ГО́МЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у Гомелі. Аб’ядноўвала 16 арг-цый і груп (больш за 140 чал.). Ініцыятары стварэння першых груп А.Л.Ісачанка, С.П.Купцоў, Ф.П.Котчанка. У ліку першых пачала дзейнічаць група І.І.Жалезнякова, якая ў чэрв. 1942 наладзіла сувязь з Гомельскім падп. гаркомам ЛКСМБ і партызанамі, выконвала іх заданні. З канца жн. 1941 дзейнічалі групы У.П.Кавалёва, Л.А.Кавалёвай, з вер.—ліст. — Г.Л.Кірыкавай, М.І.Панчанкі, В.Л.Радзьковай, Л.В.Семяноўскай і інш. Падпольшчыкі выконвалі заданні парт. органаў, партызан, спец. груп «Уперад», «Радзіма», распаўсюджвалі антыфаш. лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, ратавалі і выводзілі з горада ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, удзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, прадпрыемствах, складах і інш. У барацьбе з фаш. захопнікамі загінула больш за 20 падпольшчыкаў. У Гомелі на ўвекавечанне іх памяці пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГЕ́РМАН»
(«Herman»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў акупіраваных Валожынскім, Івянецкім, Любчанскім, Навагрудскім, Юрацішкаўскім р-нах у Вял.Айч. вайну. Праводзілася 1.7—11.8.1943 сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 3 паліцэйскіх палкоў, асобага батальёна СС А.Дзірлевангера, 3 батальёнаў вермахта, паліцэйскіх батальёнаў, 5 жандарскіх, грэнадзёрскіх і артыл. узводаў, падраздзяленнямі нач. паліцыі бяспекі і СД Беларусі, спец. падраздзяленнямі з Мінска (усяго больш за 50 тыс.чал.). Для вывазу нарабаванага, адпраўкі насельніцтва ў Германію прыцягваліся спец. каманды баранавіцкага гебітскамісарыята, упаўнаважаныя гасп. інспекцыі «Усход». Гітлераўцы шчыльна блакіравалі Івацэвіцка-Налібоцкую партыз. зону, у якой дыслацыраваліся 5 партыз. брыгад і 6 атрадаў. У пач. баявых дзеянняў партызаны разграмілі варожую аўтакалону, захапілі штабную карту і план аперацыі, таму была зроблена перагрупоўка партыз. сіл. Баі працягваліся 35 дзён. У выніку аперацыі партызаны выйшлі з-пад удараў гітлераўцаў разам з часткай насельніцтва; фашысты загубілі 4280 сав. грамадзян, 654 аддалі на расправу паліцыі бяспекі і СД, для вывазу ў Германію захапілі 20 944 чал., у т. л. 4173 дзяцей, поўнасцю рэквізавалі жывёлу, спалілі больш за 150 вёсак, з іх некалькі разам з жыхарамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭНСІФІКА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,
працэс развіцця вытв-сці на аснове выкарыстання новай тэхнікі і тэхналогій, удасканалення арганізацыі вытв-сці, што забяспечвае рост прыбытку прадпрыемстваў. У адрозненне ад экстэнсіўнага шляху развіцця, для якога характэрна павелічэнне колькасці работнікаў, сродкаў вытв-сці на ранейшай тэхн. аснове, І.в. прадугледжвае якаснае абнаўленне вытв-сці, больш эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльных, паліўна-энергет., прац. рэсурсаў і капіталу на аснове апошніх навук.-тэхн. дасягненняў. І.