Варо́паўка ’зялёная жаба’ (Сцяшк. МГ); ’каравая земляная жаба’ (Мядзв.); ’жаба; слабы, непаваротлівы чалавек’ (Бір. Дзярж.), варопаўка, вярэпаўка (Інстр. II). Назва дадзена па маршчыністай скуры. Для гэтага слова дакладвай адпаведнасці ва ўсх.-слав. мовах няма, але параўн, чэш. vrap, vrapa ’зморшчка, маршчына’, в.-луж. (w)ropa, н.-луж. ropa, славен. vrapa, якія Махэк₂ (698) выводзіць з прасл. *vorpъ. Можна было зыходзіць з *voropavъka < *vorp‑avъka ’жаба’ (літаральна «маршчыністая»), але, здаецца, няма рэфлексаў *vorp‑ ’маршчына’ ў іншых усх.-слав. мовах. Беларускі архаізм? Можна таксама зыходзіць з усх.-слав. *vorop‑ (< *vorp‑): ст.-рус. воропъ ’аграбленне, напад’ (аб гэтым слове Фасмер, 1, 354; таксама Махэк₂, 698); тады варо́паўка — гэта драпежная жаба, якая нападае на сваю дабычу. Іншая магчымасць: Параўн. укр. ро́па́вка ’жаба’, польск. ropucha ’тс’, укр. ропу́ха, бел. рапу́ха (гл. Фасмер, 3, 502–503 і Трубачоў, Дополн., 503). Варо́паўка можа паходзіць ад ро́паўка з пратэтычным гукам: *ро́паўка > аро́паўка > варо́паўка. Гл. варапаха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арба́ 1 (БРС). Рус. арба́, араба́, укр. гарба́, рэдка арба́ ’павозка’, араба́, гараба́ ’цыганскі, малдаўскі ці татарскі воз’, польск. arba, чэш. arba (экзатызмы). Заходнеславянскія формы запазычаны праз рускую мову. Крыніца рускага слова, напэўна, татарская (Дзмітрыеў, Строй, 521); экзатычнае значэнне ўказвае на крымска-татарскую і азербайджанскую магчымыя крыніцы запазычання слова. Параўн. Фасмер, 1, 83; Шанскі, 1, А, 135. Гараеў, 5, слушна звярнуў увагу і на наяўнасць слова не толькі ў цюркскіх, але і ў іншых каўказскіх мовах, напрыклад у асецінкай, што садзейнічала пранікненню слова ў рускую мову. Бел. арба мае цюркскую крыніцу, але не без падстаў Крукоўскі (Уплыў, 74) адзначаў ролю рускай мовы ў перадачы слова да беларускай.

А́рба 2 ’старажытнай прылада’ (Касп.). Параўн. арфа 2 ’веялка’ (гл.). Субстытуцыя б — ф цераз п (арпа); нельга выключыць, што бел. арба < літ. дыял. árba ’арфа (веялка)’ (LKŽ), хаця літоўская форма зарэгістравана на паўночным захадзе.

Арба́ 3. Назоўнік ад дзеяслова араць (з суф. -ба).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апераза́ць, падпераза́ць (‑цца). Укр. оперезати, підперезати(ся), славен. pręzati ’звязваць’ (ці не сюды і значэнне ’быць павінным, глядзець’, параўн. oprę́zati ’чакаць, сачыць’). Рус. дыял. подперезать (паўдн., зах.). Сюды ж адносяць серб.-харв. запре́зати запрагаць’ (калі яно не да іншага кораня запрагаць, на што ўказвае не толькі форма за̀прежем, але і суфіксацыя; аднак Вук Караджыч не даваў гэтага значэння, а даваў значэнне ’апяразваць’, таму, магчыма, у сербскахарвацкай мове адбылася кантамінацыя кораняў през‑ і преж‑/прег‑ у гэтым слове). Ст.-бел. оперезати (Анічэнка, Праблемы філал., 11). Праслав. дыял. *perzati — дзеяслоў ад імя *perzъ ці прыназоўніка *perz‑ ’праз’. Назоўнік *perzъ мог азначаць ’пояс’; рэканструкцыя праславянскай формы можа адбывацца не толькі на базе беларускай, украінскай, сербскахарвацкай моў, як лічыць Трубачоў, але і славенскай. Міклашыч, 244; Трубачоў, Праспект, 71–72; Слав. языкозн., V, 176, 186. Развіццё значэння ад ’аперазаць’ да ’сцебануць’ у беларускай і ўкраінскай ’мовах цалкам, магчыма, аўтаномна ад іншых славянскіх.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Збамбе́рыць ’падняць вялікае, цяжкае (на плечы, воз)’, ’успухнуць’ (Сцяц.), збабэнчыць ’ускінуць на плечы’, ’уздуць (пра жывот)’, збэнчыць ’успучыць’ (Сл. паўн.-зах.), ’уздуцца, узлавацца’ (слонім., Нар. лекс.). Наўрад ці трэба аддзяляць ад бамбэлак ’жывот, барабан’ (гл.), ’надзьмуты мачавы пузыр жывёлы’ (Сл. паўн.