абвя́ць, ну, ‑неш, ‑не; пр. абвяў, ‑вяла; зак.

1. Ад недахопу вільгаці страціць свежасць, пахіліцца ўніз (пра расліны). Абвяла скошаная трава. Ад спякоты абвяла лісце на дрэвах.

2. перан. Пазбавіцца сілы, бадзёрасці, энергіі, здольнасці дзейнічаць; зрабіцца вялым, расслабленым. Нават Шнураў, які крыху абвяў і паспеў, седзячы на канапе, падрамаць, час ад часу ўстаўляў свае рэплікі. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абману́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Наўмысна сказаць каму‑н. няпраўду; схлусіць. // Увесці ў зман непраўдзівымі адносінамі. [Лаяна] не маглі абмануць ліслівыя позіркі, кампліменты яўных падлізаў, робленыя ўсмешкі падхалімаў. Лынькоў.

2. Нядобрасумленна аднесціся да каго‑н.; ашукаць. Абмануць пакупніка.

3. Не апраўдаць чыіх‑н. спадзяванняў, надзей. // Не выканаць дадзеных абяцанняў; не спраўдзіць, падвесці; спакусіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закі́снуць, ну, ‑неш, ‑не; пр. закіс, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць кіслым, укіснуць. Цеста закісла.

2. перан. Зрабіцца бяздзённым, абыякавым да ўсяго; апусціцца. Практыка паказвае, што нават самыя вопытныя, выдатна падрыхтаваныя кадры могуць закіснуць і адстаць ад жыцця, калі яны застануцца стаяць на месцы, не будуць пастаянна ўзбагачаць свае веды. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́ркнуць, ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр., што і без дап.

Невыразна, з адценнем незадаволенасці сказаць што‑н. Адна старая сялянка не выцерпела — буркнула: — Пану цівуну варон страляць, а нам спіны гнуць! Бядуля. [Глушкевіч] хацеў загаварыць з ёю, але жанчына нешта буркнула ў адказ, і нельга было зразумець, ці то яна павіталася так, ці выказала незадаволенасць. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бэ́рсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Разм.

1. Блытаць, заблытваць. Шукаючы травы, бо лугавіна ж голая, як бубен, каровы раз-пораз лезуць у жыта, бэрсаюць авёс, а пан злуе і ганяецца за мною. Бажко.

2. Няўмела або неакуратна вязаць, абвязваць што-н; плесці. — От не ўмешваліся б лепей, тата, не ў сваё. Бэрсаеце сетку, ну і бэрсайце. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лупяну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Аднакр. да лупіць ​1 (у 2, 3 і 4 знач.). [Сасноўскі] лупянуў каня раз і другі, той.. рвануўся ў галоп і мчаўся па рэдкалессю, як віхор. Чарнышэвіч. [Сабольскі:] — Аграбілі... Тыя — грошы лупянулі, гэтыя — па душу прыйшлі. Пташнікаў. — Будзе дождж — сказаў Сашка. — Доўга не будзе, а — вялікі. Можа нават і з градам.. лупянуць. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лю́днасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць люднага; мнагалюднасць. Пасля мазырскага бруку, жывой люднасці на вуліцах, прыпяцкага вясёлага прастору — як бы .. дрымотным і балюча бедным убачылася дарагое сяло. Мележ.

2. Колькасць людзей (насельніцтва, прысутных і пад.). Нарада па сваёй люднасці атрымалася значна большая, чым думалі. Ермаловіч.

3. Разм. Жыхары, насельніцтва; людзі. Зірнуў .. [Даніла] — люднасці багата, Ну, нібы ў бочцы селядцоў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засмя́гнуць і засма́гнуць, ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Звяць, засохнуць ад недахопу вільгаці. — Дзякаваць богу, дачакаліся, а то ж усё засмягла, лён аж пакруціўся, — радавалася гаспадыня першаму чэрвеньскаму дажджу. Грахоўскі.

2. Высахнуць, перасохнуць (пра губы, рот). [Хвошч] цяжка, з надрывам соп.., бо не было як дыхаць — у роце ўсё засмягла. Лупсякоў. Засмаглі вусны, і запёкся рот. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збля́кнуць і збле́кнуць, ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Страціць яркасць афарбоўкі; выцвісці. Матэрыя зблекла. □ Зара тым часам падалася ўправа, і светлы ветразь яе зменшыўся, ружовыя фарбы збляклі. Дуброўскі.

2. Завянуць, страціць свежасць (пра расліны). Зблякла трава. / Пра чалавека, яго твар. Вочы .. [Сцяпана] на момант загарэліся, але тут жа і збляклі. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́рзнуць, ну, ‑неш, ‑не; пр. мёрз, мерзла; незак.

1. Рабіцца вельмі халодным, калець, дубець; моцна адчуваць холад. Ад доўгага стаяння на месцы ў Міці пачалі мерзнуць ногі. Навуменка. — Падлівай цёплай вады, ато бо, яшчэ маці завецца! — дзіця мерзне, а яна і не дбае, — нездаволена камандавала бабка. Васілевіч.

2. Гінуць ад марозу, вымярзаць. Не мерзнуць кветкі ў цяпле. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)