працэс абясцэнення грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні, зніжэнне іх пакупной здольнасці; наяўнасць у сферы абарачэння лішку грошай, не забяспечаных ростам таварнай масы. Адбываецца ў выніку празмернай эмісіі грошай, празмернага попыту на розныя тавары (І. попыту), апярэджванне росту зарплаты і цэн на рэсурсы (І. выдаткаў), нізкага курса нац. валюты, дэфіцыту бюджэту і інш. Прыводзіць да зніжэння рэальных даходаў насельніцтва, пагаршае жыццёвыя ўмовы служачых, пенсіянераў і інш. катэгорый грамадзян, чые даходы фарміруюцца з бюджэту, абясцэньвае зберажэнні; у вытворцаў знікае зацікаўленасць у стварэнні якасных тавараў і г.д. Калі І. складае каля 2—3% за год, яе лічаць «мяккай», яна не патрабуе прыняцця значных мер. Высокія тэмпы яе росту сведчаць пра гіперінфляцыю і крызіс у эканоміцы. Так, у Рэспубліцы Беларусь цэны ў 1994 выраслі ў 23,2 раза, у 1995 — у 8,1 раза. І., балючая для крэдытораў, можа быць спрыяльнай для бізнесу, бо прыносіць прадаўцу дадатковы прыбытак: за час паміж заказам тавараў і іх фактычным продажам цэны вырастаюць. Нейтралізаваць І. можна рэгуляваннем цэн і аплаты працы, аздараўленнем фін. сістэмы, стрымліваннем крэдытнай экспансіі, узмацненнем жорсткасці эмісіі грошай, індэксацыяй даходаў, удасканаленнем гасп. механізму і інш. Адзін з паказчыкаў І. — індэкс цэн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНФРАСТРУКТУ́РА (ад лац. infra пад + структура),
комплекс галін нац. эканомікі, якія абслугоўваюць вытв-сць і забяспечваюць умовы жыццядзейнасці грамадства. На макраўзроўні (для эканомікі ў цэлым) уключае капітальныя збудаванні, што звычайна забяспечваюцца дзяржавай і выкарыстоўваюцца юрыд. і фіз. асобамі на платнай ці бясплатнай аснове (аўтамагістралі, масты, водаправод, каналізацыя, аэрапорты і інш.); на мікраўзроўні (для фірмы, прадпрыемства) — збудаванні і службы, неабходныя для вытв-сці прадукцыі. Ствараюцца дзяржавай, прадпрыемствамі або фірмамі (водазабеспячэнне, вываз вытв. адходаў, фін. і банкаўскае абслугоўванне і інш.). Адрозніваюць І. вытворчую і невытворчую (сацыяльную), І. кіравання і І. рынку. Вытв. І. ўключае трансп. збудаванні (напр., дарогі), сувязь, што абслугоўвае вытв. сферы, складскую гаспадарку, мат.-тэхн. забеспячэнне, сістэму інж. сетак, выліч. цэнтры, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, газа- і нафтаправоды і інш. Да невытв. І. адносяць адукацыю, ахову здароўя, жыллёва-камунальную гаспадарку, пасаж. транспарт, навуку і навук. абслугоўванне, фіз. культуру, сац. забеспячэнне і інш. І. кіравання складаецца з сістэмы арг-цый, устаноў і іх падраздзяленняў, якія забяспечваюць працэс кіравання (акадэміі, ун-ты, кансультацыйныя фірмы, школы бізнесу, асацыяцыі прадпрымальнікаў і інш.). Развіццё І. з’яўляецца важнай умовай інтэнсіфікацыі вытворчасці, вырашэння сац. задач.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУ́Л,
горад, сталіца Афганістана. Адм. ц. правінцыі Кабул. Знаходзіцца ў даліне р. Кабул на выш. 1820 м. 2029 тыс.ж. з прыгарадамі і лагерамі бежанцаў (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: аўтарамонтная, буд. (у т. л. домабуд. камбінат), фармацэўтычная, метала- і дрэваапр., гарбарна-абутковая, харч., тэкстыльная. Вытв-сць дываноў. Ун-т. Політэхн.ін-т. Афганская гісторыка-філал. акадэмія, Нац.АН. Гісторыка-этнагр. музей.