в. патрабуе паскоранага развіцця фундаментальных і прыкладных навук. даследаванняў, навукаёмістых галін, структурнай перабудовы нар. гаспадаркі і ўдасканалення інвестыцыйнай палітыкі. Канкрэтныя формы І.в. залежаць ад асаблівасцей галіны нар. гаспадаркі. Адрозніваюць капіталаёмкую і капіталазберагальную формы інтэнсіўнага развіцця вытв-сці. Першая забяспечвае рост прадукцыйнасці працы за кошт павелічэння капіталу ў разліку на адзінку прадукцыі, другая — яго эканомію, што вызваляе дадатковыя сродкі вытв-сці на паскарэнне тэмпаў развіцця эканомікі. І в. выяўляецца ў паскораным абнаўленні вытв. патэнцыялу, павышэнні тэхніка-эканам. ўзроўню вытв-сці шляхам тэхн. пераўзбраення, рэканструкцыі, развіцця вытв-сці і арг-цыі выпуску новых, якасных, канкурэнтаздольных відаў прадукцыі, што патрабуе сканцэнтравання капіталу на развіцці больш хуткімі тэмпамі галін, якія забяспечваюць навук.-тэхн. прагрэс і рацыянальнае выкарыстанне вытв. рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПАЛЯЦЫ́ЙНАЯ ФО́РМУЛА,
формула для набліжанага вылічэння значэнняў функцыі метадам інтэрпаляцыі (гл.Інтэрпаляцыя і экстрапаляцыя). Заснавана на замене дадзенай функцыі больш простай (у пэўным сэнсе), значэнні якой у зададзеных пунктах (вузлах інтэрпаляцыі) супадаюць са значэннямі зыходнай функцыі.
Найб. пашырана пабудаванне І.ф. на аснове паслядоўных ступеней пераменнай x: 1, x, x2, ..., xn, ..., трыганаметрычных функцый 1, sin x, cos x, sin 2x, cos 2x, ... і інш., напр., лінейная І.ф. з двума вузламі інтэрпаляцыі:
. Вузлы інтэрпаляцыі часта выбіраюць так, каб адхіленні І.ф. ад шуканай функцыі былі найменшымі. Калі цяжка ацаніць ступень інтэрпаляцыйнага палінома, неабходную для дасягнення зададзенай дакладнасці (напр., пры інтэрпаляванні табліц), будуюць паслядоўнасць такіх паліномаў з усё больш высокімі ступенямі (схема Эйткена), што дазваляе кантраляваць дакладнасць у працэсе вылічэнняў. Эфектыўным апаратам набліжэння функцый з’яўляюцца інтэрпаляцыйныя сплайны — І.ф., у якіх дадаткова накладзены ўмовы супадзення вытворных (да некаторага парадку) атрыманай і шуканай функцыі ў вузлах. Для апрацоўкі эксперым. даных будуюць І.ф., для якіх патрабуюць мінімізацыі іх сумарнага адхілення па ўсіх вузлах ад шуканай залежнасці (гл.Найменшых квадратаў метад).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЫЯ́НСТВА,
філасофская плынь, якая зыходзіць з вучэння І.Канта і развівае яго ідэі. Узнікла ў 1780—90-я г. ў ходзе абмеркавання і палемікі вакол «крытычнай» сістэмы Канта. Гал. прадстаўнікі ранняга перыяду К.: І.Шульцэ, Х.Шміт, Г.Мелін (Германія), Ш.Віле (Францыя), М.Кінкер (Галандыя) і інш. Яны папулярызавалі погляды Канта і абаранялі іх ад абвінавачванняў у паліт. радыкалізме і і рэлігійнасці, спалучалі яго тэарэт. канцэпцыі з элементамі тагачасных і рэліг. уяўленняў. Больш грунтоўную перапрацоўку сістэмы Канта здзейснілі К.Л.Рэйнгальд («Пісьмы аб кантаўскай філасофіі», 1786—87), С.Бек і інш., якія развівалі яго вучэнне ў кірунку больш паслядоўнага суб’ектыўнага ідэалізму. У пач. 19 ст. ў К. былі ўнесены элементы «папулярнай філасофіі» 18 ст., філасофіі веры Ф.