ВАЎКАВЫ́СКІ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Й імя П.​І.​Баграціёна.

Засн. ў 1935 у г. Ваўкавыск як краязнаўчы, з 1940 дзярж., з 1953 ваенна-гіст. музей. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 198 м²), 31,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). У калекцыі музея археал. знаходкі з раскопак паселішчаў у Ваўкавыску і стараж. ўзбраенне воіна (наканечнікі стрэл лука, арбалета, кап’я, кальчуга, даспехі ням. рыцара, крыжацкі меч), халодная (алебарды, палашы, шаблі) і агнястрэльная (пісталеты, стрэльбы, гармата) зброя 16 — пач. 19 ст., мундзіры рус. салдат і афіцэраў гусарскіх і ўланскіх палкоў вайны 1812. Матэрыялы перыяду Вял. Айч. вайны прысвечаны абароне горада ў 1941, дзейнасці патрыят. падполля, вызваленню ў 1944. Захоўваюцца экспанаты пра жыццё і дзейнасць Баграціёна, дзеячаў КПЗБ С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, С.С.Панковай і інш.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РАСАЎ Дзмітрый Мікалаевіч (1909, Смаленшчына — 25.11.1985),

бел. кампазітар. У 1920-я г. пакінуў Беларусь. Тэорыі кампазіцыі вучыўся на Украіне. Пасля 2-й сусв. вайны ў эміграцыі, спачатку ў Германіі ў лагеры для перамешчаных асоб, потым пераехаў у ЗША. Удзельнічаў у рабоце бел. грамадскіх арг-цый, з 1952 кіраваў хорам пры царкве імя св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер. Аўтар 60 муз. твораў, сярод іх оперы «Вешчы Алег» паводле А.​Пушкіна, «На край святла» паводле М.​Сяднёва, «Прывіды» паводле І.​Тургенева, 5 сюіт для тэатра, 5 сімфоній, 8 царк. твораў, 2 санаты для раяля, канцэрт для трубы, каля 20 песень на словы М.​Кавыля, Сяднёва, А.​Змагара, П.​Глагольскага, А.​Валошкі, Н.​Арсенневай і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́СТЭРН (ад англ. western заходні),

жанр прыгодніцкага кіно. Узнік у ЗША на пач. 1900-х г. Адлюстроўвае падзеі, звязаныя з асваеннем амер. Захаду ў 2-й пал. 19 ст. Дынамічны сюжэт вестэрна звычайна разгортваецца на фоне дзікай прыроды пры ўдзеле мужнага героя, які ўступае ў схватку з ворагамі ў імя ўсталявання духоўных і сацыяльных ідэалаў; падзеі ў вестэрне рамантызаваліся, герой ідэалізаваўся. На пач. 1950-х г. узнікла тэндэнцыя да пераасэнсавання і дэміфалагізацыі гісторыі заваявання далёкага Захаду. Як жанр і цяпер папулярны ў ЗША, Італіі («спагеці-вестэрн»), Германіі. Тэрмін «вестэрн» выкарыстоўваецца таксама ў дачыненні да амер. л-ры прыгодніцкага жанру з аналагічнымі сюжэтамі.

Да арт. Вестэрн. Кадр з кінафільма «Аднойчы на Далёкім Захадзе». Рэж. С.​Леоне. 1968.

т. 4, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКУ́ЛАЎ Сяргей Васілевіч (н. 13.9.1922, в. Емяльянаўская Валагодскай вобл., Расія),

рускі паэт. Скончыў Валагодскі пед. ін-т (1951). У 1968—89 гал. рэдактар час. «Наш современник». Друкуецца з 1936. Аўтар зб-каў паэзіі «Заваяванае шчасце» (1949), «Зялёны цэх» (1954), «Плуг і баразна» (1974, Дзярж. прэмія РСФСР імя А.​М.​Горкага 1974), «Вогнішча, якое грэла цябе» (1975), «Усходы» (1982), паэм «У завею» (1955), «Табою б ён ганарыўся...» (1957), «Пераадоленне» (1962), «Іў-гара» (1970), «Застаўся ў полі след» (1978), «Споведзь» (1980), кніг нарысаў. Лірыка Вікулава адметная глыбінным пранікненнем у нар. душу, спробай асэнсавання сацыяльных, духоўных і патрыятычных яе пачаткаў, лірычнай напеўнасцю, набліжанасцю да фальклору.

Літ.:

Коробов В.И. Сергей Викулов. М., 1980;

Оботуров В.А. Сергей Викулов: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1983.

С.В.Вікулаў.

т. 4, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАСІМЕ́НКА Юрый Паўлавіч (9.11.1948, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 15.2.1997),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр. маст. Ін-т (1977). Выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы імя К.​Агінскага (з 1995). Працаваў у кніжнай, станковай і абстрактнай графіцы, у жанры партрэта. Выканаў ілюстрацыі да кніг «Маўчанне травы» В.​Зуёнка (1980), «Выбранае» Я.​Коласа (1981), «Казкі і краскі» В.​Віткі (1983), «Знак бяды» В.​Быкава (1984), да «Беларускага календара» на 1992 год; серыі станковых работ «Поры года», паводле паэмы Коласа «Новая зямля» (1977), «Мае сябры» (1979), «Здані» (1980), «Кампазіцыя» (1991); партрэты Я.​Коласа (1972), аўтапартрэт (1978), «Ніна» (1979), «Марыся» (1980) і інш. Яго творы вылучаюцца кампазіцыйнай і прасторавай выразнасцю, філасафічнасцю.