Упершыню згадваецца грэч. вучоным Пталамеем (2 ст.) як Кабур або Карур — горад у Кушанскім царстве. З 6 ст.мясц. правіцелямі былі Кабул-шахі. У час араб. заваяванняў горад трапіў пад уладу халіфа Муавіі I (правіў у 661—680). Ў 9 ст. заваяваны Сафарыдамі, пазней ім валодалі Саманіды, Газневіды, Цімурыды. У 13 ст. зруйнаваны Чынгісханам. Найб. росквіту дасягнуў у 16 ст., калі Бабур зрабіў К. сталіцай (з 1504) дзяржавы Вял. Маголаў. У 1738 захоплены Надзір-шахам. З 1747 у складзе Дуранійскай дзяржавы, з 1773 яе сталіца. З 1818 цэнтр Кабульскага княства. У 1-ю (1838—42) і 2-ю (1878—80) англа-афг. войны акупіраваны англічанамі. З 1880 сталіца афг. дзяржавы. Значна разбураны ў час грамадз. вайны, якая працягваецца з 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́ЦКІ (Фёдар Мікалаевіч) (н. 10.1.1930, в. Селівонаўка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. хімік. Акад.Нац.АН Беларусі (1994; чл.-кар. 1989), д-рхім.н. (1984), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1976). Скончыў БДУ (1954), дзе і працаваў з 1956 (у 1964—65 у Дзярж. к-це СМБССР па каардынацыі н.-д. работы). З 1973 нам., з 1977 першы нам. міністра вышэйшай і сярэдняй спец. адукацыі БССР. З 1989 прарэктар, з 1990 рэктар БДУ. З 1996 у НДІ фіз.хім. праблем пры БДУ. Навук. працы па структурнай і хім. мадыфікацыі цэлюлозы і яе вытворных. Распрацаваў фіз.-хім. асновы атрымання матэрыялаў тэхн. прызначэння на аснове вытворных цэлюлозы (аксіды металаў, высокатэмпературныя звышправаднікі); тэхналогію вытв-сці лек. прэпаратаў пралангаванага дзеяння, лакафарбавых матэрыялаў з адходаў нафтаперапрацоўкі; метады атрымання сумесных раствораў цэлюлозы з сінт. палімерамі і ўмовы іх перапрацоўкі ў валокны і плёнкі.
Тв.:
Лекарственные препараты на основе производных целлюлозы. Мн., 1989 (разам з Т.Л.Юркштовіч);
Катионный олигомер пиперилена: синтез, свойства и применение. Мн., 1997 (разам з В.П.Мардыкіным).
Літ.:
Ф.Н.Капуцкий // Вестн. БГУ. Сер. 2. Химия. Биология. География. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПЮ́К (Аляксей Нічыпаравіч) (14.4.1920, в. Страшава Беластоцкага ваяв., Польшча — 14.7.1992),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1949), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1961). Удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У 1949—59 на пед. і журналісцкай рабоце, у 1977—81 дырэктар Рэсп. музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродне. У 1978—92 сакратар Гродзенскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першы твор — аповесць «У адным інстытуце» (1953). Асн. тэматыка творчасці — жыццё працоўных Зах. Беларусі, змены, што адбыліся ў іх свядомасці і псіхалогіі, падзеі вайны, маральна-этычныя праблемы сучаснасці: аповесці «Данута» (1959), «Пушчанская адысея» (1964), «Сучасны канфлікт» (1983), «Рэквіем» і «Белая Дама» (абедзве 1991). Аўтар рамана-былі «Вершалінскі рай» (1972), зб-каў аповесцей і апавяданняў «Дзве сасны» (1958), «Свежая рыба» (1978), «Партрэт» (1983), кніг нарысаў «Мая Гродзеншчына» (1960), «Чаго мы варты» (1970), «След на зямлі» (1972), «Вольга Корбут» (1977; у сааўт.). Для яго твораў характэрна насычанасць рэальнымі фактамі, абвостранасць канфліктаў, публіцыстычнасць, рамантычнасць. За кн. прозы «Сучасны канфлікт» (1985) Літ. прэмія імя І.Мележа 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎКА (Аляксей Канстанцінавіч) (н. 20.9.1937, в. Машчаліна Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. гісторык і літаратуразнавец, грамадскі дзеяч. Д-рфілал.н. (1991), канд.гіст.н. (1971).