Г.Якобі, філасофіі рэлігіі Ф.Шлеермахера, а таксама эмпірычнай псіхалогіі. Розныя аспекты вучэння Канта аб маралі распрацоўваў Ф.Шылер, хоць ён выступаў супраць кантаўскай этыкі абавязку. І.Фіхтэ, Ф.Шэлінг і інш. звязвалі філас. сістэму Канта са сваёй ідэалістычнай метафізікай. К. атрымала пашырэнне ў гісторыі філасофіі, праве, пратэстанцкай тэалогіі, гісторыі рэлігіі і інш. навуках. У апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. ў Францыі, Германіі, Расіі і інш. краінах узнікла неакантыянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУПІ́ЦКІЯ МУЗЫ́КІ»,
бел. фальклорны ансамбль. Створаны ў 1982 пры Крупіцкім цэнтр. Доме культуры Мінскага р-на, у 1986 нададзена званне народнага. Арганізатар і маст. кіраўнік У.Гром, балетмайстар Г.Чорны. Уключае інстр. ансамбль (16 музыкантаў), вак. (5 спевакоў) і танц. (12 выканаўцаў) групы. Сярод нар. інструментаў басэтля, колавая ліра, дуда, акарына, «салавей» і інш. У рэпертуары апрацоўкі нар. песень і танцы розных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Крупіцкая полька», «Журавель», «Герань», харэаграфічная замалёўка «Пава», мініяцюра «Люстэрка», творы муз. спадчыны 18—19 ст. (А.Абрамовіча, А. і М. Ельскіх, В.Казлоўскага, Мацея Радзівіла, Ю.Шадурскага), сучасных бел. кампазітараў. Зрабіў больш за 100 запісаў на Бел. радыё. Даследуе і захоўвае бел.нар.муз. інструменты (больш за 100 інструментаў). Займаецца дабрачыннай дзейнасцю: з яго ўдзелам у в. Крупіца пабудаваны сучасны Цэнтр здароўя. Пра яго зняты кіна- і відэафільмы. Удзельнік 1-й Сусв. фалькларыяды (г. Брунсюм, Галандыя, 1996), Дзён бел. культуры ў Японіі (г. Нагоя, 1995). Лаўрэат і дыпламант многіх міжнар.фалькл. фестываляў, у т. л. ў Італіі (г. Сабаўдыя, 1988, Гран пры), Югаславіі (г. Нові-Сад, 1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1990.
І.Дз.Назіна.
Інструментальная група ансамбля «Крупіцкія музыкі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАШЧАЦІ́НКАВЫЯ ЧЭ́РВІ, алігахеты (Oligochaeta),
клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. Каля 27 сям., больш за 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, жывуць у глебе, прэсных вадаёмах, каля 200 відаў марскія. На Беларусі 8 сям., больш за 60 відаў. Найб. трапляюцца дэндрабена васьмігранная (Dendrobaena octaedra), малы чырв. чарвяк (Lumbricus rubellus), наіда зменлівая, або змейка вадзяная зменлівая (Nais variabilis), стылярыя азёрная (Stylaria lacustris), трубачнік звычайны (Tubifex tubifex), шчацінкабрух празрысты (Chaetogaster diaphanus), эаласома гемпрыхава (Aeolosoma hemprichi), энхітрэус белы (Enchytraeus albus). Удзельнічаюць у мулаўтварэнні і мінералізацыі асадкаў у прэсных вадаёмах, уплываюць на структуру глеб, садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў. Некаторыя — прамежкавыя і рэзервуарныя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў дзікіх і свойскіх жывёл; корм для рыб, птушак, землярыек, кратоў і інш.
