чужы́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Разм. Тое, што і чужы (у 1 знач.). Парабчанка Кацярына Жне чужынскае дабро. Броўка.

2. Які мае адносіны да чужынца, належыць яму. Над Паставамі хмарай качаецца дым, ад матораў чужынскіх аж стогне абшар. Дубоўка. Толькі той у баях пераможа, Зломіць люты чужынскі рух, Хто пад націскам зграі варожай Захавае свой цвёрды дух. Глебка. // Такі, як у чужынца; халодны, суровы. — А дзе мая шапка? — спытаў [Панця] сурова і ўстрывожана. — Га? — І апёк бацьку бязлітасным, чужынскім позіркам. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ю́ркі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Быстры, вёрткі, спрытны ў рухах. Андрэй жа глядзеў, як над гнёздамі махалі лёгенькімі крылцамі юркія ластавачкі і так лагодна шчабяталі. Колас. Сцёпка Хадун, юркі, каратканогі і дапыт[лів]ы, як сарока, угледзеўшы Максіма за цяжкай работаю, чуць не на [пальчыках] падышоў да яго. Каваль. // Які вырашае бойкасць, скрытнасць, жывасць (пра вочы, позірк і пад.). — Ага, штучку. Паленца, што ля паветкі і цяпер ляжыць, — растлумачыла старая, страляючы юркім позіркам то ў вочы Пятра, то Адама. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́рус, ‑а, м.

1. Рад гарызантальна размешчаных прадметаў адзін над другім. Дошкі складзены ў пяць ярусаў. □ Паўзбоч.. [печы] ляжала ў ярусах бярвенне. Сачанка.

2. Адзін з сярэдніх або верхніх паверхаў у глядзельнай зале. Ложа другога яруса. □ Вялізная зала.. тэатра.. і ўсе ярусы паўнюткі людзей. Скрыган.

3. У геалогіі — сукупнасць горных парод, якія ўтварыліся на працягу геалагічнага веку.

4. У рыбалоўстве — рыбалоўная кручковая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з замацаванымі на ёй на пэўнай адлегласці адзін ад другога кручкамі на павадках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акты́ў

(лац. activus = дзейны)

1) найбольш дзейная, энергічная частка калектыву, арганізацыі, 2) частка бухгалтарскага балансу, якая ўключае матэрыяльныя каштоўнасці, грашовыя сродкі і даўгавыя патрабаванні прадпрыемства (проціл. пасіў 2);

3) перавышэнне грашовых даходаў краіны над яе замежнымі расходамі (проціл. пасіў 3);

4) усё, што мае грашовую вартасць і з’яўляецца ўласнасцю фірмы або асобы;

5) перан. поспехі, дасягненні, перавагі чые-н.;

6) лінгв. незалежны стан.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

пасі́ў

(лац. passivus = нядзейны)

1) менш ініцыятыўная, менш дзейная частка калектыву;

2) частка бухгалтарскага балансу, у якой у грашовым выражэнні паказаны крыніцы фарміравання і мэтавае прызначэнне гаспадарчых сродкаў прадпрыемства, яго даўгі і абавязацельствы (проціл. актыў 2);

3) перавышэнне грашовых расходаў краіны над яе замежнымі даходамі (проціл. актыў 3);

4) перан. тое, што складае адмоўны бок якой-н. з’явы, справы;