Скончыў БДУ (1961). Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1971). З 1954 на культ.-асв. і камсамольскай рабоце. У 1971—79 і 1983—87 у Ін-це эканомікі сусв.сацыяліст. сістэмы АНСССР, у 1979—82 прадстаўнік Саюза сав. т-ваў дружбы і культ. сувязей з заграніцай, саветнік пасольства СССР у Польшчы. З 1987 гал. рэдактар час. «Советское славяноведение», з 1989 у Ін-це сусв. л-ры імя М.Горкага Расійскай АН. Даследаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху, сав.-польскіх адносін. З канца 1970-х г. распрацоўвае праблемы адраджэння і станаўлення нац. самасвядомасці, творчасці Ф.Скарыны, Я.Купалы, К.Езавітава, І.Луцкевіча, В.Ластоўскага, М.М.Улашчыка і інш. Укладальнік літ.навук. штогоднікаў «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—97).
Тв.:
Польша: Отечество и социализм. М., 1977;
Тут мой народ: Францішак Скарыпа і бел.літ. XVI — пач. XX стст. Мн., 1989;
Жывом! М.;
Мн., 1997;
Будам жыць! Пра тое самае. Мн.;
М., 1998;
Letter to russian friend = Письмо русскому другу. London, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАХАНО́ЎСКІ (Генадзь Аляксандравіч) (8.1.1936, в. Дамашы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 15.1.1994),
бел. гісторык, краязнавец, фалькларыст, літ.-знавец. Д-ргіст. навук (1992). Скончыў Маскоўскі пед.ін-т (1963). Працаваў у Мінскім абл. краязнаўчым музеі ў г. Маладзечна, з 1982 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у 1991—94 — у Нац. навукова-асв. цэнтры імя Ф.Скарыны. Даследаваў развіццё археалогіі, краязнаўства, музейнай справы, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак выяўленыя ў архівах невядомыя раней дакументы і творы (грамату З.Даленгі-Хадакоўскага на права археал. раскопак, рукапісы Т.Нарбута, А.Кіркора, У.З.Завітневіча і інш.). Аўтар літ.-краязнаўчых нарысаў пра Я.Купалу, М.Багдановіча, Я.Баршчэўскага, А.Гурыновіча, Ф.Тапчэўскага, М.Чарота, кніг па гісторыі гарадоў Беларусі («Маладзечна», 1971, 1988; «Вілейка», 1974). Першы старшыня Бел. краязнаўчага т-ва (1989—94).
Тв.:
Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн.. 1984;
Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;
Повязь часоў. Мн., 1985;
Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989 (разам з Л.А.Малаш, К.А.Цвіркам);
Прадвесне навукі. Мн., 1990;
А сэрца ўсё імкне да бацькоўскага краю...: З біягр. М.Багдановіча. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАСЬНЕ́ЎСКІ ((Kwaśniewski) Аляксандр) (н. 15.11.1954, г. Бялогард, Польшча),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Гданьскім ун-це. У 1977—90 чл. Польскай аб’яднанай рабочай партыі. У 1977—81 нам. старшыні ваяводскага праўлення Сацыяліст. саюза польск. студэнтаў, заг. аддзела культуры і чл. выканкома Гал. савета саюза. У 1981—85 гал. рэдактар штотыднёвіка «ITD» («ІТД»), газ. «Sztandar Młodych» («Сцяг маладых»), заснаваў першы ў Польшчы камп’ютэрны часопіс для моладзі. У 1985—87 міністр па справах моладзі і спорту. Старшыня К-та па справах моладзі і фіз. культуры (1987—88), Польскага Алімп.к-та (1988—91); грамадска-паліт.к-та Савета Міністраў Польшчы (1988—89). Садзейнічаў легалізацыі прафсаюза «Салідарнасць». Адзін з заснавальнікаў (1990) партыі Сацыял-дэмакратыя Рэспублікі Польшча і старшыня (1990—95) яе Гал. савета. У 1991 заснаваў Саюз дэмакратыі левых сіл (СДЛС), які пасля перамогі на парламенцкіх выбарах 1993 стаў гал. сілай урадавай кааліцыі. У 1991—95 дэп. сейма Польшчы, старшыня парламенцкай фракцыі СДЛС і Канстытуцыйнай камісіі Нац. асамблеі Польшчы. З 1995 прэзідэнт Польшчы. Выступае за міжнар. супрацоўніцтва і інтэграцыю Польшчы ў еўрап. і еўраатлантычныя паліт., эканам. і ваенныя структуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІБЕРНЕ́ТЫКА БІЯЛАГІ́ЧНАЯ, біякібернетыка,
навука аб заканамернасцях кіравання, сувязі і перапрацоўцы інфармацыі ў біял. сістэмах. Вывучае жывы арганізм кібернетычнымі метадамі (матэм. мадэліраванне з выкарыстаннем сістэмнага падыходу і ўлікам шматузроўневага кіравання). Звязана са многімі біял. і мед. дысцыплінамі.
