Рага́зы ’пацёкі поту ці слёз’ (Сцяшк. Сл.). Утворана ад ра́га (гл.) пад уплывам рагаза́ 1 (гл.). Форма мн. л. з’явілася ў выніку суаднясення слова з іншай назвай рэаліі — ра́гі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разбу́цца, ’разуцца’, разбува́цца ’разувацца’ (Сцяшк. Сл.), разбува́ць ’разуваць’ (Федар.), разбу́ты ’босы’ (Сцяшк. Сл.). Да *raz‑uti. Каранёвае ‑б‑ з’явілася ў выніку перараскладання частак слова з *ob‑uti, гл. абу́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Распатвор́ыць ’распусціць пры патуранні, раздурыць’ (Янк. 3., Жд. 1), ’разбэсціць’ (Мат. Гом.), ’распесціць’ (маг., Наша слова, 2002, 16 кастр.), распотворы́ць ’распусціць, даць волю’ (ельск., Жыв. НС). Гл. патвараць, патвор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скалазу́б ‘насмешнік, рагатун’ (Бяльк.; карэліц., Жыв. НС; ашм., Стан.), скалазу́бы ‘чалавек, які часта шчэрыць зубы’ (Ян.). Складанае слова, параўн. рус. зубоскал ‘тс’ з адваротным парадкам элементаў. Гл. скаліць (зубы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Сыраме́ць, сыромі́ть ’амаль дарма’ (Сл. Брэс.). Відаць, да наступнага слова (гл.) або дэфармаванае пад яго ўплывам сіламо́ц (гл.), параўн. дзеяслоў сілуме́ць ’сваволіць’ (Сцяшк. Сл.) і ўкр. сіломі́ць ’сілком, гвалтам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́шчыць ‘пляскаць у далоні’ (шуміл., Сл. ПЗБ), трі́шчыты ‘лупцаваць’ (кам., ЖНС); сюды ж, відаць, трэшша́ць (куры) ‘сакочуць’ (гарад., ЛА, 4). Да прасл. *trěsk‑ъ > трэск, трашчаць, гл. папярэдняе слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыль-мыль — пра няпэўную або невыразную гаворку: тыль‑мыль — і стаў саўсім другея вузлы вязаць (памяняў думку) (маг., Наша слова, 1992, 26 лют.). Гукапераймальны імітатыў, параўн. тык-мык, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́ндрык ’франт’ (Грыг.). Экспрэсіўнае слова, узнікшае, відаць, у выніку кантамінацыйных пераўтварэнняў. Магчыма, кантамінацыя індык (гл.) і *фендрык; параўн. рус. фендрик ’малады чалавек з прэтэнзіямі’ (польск. fendrych < ням. Fähnrich ’прапаршчык’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЯЛЮ́ГІН (Анатоль Сцяпанавіч) (27.12.1923, в. Машканы Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.10.1994),

бел. паэт, кінадраматург, перакладчык.

Засл. дз. культ. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1948). Удзельнік Вял. Айч. вайны, быў паранены. Працаваў у прэсе, у 1946—84 у час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Першы зб. вершаў «Салют у Мінску» (1947). Лірыка Вялюгіна — дасягненне бел. паэзіі. Яго творчасці ўласцівы яркая метафарычнасць, асацыятыўная вобразнасць, філігранная апрацоўка слова. У паэзіі Вялюгіна шчырае апяванне роднай зямлі, пранікнёная споведзь паэта-франтавіка, які прайшоў суровыя выпрабаванні ваен. ліхалецця, разнастайныя грамадз. і інтымныя пачуцці сучасніка (зб. «Негарэльская арка», 1949, «На зоры займае», 1958; «Насцеж», 1960; «Песня зялёнага дуба», 1989; «З белага камення — сіняе пламенне», 1993), патрыятычныя матывы («Прызнанне ў любові»), пантэістычнае стаўленне да прыроды («Спелы бор»). У жанры паэмы распрацоўваў гісторыка-рэв. тэму («Бацька Дняпро», 1955, «Вецер з Волгі», 1963, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1964). Аўтар паэт. зб-каў для дзяцей «Галубы» (1949), «Тры гудкі» (1951), «Рыбы нашых рэк» (1952), «Дзіцячы сад» (1954), «Вада і вуда» (1967), сцэнарыяў маст. («Рэха ў пушчы», 1977; «Глядзіце на траву», 1983), дакументальных («Генерал Пушча», Дзярж. прэмія Беларусі 1968; «Арліная крыніца», «Балада пра маці», «Дзядзька Якуб», «Янка Купала», «Я — крэпасць, вяду бой», «Віцебскія ўзоры» і інш.) фільмаў. На бел. мову пераклаў паэмы М.​Лермантава «Каўказскі нявольнік» і «Баярын Орша» (1950), «Паэму братэрства» Э.​Межэлайціса (1958, з М.​Калачынскім), паэмы М.​Нагнібеды «Званы Хатыні» (1973) і «Матулям з Расонаў» (1981), кнігі для дзяцей П.​Варанько і Дз.​Білавуса, паасобныя вершы У.​Маякоўскага, Л.​Украінкі, М.​Рыльскага, А.​Малышкі, А.​Міцкевіча, Ю.​Тувіма і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1984;

Адрас любві. Мн., 1964;

Вершы і балады. Мн., 1969;

Заклён на скрутны вір. Мн., 1995.