5) лінгв. залежны стан.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Ашука́ць ’абмануць, абдурыць’ (Нас., Яруш., Грыг., Шпіл., Бесар., Нік. Очерки, Касп., Шат., КЭС, лаг.), ’пакрыўдзіць у якой-небудзь справе; незаўважальна для іншага карыстацца яго сродкамі’ (Мядзв.), ашока́ць ’ашукаць, узяць верх над кім-небудзь’ (Ян.), абшукаць ’абшукаць вакол; абмануць’ (Шат.), ашукацца ’памыліцца’ (Грыг., Яруш., КЭС, лаг.), ашуканец ’махляр, манюка’ (Яруш., КЭС, лаг.), ст.-бел. ошукати, ошуковати ’абмануць’ (1599 г., Нас. гіст.), укр. ошукати, польск. oszukać ’свядома ўвесці ў зман каго-небудзь для ўласнай карысці’ (у такім значэнні з XIV ст., Крупянка, Formacje, 130). Ад шукаць (гл.), з першапачатковай семантыкай як у ашустаць ’абмануць, абхітрыць’, пры шустаць ’дзейнічаць хутка і з шумам; шастаць; напіраць’, інакш Мікуцкі, ИОРЯС, 4, 1855, 411: з гіпатэтычнага ошудкаць, якое звязвае з славац. šudiť ’абманваць’ (прасл. šuditi, Махэк₂, 607), параўн. Фасмер, 3, 180; Кюнэ, Poln., 82; Гіст. мовы, 2, 69 (з польск., дзе калька з ням. versuchen); ашука ’падман; памылка’ (Нас., Касп.) — другаснае ўтварэнне ад ашукаць, параўн. таксама абшукацца ’агледзецца, уладкавацца, упарадкавацца’ (Ян.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мі́ма ’не спыняючыся, не затрымліваючыся пасля чаго-небудзь’, ’каля, побач’ (ТСБМ, Яруш., Кліх; паст., Сл. ПЗБ), мі́мо ’акрамя, паміма’ (ТС), мімаходзь ’мімаходам’ (карм., Мат. Гом.). Укр. ми́мо, рус. ми́мо, ни́мо, ст.-польск. mimo, nimo, imo, mieno, mino (як і н.-луж. і славен.), каш. mimö, славін. mjĩvo, палаб. maimü, в.-луж. nimo, арх. mimo, чэш. mimo, ímo, мар. mimová, mimové, славац. mimo, славен. mȋmo, mímo, memo, mem, mino, серб.-харв. ми̏мо, макед. у прэфіксе: мимолетен, балг. арх. мимо, ст.-слав. мимо. Значэнні: ’каля, побач’, ’без’, ’акрамя’, ’супраць’, ’нягледзячы на’, ’над-, вышэй-, больш за’, ’у параўнанні з іншымі’. Прасл. mimo з’яўляецца прыслоўем, утвораным ад дзеяслова mi‑nǫti пры дапамозе суфікса ‑mo, як бел. крычма, дарма і інш. (Міклашыч, 197; Бернекер, 2, 59; Зубаты, Studie, 412; Фасмер, 2, 622; ESSJ SG, 1, 112–114; БЕР, 3, 798; у іншых слав. мовах: Шлівіч–Шымшыч, ЗФЛ, 3, 1960, 135–152; Рытталь, Por. jęz., 2, 1972, 72–82; Кочыш, Kult. sl., 1, 1971, 14–17).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пру́дзіць (адзежу ў лазні) ’знішчаць вошы, прапарваць над вуголлем, дэзінфіцыраваць’ (Нас., Касп., Гарэц., Мік., Др.-Падб., Сл. ПЗБ; кіраў., Нар. сл.), ’апырскваць хімікатамі’ (іўеў., Сл. ПЗБ), пру́дзіцца ’сохнуць’ (Сцяшк.), ’прасушвацца ў лазні ў духу (пра бялізну)’ (талач., в.-дзв., Шатал.). Рус. арл., калуж., разан., смал. пру́диться ’грэцца (каля печкі)’, чэш. pruditi ’гарэць, награваць’, польск. prędanie ’гарэнне’ (Міклашыч, 263). Сюды ж серб.-харв. pruditi ’гарэць, паліць’, prúda ’крапіва’ (Скок, 3, 60). Паводле Фасмера (3, 388), магчыма, звязана з пруд1; у семантычных адносінах ён параўноўвае слав. *vrěti ’кіпець’ і літ. vérdu, vìrti ’кіпець, бурліць, варыць’. Махэк₂ (488) узнаўляе прасл. *pruditi, якое лічыць роднасным ням. brennen ’паліць’. Гл. яшчэ Коген (Запіскі, 2, кн. 9, 93), які паўтарае версію Петарсана аб тым, што гэтыя словы ўзыходзяць да і.-е. *prend‑//*prond‑ і далей звязаны з прагнуць (гл.). Сюды таксама апру́дзіцца (гл.), параўн. серб.-харв. oprudilo (пра дзіця, якое абмачылася і ў яго пячэ ў паху) (Скок, 3, 60).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стром ‘спілаванае завіслае дрэва’, ‘схіл страхі’, ‘куча галля’ (ТС), ‘прыстасаванне для лазення на дрэва’ (ЛА, 1), ‘строп страхі’ (узд., ЛА, 5), стро́ма ‘дах’ (Шушк., Сл. Брэс.), ‘круты схіл, абрыў’ (ТСБМ, Гарэц.), страмо́віна ‘выварочанае з коранем дрэва’ (Нар. Гом.). Укр. дыял. стром ‘фруктовае дрэва’, ‘круча’, стрім ‘схіл; тое, што тырчыць угору’, рус. стро́мы ‘кроквы; поручні’, польск. дыял. strom ‘дрэва; фруктовае дрэва’ (ведаць, з чэш., славац.Борысь, 580), чэш., славац. strom ‘дрэва’, старое н.-луж. strom ‘дрэва’, старое серб. стром, харв. strum ‘ствол дрэва’, славен. strȍm ‘тс’, ‘страха над загарадкай для авец’. Прасл. *stromъ ‘тое, што ўзносіцца ўгару, стаіць вертыкальна’, адпрыметнікавы назоўнік ад прым. *stromъ ‘стромкі, круты’ (Борысь, 580) ці паралельны да прыметніка аддзеяслоўны назоўнік ад *strьměti ‘тырчаць, выдавацца’ (Борысь, Etymologie, 181); гл. яшчэ Фасмер, 3, 781 з аглядам літ-ры. Бязлай (3, 332) праславянскае слова лічыць першасным nomen agentis ад дзеяслова *strēmti > прасл. *stręti, *stręnǫ, параўн. застра́ць ‘застрагнуць у праходзе, захраснуць’ (Нас.). Сюды ж строме́ц ‘козлы, якія прыціскаюць салому на вільчыку’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАКА́ЛЬНА-СІМФАНІ́ЧНАЯ ПАЭ́МА,