Г.​А.​Фатыхава.

Ю.Герасіменка. Ілюстрацыя да «Беларускага календара» на 1992 год.

т. 5, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́Й БЕЛАРУ́СІ,

ганаровае званне, вышэйшая ступень адзнакі і дзярж. ўзнагарода за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, здзейсненым у імя свабоды, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь. Уведзены Законам «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» ад 13.4.1995. Званне прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь толькі адзін раз. Паводле Указа Прэзідэнта ад 15.1.1996 асобам, удастоеным звання Героя Беларусі, уручаецца медаль Герой Беларусі. Узнагароджанне можа быць праведзена пасмяротна. Героямі Беларусі могуць стаць не толькі грамадзяне Беларусі, але і замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства за заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Героі Беларусі карыстаюцца льготамі, прадугледжанымі заканадаўствам для Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сац. Працы, поўных кавалераў ордэнаў Славы, Працоўнай Славы. Упершыню званне Героя Беларусі прысвоена ў 1996 У.М.Карвату (пасмяротна).

Г.​А.​Маслыка.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НЦБУРГ Аляксандр Ільіч (1.3.1907, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 15.11.1972),

бел. і рускі кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1955), Расіі (1969). Скончыў Ленінградскі электратэхн. ін-т (1934). Працаваў на кінастудыі «Ленфільм» (з 1925), імя М.​Горкага (з 1943), «Беларусьфільм» (1948—58). Аператар маст. фільмаў «Сустрэчны» (1932, з Ж.​Мартавым і У.​Рапапортам), «Камсамольск» (1938), «Член урада» (1940), «Валерый Чкалаў» (1941), «Два байцы» (1943), «Канстанцін Заслонаў» (1949), фільмаў-спектакляў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954). Яго аператарскаму майстэрству характэрны лаканізм кампазіцыі ў пабудове кадра, увага да маст. дэталі і пейзажу. Сааўтар сцэнарыя і аператар фільма «Хрустальны чаравічак» (1961), па сваіх сцэнарыях паставіў фільм «Аднойчы ноччу» (1962, з Э.​Файкам) і «Гіпербалоід інжынера Гарына» (1966).

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЯЦЫ́НТАВА Соф’я Уладзіміраўна (4.8.1895, Масква — 12.4.1982),

руская актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1955). З 1911 актрыса 1-й Студыі МХТа (з 1924 МХАТ 2-і), з 1938 актрыса і рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола (у 1951—57 маст. кіраўнік). Педагог Бел. драм. студыі ў Маскве (1921—26). Актрыса шырокага творчага дыяпазону, высокай сцэн. культуры. Дасканала валодала мастацтвам псіхал. аналізу ролі: Марыя («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Нора («Нора» Г.​Ібсена; рэж., разам з І.​Бярсеневым), Жэнеўева («Маленне пра жыццё» Ж.​Дэваля); Марыя Аляксандраўна («Сям’я» І.​Папова), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава, рэж., разам з А.​Пялевіным) і інш. З 1946 здымалася ў кіно: «Клятва» (Дзярж. прэмія СССР 1947), «Сям’я Ульянавых», «Падзенне Берліна», «Няскончаная аповесць» і інш.

т. 5, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНАЦЮ́К Дзмітрый Міхайлавіч (н. 28.3.1925, с. Навасёлка Чарнавіцкай вобл., Украіна),

украінскі спявак (барытон), рэжысёр. Нар. арт. СССР (1960). Герой Сац. Працы (1985). Скончыў кіеўскія кансерваторыю (1951), ін-т тэатр. мастацтва (1975). З 1982 выкладае ў Кіеўскай кансерваторыі (праф. з 1987). З 1951 саліст, з 1988 гал. рэжысёр Кіеўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Астап, Мікола, Эней («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка», «Энеіда» М.​Лысенкі), Максім («Арсенал» Г.​Майбарады), Яўген Анегін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Паставіў спектаклі: «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1974), «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага (1977), «Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага (1980) і інш. Здымаўся ў кіно. Прэмія Ленінскага камсамола 1967. Дзярж. прэмія Грузіі 1972. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1973. Дзярж. прэмія СССР 1977.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАСАВЫ,

рускія архітэктары, браты. Ураджэнцы Масквы. Чл. Асацыяцыі сучасных архітэктараў. Панцеляймон Аляксандравіч (25.7.1882 — 8.6.1945), вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1906—11). Удзельнічаў у складанні плана «Новая Масква» (1918—23), праектаванні Усерас. с.-г. саматужна-прамысл. выстаўкі (1923). Пабудаваў шэраг будынкаў у стылі функцыяналізму: камбінат газ. «Праўда» (1929—35), дамы на Вял. Броннай вул. (1937—38) у Маскве. Займаўся праблемамі горада-сада (праект пас. Грознафта, 1920-я г.). Ілья Аляксандравіч (31.7.1883 — 29.1.1945), скончыў Пецярбургскую АМ (1915). Аўтар выразных па кампазіцыі праектаў і збудаванняў у Маскве ў стылі канструктывізму: павільёна Д. Усходу на Усерас. с.-г. і саматужна-прамысл. выстаўцы (1923), клуба імя Зуева (1928), праекта Палаца Саветаў (1931), дамоў Наркамбуда (1939) і інш. У 1930-я г. звярнуўся да формаў класікі.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)