Як навука сфарміравалася ў канцы 1950-х г. Яе станаўленне звязана з выкарыстаннем матэм. метадаў і сістэмных падыходаў у агульнай біялогіі ў 1-й пал. 20 ст. (англ. вучоныя Дж.Холдэйн, Р.Фішэр, сав. вучоны І.І.Шмальгаўзен і інш.), з узнікненнем паняцця адваротнай сувязі ў жывых сістэмах і мадэліраваннем біял. працэсаў (сав. вучоныя А.А.Багданаў, П.К.Анохін).
На Беларусі даследаванні па К.б. вядуцца ў ін-тах Нац.АН Беларусі: эксперым. батанікі, фотабіялогіі, фізіялогіі, тэхн. кібернетыкі; у Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту, НДІ кардыялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў і інш. Вывучаюцца мадэлі механізмаў галаўнога мозга, фізіял. і псіхічны стан чалавека-аператара, пытанні К.б. у дастасаванні да праблемы фіз. культуры і біямеханікі спорту, мадэліруюцца працэсы ўтварэння хларафілу і фотасінтэзу, перамяшчэння радыенуклідаў на забруджаных тэрыторыях і спосабы іх ачышчэння, дыягностыкі і прагназіравання захворванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЭ́ЕЎСКІ (Іван Васілевіч) (3.4.1806, Масква — 23.6.1856),
расійскі філосаф, літ. крытык, публіцыст, адзін з ідэолагаў славянафільства. Брат П.В.Кірэеўскага. З 1822 слухаў лекцыі ў Маскоўскім ун-це; адзін з заснавальнікаў гуртка «Таварыства любамудраў». У 1830 у Германіі слухаў лекцыі філосафаў Ф.Шлеермахера, Г.Гегеля, Ф.В.Шэлінга і інш. У 1832 пачаў выданне час. «Европеец» (забаронены пасля выхаду двух нумароў). У 1830—50-я г. развіваў тэарэт. аснову славянафільства. Асн. творы: «Пра характар асветы Еўропы і пра яго адносіны да асветы ў Расіі» (1852), «Пра неабходнасць і магчымасць новых пачаткаў для філасофіі» (1856). Яго ўяўленні пра арыгінальнасць і глыбіню рус.правасл. культуры склаліся як своеасаблівая рэакцыя на ўласнае першапачатковае «заходніцтва». Супрацьпастаўленне Расіі і Еўропы ён ажыццяўляў і на макраўзроўні (2 тыпы асветы, або «адукаванасці»: еўрапейскі секулярызаваны і абстрактны, рускі, які атрыманы ад Візантыі і грунтуецца, на думку К., на асновах брацтва і пакоры), і на мікраўзроўні (аднабакова адукаванаму зах. чалавеку — носьбіту духу адмаўлення, г.зн. эгаізму і індывідуалізму супрацьпастаўляў чалавека рус. культуры — носьбіта цэласнай свядомасці, саборнага, «абшчыннага духу»). Адзін з першых зрабіў спробу замацаваць рус. філасофію на падмурку праваслаўя як аснове нац. духу.