буйны музычны твор (часцей адначасткавы), звязаны з літаратурным тэкстам. Прызначаны пераважна для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра. Узаемадзеянне музыкі са словам абумоўлівае яе праграмнасць (гл. Праграмная музыка), характэрную тэндэнцыю да ўзаемадзеяння розных формаў і жанраў. Ад кантаты і араторыі адрозніваюцца большай цэласнасцю (значнай роляй скразнога сімф. развіцця, выкарыстаннем прынцыпаў монатэматызму і інш.). У некаторых з іх выкарыстоўваюцца прынцыпы тэатралізацыі, элементы сцэн. дзеяння. Вытокі вакальна-сімфанічнай паэмы ў прынцыпах паэмнага сімфанізму Ф.​Ліста (гл. Сімфанічная паэма). У рус. музыцы 19—20 ст. вядомыя вак.-сімф. паэмы «Званы» С.​Рахманінава, «Паэма памяці С.​Ясеніна» Г.​Свірыдава і інш. Пачатак бел. вакальна-сімфанічнай паэмы паклалі М.​Аладаў («Над ракой Арэсай», 1933), Багатыроў («Паэма-казка пра Мядзведзіху», 1937). Да гэтага жанру ў бел. музыцы належаць «Буравеснік» Я.​Цікоцкага (1944), «Попел» С.​Картэса (1966), «Два твары зямлі» Дз.​Смольскага (1969), «Вечна жывыя» (1959) і «Героям Брэста» (1975) Г.​Вагнера, «Янка Купала» В.​Помазава (1983). Сярод вакальна-сімфанічных паэм 1980—90-х г. — «Радуйся, Францыск Скарына» Э.​Наско, «Зямля» Э.​Казачкова, «Памяці маці» У.​Кур’яна, «Настальгія» Г.​Ермачэнкава і інш.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)