ’сузор’е Вялікай Мядзведзіцы’, смал. вышеза́р ’сузор’е Малой Мядзведзіцы’. Складанае слова ад віс‑ (параўн. рус. вяц., каз. ви́сы ’валасы’, новасіб. ’апоўзіны’) і ‑жар (усячэнне ад стожар). Гэта слова, як і роднаснае валасажа́р (гл.), узнікла ў выніку налажэння двух слоў з хісткай семантыкай, якая датычыць назваў сузор’яў і зорак; параўн. балг. власи́ ’валасы’, ’сузор’е Цяльца’ і рус. стожары ’Плеяды’; ’Вялікая Мядзведзіца’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Агло́бля, аглабня (КТС), аглабіна, аглабец ’верхняя частка драбін’ (Бір. дыс.), укр. оголоблі, рус. оглобля, оглобень, агульнаўсходнеславянскае да глоба ’балка’. Параўн. балг. зглоб, серб.-харв. згло̏б ’частка цела, член’, о̀глобље ’частка ткацкага стану’, чэш. ohlobně ’слуп’. Мяркуючы па апошніх дзвюх формах, усходнеславянскае слова — семантычнае новаўтварэнне або новаўтварэнне з больш шырокім арэалам (і тады словаўтваральна-семантычнае). На захадзе гэта слова ў значэнні ’аглобля’, магчыма, было выцеснена нямецкім па паходжанню дышаль. Гл. Патабня, РФВ, 5, 125; Брандт, РФВ, 22, 121; Ільінскі, РФВ, 62, 256. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. glóbti ’ахапіць’ і іншыя балтыйскія формы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Анты́хрыст ’супраціўнік Хрыста > бязбожнік > неміласэрны’; анціхрыст (Нас.), анчихрыст (Рам; Карскі 1, 363); ст.-бел. антихристъ (XVI ст. Гіст. мовы 1, 307). Ст.-рус. антихрьстъ, ст.-слав. антихрьстъ. Агульнаславянскае слова. У розных славянскіх мовах развіты пераносныя лаянкавыя адценні гэтага слова, амаль ва ўсіх народных славянскіх мовах сустракаюцца фанетычныя змены, напр., субстытуцыя ц/ч замест т, таму нельга катэгарычна сцвярджаць на аснове формы з анці‑ аб яе паходжанні праз рус. мову, а на анты‑ праз польск. Напэўна, тут пераход у народную мову з царкоўнай, у якой з ст.-грэч. Ἀντίχριστος (Шанскі, 1, А, 117).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)