-зах.), польск. bąbel ’пухір, уздуцце’, адкуль дакладна бел. бомбаль ’пузыр’ (ваўк., даецца паводле Лаўчутэ, Сл. балт., 62). Суадноснасць бел. слоў магчыма з-за экспрэсіўнага характару, але няпэўная. Лаўчутэ (Сл. балт., 98) збамбэрыць лічыць запазычаннем з балт. слова з коранем *bamb‑ (параўн. літ. bam̃bti ’таўсцець, пухнуць, надувацца’), што не выключаецца, але хутчэй як крыніца кантамінацыі. Больш цяжка растлумачыць бел. значэнне ’падняць’, якое, як і ’ўздуцца’, аб’ядноўвае абодва дзеясловы. Да гэтых цяжкасцей дадаецца яшчэ абамбе́рыць ’дрэнна пастрыгчы’ (гл.), узбамберыць ’залезці, набіць’ (слонім., Жыв. сл.), адкуль, відаць, і збамберыць ’падняць’. Магчыма, знач. ’падняць’ трэба выдзеліць. Абамберыць ’пастрыгчы нагала’ (жыт., Жыв. сл.), можа, да значэння, ’пухнуць’ > ’пухір’ (параўн. бамбэлак). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сварыбаба ‘расліна дзераза, Lycopodium’ (Бес.). Польск. swarzybaba ‘тс’, таксама morzybaba, babimor; у чэшскіх гаворках rimbaha, ст.-чэш. rimbaba, але абазначаюць яны адзін з відаў рамонка (Махэк, Jména, 247 і наст.). Відавочна, звязана з баба, але канкрэтныя матывы намінацыі няясныя. Махэк (там жа) мяркуе, што расліна магла мець нейкае лекавае ўздзеянне на “бабу”, г. зн. была лекам пры жаночых хваробах. Аднак беларускае і польскае словы, відаць, ад сварыцца і баба, параўн. сварыбаба ‘непамяркоўны чалавек’ (Сцяш. Сл.) і сведчанне Пяткевіча: Joj ŭsio adno z kim swarycsa <…> jeje za toje nazvali “Swarỳ-Bàba” (Пятк. 2, 261), а таксама ўкр. сварка, сварнік для называння розных раслін, у тым ліку Licopodium clavatum L., вядомага як дзераза (ад *derti, гл.). Украінскія назвы тлумачаць павер’ем, нібыта прысутнасць расліны ў хаце выклікае сварку (ЕСУМ, 5, 186), што, магчыма, грунтуецца на народна-этымалагічным успрыманні назвы дзераза ці тлумачыцца збліжэннем з сва́рба́ ‘сварка’ (гл. папярэдняе слова).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Будо́ўля ’будынкі; будаванне’ (БРС, Др.-Падб., Бяльк., Гарэц., Інстр. I, Нас.). Укр. буді́вля, польск. budowla. Няяснае слова. Сувязь з бу́да́, будава́ць, буды́нак бясспрэчная, але якая? Няясныя таксама адносіны паміж усх.-слав. і польскім словам. Брукнер, 46, лічыў, што польск. budowla (як і torgowla) з усх.-слав. моў. Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111–117 (Studia, 184), думае, што budowla (суф. ‑owla) з’яўляецца польскім, не запазычаным словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лускаві́цінь ’мяшок, у якім адцэджваюць тварог’ (Бяльк.), рус. бран. лускави́тень ’тс’. З пчалярскай лексікі: гл. васкавень. Відавочна, спачатку было ⁺васкавіт ’мяшок, які робіць воск’, але таму, што ва ўсх.-бел. гаворках дэрываты з суфіксам ‑іт азначаюць асоб па іх занятку (барацьбі́т, сяўбі́т), да васкавіт быў далучаны суфікс ‑ень (як берасцень ’збанок, гаршчок, аплеценыя бяростай’). Пры ад’ідэацыі лексемы луска ’адходы’ в‑ было заменена ў л‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Галаве́шка (БРС, Касп., Сцяшк. МГ, Нас., Шат.). Па паходжанню гэта спачатку памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка’, утвораная суфіксам *‑eš‑ьka (параўн. суф. *‑exa). Суфіксы з элементам x звычайна злучаюцца са словамі ў іх усечанай форме (звычайна выпадае склад або толькі зычны). Калі асноўнае слова (*галаўня) знікла з ужытку, у яго функцыі распаўсюдзілася вытворнае галавешка (таксама галавешка, гл.; але гэта апошняе толькі ў частцы дыялектаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дані́на ’даніна’ (БРС, Нас.). Гэта слова можна лічыць вытворным ад прасл. *danь ’тс’. Аднак і форма *danina, магчыма, таксама ўжо была прасл. (*danina: параўн. укр. дани́на, рус. дани́на, польск. danina, серб.-харв. да̀нина). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 187. Фармальна гэта ўтварэнне фармантам ‑n‑ ад da‑ ’даць, даваць’, але Трубачоў (там жа, 188) дапускае больш складаную гісторыю гэтага слова (магчыма, што тут гетэраклітычныя варыянты *dor‑; *don‑).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дах ’дах’. Укр. дах ’тс’. Запазычанне (гл. Кюнэ, Poln., 50) з польск. dach ’тс’, якое ўзята (у польск. мове гэта слова вядома з XV ст.) з ням. Dach ’тс’ (да польск. слова гл. Брукнер, 83–84, але Слаўскі, 1, 136, удакладняе, што польск. слова dach запазычана з с.-в.-ням. dach). У бел. мове слова дах засведчана з XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 88).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)