Літ.:

Бярозкін Р. У свет, адкрыты насцеж... // Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;

Арочка М. У спелым леце... // Арочка М. Галоўная служба паэзіі. Мн., 1974;

Майсейчык А. Аб жанравых асаблівасцях паэм А.​Вялюгіна // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;

Барадулін Р. Партрэт у верасе пчаліным // Маладосць. 1983. № 12;

Зуёнак В. Гэта ўзважана сэрцам // Зуёнак В. Лінія высокага напружання. Мн., 1983.

М.​У.​Скобла.

А.С.Вялюгін.

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНІЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. genius геній, дух, ахоўнік),

найвышэйшая ступень творчай адоранасці і развіцця здольнасцей чалавека. Праяўляецца ў розных сферах жыццядзейнасці людзей: у навуцы, мастацтве, рэлігіі, палітыцы, ваен. справе, педагогіцы, медыцыне і інш. З’яўленне геніяльных людзей (геніяў) абумоўлена ўздзеяннем многіх фактараў; спадчыннасць, прыродныя здольнасці, сямейнае і грамадскае выхаванне, спрыяльныя абставіны сац.-эканам., паліт., культ.-рэліг. жыцця грамадства, уласнае імкненне да самаўдасканалення і самарэалізацыі. Большасць сучасных даследчыкаў прытрымліваецца меркавання, што на з’яўленне і развіццё геніяльных людзей адначасова ўплываюць прыродныя здольнасці, спадчыннасць, асаблівасці выхавання і сацыялізацыі асобы.

У розных народаў свету на працягу іх развіцця былі свае геніяльныя мысліцелі, музыканты, мастакі, пісьменнікі, грамадска-паліт., рэліг. і ваен. дзеячы. Не заўсёды дзейнасць геніяў, якія нярэдка значна апярэджвалі свой час, належным чынам ацэньвалася іх сучаснікамі, але яна часта вызначала цэлыя эпохі ў сац. і культ. жыцці грамадства. Пра наяўнасць геніяльнасці ў чалавека гавораць тады, калі ён з’яўляецца аўтарам вял. адкрыццяў, родапачынальнікам новых тэорый, канцэпцый і навук. школ, засн. арыгінальных маст. стыляў, жанраў, ініцыятарам і правадніком перспектыўных навацый у паліт., эканам., рэліг. і ваен. сферах. У перыяд антычнасці геніяльнасць лічылі боскім дарам (Платон, неаплатаністы), а яе носьбітаў (геніяў) — шчаслівымі выбраннікамі багоў. У эпоху Адраджэння пашырыўся культ генія як асобы з унікальным творчым пачаткам (Леанарда да Вінчы, Дж.Вазары, Ю.​Ц.​Скалігер). Геніяльнасць ужо лічылі не дарам багоў, а натуральнай прыроджанай якасцю, уласцівай пераважна дзеячам мастацтва. Тады ж тэрмін геніяльнасць пачалі выкарыстоўваць у сучасным сэнсе гэтага слова, хоць у дачыненні да навукоўцаў гэтае паняцце замацавалася толькі ў 19 ст. У перыяд росквіту рамантызму (18 — 1-я пал. 19 ст.) геніяльнасць нярэдка вызначалася як містычная, ірацыянальная, неасэнсаваная здольнасць чалавека да творчай дзейнасці. І.Кант лічыў геніяльнасць «прыроджанымі задаткамі душы», І.В.Гётэ — найвышэйшым узроўнем усякай прадуктыўнасці, а генія, адпаведна, «прадуктыўнай сілай, што робіць дзеянні, вартыя бога і прыроды»; Ф.​Шылер раскрываў прыроду геніяльнасці праз паняцце «наіўнасці» інстынктыўнага следавання прыродзе; Ф.​Ніцшэ трактаваў генія як «звышчалавека», які супрацьстаіць аморфным масам, натоўпу.

Літ.:

Гончаренко Н.В. Гений в искусстве и науке. М., 1991;

Грузенберг С.О. Гений и творчество. Л., 1924;

Жоли Г. Психология великих людей. СПб., 1894;

Оствальд В. Великие люди;

Пер. с нем. СПб., 1910.

Э.​Дубянецкі.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)