акрэ́слены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад акрэсліць.

2. у знач. прым. Які склаўся, трывала ўсталяваўся; выразны. Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Ідзе ён ляснымі нетрамі, цёмнымі пушчамі, ідзе з акрэсленаю мэтаю. Колас. За дваццаць год, якія правёў былы паўстанец 1863 г. далёка ад радзімы, яго грамадзянскія ідэалы не толькі не развеяліся, а набылі больш акрэслены і мэтанакіраваны характар. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апо́весць, ‑і, ж.

1. Мастацкі твор апавядальнага характару, які займае прамежкавае месца паміж раманам і апавяданнем. Аповесць К. Чорнага «Вясна». □ — Хачу напісаць аповесць, як на Палессі жылі дзве прыгожыя краскі-панны і што з гэтага выйшла, — смяялася Габрынька. Колас.

2. Апавяданне пра якую‑н. падзею ў яе паслядоўным развіцці. Моўчкі слухаў Ігнась журботную аповесць сына невядомых бацькоў. Мурашка. Стары тым часам цягнуў сваю аповесць. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кампле́кт, ‑у, М ‑кце, м.

1. Поўны набор якіх‑н. прадметаў (інструментаў, рэчаў і інш.), якія маюць агульнае прызначэнне і складаюць што‑н. цэлае. Камплект сталярных інструментаў. Камплект падручнікаў. Камплект боепрыпасаў. Камплект Вялікай Савецкай Энцыклапедыі. □ Гарміза павінен быў справіць Арыне абутак, поўны камплект адзежы. Колас.

2. Устаноўленая колькасць асоб, якія патрабуюцца або дапускаюцца куды‑н. па штату. Камплект вучняў. Камплект рабочых. Залічыць звыш камплекту.

[Ад лац. completus — поўны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. (звычайна ў спалучэнні са словамі «у мінулае», «у нябыт» і пад.).

Прапасці, знікнуць бясследна. Кануць у вечнасць. □ Амаль з кожнай старонкі на .. [Адэлаіду Сяргееўну] пазіралі невыразныя цені, вочы некалі модных паэтаў. Паэты канулі ў нябыт. Асіпенка. Мне душу смуткам напаўняе, Што ў прошласць канулі гадочкі. Колас.

•••

Кануць у Лету (кніжн.) — быць забытым, знікнуць бясследна, назаўсёды.

Як у ваду кануў — бясследна знік, прапаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канфлі́кт, ‑у, М ‑кце, м.

Сутыкненне процілеглых бакоў, поглядаў, сіл; сур’ёзная спрэчка, нязгода. Уступіць у канфлікт. □ Палешукі агрызаліся, і на гэтым грунце вынікалі канфлікты. Колас. Канфлікт паміж фірмай і рабочымі — вечная тэма класавай барацьбы. Машара. // Ускладненне ў міжнародных адносінах, якое часам прыводзіць да ўзброенага сутыкнення. Міжнародныя канфлікт. // Супярэчнясць, сутычка, пакладзеная ў аснову сюжэта мастацкага твора. Канфлікт рамана — барацьба новага чалавека-калектывіста і чалавека-ўласніка. «ЛіМ».

[Лац. conflictus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касці́сты, ‑ая, ‑ае.

1. З шырокай, буйной косцю, касцямі. Касцістая фігура. □ На пні прымасціўся Гарвада, Сярэдняга росту, худы, Касцісты і ёмкага складу. Колас. — А мне вы ўяўляліся зусім не такім — сказаў я, паціскаючы касцістую руку Эдуарда Людвігавіча. Хведаровіч.

2. Кастлявы, кашчавы. Была .. [паненка] кволая, бледная, мела тонкія касцістыя рукі і круглы кірпаносы твар. Лупсякоў.

3. З вялікай колькасцю дробных касцей. Касцісты лешч.

•••

Касцістыя рыбы гл. рыба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кашла́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Пакрыты доўгай поўсцю; калматы. У хляве ўся Тарэнтава маёмасць: худы кашлаты конь. Галавач. // З густымі ўскудлачанымі валасамі. Кашлатая Саўкава галава з цэлаю шапкаю чорных валасоў зняважліва ківалася. Колас.

2. Разгалісты, з густым веццем, шырокімі лапкамі. Кашлатыя елкі і выносістыя хвоі абступалі дарогу. С. Александровіч. Неўзабаве трапяткі агеньчык асвятліў бронзавыя, ствалы бліжніх сасонак, кашлатыя лапы іх, нібы жывыя, цягнуліся да агеньчыка. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кіпцю́р і капцю́р, ‑а, м.

1. Востры загнуты рагавы прыдатак на пальцах птушак, многіх паўзуноў і млекакормячых. Варона перакулілася дагары, выставіла ногі з сагнутыхі кіпцюрамі і падрыхтавалася да абароны. Якімовіч. А бедны воўк, вадой падцяты, Скрабе па лёдзе капцюрамі. Колас.

2. Разм. Ногаць. Апамяталася Рыва, кінулася да бацькі, кіпцюрамі ўчапілася ў твар аднаму з катаў. Лынькоў.

•••

Паказаць кіпцюры гл. паказаць.

Трапіць у кіпцюры каму гл. трапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здараве́нны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Высокага росту, моцнага целаскладу; дужа здаровы (пра чалавека). Першы сусед, які прыйшоў пабачыцца з .. [Антосем] быў Яўхім Мядзведзь, дужы, здаравенны мужчына, заядлы паляўнічы. Чарнышэвіч. Тарпак быў здаравенны, грудасты, шыракаплечы, і яго «пярэпалахі» выклікалі агульны смех. Колас.

2. Вельмі вялікі; велізарны (пра рэчы, прадметы). Гумно здаравеннае. Зірнеш на ніз — ледзь не закружыцца ў вачах. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здра́длівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які заключае ў сабе здраду, з’яўляецца здрадай. Здрадлівы ўчынак. // перан. Які выдае тое, што хацелася б утаіць. Здрадлівая ўсмешка. □ Па светламу твару Колышава распаўзлася здрадлівая чырвань. Мележ.

2. Які можа здрадзіць; прадажны, вераломны. [Ворагам] удаецца мець уплыў толькі на здрадлівых і нікчэмных людзей. Хведаровіч. // Такі, на які нельга спадзявацца; падманлівы, ненадзейны. Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)