Даўж. ад 0,5 мм да 3 м. Цела цыліндрычнае, злёгку сплошчанае або чатырохграннае, складаецца з 5—600 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя ротавага) 4 пучкі шчацінак рознай формы. Кормяцца пераважна расліннымі рэшткамі, ёсць драпежнікі і эктапаразіты. Пераважна гермафрадыты, некаторым уласціва бясполае і вегетацыйнае размнажэнне. Яйцы развіваюцца ў кокане. Развіццё прамое. Здольныя да рэгенерацыі. Гл. таксама Дажджавыя чэрві, Кольчатыя чэрві.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯРЫ́ЙНЫЯ КАМАРЫ́, анофелесы (Anopheles),
род насякомых сям. сапраўдных камароў атр. двухкрылых. Больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі 3 віды. Найб. трапляецца М.к. звычайны (A. maculipennis) М.к. з’яўляюцца пераносчыкамі плазмодыяў — узбуджальнікаў малярыі, тулярэміі, японскага энцэфаліту. М.к. звычайны таксама прамежкавы гаспадар паразітуючых на сабаках філярыід (гл.Філярыятоз). Жывуць паблізу вадаёмаў, у балоцістых мясцінах, каля населеных пунктаў. Кампанент гнюсу.
Даўж. да 8 мм. Цела жаўтавата-бурае. Крылы вузкія, закругленыя, з 4—5 бурымі плямкамі. Ногі доўгія. Вусікі 15-членікавыя, у самцоў з густымі доўгімі валаскамі. Ротавыя органы колюча-сысучыя. У адрозненне ад інш. камароў характэрная пастава М.к. — цела, узнятае пад вуглом да паверхні, уніз галавой. Самцы кормяцца сокамі раслін, самкі, апрача таго, пасля апладнення смокчуць кроў пазваночных жывёл і чалавека (высмоктваюць крыві больш, чым важаць самі). Яйцы, лічынкі і кукалкі развіваюцца ў вадзе. Лічынкі дыхаюць атм. паветрам, трымаюцца пад паверхняй вады. За год 3—5 генерацый. Для знішчэння лічынак выкарыстоўваюць інсектыцыды, рэпеленты і інш., разводзяць рыб (напр., гамбузія), якія кормяцца лічынкамі і кукалкамі насякомых (біял. метад).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІЦЫ́ЗМ,
метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.Галілей, І.Ньютан, П.Лаплас, Т.Гобс, Ж.Ламетры, П.Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.Бюхнер, К.Фогт, Я.Молешот, Я.Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.Оствальд, А.Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.Спіноза, Г.Лейбніц, Д.Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя вырабы ганчароў 11—18 ст. з Мінска. У 11—15 ст. выраблялі гасп. посуд: гаршкі з накрыўкамі, патэльні, збаны, якія фармавалі з мясц. чырвоных глін на ручным ганчарным крузе прыёмамі спіральнага або кальцавога налепаў. У гліняную масу ў якасці дамешкаў дадавалі буйназярністы пясок, жарству, шамот. Вырабы ўпрыгожвалі сціплым геам. узорам у выглядзе хвалі, зігзага, насечкі, ямкі або лінейнага рыфлення (узор наносілі вострымі прадметамі пасля фармоўкі). Некат. вырабы гартавалі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд фармавалі на нажным ганчарным крузе тэхнікай выцягвання. Значна пашырыўся асартымент: выраблялі кафлю, дахоўку, цэглу, пліткі для падлогі, чорназадымлены і гартаваны посуд (макотры, міскі, талеркі, збаны, кубкі). Для аздаблення ўжывалі пераважна зялёную і жоўта-карычневую паліву. Часта перад глазураваннем посуд грунтавалі ангобам. Больш разнастайнай стала арнаментыка (пераважалі геам. і расл. ўзоры), тэхніка нанясення арнаменту: разам з графічным узорам існавала падглазурная размалёўка ангобам на кубках, збанах, талерках, місках. У дэкоры выкарыстоўвалі штампікі, пуансоны, зубчатыя колцы. Некат. вырабы аздаблялі накладным дэкорам у выглядзе шляка, карніза, разеткі. Вырабы 2-й пал. 18 ст.больш простыя па форме і аздабленні (адсутнічае накладны дэкор, штампаваны ўзор); выкарыстоўвалі глухія эмалі, пашырана размалёўка фарбамі па эмалях.